Праваслаўны храм | |
Царква Аляксандра Неўскага | |
---|---|
![]() | |
53°42′15″ пн. ш. 24°00′02″ у. д. | |
Краіна |
![]() |
Аграгарадок | Верцялішкі |
Канфесія | Праваслаўе |
Епархія | Гродзенская і Ваўкавыская |
Благачынне | Скідзельскае |
Архітэктурны стыль | ампір |
Архітэктар | Якаў Марцінавіч Фардон |
Будаўніцтва | 1843—1854 гады |
Статус |
![]() |
Сайт | orthos.org/khramy/kartoc… |
![]() |
|
![]() |
Царква Аляксандра Неўскага — праваслаўны храм у в. Верцялішкі (Гродзенскі раён). Размешчана на заходняй ускраіне вёскі, мае бутавую агароджу. Помнік архітэктуры стылю ампір.
Гісторыя
Пабудавана ў 1843—1854 гадах з цэглы паводле праекта архітэктара Я. М. Фардона ў былым уладанні памешчыцы Свечынай на месцы струхнелага драўлянага храма. Асвячона 12 верасня 1854 года. Пры царкве была адкрыта царкоўнапрыходская школа, для якой у 1864 годзе пабудавалі мураваны будынак (захаваўся, у ім размяшчаецца сталярны цэх мясцовай гаспадаркі)[1].
У 1930-я гады былі спробы разбурыць царкву. Прыхаджане абаранілі храм, знесена была толькі званіца. Аднак яе ў хуткім часе адбудавалі за ўласны кошт[1].
У апошнія гады праведзены рамонт: сцены афарбаваны звонку і ўнутры, дах накрыты ацынкаванай бляхай, рэстаўрыраваны іканастас[1].
Архітэктура
Храм уяўляе сабой прамавугольны ў плане асноўны аб’ём накрыты двухсхільным дахам. Галоўны фасад аформлены шасцікалонным порцікам з трохвугольным франтонам над ім. Стылявую цэласнасць кампазіцыі парушае ўзведзеная пазней над фасадам драўляная аднаярусная чацверыковая званіца, завершаная васьмігранным шатром з цыбулепадобнай галоўкай. Плоскасныя сцены храма прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі, дэкарыраванымі прафіляванымі ліштвамі і сандрыкамі, акантаваны прафіляваным карнізам і цягай. Алтарная сцяна прарэзана па цэнтры арачным аконным праёмам і бакавым уваходам у рызніцу, якія вылучаюць з прасторы залы апсіду, адмежаваную драўляным іканастасам[2].
У інтэр'еры ёсць абразы XIX ст. Адзін з іх «Прарок Ілья» падаравалі храму жыхары в. Рыдзялі Ілья і Наталля Главацкія ў 1893 г. Каля царквы знаходзіцца мураваны помнік на месцы пахавання ў 1891 г. святара Івана Пятровіча Гашуніна[1].
Зноскі
- 1 2 3 4 Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-985-6828-35-8.
- ↑ Праваслаўныя храмы Беларусі / А. М. Кулагін, З. Э. Герасімовіч, У. П. Свентахоўскі. — Мн., БелЭн, 2007.
Літаратура
- Праваслаўныя храмы Беларусі / А. М. Кулагін, З. Э. Герасімовіч, У. П. Свентахоўскі. — Мн., БелЭн, 2007.
- Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-985-6828-35-8.
Спасылкі
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Свята-Аляксандра-Неўская царква (Верцялішкі)
- Свята-Аляксандра-Неўская царква (Верцялішкі) на сайце Radzima.org
- Свята-Аляксандра-Неўская царква (Верцялішкі) на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Свята-Аляксандра-Неўская царква (Верцялішкі) на сайце «Архіварта»