«Свабодны тэатр» — андэграўндны тэатральны праект беларускіх прафесійных акцёраў, рэжысёраў, драматургаў, які ўваходзіць у Еўрапейскую тэатральную канвенцыю.
Гісторыя
«Свабодны тэатр» быў заснаваны 30 сакавіка 2005 года Мікалаем Халезіным і Наталляй Калядой. У маі 2005 год да «Свабоднага тэатра» увайшоў рэжысёр Уладзімір Шчэрбань.
У Беларусі тэатр не мае ні сцэны, ні памяшкання для рэпетыцый, ні дзяржаўнай падтрымкі. У Беларусі спектаклі праходзяць пераважна на прыватных кватэрах. Так, падчас прэм’ернага паказу спектаклю французскага рэжысёра Крысціяна Бенедэці па п’есе Эдварда Бонда «Адзінаццаць кашуль» у жніўні 2007 года супрацоўнікамі праваахоўных органаў былі затрыманы ўсе гледачы і акцёры «Свабоднага тэатра». Халезіна некалькі разоў арыштоўвалі за выступы з крытыкай беларускіх улад.
Спектаклі «Свабоднага тэатра» пабывалі з гастролямі ў Рызе, Маскве, Магілёве, Барысаве, Літве, Фінляндыі, Польшчы, Германіі і Францыі, Вялікабрытаніі, ЗША. «Свабодны тэатр» выступаў на лепшых пляцоўках Еўропы, такіх як Шведскі каралеўскі тэатр і прымаў удзел у самых прэстыжных еўрапейскіх фестывалях — такіх, як Тэатральнае біенале ў Вісбадэне, фестываль Еўрапейскай тэатральнай канвенцыі ў Сент-Эцьене. У маі 2007 года «Свабодны тэатр» запрошаны Парыжскім тэатрам пад кіраўніцтвам Крысціяна Бенедэці на месячныя гастролі ў Парыж. У пачатку мая «Свабодны тэатр» прыняў удзел у фесце «Пасаж» у Нансі.
«Свабодны тэатр» падтрымліваюць выдатныя творцы сучаснасці: Том Стопард, Вацлаў Гавел. Нобелеўскі лаўрэат Гаральд Пінтэр яшчэ пры жыцці даў тэатру права пастаноўкі ўсіх сваіх п’ес.
У снежні 2010 года Свабодны тэатр паказаў у адным з найбуйнейшых тэатраў Вялікабрытаніі, лонданскім «Young Vic» 2 спектаклі — «Спасцігаючы каханне» і «Лічбы». Удзел у пастаноўцы прынялі знакамітыя брытанскія акцёры Джуд Лоу, Іан Мак-Келен, Сэмюэль Уэст і іншыя[1].
Удзельнікі тэатра праводзілі неаднаразовыя акцыі пратэсту супраць парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі ў Нью-Ёрку і Лондане.
Пастаноўкі
- «Псіхоз 4.48» Сары Кейн,
- «Мы. Самаідэнтыфікацыя» — Павел Пражко, Павел Расолька і Кастусь Сцешык,
- «Тэхніка дыхання ў беспаветранай прасторы» — Наталля Мошына,
- «Белівуд» — Павел Пражко,
- «Пакаленне Jeans» — Мікалай Халезін,
- «Быць Гаральдам Пінтэрам».
- «Спасцігаючы каханне»
- «Лічбы»
Прэміі
- Лаўрэат прэміі Французскай Рэспублікі ў вобласці абароны правоў чалавека
- Лаўрэат тэатральнай прэміі «Еўропа — тэатру» (красавік 2008, грэчаскія Салонікі)
- Люблю Беларусь (2010)[2]
Зноскі
- ↑ Брытанскія акцёры падпісалі петыцыю ў падтрымку свабоднай Беларусі(недаступная спасылка)
- ↑ Прэмію «Люблю Беларусь» нарэшце ўручылі ляўрэатам . Радыё Свабода (20 лютага 2010). Архівавана з першакрыніцы 20 сакавіка 2021. Праверана 20 сакавіка 2021.