Саюз Абароны Радзімы і Свабоды
Союз защиты Родины и Свободы
Іншыя назвы Народны Саюз Абароны Радзімы і Свабоды
Ідэалогія Антыбальшавізм
Лідары Барыс Савінкаў
Штаб-кватэра Масква, потым Рыбінск, затым Яраслаўль; Варшава
Актыўная ў Расея, Беларусь
Сфарміравана сакавік 1918
Расфарміравана ліпень 1918 года
1924 год
Праціўнікі Бальшавікі
Колькасць членаў каля 5 тысяч
Удзел у канфліктах Грамадзянская вайна ў Расеі
Буйныя акцыі Яраслаўскае паўстанне
Рыбінскае паўстанне
Мурамскае паўстанне

«Саюз Абароны Радзімы і Свабоды» (руск.: Союз защиты Родины и Свободы) — вайсковая антыбальшавіцкая арганізацыя часоў Грамадзянскай вайны ў Расеі, утвораная Барысам Савінкавым у сакавіку 1918 года з дазволу камандавання Добраахвотніцкай арміі, генералаў Карнілава і Аляксеева.

Гісторыя

Саюз Абароны Радзімы і Свабоды

У ліпені 1918 года Саюз арганізаваў Яраслаўскае, Рыбінскае ды Мурамскае паўстанні. Таксама рыхтаваліся паўстанні ў Маскве і Казані, але арышты некаторых сяброў саюза ў траўні 1918 года скасавалі іх. Пасля задушэння паўстанняў арганізацыя фактычна распалася. Яна мела аддзяленні ў Маскве, Рыбінску, Яраслаўлі, Мураме, Казані і іншых гарадах.

Народны Саюз Абароны Радзімы і Свабоды

У студзені 1921 года арганізацыя была адноўленая на нарадзе расейскіх эмігрантаў у Варшаве пад назвай Народны Саюз Абароны Радзімы і Свабоды (бел.: Народный союз защиты Родины и Свободы). Цягам 1921—23 гадоў арганізацыя спрабавала весці змаганне і падрыўную дзейнасць супраць бальшавіцкага рэжыма: добраахвотнікі з шэрагаў Народнага саюза накіроўваліся ў СССР для арганізацыі баявых атрадаў і падпольных суполак з мэтаю процідзеяння бальшавіцкай уладзе, набору прыхільнікаў і правядзення спробаў падняцця народнага паўстання для скідывання бальшавізму[1].

Інфармацыйнае Бюро Народнага Союза Абароны Радзімы і Свабоды кожны дзясяты дзень выдавала шматстаронкавыя (не меней за 6-8 аркушаў) «Зводкі Інфармацыйнага Бюро НСАР і С» (руск.: «Сводки Информационного Бюро НСЗР и С»). Было выдадзена не меней за 22 нумары; апошні з вядомых — № 22, выдадзены 17 лістапада 1922 года.

У пачатку 1924 года асноўны кантынгент Народнага саюза, дзейны на тэрыторыі Савецкага Союза, быў знішчаны АДПК у ходзе аперацыі «Сіндыкат-2». Лідар НСАРіС Барыс Савінкаў быў арыштаваны у тым жа годзе, а ў наступным забіў самога сябе.

На Беларусі

Паводле сведчанняў М. Баравога, усе партызанскія арганізацыі:

На тэрыторыі БССР і за мяжой былі аб'яднаныя Савінкаўскім "Саюзам Абароны Радзімы і Свабоды", з якім у цесным кантакце працавалі Булак-Балаховіч і "Беларускі палітычны камітэт". Агульнае караўніцтва аперацыямі належала "Галоўнаму штабу беларускіх партызанаў за мяжой"

Але Юрка Віцьбіч вызначае, што беларускія антысавецкія партызаны не маглі мець адзіны цэнтр, а кіраўніцтва Савінкава, Булак-Балаховіча, Саюза Абароны Радзімы і Свабоды ды Беларускага палітычнага камітэта было ад мяжы да Бярэзіны, а ў рэдкіх выпадках — да Дняпра. Таксама паводле Савінкавага абвінаваўчага акта:

За перыяд з 1921 па 1923 год органамі УНК-ДПК ліквідаваныя былі наступныя аддзелы "Саюза Абароны Радзімы і Свабоды", якія займаліся шкодніцка-шпіёнскай дзейнасцю, накіраванай выключна на знішчэнне савецкай уладыЗаходні абласны камітэт і ягоныя арганізацыі колькасцю звыш за 300 чалавек.

Структура

Штаб арганізацыі меў наступную структуру:[2]

  • Барыс Савінкаў узначальваў арганізацыю і ад яе імя вёў перамовы з прадстаўнікамі Антанты.
  • Флегант Клепікаў — Савінкаваў сакратар і адначасна скарбнік.
  • Любоў Дыкгаф — Савінкаваў сакратар[3].
  • Палкоўнік Пярхураў — начальнік штаба.
  • Палкоўнік Гопер — начальнік ваярскіх кадраў.
  • Палкоўнік Страдзецкі — сувязь з Добраахвотнай арміяй на ўсіх франтах.
  • Падпалкоўнік Брэда — выведка, контрвыведка і антыбальшавіцкая прапаганда сярод латышскіх стралковых фармаванняў.
  • Доктар Аксанін (Мікалай Сяргеевіч Рыгор’еў) — начальнік правінцыйнага аддзела і прапаганды.
  • Ротмістр Сумскага гусарскага палка Аляксандр Віленкін — кавалерыйскі цэнтр арганізацыі.
  • Капітан лейб-гвардыі 3-й артылерыйскай брыгады Шрэдэр — артылерыйскі цэнтр.
  • Аляксандр Дыкгаф дапамагаў падтрымліваць зносіны з замежнымі прадстаўнікамі.

Зноскі

  1. Голинков Д. Л. Большая советская энциклопедия : ([в 30 т.]) / гл. ред. А. М. Прохоров. — 3-е изд.. М. : Советская энциклопедия, 1969—1978. (руск.)
  2. Союз Защиты Родины и Свободы // Клементьев В. Ф. В большевицкой Москве (1918—1920) — м: Русский путь, 1998. — 446 с. — C. 119.
  3. Виталий Шенталинский. Свой среди своих. Савинков на Лубянке // Новы свет. — 1996. — № 7.

Спасылкі

  • Юрка Віцьбіч. Антыбальшавіцкія паўстаньні і партызанская барацьба на Беларусі (бел.). Нью-Ёрк: БІНіМ, 1996. — ISBN 96-83836.
  • «Сводки Информационного Бюро НСЗР и С».
  • Савинков Б. В. Борьба с большевиками // Литература русского зарубежья. Антология в шести томах — м: Книга, 1990. — Т. 1. — Кн. 2. 1920−1925.
  • «Союз защиты Родины и Свободы» и Ярославский мятеж 1918 // Пролетарская революция, 1923. — № 10.
  • Коровин В. В., Русанов Э. П. Дело Бориса Савинкова // История СССР, 1967. — № 6. — С. 143−155.
  • Голинков Д. Л. Крах вражеского подполья. — м, 1971. — С. 99−108, 266−274, 357−364.
This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.