Саюз беларускай дэмакратыі — грамадска-палітычная арганізацыя заходнерусісцкага кірунку, якая дзейнічала ў Гомелі ў красавіку—лістападзе 1917 г. Ініцыятарам стварэння саюза выступіла група работнікаў асветы і дзяржаўных служачых, эвакуіраваных з Вільні.
Гісторыя
На сходзе «беларусаў-дэмакратаў» (каля 200 чал.) 23 красавіка была выказана думка пра стварэнне Саюза беларускай дэмакратыі з-за нязгоды з пастановамі з’езда беларускіх нацыянальных арганізацый і непрызнаннем Беларускага нацыянальнага камітэта ў Мінску ў якасці кіруючага цэнтра нацыянальнага руху. Сход пастанавіў стварыць «Часовы беларускі дэмакратычны камітэт» у складзе 10 чал. з правам кааптацыі. 26 красавіка старшынёй камітэта выбраны П. В. Каранкевіч, таварышамі старшыні — Д. Г. Гулевіч і Ф. В. Шышко. 18 чэрвеня на 3-м агульным сходзе абмеркаваны праект праграмы, на які даў станоўчы водзыў і выказаў свае прапановы Я. Ф. Карскі. У праграме беларускаму пытанню адведзены 3 пункты з 10; «поўнае яднанне Беларусі з астатняй Расіяй з шырокім самакіраваннем на дэмакратычных пачатках»; «захаванне цэласці тэрыторыі Беларусі з горадам Вільняй як галоўным яе культурным цэнтрам»; «выкладанне ў навучальных установах на агульнадзяржаўнай рускай мове, роднай і таму зусім зразумелай для ўсіх беларусаў». Аграрны аспект уключаў палажэнні пра надзяленне «беларускага насельніцтва зямлёю ў адпаведнасці з мясцовымі ўмовамі» пасля Устаноўчага сходу. Важнейшы кірунак дзейнасці Саюза выявіўся ў выступленнях супраць заклікаў набыцця нацыянальнай аўтаноміі, нацыяналізацыі школы і г.д. Саюз супрацоўнічаў з сялянскімі і настаўніцкімі арганізацыямі, падзяляў іх погляды на асноўныя праблемы грамадска-палітычнага жыцця, іх рэзалюцыі выкарыстоўваў з мэтай ідэйна-палітычнай барацьбы супраць беларускага руху; яго прадстаўнікі ўдзельнічалі ў з’ездзе беларускіх арганізацый у Віцебску, прысутнічалі на нарадзе прадстаўнікоў беларускіх арганізацый у Петраградзе. На выбарах у гарадскую думу Саюз выступаў асобна ад дэмакратычнага блоку і спіс кандыдатаў выставіў сумесны з саюзам настаўнікаў. На выбарах ва Устаноўчы сход Саюз аб’яднаўся з Беларускай народнай грамадой, Магілёўскім беларускім камітэтам і Аршанскім беларускім народным камітэтам, выставіўшы 5 кандыдатаў (В. А. Аляхновіч, К. М. Бароўскі, Д. С. Гулевіч, П. В. Каранкевіч, В. А. Міхалёнак) з 15, уключаных у спіс №8 па Магілёўскай выбарчай акрузе. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. Саюз спыніў сваю дзейнасць.
Літаратура
- Коронкевич, П. В. Белорусы: (исторический очерк с обзором деятельности «Союза белорусской демократии», этнографической картой белорусского племени и отзывом академика и профессора Е. Ф. Карского о программе Союза) / П. В. Коронкевич. — Гомель, 1917. — 12 с., [1] л.
- Сяменчык, М. Я. Беларускія палітычныя арганізацыі краю і іх дзейнасць у сакавіку—чэрвені 1917 г. // Культурна-нацыянальныя працэсы на Беларусі ў другой палове XIX—пачатку XX ст.: Зб. навук. прац / БДПУ імя Максіма Танка, Беларускі рэспубліканскі фонд фундаментальных даследаванняў; Пад агул. рэд. І. Канапацкага. — Мн.: [БДПУ імя М. Танка], 1998. — 187, [1] с. — С. — ISBN 985-435-047-9.
- Сяменчык, М. Саюз беларускай дэмакратыі / Мікалай Сяменчык // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. — С. 248. — ISBN 985-11-0214-8.