Манастыр
Свята-Елісееўскі Лаўрышаўскі мужчынскі манастыр
Царква Успення Прасвятой Багародзіцы, в. Лаўрышава, 2013.
Царква Успення Прасвятой Багародзіцы, в. Лаўрышава, 2013.
53°42′06″ пн. ш. 26°11′21″ у. д.
Краіна  Беларусь
Вёска Гнесічы
Канфесія Праваслаўны крыж. праваслаўе
Епархія Навагрудская і Слонімская
Тып мужчынскі
Заснавальнік Войшалк
Першае згадванне ~1260 г.
Дата заснавання ~1260 г.
Асноўныя даты

~1258заснаваны
~1329 — створана Лаўрышаўскае евангелле
з 1596уніяцкі
17751780перабудаваны
1836зачынены
1913узноўлены як праваслаўны
1915разбураны

2007узноўлены
Будынкі
Свята-Успенская царква (Лаўрышава)
Вядомыя насельнікі Войшалк, ігумен Елісей, схіігумен Серафім
Настаяцель Архімандрыт: архіепіскап Навагрудскі і Слонімскі Гурый (Апалька)
намеснік: ігумен Яўсевій (Цюхлаў)
Статус дзеючы
Стан будуецца
Сайт (руск.)
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Свята-Елісееўскі Лаўрышаўскі мужчынскі манастыр — мужчынскі манастыр у Навагрудскай і Слонімскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы, самы старадаўні па часе заснавання дзеючы мужчынскі манастыр Беларусі. Першы з беларускіх манастыроў, які, паводле гісторыка-дакументальных звестак, называлі лаўрай.

Месцазнаходжанне

Размешчаны каля р. Нёман, паблізу в. Гнесічы (Шчорсаўскі сельсавет, Навагрудскі раён, Гродзенская вобласць). Манастырскае падвор'е знаходзіцца ў суседняй в. Лаўрышава, ля рэчкі Валоўкі — левага прытоку Нёмана.

Пошукі першапачатковага месцазнаходжання манастыра праводзілі М. А. Ткачоў у 1971 г., і А. М. Кушнярэвіч у 1988 г. у 4 км ад Лаўрышава, насупраць в. Гнесічы, на пясчанай дзюне, на правым беразе р. Нёман (урочышча Нязвішча). Аднак слядоў манастыра там не выяўлена. Легенда аб яго першапачатковым знаходжанні тут, магчыма, звязана з выдатным рэльефным становішчам пагорка — найвышэйшага пункта ў ваколіцы, даволі прыкметнага на шырокім і нізкім поплаве р. Нёман (шырыня каля 1,5—2 км). Але існаванне тут буйнога манастыра уяўляецца немагчымым з-за рэгулярных паводак, падчас якіх пагорак з усіх бакоў абкружаецца вадой[1].

Паштовы адрас: в. Гнесічы, п/а Лаўрышава, Навагрудскі р-н, Гродзенская вобл., 231427.

Праезд аўтобусам: з аўтобуснага вакзалу Навагрудак да прыпынкаў Лаўрышава, Гнесічы.

Расклад багаслужэнняў

Па будзённых днях, калі напярэдадні (пачатак у 18 гадзін) здзяйсняліся багаслужэнні ўсядзённыя, славаслоўныя альбо паліелейныя, то ранішняе багаслужэнне ў манастыры пачынаецца ў 6 гадзін і працягваецца да 9 гадзін.

Вячэрняе багаслужэнне (напярэдадні) пачынаецца ў 18 гадзін, працягваецца да 20:20 — 20:40, пасля чаго здзяйсняецца хрэсны ход вакол манастыра.

Калі напярэдадні (пачатак у 18 гадзін) здзяйснялася ўсяночнае трыванне, то ранішняе багаслужэнне ў храме манастыра пачынаецца ў 6 гадзін 30 хвілін, працягваецца да 9 гадзін.

Па святочных (у тым ліку ў нядзелю) непрацоўных днях ранішняе багаслужэнне пачынаецца ў 7:30 (нядзеля) ці ў 7:47, працягваецца да 10:50.

Кожную сераду ў 16 гадзін (за выключэннем перыяду Вялікага посту) у Свята-Успенскім храме в. Лаўрышава здзяйсняецца акафіст іконе Божай Маці "Неўпеваемая чаша". Гэты малітоўны зварот да Багародзіцы здзяйсняецца за сроднікаў, якія знаходзяцца ў алкагольнай, наркатычнай ці іншай залежнасці.

Гісторыя

Заснаванне манастыра

Войшалк засноўвае манастыр. Мініяцюра з Астэрманаўскага І-га тому Ліцэвога летапіснага збору, XVI ст. Бібліятэка Расійскай акадэміі навук, г. Санкт-Пецярбург.

Паводле Іпацьеўскага летапісу, манастыр заснаваў сын вялікага князя літоўскага Міндоўга — Войшалк (у інацтве Лаўрыш або Лаўрын, вялікі князь літоўскі ў 12641267). Перад тым ён прыняў пострыг і 3 гады жыў у Паланінскім манастыры (Галіцка-Валынскае княства), адтуль выправіўся да Святой Гары ў Грэцыю, але не змог дайсці з-за мяцяжа ў тых землях, і вернуўся ў Панямонне:

«Воишелкъ же не може доити до Ст҃ѣи Горѣ . зане мѧтежь быс̑ великъ тогда в тъıхъ землѧх̑ . и приде ѡпѧть в Новъгородокъ . и оучини собѣ манастырь . на рѣцѣ на Немнѣ . межи Литвою и Новъıмъгородъкомъ . и тоу живѧше.»[2] (Рус., 1420-я гг.)

«Войшалк не змог дайсці да Святой Гары, паколькі вялікі мяцеж быў тады ў тых землях, і прыйшоў зноў у Наваградак; і ўчыніў сабе манастыр на рацэ на Нёмане, паміж Літвой і Наваградкам, і там жыў»[3].

Іпацьеўскі летапіс.

У летапісу не названы год заснавання манастыра, але ўказана, што гэта адбылося прыблізна праз 3 гады пасля 1254 года. Гэта значыць, манастыр заснаваны, хутчэй за ўсё, у 1257 ці 1258 гг.

Магчыма, пазней мясцовасць атрымала назву Лаўрышава ад імя заснавальніка манастыра. Сустракаюцца таксама немясцовыя варыянты Лаўрашава, Лаўрушава. Назва можа паходзіць і ад слова лаўра.

Паводле падання, першым настаяцелем манастыра быў Елісей. Ён быў забіты (23 кастрычніка/ 5 лістапада) нейкім звар'яцелым паслушнікам. Паслушнік вылечыўся ад вар'яцтва, дакрануўшыся да Елісея падчас забойства. Елісей быў пахаваны ў манастырскай царкве. Згодна паданню, ад яго мошчаў адбывалася шмат вылячэнняў.

Манастыр у XIV стагоддзі

Евангеліст Іаан. Мініяцюра Лаўрышаўскага евангелля.

Лаўрышаўскі манастыр з’яўляўся адным з важнейшых духоўных цэнтраў беларускіх зямель з часу ўтварэння ВКЛ. Да 1329 года для манастыра было перапісана Лаўрышаўскае евангелле — выдатны прыклад ілюстраванай рукапіснай кнігі ў Беларусі XIV стагоддзя (зараз захоўваецца ў Бібліятэцы Чартарыйскіх, г. Кракаў, Польшча). З запісаў, якія ўкладзены ў Евангелле, вядома, што манастыр у той час зваўся «Найсвяцейшай Багародзіцы Лаўрышаўскі манастыр».

У «Вопісу дакументаў, якія адносяцца да Лаўрышаўскага манастыра» (захоўваецца ў Інстытуце рукапісу Нацыянальнай бібліятэкі Украіны імя В. І. Вернадскага), запісана, што ўжо ў хуткім часе пасля заснавання манастыра яму належала сяло Лаўрышава, якое сфарміравалася з сялян, што паступова пасяліліся каля манастыра. Дакумент, які пацвярджае ўтварэнне вёскі, не захаваўся[4].

XV стагоддзе

Да кан. XIV — пач. XV ст. адносіцца дакумент «Абмежаванні спрэчных земляў Лаўрышаўскага манастыра, якое выканана навагародскім намеснікам Петрашам Мантыгірдавічам па загадзе вялікага князя Вітаўта». У дакуменце пазначана, што ён «писанъ у Лавришовое»[5] (старабелар.). Дакумент быў складзены па прычыне шкоды, якую людзі вялікага князя прычынілі манастырскім землям пракладкай дарогі для перавозкі з лесу дроў. Арыгінал дакумента не захаваўся, у копіі (1711 года) пададзена дата 15 чэрвеня 1398 г., аднак гісторыкі лічаць яе памылковай з-за разыходжання з іншымі звесткамі ў дакуменце. Таму дакумент можа быць датаваны прыблізна: пасля 1392 г. (пачатак вялікага княжэння Вітаўта)[4]. Даследчыкі мяркуюць, што найбольш верагодны год складання дакумента — 1424[6]. Гэта найбольш ранні дакумент, у якім згадваецца в. Лаўрышава.

У XV — XVI ст. манастыр атрымаў вялікія ахвяраванні ад Хадкевічаў, Храптовічаў, мясцовай шляхты. Ва ўкладной грамаце манастыру за 1488 г. ад імя Дашкі Яцкавіча Храптовіча згадваецца царква святой Прачыстай Божай Маці[4].

XVI стагоддзе

Каля 1505 года, у час праўлення караля польскага і вялікага князя літоўскага Аляксандра, войскі Крымскага ханства здзейснілі набег на Наваградчыну. Паводле падання, крымскім татарам уявілася на манастырскім двары вялікая колькасць кавалерыі (хоць там не было ніводнага конніка), і напалоханыя захопнікі адступілі: заступніцтва Елісея не дапусціла ворагаў да манастыра. Мяркуецца, што пасля гэтага цуду Елісей быў кананізаваны ў 1514 г. на царкоўным саборы ў Вільні мітрапалітам Іосіфам Солтанам.

Верагодна, у манастыры пад кіраўніцтвам дыякана Яна Забярэзінскага быў перапісаны збор чытанняў на ўвесь год па месяцах «Пролаг».

Захавалася даравальная грамата манастыру за 1517 г. ад імя А. І. Хадкевічамаршалка дворнага Вялікага Княства Літоўскага. Перадаючы манастыру свой маёнтак у в. Лычыцы, А. І. Хадкевіч адрасуе яго такім чынам: «монастыру пречистое Божое Матери храму честнаго Ея Успения во обшеру Лавры преподобнаго отца Елисея»[4] (старабелар.). З граматы вынікае, што манастыр у той час называўся Багародзіцкім, прычым у дакуменце ён двойчы названы лаўрай. Гэта грамата з'яўляецца таксама найбольш раннім дакументам, у якім згадваецца Елісей Лаўрышаўскі.

Набегі крымскіх татар у першай палове XVI ст. здараліся часта; у 1530 г. крымска-татарскае войска разарыла манастыр, усіх манахаў забілі.

У XVI ст. пры манастыры працавала праваслаўная школа. Пасля 1568 года архімандрытам манастыра быў Анісіфар, пазней мітрапаліт Кіеўскі, Галіцкі і ўсёй Русі (1579—1589).

У перыяд уніі

Герб Ордэна базыльян.
Інвентарны вопіс манастыра, 1601. Фрагмент тытульнага аркуша. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі.

У выніку Берасцейскай царкоўнай уніі 1596 г. манастыр стаў часткай грэка-каталіцкай царквы. У інвентарным вопісу манастыра 1601 г. адзначана драўляная царква, пабудаваная, верагодна, у XVI ст.[4] З 1615 г. належаў Ордэну базыльян святога Іасафата. У 1621 г. і 1623 г. тут праходзілі базыльянскія кангрэгацыі з удзелам вышэйшай іерархіі ордэна.

Манастыр збяднеў і заняпаў у другой палове XVII ст. ў сувязі са скасаваннем мітрапалітам Кіеўскім, Галіцкім і ўсяе Русі Іосіфам Руцкім лаўрышаўскай архімандрыі, секвестрацыяй свецкіх ахвяраванняў і падпарадкаваннем навагрудскаму манастыру.

Апошні раз манастырскі комплекс у в. Лаўрышава быў адбудаваны ў 1775 — 1780 гадах. Ён складаўся з драўляных пабудоў — жылога корпусу, Успенскай царквы (якая дзейнічае і ў наш час) і званіцы, а таксама з невялікай каменнай пабудовы, дзе знаходзіліся бібліятэка і склад.

У канцы XVIII — 1-й трэці XIX ст. тут дзейнічала Брэсцкая епархіяльная семінарыя, была бібліятэка (каля 500 тамоў) і архіў. У 1816 г. манастыр валодаў 3 вёскамі (Лаўрышаў, Лычыцы, Купінск) з 18 валокамі зямлі і 588 сялянамі.

Апошнім настаяцелем у XIX ст.1820 г.) быў іераманах Лявонцій (Аколаў). У 1824 г. у манастыры было 5 насельнікаў. У 1836 г. манастыр быў зачынены. Мясцовашанаваныя цудатворныя абразы Збаўцы і Багародзіцы былі перанесеныя ў Дзярэчынскую царкву, а манастырская царква была прызначана прыходскай. У канцы XIX ст. пры царкве дзейнічала брацтва.

Узнаўленне ў пачатку XX ст.

Мітрафан (Краснапольскі). Епіскап Мінскі і Тураўскі ў 1912 — 1916 гг.
Праект храма-званіцы, 1912 г. Не будаваўся.
Свята-Успенская царква в. Лаўрышава. Пабудавана ў 1775 як манастырская. Фота пач. XX ст. (да 1919 г.)

У пачатку XX ст. руплівасцю епіскапа Мінскага і Тураўскага Мітрафана (Краснапольскага) і графа Канстанціна Апалінарыевіча Храбтовіча-Буценева манастыр быў адноўлены на іншым беразе Нёмана, ля в. Гнесічы. Епіскап Мітрафан 14/27 ліпеня 1913 г. здзейсніў чын асвячэння храма ў гонар прарока Елісея.

Апроч пабудаванай царквы, вядомы таксама праект храма-званіцы, які датаваны 1912 г. Быў пабудаваны жылы корпус і дом для паломнікаў. Адноўлены манастыр лічыўся Лаўрышаўскім падворкам Мінскага архірэйскага дому. Але гэты манастыр праіснаваў нядоўга. У 1914 г. пачалася 1-я сусветная вайна, і ў 1915 г. у выніку баявых дзеянняў храм ля Гнесічаў згарэў, а пабудовы былі разбураныя, манахі змушаныя былі сыйсці. З часам месца, дзе стаяў храм і манастырскія будынкі, стала зарастаць хваёвым лесам, і хтосьці, каб не страціць месца царквы, пасадзіў на ім куст бэзу.

Манастыр у наш час

У 1993 г. архіепіскап Беластоцкі і Гданьскі Сава (Грыцуняк) і епіскап Навагрудскі і Лідскі Канстанцін (Гаранаў) здзейснілі асвячэнне месца ля в. Гнесічы, дзе стаяў манастырскі храм у пачатку XX ст. У 1997 г. пачалося будаўніцтва новага храма, у 1998 г. было зроблена ўнутранае аздабленне. Напачатку лістапада 1998 г. епіскап Навагрудскі і Лідскі Гурый (Апалька) асвяціў гэты храм у гонар вялебнага Елісея Лаўрышаўскага (падзея супала з 740-годдзем першай летапіснай згадкі пра манастыр). З 2001 г. пры храме зарэгістравана прыходская суполка — прыход вялебнага Елісея Лаўрышаўскага в. Гнесічы Навагрудскага раёна.

Рашэннем Святога сінода Беларускай праваслаўнай царквы ад 15 жніўня 2007 г. прыход ператвораны ў Свята-Елісееўскі Лаўрышаўскі мужчынскі манастыр (падзея супала з 750-годдзем першай летапіснай згадкі). Настаяцелем манастыра з'яўляецца архіепіскап Навагрудскі і Слонімскі Гурый, намеснікам — іераманах Яўсевій (Цюхлаў). Вядзецца ўзвядзенне манастырскіх будынкаў.

У Лаўрышаве, на месцы першапачатковага размяшчэння манастыра, праводзяцца археалагічныя даследаванні, падчас якіх была выяўлена, у прыватнасці, старадаўняя пячатка-матрыца.

Помнікі і славутасці

  • Месца, дзе размешчаны манастыр, было заселена чалавекам у старажытнейшыя часы. На тэрыторыі манастыра існуе археалагічны помнік — стаянка людзей перыяду каменнага і бронзавага вякоў, якая адносіцца да 4 — 2 тысячагоддзяў да н. э. Знаходзіцца ў 200 м ад правага берагу р. Нёман, ля купельнага храма манастыра, з навакольнай мясцовасці не вылучаецца.
  • Свята-Успенская царква, в. Лаўрышава — згадваецца з 1517 г., наноў адбудавана ў 1775, помнік архітэктуры XVIII ст.
  • 2 старадаўнія каменныя крыжы (раней за XVIII ст.) — у двары манастыра.
  • Абраз "Успенне Маці Божай", XVIII ст.
  • Брацкая магіла расійскіх вайскоўцаў, якія загінулі ў час І-й сусветнай вайны — ля будынка манастыра.
  • Помнік прп. Елісею Лаўрышаўскаму — у двары манастыра.
  • Помнік прп. Елісею Лаўрышаўскаму — у двары Свята-Успенскай царквы, в. Лаўрышава.

Статус гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь нададзены: стаянцы людзей каменнага і бронзавага вякоў — Пастановай Савета міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14.05.2007 № 578; Свята-Успенскай царкве і абразу "Успенне Маці Божай" — Пастановай Савета міністраў Рэспублікі Беларусь ад 02.08.2016 № 607.

Галерэя

Зноскі

  1. Краўцэвіч, А. К. Лаўрышаўскі манастыр / А. К. Краўцэвіч // Археалогія Беларусі: энцыклапедыя: у 2 т. / [склад. Ю. У. Каласоўскі; рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.]. Т. 2: Л — Я. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2009. — 492, [1] c. — С. 10. — ISBN 978-985-11-0354-2.
  2. ПСРЛ. — Т. 2. Ипатьевская летопись.СПб., 1908. — Стлб. 859.
  3. Пераклад паводле артыкула: Краўцэвіч, А. К. Войшалк (1264 — 1267 г.). Інтэлігент на троне // pawet.net. 2008. 27 чэрвеня.
  4. 1 2 3 4 5 Котельников, А. Вклады в Лавришевский монастырь от основания (ок. 1250 г.) до принятия унии в 1596 г. // bogoslov.ru. — 2012. — 23 ноября. (руск.)
  5. Обмежевание спорных земель Лавришовского монастыря, произведенное Новгородским наместником Петрашем Монтигирдовичем, по приказанию великого князя Витовта // Акты, издаваемые Виленскою археографическою комиссиею. — Т. 11.Вильна: Типография А. В. Сырнина, 1880. — С. 3—4. (руск.)
  6. Гудмантас, К. «Натыфікацыя пра Лаўрышаўскі манастыр, выпісаная са старой летапіснай хронікі» Дзяметрыя Занкевіча. Даследаванне і публікацыя крыніцы(недаступная спасылка) / К. Гудмантас, А. Рычкоў // Архэ. Пачатак. — 2016. — № 2. — С. 329—349.

Літаратура

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.