Саўк
oθaakiiwaki
Фота 1899 г.
Агульная колькасць 1000
Рэгіёны пражывання ЗША
Мова саўк-месквакі
Рэлігія анімізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы месквакі, маямі, кікапу

Саўк (саманазва: oθaakiiwaki , літаральна «з жоўтай зямлі») — алганкінскі народ, карэнныя насельнікі ЗША. Жывуць пераважна ў штатах Аява, Аклахома і Канзас. Агульная колькасць (2000 г.) — каля 1 000 чал.

Гісторыя

Большасць даследчыкаў мяркуе, што саўк маюць агульнае паходжанне з месквакі. Да XVII ст. яны насялялі землі ўздоўж ракі Святога Лаўрэнція. У выніку войн паміж алганкінамі і іракезамі перасяліліся ў мясцовасць каля заліва Сагінаў на возеры Гурон. У 1730 г. саўк адкрыта ўступілі ў кааліцыю з месквакі ў вайне супраць Францыі і пацярпелі паражэнне. Яны былі вымушаны мігрыраваць на тэрыторыю Аява.

Падчас Сямігадовай вайны, паўстання Пантыяка, Амерыканскай рэвалюцыі і Англа-амерыканскай вайны саўк паслядоўна выступалі як саюзнікі Вялікабрытаніі. У 1804 г. частка правадыроў саўк падпісала мірны дагавор з ЗША, які прадугледжваў перасяленне на ўсход ад Місісіпі, але ў выніку ён быў парушаны з абодвух бакоў. У 1832 г. саўк і іх саюзнікі на чале з правадыром Чорным Ястрабам пацярпелі моцнае паражэнне ад арміі ЗША, што вымусіла прадстаўнікоў гэтага народа мігрыраваць далей на захад.

У нашы дні саўк разам з месквакі складаюць 3 самастойныя супольнасці, адна з якіх мае сваю аўтаномную рэзервацыю.

Традыцыйная культура

Саўк здаўна займаліся земляробствам, рыбалоўствам і збіральніцтвам. Вырошчвалі кукурузу, фасолю, тытунь, кабачкі. Пасля міграцыі на захад важным гаспадарчым заняткам стала паляванне на бізонаў.

Жылі ў конусападобных вігвамах з аркавым дахам. Паселішчы будавалі каля рэк або на берагах азёр. Шырока выкарыстоўваліся лёгкія каноэ з бярозавай кары. Вопратку шылі са скур дзікіх жывёл, упрыгожвалі цела фарбамі, пер’ем, кіпцюрамі мядзведзяў і г. д. Традыцыйная зброя — лук, стрэлы, тамагаўкі, булавы, нажы. Папулярны традыцыйны спорт — лакрос.

У мінулым грамадства саўк падзялялася на 10 буйных родавых груп, што ўключалі нуклеарныя і пашыраныя сем’і. Групамі кіравалі палітычныя правадыры, улада якіх перадавалася па спадчыне. Разам з гэтым, меліся ваенныя і цырыманіяльныя правадыры. Яны выбіраліся мужчынамі. У XIX ст. палітычныя правадыры прызначаліся ўрадам ЗША. У нашы дні пераважае выбарчая сістэма.

Саўк маюць багатую вусную фальклорную спадчыну — казкі, міфы, легенды, гістарычныя паданні. Вылучаецца цыкл міфаў пра культурнага героя Вісахкеха — стваральніка саўк і месквакі з гліны.

Мова

Саўк размаўляюць на мове саўк-месквакі, якая ўваходзіць у склад цэнтральнай групы алганкінскіх моў. Толькі ў XX ст. былі распрацаваны граматыка і пісьмовасць на аснове лацінкі. Выкарыстоўваецца падчас школьнага навучання ў Аклахоме.

Рэлігія

Старажытная рэлігія саўк засноўвалася на веры ў шматлікіх духаў маніту. У нашы дні большасць вернікаў спавядаюць хрысціянства.

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.