Сацыяльна-гуманітарны каледж
Выява лагатыпа
Дата заснавання 1913
Тып каледж
Дырэктар Галіна Фёдараўна Клапоцкая
Размяшчэнне Сцяг Беларусі Магілёў
Адрас г. Магілёў, вул. Камсамольская, 18
sgk.msu.by

Сацыяльна-гуманітарны каледж установы адукацыі «Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. А. Куляшова» — сярэдняя спецыяльная навучальная ўстанова ў г. Магілёў. Размешчаны на плошчы Арджанікідзэ ў будынку былога рэальнага вучылішча, па адрасе вул. Камсамольская, 18.

Гісторыя

У ліпені 1923 г. быў зачынены Магілёўскі практычны інстытут народнай адукацыі. На яго базе быў створаны Магілёўскі Беларускі педагагічны тэхнікум. Сюды была пераведзена частка выкладчыкаў, студэнты падрыхтоўчага аддзялення і першага курса[1]. Пры ім у 1924 годзе пачало працу дашкольнае аддзяленне[2].

Для падрыхтоўкі нацыянальных кадраў у галіне дашкольнага выхавання ў 1933 г. па рашэнні ўрада БССР на базе дашкольнага аддзялення Магілёўскага педтэхнікума быў арганізаваны Магілёўскі дашкольны педагагічны тэхнікум. У 1937 г. усе педтэхнікумы СССР былі пераназваны ў вучылішчы. Новая навучальная ўстанова размясцілася ў былым будынку Магілёўскага Аляксандраўскага рэальнага вучылішча[2].

Да пачатку 1940-х гадоў Магілёўскае дзяржаўнае педагагічнае вучылішча падрыхтавала больш за 750 спецыялістаў для працы ў дашкольных установах. У навучальнай установе была створана добрая матэрыяльна-тэхнічная база: абсталяваны навучальны корпус, драўляны інтэрнат для навучэнцаў і жылы дом для выкладчыкаў[2].

З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны ў 1941 годзе многія выкладчыкі і студэнты змагаліся супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў на франтах, партызанскіх атрадах, працавалі ў тыле. У час баёў за горад і за часы акупацыі матэрыяльна тэхнічная база вучылішча была амаль цалкам знішчана. У першыя паваенныя гады калектыву Магілёўскага дашкольнага педагагічнага вучылішча прыйшлося прыкласці вялікія намаганні для аднаўлення матэрыяльна-тэхнічнай базы і аднаўлення адукацыйнага працэсу[2].

Будынак вучылішча моцна пацярпеў у час баёў за горад: корпус быў літаральна зрашэчаны выстрэламі, у сцяне, якая выходзіць да Дняпра, было 7 прабоін ад гармат. Фасад будынка патрабаваў поўнай рэканструкцыі. Для вяртання будынку даваеннага выгляду патрабаваліся каласальныя фінансавыя сродкі[2].

Нягледзячы на ўсе цяжкасці, вучылішча аднавіла сваю працу, і ўжо ў 1945 г. 45 выпускнікоў атрымалі атэстат. У першыя гады пасля вайны педагагічны калектыў вучылішча складаў усяго 16 выкладчыкаў. Кіраўніцтву і калектыву вучылішча ўдалося дамагчыся найскарэйшай рэканструкцыі навучальнага корпуса, да пачатку 1950-х гг. матэрыяльна-тэхнічная база вучылішча была адноўлена, наладжана навучальна-выхаваўчая праца[2].

Пасля вайны ў Магілёве працавала і Школьнае педагагічнае вучылішча (былы Магілёўскі Беларускі педагагічны тэхнікум, ад якога раней аддзялілася навучальная ўстанова), асноўнай спецыялізацыяй якога была падрыхтоўка настаўнікаў фізічнай культуры, таму ў 1949 г. яно было пераназвана ў Магілёўскае педагагічнае вучылішча фізвыхавання[2]. Размяшчалася ў будынку былога Магілёўскага жаночага епархіяльнага вучылішча па вуліцы Вароўскага[2].

У 1956 г. загадам Міністэрства асветы БССР Магілёўскае педагагічнае вучылішча фізвыхавання было зачынена, а яго матэрыяльна-тэхнічная база, навучэнцы і частка выкладчыкаў перададзены Магілёўскаму дашкольнаму педагагічнаму вучылішчу[2].

У 1950-1960-я гг. вучылішча, акрамя падрыхтоўкі працаўнікоў для дашкольных устаноў, выпускала таксама настаўнікаў пачатковых класаў, фізвыхавання, малявання, музычных працаўнікоў. Былі створаны добра абсталяваныя метадычныя кабінеты. У пазавызначаны час навучэнцы займаліся ў творчых аб’яднаннях (харавы, харэаграфічны, драматычны кружкі, кружкі лялечнага тэатра і мастацкага слова)[2].

У другой палове 1960-х гг. колькасць навучэнцаў перавысіла 1000 чалавек, штогод вучылішча выпускала больш за 350 спецыялістаў. Адчуваўся востры недахоп навучальных аўдыторый. У 1966—1967 гадах над будынкам вучылішча былі надбудваныя 2 паверхі[2], часткова зменены галоўны фасад. Таксама быў пабудаваны асобны спартыўны корпус, сіламі навучэнцаў было акультурана прылеглая да вучылішча тэрыторыі на пл. Арджанікідзэ. На жаль, дзеля павелічэння навучальных плошчаў прыйшлося ахвяраваць прыгожым фасадам будынка[2].

У 1970 г. Магілёўскае дашкольнае педагагічнае вучылішча было пераназвана ў Магілёўскае педагагічнае вучылішча, а ў 1974 г. яму было прысвоена імя выдатнага расійскага педагога К. Д. Ушынскага[2]. З 1989 г. — вышэйшае педагагічнае вучылішча імя К. Д. Ушынскага, з 1992 г. — Магілёўскі дзяржаўны педагагічны каледж. Тут рыхтавалі навучэнцаў па спецыяльнасцях педагогіка і методыка пачатковага навучання, педагогіка і псіхалогія дашкольная. Прымаліся асобы з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне было дзённае і завочнае.

У 2004 г. пераўтвораны ў Сацыяльна-гуманітарны каледж установы адукацыі «Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. А. Куляшова»[2]. Пасля рэарганізацыі на базе агульнай сярэдняй адукацыі навучанне вялося па спецыяльнасці праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій, страхавая справа. У 2012 г. набору не было.

Вядомыя выпускнікі

Вядомыя выкладчыкі

Зноскі

  1. Гісторыя Магілёўскага дзяржаўнага універсітэта (1913—1940 гг.): дакументы і матэрыялы / аўт.-склад.: А. Р. Агееў, К. М. Бандарэнка, В. П. Клімковіч; пад агульн. рэд. К. М. Бандарэнкі. — Магілёў: МДУ імя А. А. Куляшова, 2008. — 216 с. ISBN 978-985-480-500-9.
  2. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 История колледжа Архівавана 29 верасня 2020.

Літаратура

  • Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдактар Г. П. Пашкоў. — Мінск, 1999. — Т. 9. — С. 469.
  • Могилев : энциклопедический справочник / главный редактор И. П. Шамякин. — Минск, 1990. — С. 333.
  • Сачанка, А. З’ядналіся сталасць і маладосць / А. Сачанка // Пралеска. — 2003. — № 12. — С. 7-9.

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.