Сальвінія плывучая | |||||||||||||||||
Навуковая класіфікацыя | |||||||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
| |||||||||||||||||
Міжнародная навуковая назва | |||||||||||||||||
Ахоўны статус | |||||||||||||||||
|
Сальвінія плывучая, Сальвінія плаваючая[1] (Salvinia natans) — від папарацей роду Сальвінія (Salvinia) сямейства Сальвініевыя (Salviniaceae).
Апісанне
Аднагадовая водная свабоднаплаваючая разнаспоравая папараць без каранёў, з ніткападобным, пакрытым мяккімі валаскамі сцяблом даўжынёй да 10 см. Лісце сабрана па 3 у кальчакі: два лісты супраціўныя, плывучыя, светла-зялёныя, эліпсападобныя, суцэльнакрайнія, з белаватымі паветранымі пузыркамі па ўсёй паверхні; трэці — падводны, бураваты, рассечаны на ніткападобныя долі, апушаны, нагадвае карані. Каля асновы падводнага ліста ўтвараюцца шарападобныя апушаныя спаракарпіі (сорусы) з мікра- і макраспарангіямі, пакрытыя тонкай скурыстай абалонкай.
Пашырэнне
Трапагенна-барэальны еўразійскі рэліктавы від. Пашырэнне: заходнія, цэнтральныя і ўсходнія раёны Усходняй Еўропы, Каўказ, Сярэдняя Азія, поўдзень Заходняй Сібіры, Далёкі Усход, поўнач Афрыкі, Паўночная Амерыка. У Беларусі знаходзіцца на паўночнай мяжы арэала. Месцы росту: высокаэўтрофныя стаячыя і павольна цякучыя воды поймавых і лясных азёр, старыц, рачных заток глыбінёй 30—70 см. Расце звычайна невялікімі групамі, часам утварае значныя зараснікі.
Асаблівасці біялогіі
Размнажэнне споравае і вегетатыўнае (асобнымі галінкамі). Спараносіць у жніўні-верасні. Спелыя споры апускаюцца на дно і перазімоўваюць, вясной усплываюць і прарастаюць. Споры могуць пераносіцца вадаплаўнымі птушкамі далёка за межы паўночнага арэала, але сальвінія ўтрымліваецца там звычайна 1—2 вегетацыйныя перыяды. У паўночных раёнах нярэдка пераходзіць выключна на вегетацыйнае размнажэнне. Функцыі каранёў выконвае падводнае лісце.
Выкарыстанне
Дэкаратыўная расліна. Корм для вадаплаўных птушак і звяроў. Вырошчваецца аматарамі-акварыумістамі.
Зноскі
- ↑ Киселевский А. И. Латино-русско-белорусский ботанический словарь. — Мн.: «Наука и техника», 1967. — С. 117. — 160 с. — 2 350 экз.
Літаратура
- Скуратовіч А. М. Сальвінія // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 14: Рэле — Слаявіна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 14. — С. 119. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0238-5 (т. 14).
- Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь: Рэдкія і тыя, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення віды жывёл і раслін. — Мн.: БелЭн, 1993. ISBN 5-85700-095-5
- Дорофеев А. М., Сюборова С. Ф. Они не должы исчезнуть: Книга для учащихся — Мн.: Народная асвета, 1987. — 200 с.: ил. — 89 000 экз. — С. 133. (руск.)
Спасылкі
- Сальвиния плавающая: інфармацыя пра таксон у праекце «Плантариум» (вызначальнік раслін і ілюстраваны атлас відаў). (руск.)
- Сальвиния на сайце «Архив природы России» Архівавана 17 чэрвеня 2018.
Гэты від занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі і ахоўваецца законам. IV катэгорыя (NT) |