Сацыял-дэмакратыя Каралеўства Польскага і Літвы
польск.: Socjaldemokracja Królestwa Polskiego i Litwy
Выява лагатыпа
Дата заснавання 1893
Дата роспуску 1918
Штаб-кватэра
Краіна
Ідэалогія марксізм[1]
Колькасць членаў 40 000[1]

Сацыял-дэмакратыя Каралеўства Польскага і Літвы (СДКПіЛ; польск.: Socjaldemokracja Królestwa Polskiego i Litwy) — сацыялістычная рабочая партыя ў Польшчы, на Беларусі і ў Літве ў 1893—1918.

Гісторыя

Узнікла пад назвай Сацыял-дэмакратыя Каралеўства Польскага (СДКП) у выніку аб’яднання Саюза польскіх рабочых і левых, інтэрнацыянальных элементаў партыі «Пралетарыят» (2-і). У студзені 1900 на з’ездзе ў Мінску СДКП аб’ядналася з Рабочым саюзам Літвы ў адзіную СДКПіЛ. Стваральнікі і кіраўнікі: Б. Весалоўскі, Ф. Дзяржынскі, М. Каспшак, Р. Люксембург, Ю. Мархлеўскі, Я. Тышка, С. Трусевіч, Т. Уластоўскі і інш. Друкаваныя органы: газеты «Sprawa Robotnicza» («Рабочая справа», 1893—96), «Czerwony Sztandar» («Чырвоны сцяг», 1902—18) і інш.; часопісы «Przegląd Robotniczy» («Рабочы агляд», 1900—05), «Z pola walki» («З поля барацьбы», 1905).

Асноўныя мэты — звяржэнне самадзяржаўя і заваяванне палітычных свабод, пабудова сацыялізму.

У красавіку 1906 уступіла ў РСДРП на правах аўтаномнай арганізацыі. Адстойвала пазіцыі інтэрнацыяналізму ў рабочым руху. У рэвалюцыю 1905—07 адыгрывала кіруючую ролю ў студзеньска-лютаўскіх забастоўках (1905), Лодзінскім паўстанні (1905), падзеях Кастрычніцкай усерасійскай палітычнай стачкі (1905).

У 1908 выступіла за захаванне і ўмацаванне нелегальных партыйных арганізацый і максімальнае выкарыстанне магчымасцей для легальнай барацьбы. У 1916 СДКПіЛ пераадолела ўнутраны раскол (адбыўся ў 1911—12) на «зажандоўцаў» (прыхільнікаў Галоўнага праўлення) і «разломаўцаў», якія стварылі сваё Краявое праўленне і супрацоўнічалі з бальшавікамі.

Падтрымала Лютаўскую і Кастрычніцкую рэвалюцыі (1917). У 1917—18 групы СДКПіЛ дзейнічалі ў Мінску, Гомелі, Віцебску, Маладзечна і інш. Як орган ЦВК груп Сацыял-дэмакратыі Каралеўства Польскага і Літвы ў Мінску ў 1918 годзе пачала выдавацца газета Młot. У снежні 1918 разам з ППС-лявіцай утварыла Камуністычную партыю Польшчы.

Зноскі

  1. 1 2 English Wikipedia community Wikipedia — 2001.

Літаратура

  • Сацыял-дэмакратыя Каралеўства Польскага і Літвы // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 14: Рэле — Слаявіна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 14. — 512 с. 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0238-5 (т. 14).
This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.