Сала́д, сала́да, салет (ад старагерм. Schallern падобны да ракавіны), тып шлему, створаны на аснове бацынету каля пач. 15 ст. у Італіі (першае ўзгаданне — 1407). Масава ўжываўся ў еўрапейскіх войсках, як у пяхоце, так і ў конніцы, на працягу 15 — сярэдзіны 16 ст. Асабліва папулярны быў у Францыі і Германіі; архітыповы шлем другой паловы Стагадовай вайны.
Гэты тып пачаў выцясняцца з масавага ўжытку пад пач. 16 ст. тыпамі армэ і бургіньёт, але яшчэ ў сярэдзіне 16 ст. спецыяльна дапрацаваныя салады ўжываліся ў рыцарскіх турнірах.
У ВКЛ салады вядомыя не пазней як з канца 15 ст. і былі папулярнымі да сярэдзіны 16 ст., прычым маглі дапаўняцца заслонамі, падобнымі да заслон шлемаў «армэ».
Форма звону паўкруглая або місавідная, з развітым напатылічнікам, але без брыля. Пярэдняя частка або спускалася на твар, і мела візуру, або, у пазнейшых адменах, была выразанай, і закрывалася заслонай, падыманай на скроневых шарнірах. Напатылічнік мог быць раскладаным. Шлемы з вельмі доўгім напатылічнікам былі характэрнымі для Германіі (нямецкі салад), а з умеркавана доўгім — для Францыі (французскі салад). З-за ніякай аховы для ніжняй часткі твару і шыі салады дапаўняліся бартамі.
Галоўнае класіфікацыйнае адрозненне ад канструкцыйна блізкіх капалінаў — немень сіметрычнага брыля, ад барбютаў — параўнальная неглыбокасць звону, хоць існуе шэраг класіфікацый, у якіх барбюты залічваюца да простых, «салдацкіх» саладаў.