Праваслаўны храм
Кафедральны сабор Святога Архангела Міхаіла
52°02′46″ пн. ш. 29°16′24″ у. д.
Краіна  Беларусь
Горад Мазыр
Канфесія Праваслаўе
Епархія Тураўская
Архітэктурны стыль позняе барока
Заснавальнік род Аскерак
Першае згадванне 1645
Дата заснавання 1618
Будаўніцтва 1745 1760 (1770)
Матэрыял цэгла
Стан дзеючы
Сайт turov.by
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Кафедральны сабор Святога Архангела Міхаіла — праваслаўны сабор у Мазыры, галоўны храм Тураўскай епархіі, пабудаваны як касцёл бернардынаў у XVIII стагоддзі ў стылі позняга барока ў выглядзе двухвежавай трохнефавай базілікі.

Гісторыя

У 1615 годзе кароль Рэчы Паспалітай Жыгімонт III Ваза фундуе манастыр бернардзінцаў у Мазыры. У 1645 годзе адстаўны палкоўнік Стэфан Лозка падарыў манахам драўляны кляштар, які пабудаваў насупраць Мазырскага замка. Гэты кляштар разам з усім местам быў зруйнаваны маскоўскім войскам падчас вайны Расіі з Рэччу Паспалітай (1654—1667).

Будынак сабора ўзведзены ў 1760 — 75 гг. з цэглы па фундацыі мазырскага маршалка Казіміра Аскеркі як касцёл пры кляштары бернардзінцаў на месцы драўлянага храма. Кляштар скасаваны ў 1832 г. і прыстасаваны першапачаткова пад гарадскую бальніцу, а ў 1839 г. - пад прысутныя месцы (архітэктар Вісконці), касцёл перададзены праваслаўным. У гэтым жа годзе будынак значна пацярпеў ад пажару. У 1851 г. складзены каштарыс на перабудуву касцёла ў царкву, аднак рэканструкцыя завершана толькі ў 1865 г. Сабор асвячоны ў імя архістратыга Міхаіла, у 1876 г. адрамантавана.

Архітэктура

Кляштар бернардзінцаў. Планы 1-га (унізе) і 2-га паверхаў жылога корпуса

Кляштарны комплекс уяўляе сабой помнік архітэктуры позняга барока XVIIXVIII стагоддзяў у выглядзе прамавугольнага храма, падзеленага ўнутры двума шэрагамі калон на тры нефы: цэнтральны і два бакавых.

План касцёла былога кляштара бернардзінцаў

Сабор вырашаны 3-нефавай 2-вежавай базілікай з 5-граннай апсідай. Галоўны 3-часткавы фасад — увагнута-выпуклая архітэктурная плоскасць, раскрапавана звязкамі пілястраў, тонкапрафіляванымі карнізамі. Барочныя рысы ў архітэктуры храма вылучыліся ў фігурных ліштвах аконных праёмаў і ўваходнага партала, складанай прафіліроўцы крапаваных карнізаў, увагнутых плоскасцях вежаў, слаістых пілястрах і арнаментальных капітэлях. Шатровыя пакрыцці 3-ярусныя вежы (васьмярык на 2 чацверыках) набылі ў 1829 г. ; над імі і прамежкавым трохвугольным франтонам (у тымпане ляпны медальён з барэльефам Хрыста Уседзяржыцеля) узнесены цыбулепадобныя купалкі з ажурнымі залачонымі крыжамі. Архітэктура завяршэння фасада набыла рысы класіцызму — трохвугольныя франтоны, арачныя праёмы з імпастамі ў прамавугольных нішах, карнізы з сухарыкамі. Партал увахода завершаны лучковым разарваным франтонам з прамавугольнай нішай для абраза па цэнтры. Рытм бакавых фасадаў ствараюць лучковыя аконныя праёмы і лапаткі ў прасценках.

Інтэр'ер

Прастора інтэр'ера 6 магутнымі пілонамі падзелена на 3 нефы: цэнтральны перакрыты цыліндрычным, нізкія бакавыя — крыжовымі скляпеннямі на здвоеных падпружных арках, абапёртых на слупавыя і насценныя пілястры. Скляпенні размаляваны сюжэтнымі евангельскімі сцэнамі. Апсіду з ляпным прысценным алтаром і глорыяй у завяршэнні вылучае 3-ярусны разны драўляны іканастас. Над скляпеністым нартэксам хоры з пластычна выгнутым парапетам, дэкарыраваным аркатурай. Пад апсідай знаходзіцца крыпта, перакрытая цыліндрычным скляпеннем. У алтары абраз «Хрышчэнне» і 2 скульптуры віленскай работы - «Хрыстос у цямніцы» і «Хрыстос».

Галерэя

Літаратура

  • Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. Мн.: Ураджай, 2001.— 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X, с. 241-242.
  • Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4.

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.