Саба
нідэрл. Saba
Выгляд з космасу
Выгляд з космасу
Характарыстыкі
Плошча13 км²
Насельніцтва1 971 чал.
Шчыльнасць насельніцтва151,62 чал./км²
Размяшчэнне
17°38′ пн. ш. 63°14′ з. д.
АрхіпелагМалыя Антыльскія астравы
АкваторыяКарыбскае мора
Краіна
Саба (Вест-Індыя)
Саба
Саба
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Са́ба (нідэрл.: Saba) — востраў у складзе архіпелага Малыя Антыльскія астравы. Складае асобны муніцыпалітэт Нідэрландаў. Плошча вострава — 13 км². Насельніцтва — 1 971 чал. (2012 г.)

Геаграфія

Выгляд з гары Сінары

Востраў Саба ўваходзіць у паўночную Падветраную групу Малых Антыльскіх астравоў. Месціцца ў 28 км на паўночны захад ад вострава Сінт-Эстаціус, 6993 км на паўднёвы захад ад Амстэрдама і ў 8493 км на паўднёвы захад ад Мінска. Даўжыня — 5,13 км, найбольшая шырыня — 4 км.

Востраў Саба з'яўляецца адной з вяршынь падводнага вулкана. Яго конус, гара Сінары, узвышаецца на 887 м над узроўнем мора. Востраў сфарміраваўся каля 400 тысяч гадоў таму. На паўночна-заходнім і паўднёва-ўсходнім берагах знаходзяцца гарачыя крыніцы. Землятрусы здараюцца часта, аднак разбуральнай сілы не маюць.

Клімат вільготны трапічны. Сярэдняя тэмпература на працягу года трымаецца каля +27° C, але ўзімку можа апускацца да +16° C. Сярэднегадавая колькасць ападкаў — 1667 мм.

Прырода

Дзякуючы таму, што стромкія схілы гор не прыдатныя для земляробства, а таксама таму, што сельская гаспадарка даўно не адыгрывае якой-небудзь істотнай ролі, на востраве Саба захаваліся трапічныя лясы з эндэмічнымі раслінамі. Фаўна не багатая, прадстаўлена птушкамі, яшчаркамі і кажанамі. Вялікую цікавасць уяўляе сабою экалогія марскога дна каля вострава.

У 1987 г. быў арганізаваны мясцовы фонд аховы прыроды і марскі нацыянальны парк. Развіваецца экалагічны турызм.

Гісторыя

Назва вострава Саба паходзіць ад слова сіба, што з мовы індзейцаў-аравакаў перакладаецца як «скала». У 1493 г. ён быў адкрыты Хрыстафорам Калумбам. Але скалісты бераг падаўся мараплаўцу небяспечным, і ён не высаджваўся на ім.

У 1632 г. на востраве часова апынулася група англійскіх маракоў, якія паведамілі, што Саба з'яўляецца бязлюдным. У 1640 г. галандскі губернатар суседняга вострава Сінт-Эстаціус паслаў сюды тры сям'і каланістаў, якія аднак у 1664 г. былі выселены англійскімі піратамі. Яны здолелі вярнуцца ізноў і заснавалі плантацыі тытуню і цукровага трыснягу.

У XVII — XVIII стст. востраў Саба з'яўляўся выгоднай прыстанню для піратаў і кантрабандыстаў. Некаторыя з іх нават сяліліся тут. Акрамя каланістаў розных нацыянальнасцяў на Сабе былі рабы афрыканскага паходжання, хаця рабства і не адыгрывала істотнай ролі ў мясцовай эканоміцы. Канчаткова яно было адменена ў 1863 г.

На востраў выказвалі свае прэтэнзіі Францыя і Вялікабрытанія. Толькі ў 1816 г. ён быў канчаткова прызнаны галандскім. У другой палове XIX ст. мясцовая цукровая прамысловасць канчаткова згубіла канкурэнтаздольнасць, і насельнікі Сабы заняліся адыходніцтвам, кабатажным суднаходствам і рыбалоўствам. Гэтыя заняткі вымушалі мужчын надоўга пакідаць свой дом, так што Саба хутка стаў вядомы як «востраў жанчын». У XX ст. распаўсюдзілася вышыванне карунак, якімі астравіцяне славяцца і ў нашы дні.

У 1954 г. востраў Саба ўвайшоў у склад Нідэрландскіх Антыльскіх астравоў. Пасля ліквідацыі гэтага ўтварэння ў 2010 г. стаў спецыяльным муніцыпалітэтам Нідэрландаў.

Асаблівасці культуры

Большая частка жыхароў вострава Саба — сабанцы — карыстаецца ўсяго некалькімі прозвішчамі, бо паходзіць ад тых самых продкаў. Найбольш распаўсюджаная мова — англійская, хаця афіцыйнай мовай з'яўляецца галандская, якая абавязкова вывучаецца ў школах. Найбольш распаўсюджаная рэлігія — каталіцызм. Сабанцы славяцца як выдатныя маракі. Астравіцяне вядомы вытворчасцю рому са спецыямі, а таксама баваўнянымі карункамі.

На востраве афіцыйна святкуюць Вялікдзень, Ушэсце, дзень нараджання каралевы Беатрыкс (30 красавіка), 1 Мая. У апошні тыдзень чэрвеня арганізуецца карнавал. У першыя выходныя снежня праводзіцца спецыяльны дзень вострава Саба. Ён суправаджаецца спартыўнымі спаборніцтвамі і пачастункамі.

Эканоміка

Асновай эканомікі з'яўляецца турызм. Большасць наведвальнікаў прыязджае з ЗША. Іх штогадовая колькасць у некалькі разоў перавышае насельніцтва вострава. Сельская гаспадарка абмежавана вырошчваннем гародніны, пераважна бульбы, і мясной жывёлагадоўляй. Працуе медыцынскі каледж, у якім навучаюцца многія выхадцы з розных краін Карыбскага басейна.

На паўночным усходзе вострава знаходзіцца аэрапорт. Цікава, што ён лічыцца адным з найбольш небяспечных у свеце, аднак звязвае востраў Саба з Сінт-Мартэнам і Сінт-Эстаціусам.

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.