Рыгор Барадулін | |
---|---|
| |
Асабістыя звесткі | |
Імя пры нараджэнні | Рыгор Іванавіч Барадулін |
Псеўданімы | Алесь Чабор, Авось Савось, Алесь Каліна |
Дата нараджэння | 24 лютага 1935[1] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 2 сакавіка 2014 (79 гадоў) |
Месца смерці | |
Пахаванне | |
Грамадзянства | |
Бацька | Іван Рыгоравіч Барадулін[d] |
Маці | Куліна Андрэеўна Барадуліна[d] |
Жонка | Валянціна Барадуліна[d] |
Дзеці | Ілона Барадуліна[d] |
Альма-матар | |
Месца працы | |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | эсэіст, перакладчык, пісьменнік, паэт, дзіцячы пісьменнік, літаратурны крытык |
Кірунак | паэзія |
Жанр | верш, паэма, эсэ, духоўная лірыка |
Мова твораў | беларуская |
Дэбют | у газеце «Чырвоная змена» пад псеўданімам Алесь Чабор |
Грамадская дзейнасць | |
Партыя | |
Член у | |
Прэміі | |
Узнагароды |
|
Подпіс | |
baradulin.by | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Рыго́р Іва́навіч Бараду́лін (24 лютага 1935, хутар Верасоўка, Ушацкі раён, Віцебская вобласць — 2 сакавіка 2014, Мінск[2]) — беларускі паэт, эсэіст і перакладчык[3]. Народны паэт Беларусі (1992).
Біяграфія
Нарадзіўся ў сям’і Івана Рыгоравіча і Акуліны Андрэеўны Барадуліных на хутары Верасоўка (афіцыйная назва на той час была «Гарадок ІІ Востраў-Сарочынскага сельсавета»), а ў 1937 годзе хутар быў ліквідаваны і сям’ю паэта перасялілі ва Ушачы. Дзед паэта па мамінай лініі Андрэй Гальвіньш быў этнічным латышом. Бацька загінуў у 1944 годзе падчас Вялікай Айчыннай вайны ў партызанскім атрадзе. Пасля вайны Рыгор Барадулін вучыўся ва Ушацкай сярэдняй школе, скончыў яе ў 1954 годзе, затым на філалагічным факультэце БДУ, які скончыў у 1959 годзе.
Працаваў рэдактарам у розных перыядычных выданнях: газеце «Советская Белоруссия», часопісах «Бярозка», «Полымя», а таксама ў выдавецтвах «Беларусь» (з 1969), «Мастацкая літаратура» (з 1972)[3]. Выдавецтву «Мастацкая літаратура» Рыгор Барадулін аддаў больш за дваццаць гадоў, працаваў рэдактарам, затым загадчыкам рэдакцыі. У складзе дзяржаўнай дэлегацыі БССР прымаў удзел у 39-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН (1984).
Рыгор Барадулін быў дзейным чальцом Саюза беларускіх пісьменнікаў, адным са стваральнікаў і актыўных удзельнікаў Беларускага ПЭН-цэнтра (1989—1999, прэзідэнт з 1990, віцэ-прэзідэнт з 1999). Быў членам Партыі БНФ, членам Сойма БНФ (з 1989). У 1995—1997 гадах быў у кіраўніцтве Беларускага Фонду Сораса.
Быў жанаты з Валянцінай Міхайлаўнай Барадулінай. Дачка Ілона — мастачка, ёсць унучка Дамініка. Калекцыяніраваў сланоў і чарапах. Рыгор Барадулін вызнаваў сябе як уніята[4].
Памёр 2 сакавіка 2014 года ў сваёй кватэры ў Мінску пасля многіх гадоў цярпення на хваробу Паркінсона. Смерць была раптоўная і імгненная. Быў адпеты ў Чырвоным Касцёле 4 сакавіка 2014 года ў грэка-каталіцкім (уніяцкім) і рымска-каталіцкім абрадах[5]. Пахавалі Рыгора Барадуліна ва Ушачах у беларускай народнай вышытай кашулі ў той жа дзень побач магілы мамы, як таго і жадаў паэт пры жыцці[6]. Запячатванне Магілы зрабіў апостальскі візітатар для грэка-каталікоў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.
Погляды
Палітычныя
У школе Рыгор Барадулін не з’яўляўся ўдзельнікам піянерскага руху: падчас запісу ў арганізацыю Барадулін збег са школы. Потым пра той факт, што ён не далучыўся да піянерскай арганізацыі, настаўнікі забыліся, таму Рыгор Барадулін гэтак і не стаў піянерам[7]. У юнацтве далучыўся да камсамола, апраўдваючы гэта тым, што інакш не змог бы паступіць у ВНУ[7]. Падчас працоўнай дзейнасці неаднаразова адхіляў прапановы далучэння да шэрагаў КПСС[8].
У канцы 1980-х гадоў, падчас перабудовы і развіцця звязаных з ёю нацыянальна-адраджэнскіх рухаў у рэспубліках СССР, з’яўляўся актыўным удзельнікам грамадскага руху "Беларускі народны фронт «Адраджэньне», потым далучыўся да Партыі БНФ, якая ўтварылася на падмурку гэтага руху[9]. На першых Прэзідэнцкіх выбарах у гісторыі Беларусі (1994) разам з Васілём Быкавым актыўна падтрымліваў Зянона Пазняка[10]. З другой паловы 1990-х гадоў і да смерці актыўнага ўдзелу ў палітыцы не прымаў. Называў палітыку «бруднай справай». У інтэрв’ю выказваў рэзкія антыкамуністычныя (пераважна антыбальшавісцкія) погляды.
У 2000 годзе, сумесна з Генадзем Бураўкіным і Радзімам Гарэцкім, ініцыятар і арганізатар Усебеларускага з’езда за незалежнасць[11].
Рэлігійныя
У дзяцінстве Рыгор Барадулін быў ахрышчаны рымска-каталіцкім святаром[4]. З канца 1980-х гадоў Барадулін адносіць сябе да вернікаў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы (уніятаў)[4]. Пры гэтым сцвярджае, што пытанне канфесійнай прыналежнасці не з’яўляецца істотным, бо «ўсё-ткі Бог адзін»[4]. 28 чэрвеня 2004 года разам з архімандрытам Сяргеем Гаекам меў асабістую аўдыенцыю з Папам Рымскім Янам Паўлам ІІ[12]. Актыўна працаваў у жанры духоўнай лірыкі.
Творчасць
Дэбютаваў вершамі ў 1953 годзе ў газеце «Чырвоная змена»[3]. Нізка вершаў «На зямлі цаліннай» склала асноўны змест першай кнігі «Маладзік над стэпам» (1959 г.). У ранняй творчасці — кнігі лірыкі «Рунець, красаваць, налівацца!» (1961 г.), «Нагбом» (1963 г.), «Неруш» (1966 г.), «Адам і Ева» (1968 г.) — паэт данёс да чытача трываласць асноў народнай маралі і этыкі, пераканаў у таленавітасці беларускага народа, у яго багатай духоўнасці. У паэзіі ён асэнсоўвае асноўны змест эпохі: вайну, убачаную дзіцячымі вачыма, клопат пасляваенных гадоў, сённяшні і заўтрашні дзень планеты. У вершах «Жароўня», «Труба», «Стэарынавая свечка», «Хлебнічак», «Цялушка», «Палата мінёраў», «Скрыпачы» і інш. — старонкі біяграфіі пакалення дзяцей вайны, што вырастаюць да маштабнага асэнсавання трагізму жыцця беларускага народа на акупіраванай тэрыторыі.
Творчасць паэта вызначаецца разнастайнасцю жанраў, вобразна-стылявых сродкаў, яркай метафарычнасцю, тонкім псіхалагізмам, багаццем моўнай палітры. Скарбы вуснай народнай творчасці, засвоеныя з дзяцінства, сталі дабратворнай глебай, на якой прарасла, зарунела непаўторная творчая індывідуальнасць Рыгора Барадуліна. У яго творах адкрываецца жывая крыніца хараства мовы і мудрасці народа, яго традыцый і звычаяў, своеасаблівай натурфіласофіі. Разам з тым народна-паэтычнае ў творчасці Рыгора Барадуліна нельга вылучыць з індывідуальнага. Дзякуючы такому сінтэзу паэту ўдаецца ствараць манументальныя вобразы Маці, Радзімы, Бацькаўшчыны[13].
Многія вобразы ранняй лірыкі нярэдка маюць працяг у пазнейшых творах: зборнікі «Маўчанне перуна» (1986), «Самота паломніцтва» (1990), «Міласэрнасць плахі» (1992), «Евангелле ад Мамы» (1995). У апошніх кнігах узмацняецца гучанне біблейскіх матываў. Паэт нярэдка звяртаецца да жанру малітвы, малітвы за постчарнобыльскае выжыванне і адраджэнне беларускай нацыі. Імкненнем далучыцца да агульначалавечай духоўнай культуры абумоўлены зварот да Бібліі ў «Трыкірыі». У 2005 годзе выйшаў зборнік малітоўнай паэзіі «Ксты». Зборнік «Руны Перуновы» (2006), у які ўвайшла выбраная лірыка, таксама насычаны духоўнымі вершамі.
Аўтар зборнікаў сатырычных і гумарыстычных твораў «Дойны конь» (1965), «Станцыя кальцавання» (1971), «Прынамсі…» (1977), «Амплітуда смеласці» (1983), «Мудрэц са ступаю» (1988) і інш., эпіграм на дзеячаў беларускай літаратуры і мастацтва: альбом «Няўрокам кажучы» (1971), шаржы М. Лісоўскага; «Абразы без абразы» (1985), шаржы К. Куксо. Творы для дзяцей склалі зборнікі «Мех шэрых, мех белых» (1963), «Красавік» (1965), «Экзамен» (1969), «Ай! Не буду! Не хачу!» (1971), «Суровая вымова» (1976), «Што было б тады, калі б?» (1977), «Ці пазяхае бегемот?» (1981), «Азбука не забаўка» (1985), «Індыкала-кудыкала» (1986), «Кобра ў торбе» (1990). Напісаў кнігу літаратурна-крытычных артыкулаў і эсэ «Парастак радка, галінка верша» (1987).
Цалкам плён працы Рыгора Барадуліна складаецца больш чым з 100 выдадзеных зборнікаў паэзіі, крытычных артыкулаў, эсэ, перакладаў. Двойчы выдаваліся зборы выбраных твораў паэта (1984, 1996—2002). Апошні збор напачатку заяўляўся ў пяці тамах, але выйшлі толькі чатыры.
Да 25-годдзя пантыфікату Папы Рымскага Рыгор Барадулін пераклаў на беларускую мову кнігу паэзіі Яна Паўла II «Рымскі трыпціх» і меў магчымасць пабачыцца з пантыфікам на асабістай аўдыенцыі ў Ватыкане 28 чэрвеня 2004 года.
Пераклаў на беларускую мову п’есу «Вей, вятрок!» Яна Райніса (1980), зборнікі твораў «Блакітны звон Грэнады» Гарсія-Лоркі (1975), «Мелодыя каліны» Івана Драча (1981), «Ветраліст» Габрыелы Містраль (1984), «Рубаі» Амара Хаяма (1989); «Слова пра паход Ігараў» (1986), кнігу Яна Паўла II, а таксама асобныя творы Уільяма Шэкспіра, Джорджа Байрана, Пабла Неруды, Нікаласа Гільена, Адама Міцкевіча, Вінцэся Каратынскага, Уладзіслава Бранеўскага, Сяргея Ясеніна, Расула Гамзатава, Сэсара Вальеха і інш.
У 2013 годзе выйшаў «Вушацкі словазбор Рыгора Барадуліна», які ўклала Наталля Давыдзенка. Гэта не проста дыялектны слоўнік з радзімы Рыгора Барадуліна — Ушаччыны[14] — гэта па сутнасці поўнае апісанне жывых традыцый цэлага беларускага раёна з асобнай «вушацкай», як кажа Дзядзька Рыгор, культурай. У кнізе сабрана амаль усё: пачынаючы ад традыцыйных «вушацкіх» імёнаў, скончваючы падрабязным апісаннем страў мясцовай кухні, святкавання народных і рэлігійных свят. Адметнаю рысаю кнігі з’яўляецца таксама і поўная адсутнасць цэнзуры, што робіць мову яшчэ больш жывой. Сам паэт казаў, што гэта самая галоўная кніга ўсяго яго жыцця, пісаць якую ён пачаў яшчэ ў дзяцінстве. «Вушацкі словазбор Рыгора Барадуліна» прызнаны лепшай кнігай 2013 года па версіі газеты «Наша Ніва»[14].
Песні на словы Рыгора Барадуліна напісалі Алесь Камоцкі, І. Барсукоў, Генрых Вагнер, З. Галубіцкая, Яўген Глебаў, У. Журовіч, М. Наско, Дзмітрый Смольскі, М. Хаўхлянцаў і інш.
Мова
Схільнасць да лінгвістыкі праявілася ў Рыгора Барадуліна яшчэ падчас навучання ў беларускамоўнай школе мястэчка Ушачы, якое сам паэт дыялектна называе Вуша́ча (жаночы род). Барадулін быў выдатнікам па нямецкай мове, меў высокія адзнакі па рускай мове і літаратуры. Беларуская мова выклікала ў Барадуліна найбольшую цікаўнасць. У той час Барадулін пачынае цікавіцца творчасцю Максіма Багдановіча[15]. Дакладныя навукі (фізіка, матэматыка) даваліся Барадуліну цяжэй, што ў спалучэнні са здольнасцю да моў і абумовіла яго паступленне на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Ва ўніверсітэце Рыгор Іванавіч знаёміцца з творчасцю Пімена Панчанкі, Анатоля Вялюгіна, Янкі Купалы, Якуба Коласа (яго паэму «Новая зямля» Барадулін ведаў у маладосці на памяць), Уладзіміра Караткевіча, Міхася Стральцова (ён, як і Рыгор Барадулін, вучыўся на філалагічным факультэце БДУ з 1954 па 1959 гг.) і іншых беларускіх паэтаў, якія аказалі значны ўплыў на фарміраванне паэтычнага стылю Рыгора Барадуліна[16].
З рускіх паэтаў Рыгор Іванавіч знаходзіўся пад уражаннем ад Міхаіла Лермантава, Уладзіміра Маякоўскага, Аляксандра Пушкіна, Аляксандра Грыбаедава, Восіпа Мандэльштама, Андрэя Вазнясенскага і іншых. Аднак найбольшы ўплыў на Барадуліна пакінуў Сяргей Ясенін[17]
Сярод сусветных паэтаў уплыў на Рыгора Барадуліна аказалі Тарас Шаўчэнка, Генрых Гейнэ, Уільям Шэкспір і Амар Хаям («Рубаі» якога Барадулін пераклаў на беларускую мову ў 1989 годзе).
Сам паэт казаў, што галоўную ролю ў станаўленні яго як літаратара адыграла маці — Акуліна Андрэеўна Барадуліна. Вобраз маці часта сустракаецца ў творчасці Рыгора Барадуліна, асабліва ў наступных кнігах: «Трэба дома бываць часцей» (1993), «Евангелле ад Мамы» (1995), «Сама пайду дарогаю, голас пашлю дуброваю: Песні матчыны з Вушаччыны» (2005), «Навошта» (2009):
Усё ідзе ад маці. Мая мама, паўтаруся, была самым вялікім філолагам. Ва ўсялякім разе для мяне. Дзякуючы маме і беларускай мове я нешта напісаў і, можа, яшчэ нешта напішу. Канешне, можна пісаць і на вывучанай мове, але гэта будзе ўжо сурагат. На вывучанай мове можна пісаць дэтэктывы, эротыку, а глыбінную паэзію, глыбінную прозу трэба пісаць толькі на роднай мове, матчынай. […] Яшчэ ў Бібліі сказана: «Напачатку было слова». […] Я сябе адчуваў і адчуваю чаляднікам у беларускай паэзіі. Няма мовы — няма паэта. Я ўсё жыццё абапіраўся на беларускую мову, на яе вушацкі варыянт, таму што ён для мяне самы блізкі, ён нейкі некрануты, першародны па чысціні сваёй. Мова — гэта мая апора. Тры мяхі дзядзькі Рыгора, альбо Сам-насам з Барадуліным / Сяргей Шапран — Мінск: Логвінаў, 2011. — с. 74-75 |
На працягу ўсяго жыцця Рыгор Барадулін выступаў супраць русіфікацыі беларускага насельніцтва і беларускай мовы ў СССР, негатыўна ўспрымаў спантанны працяг гэтага працэсу ў незалежнай Беларусі, прытрымліваўся ідэі цалкам беларускамоўнай Беларусі:
Цяпер чую ў натоўпе беларускую мову дужа рэдка, ці ад старых людзей, ці ад тых, што з вёскі прыехалі. З аднаго боку, гэта сумна, а з іншага — радасна, калі ад моладзі чую, значыць, нейкая перспектыва яшчэ ёсць. […] Хаця паўсюль цяпер ідзе ўдушэнне беларускай мовы — такое ўражанне, што пятлю ўжо накінулі, але не да канца зацягнулі. Іншым часам нават здаецца, што было б лепш, каб мову забаранілі зусім, — можа, тады б пачалася зваротная рэакцыя. Улада зрабіла выгляд, быццам праблемы такой няма. Але няма праблемы — няма і мовы. Такія агрэсіўна-грэблівыя адносіны. […] Маёй звышзадачай, безумоўна, было, каб усе беларусы гаварылі па-беларуску, каб любілі сваю мову, беларускую паэзію, каб беларуская мова гучала шырока. Але гэта такая, як вам сказаць, ружовая мара. […] І мову нашу пакрываюць асфальтам. Тры мяхі дзядзькі Рыгора, альбо Сам-насам з Барадуліным / Сяргей Шапран — Мінск: Логвінаў, 2011. — с. 47, 75, 78 |
Творы Рыгора Барадуліна вылучаюцца вялікай колькасцю дыялектызмаў і неалагізмаў.
Творы Рыгора Іванавіча выходзяць на розных нормах беларускай мовы: акадэмічнай, класічнай і аўтарскай норме самога паэта (у залежнасці ад выдавецтва)[18][19][20]. Сучасную сітуацыю з адначасовым існаваннем у беларускай мове дзвюх літаратурных нормаў паэт ацэньваў негатыўна, сцвярджаючы, што гэта спрыяе дэкансалідацыі беларускамоўнай часткі насельніцтва Беларусі, якая і гэтак складае меншасць. «Тарашкевіцу» паэт крытыкаваў за наяўнасць граматычных рыс, якія характэрныя для заходнеславянскай, а не ўсходнеславянскай моўнай падгрупы, за дамінаванне ў лексіцы заходнебеларускага дыялекту і за свядомую замену слоў, аднолькавых для рускай і беларускай моў, польскімі аналагамі. «Наркамаўку» — за лексічную русіфікаванасць, значную абмежаванасць у выкарыстанні прыстаўных гукаў, замену традыцыйных назваў беларускіх населеных пунктаў адпеведнікамі найноўшага часу[21]. Рыгор Барадулін выступаў за распрацоўку і афіцыйнае зацверджанне новай версіі беларускага правапісу, пры стварэнні якога былі б улічаны:
- Граматыка 1918 года Браніслава Тарашкевіча і іншыя творы ў галіне, так званага, «класічнага правапісу», або «тарашкевіцы»;
- Распрацоўкі ў галіне беларускага мовазнаўства савецкіх часоў (у тым ліку нормы, так званай, «наркамаўкі»);
- Усе захаваныя беларускія народныя гаворкі з іх адметнымі асаблівасцямі[22].
Прызнанне
Узнагароджаны ордэнамі Дружбы народаў, Знак Пашаны, латвійскім ордэнам Трох Зорак (атрымаў званне Афіцэра Ордэна (4 ступень) 23 красавіка 1997 года)[23] , медалем Францыска Скарыны. Ганаровы доктар БДУ і ганаровы грамадзянін Ушацкага раёна. Рыгор Барадулін — апошні беларус, якому надалі званне Народнага паэта (1992). Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1976) і Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы (1976) за зборнік вершаў «Рум» і пераклады Гарсіі Лоркі.
У 2006 годзе кандыдатура Барадуліна была сярод намінантаў на Нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры за зборнік вершаў «Ксты».
Ушанаванне
У 1964 годзе Уладзімір Караткевіч прысвяціў Рыгору Барадуліну напісаную аповесць «Ладдзя Роспачы» і падарыў яе рукапіс[24].
24 снежня 2017 годзе ў Мінску, урачыста адкрылі памятную дошку (аўтар скульптар Ігар Засімовіч) на доме, дзе жыў паэт[25].
Расійская кампанія «Яндекс» у 85-ты дзень народзінаў Рыгора Барадуліна змяніла лагатып на галоўнай старонцы. Для карыстальнікаў з Беларусі кампанія пераставіла ў сваёй назве літару «Я» на апошняе месца. Пад лагатыпам патлумачыла: «Той, хто якае зашмат, ставіць сам сябе назад». Гэта радок з верша Рыгора Барадуліна «Азбука — вясёлы вулей», выдадзенага ў кнізе дзіцячых вершаў і казак «Ішоў коця па канапе» (1997)[26].
15 чэрвеня 2021 года ва Ушачах пастаўлены помнік Рыгору Барадуліну[27], побач пастаўлены помнік Васілю Быкаву. Аўтар помнікаў — беларускі скульптар Ігар Засімовіч. Помнікі «паўсталі цалкам на народныя грошы», ахвяраванымі сотнямі людзей, — паведаміў Глеб Лабадзенка, які займаўся вырашэннем арганізацыйных пытанняў, звязаных з устаноўкай помнікаў[28].
Бібліяграфія
Зборнікі паэзіі
- Маладзік над стэпам. Мн., 1959 (перавыд. 2010, Мінск);
- Рунець, красаваць, налівацца! Мн., 1961;
- Мех шэрых, мех белых. Мн., 1963;
- Нагбом. Мн., 1963;
- Дойны конь. Мн., 1965;
- Красавік. Мн., 1965;
- Неруш. Мн., 1966;
- Адам і Ева. Мн., 1968;
- Лінія перамены дат. Мн., 1969;
- Экзамен. Мн., 1969;
- Ай! Не буду! Не хачу! Мн., 1971;
- Вяртанне ў першы снег. Мн., 1972;
- Журавінка. Мн., 1973;
- Рум. Мн., 1974;
- Свята пчалы. Мн., 1975;
- Суровая вымова. Мн., 1976;
- Прынамсі… Мн., 1977;
- Што было б тады, калі б? Мн., 1977;
- Абсяг. Мн., 1978;
- Белая яблыня грому. Мн., 1979;
- Вечалле. Мн., 1980;
- Ці пазяхае бегемот? Мн., 1981;
- Паэма прызнання. Мн., 1982;
- Амплітуда смеласці. Мн., 1983;
- Выбраныя творы: У 2 т. Мн., 1984;
- Абразы без абразы. Мн., 1985;
- Азбука не забаўка. Мн., 1985;
- Індыкала-кудыкала. МН., 1986;
- Маўчанне Перуна. Мн., 1986;
- Парастак радка, галінка верша: Артыкулы, эсэ. Мн., 1987;
- Бервенізацыя. Мн., 1988;
- Мудрэц са ступаю. Мн., 1988;
- Вяртанне. Разам з В. Ждановічам. Мн., 1988;
- Кобра ў торбе. Мн., 1989;
- Самота паломніцтва. Мн., 1990;
- Міласэрнасць плахі. Мн., 1992;
- Трэба дома бываць часцей. Мн., 1993;
- Азбука — вясёлы вулей. Мн., 1994;
- Асобы рознай пробы. Мн., 1994;
- Евангелле ад Мамы. Мн., 1995;
- Аратай, які пасвіць аблокі: Эсэ і некананізаваныя ўспаміны. Мн., 1995;
- Слаўлю чысты абрус. Мн., 1996;
- Грышка, Мішка і Шчыпай ехалі на чоўне. Мн., 1996;
- Здубавецце. Мн., 1996;
- Збор твораў: У 4 т. Мн., «Мастацкая літаратура»: т. І — 1996, т. ІІ — 1998, т. ІІІ — 1999, т. IV — 2002;
- Ішоў коця па канапе. Мн., 1997;
- Як воўк калядаваў. Мн., 2000;
- Лісты ў Хельсінкі. Мн., 2000;
- Зорка спагады. Мн., 2000;
- Босая зорка. Мн., 2001;
- Калі рукаюцца душы: Паэзія з прозай. З Васілём Быкавым. Мн., 2003;
- Дуліна ад Барадуліна. Радыё Свабодная Еўропа. Радыё Свабода, 2004;
- Сама пайду дарогаю, голас пашлю дуброваю: Песні матчыны з Вушаччыны. Мн., 2005;
- Ксты. Мн., 2005;
- Ксты/Ksty. Мн., 2006;
- Быць!/To Be! Мн., 2006;
- Рымскі дыптых. Полацк, 2006;
- Рымскі трыпціх. Роздумы. Полацк, 2006;
- Руны Перуновы. Мн., 2006;
- Ксты. Выданне другое, дапоўненае. Мн., 2006;
- Ксты/Ksty. Выданне другое, дапоўненае. Мн., 2007;
- Выбраныя творы. Беларускі кнігазбор. Мн., 2008;
- Выпаў грук у грома з рук. Мн., 2009;
- Навошта. Мн., 2009;
- Ксты. Выданне трэцяе, дапоўненае. Мн., 2009;
- Халодная памяць вады. Мн., 2010;
- Перакуленае/Опрокинутое. М., 2010;
- «Вяльмуе Бог абраннікаў сваіх». Полацк, 2011;
- Толькі б яўрэі былі!.. Мн., 2011;
- Anima. Мн., 2011;
- Сябры. Мн., 2013;
- Лепей: Рукапісы 1952—2013. Мн., 2013.
- У неба пехатою. Мн., 2014.
Пераклады зборнікаў іншых паэтаў
- Рэлес Р. Бяроза пад акном. З ідыш. Мн., 1961;
- Райніс Я. Ветрык, вей. З латышскай мовы. Мн., 1965;
- Мальцінскі Х. Вясёлыя вароты. З ідыш. Мн., 1972;
- Лорка Гарсія Ф. Блакітны звон Гранады. Мн., 1975;
- Ясенін С. Выбранае. З рускай мовы. З А. Куляшовым. Мн., 1976;
- Лучук У. Возера бульдозера. З украінскай мовы. Мн., 1978;
- Паптонеў С. Беларусь — белая балада. З балгарскай мовы. Мн., 1979;
- Вазнясенскі А. Небам адзіным. З рускай мовы. Мн., 1980;
- Драч І. Мелодыя каліны. З украінскай мовы. Мн, 1981;
- Містраль Г. Ветраліст. З іспанскай мовы. Мн., 1984;
- Бурсаў У. Слон купіў веласіпед. З рускай мовы. Мн., 1984;
- Шэрман К. Дождж у Каралішчавічах. Мн., 1984;
- Кахаць — гэта значыць… Старонкі з паэзіі свету. Мн., 1986;
- Слова пра паход Ігаравы. Пераклад. Мн., 1986;
- Беларусь — маё слова і песня. Паэты свету пра Беларусь. Мн., 1988;
- Слова пра паход Ігаравы. Пераклад. ЗША, 1988;
- Шэрман К. Сны. З іспанскай мовы. Мн., 1989;
- Шагал М. Паэзія. З ідыш. Мн., 1989;
- Амар Хаям. Рубаі. З фарсі-кабулі. Мн., 1989;
- Пастэрнак Б. Гарэла свечка. Выбраныя творы. З рускай мовы. Мн., 1990;
- Сэсар Вальеха. Чорныя геральды. З іспанскай мовы. Мн., 1993;
- Беларусь мяне збеларушвае. Словы любові. Паэты свету пра Беларусь. Мн., 1993;
- Ганад Чарказян. Шамдзін. З курдскай мовы. Мн., 1998;
- Крыстофер Леандоэр. Вершы для Эльзы. Са шведскай мовы. Мн., 1999;
- Ганад Чарказян. Чаргаві. З курдскай мовы. Мн., 2001;
- Ян Павел ІІ. Рымскі трыпціх. З польскай мовы. Мн., 2003;
- Зелімха Яндарбі. Сэрца майго святыня. З чачэнскай мовы. Вільня, 2005;
- Ганад Чарказян. Зорная глыбіня. З курдскай мовы. Мн., 2005;
- Гуканне паэзіі Усходу. З кітайскай, японскай, карэйскай, в’етнамскай моў. Мн., 2007.
Дзённікі і запісы
- Дзённікі і запісы. Выпуск 1. 1951–1969 / укл., прадм. Н. Давыдзенка. — Мінск: Кнігазбор, 2015. — 325 с. — (Бібліятэка Бацькаўшчыны. Людзі Беларусі : кн. 3). — 300 экз. — ISBN 978-985-7119-28-8.
1 сакавіка 2019 года ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбылася прэзентацыя пяцітомнага збору «Дзённікаў і запісаў»[29].
У 2022 годзе ў смаленскім выдавецтве «Інбелкульт» выйшлі з друку апошнія, 10 і 11 выпускі гэтага выдання.
Эпісталярый
- Лісты да Васіля Быкава. У кн.: Дажыць да зялёнай травы… Львоў, 2008;
- Паслаў бы табе душу… Ліставанне Рыгора Барадуліна з мамай (1954—1971). Мн., 2009.
Навукова-папулярныя выданні
- Вушацкі словазбор Рыгора Барадуліна. Мн., 2013.
Пераклады твораў Рыгора Барадуліна
Спіс моў, на якія былі перакладзеныя творы Рыгора Барадуліна[30]
- Азербайджанская мова;
- Англійская мова;
- Армянская мова;
- Асецінская мова;
- Балгарская мова;
- Венгерская мова;
- Грузінская мова;
- Ідыш;
- Іспанская мова;
- Казахская мова;
- Канада-мова;
- Карацінская мова;
- Кыргызская мова;
- Латышская мова;
- Літоўская мова;
- Малдаўская мова;
- Мангольская мова;
- Нямецкая мова;
- Польская мова;
- Румынская мова;
- Руская мова;
- Славацкая мова;
- Славенская мова;
- Таджыкская мова;
- Тамільская мова;
- Татарская мова;
- Туркменская мова;
- Удмурцкая мова;
- Узбекская мова;
- Украінская мова;
- Французская мова;
- Харвацкая мова;
- Хіндзі;
- Цыганская мова;
- Чувашская мова;
- Чэшская мова;
- Эстонская мова;
- Японская мова.
Творы, перакладзеныя на рускую мову[31]
- Аист на крыше: Стихи. М., 1966;
- Избранная лирика. М., 1969;
- Раскидач: Весёлые стихи. Мн., 1969;
- Баллада Брестской крепости. Мн., 1975;
- Небо твоих очей: Стихи и поэма. М., 1976;
- Озеро у горизонта: Стихи. М., 1979;
- Праздник пчелы. М., 1980;
- Поэма признания: Стихи и поэмы. Мн., 1982;
- Каждый четвёртый. Стихи. М., 1984;
- Избранное: Стихотворения. Поэмы. 1955—1983. М., 1985;
- Кошки в лукошке: Весёлые стихи и сказки. Мн., 1985;
- Белая яблоня грома: Стихи. М., 1989.
Творы Рыгора Барадуліна, перакладзеныя на іншыя мовы.
- Siena laiks. На латышскай мове. Rīga, 1967;
- Kas jōehobu naigutab? На эстонскай мове. Tallinn, 1976;
- Свято бджоли. На ўкраінскай мове. Київ, 1978;
- Gandras ant stogo. На літоўскай мове. Vilnius, 1981;
- Small Anthology of the Poetry by Ryhor Baradulin/Transl. G. Wallace, V. Rich, W. May, P. Tempest. New York, 1984;
- Ei buey negro de mis cuitas… На іспанскай мове. Мн., 1985;
- Święto pszczoły. На польскай мове. Łódź, 1986;
- Valoda. На латышскай мове. Rīga, 1987;
- Järv silmapiiril. На эстонскай мове. Tallinn, 1988;
- Трофейная тръба: Лірыка. На балгарскай мове. София, 1988;
- Ситораи дидор. На таджыкскай мове. Душанбе, 1989;
- Kiedy witają się dusze. Annus Albaruthenicus. Год беларускі 2005, рэд. С. Яновіч. Крынкі, 2005, с. 315—330. Пераклад на польскую мову Ч. Сенюха. Лісты 1-22;
- Gdy witają się dusze. Poezija i proza. З Васілём Быкавым. На польскай мове. Пераклад Ч. Сенюха. Лісты 1-22;
- Žit! На чэшскай мове. Пераклад Ф. Сокалавай. Прадмова Вацлава Гавела. Praha, 2006;
- 祈りの風 (Малітва ветру). На японскай мове. Пераклад Кашына Гоу. Іакагама, 2007.
Зноскі
- ↑ Бородулин Рыгор Иванович // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохоров — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 27 верасня 2015.
- ↑ Памёр Рыгор Барадулін(недаступная спасылка) — артыкул на сайце TUT.BY
- 1 2 3 Бородулин Рыгор (Григорий Иванович) // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 77. — 737 с.
- 1 2 3 4 Сяргей Шапран. Тры мяхі дзядзькі Рыгора, альбо Сам-насам з Барадуліным. — Мінск: Логвінаў, 2011. — С. 19. — 362 с. — 500 экз. — ISBN 978-985-6991-81-6.
- ↑ Вечная памяць Рыгору Барадуліну. Беларусы развіталіся з чалавекам-эпохай Архівавана 7 сакавіка 2014. — артыкул на сайце TUT.BY
- ↑ Барадулін вярнуўся ў родную зямлю. Паэта пахавалі побач з маці ва Ушачах Архівавана 8 сакавіка 2014. — артыкул на сайце TUT.BY
- 1 2 Сяргей Шапран. Тры мяхі дзядзькі Рыгора, альбо Сам-насам з Барадуліным. — Мінск: Логвінаў, 2011. — С. 34. — 362 с. — 500 экз. — ISBN 978-985-6991-81-6.
- ↑ Сяргей Шапран. Тры мяхі дзядзькі Рыгора, альбо Сам-насам з Барадуліным. — Мінск: Логвінаў, 2011. — С. 63. — 362 с. — 500 экз. — ISBN 978-985-6991-81-6.
- ↑ Сяргей Шапран. Тры мяхі дзядзькі Рыгора, альбо Сам-насам з Барадуліным. — Мінск: Логвінаў, 2011. — С. 303. — 362 с. — 500 экз. — ISBN 978-985-6991-81-6.
- ↑ Сяргей Шапран. Тры мяхі дзядзькі Рыгора, альбо Сам-насам з Барадуліным. — Мінск: Логвінаў, 2011. — С. 304. — 362 с. — 500 экз. — ISBN 978-985-6991-81-6.
- ↑ Панкавец, З.. Разбіраемся ў праўладных партыях: ёсць жывыя, а ёсць зусім мёртвыя . Наша Ніва. Праверана 19-11-2019.
- ↑ Сяргей Шапран. Тры мяхі дзядзькі Рыгора, альбо Сам-насам з Барадуліным. — Мінск: Логвінаў, 2011. — С. 238-242. — 362 с. — 500 экз. — ISBN 978-985-6991-81-6.
- ↑ Л. Гарэлік (1996)
- 1 2 Найлепшыя кнігі 2013 паводле версіі «Нашай Нівы» — артыкул на сайце газеты «Наша Ніва»
- ↑ Тры мяхі дзядзькі Рыгора, альбо Сам-насам з Барадуліным / Сяргей Шапран — Мінск: Логвінаў, 2011. — с. 75
- ↑ Эсэ «Дзякуй роднаму слову!» у збору твораў Рыгора Барадуліна выдавецтва «Мастацкая літаратура» (2002 г.). Том 4.
- ↑ Паслаў бы табе душу… Ліставанне Рыгора Барадуліна з мамай (1954—1971). Мн., 2009. — Ліст «з бульбы» (1955 г.)
- ↑ Барадулін, Р. І. Руны Перуновы: выбр. тв. / Р. І. Шастак. — Мінск: Радыёла-плюс, 2006. — 496 с. — 3 500 экз. — ISBN 985-448-058-5.
- ↑ Барадулін Р. У неба пехатою. Апошнія вершы / Ігар Віркоўскі. — Мінск: МЕДЫЯЛ, 2014. — 224 с. — 200 экз. — ISBN 978-985-6914-13-6.
- ↑ Барадулін Р. І. Вушацкі словазбор Рыгора Барадуліна / Г. Вінярскі. — Мінск: Кнігазбор, 2013. — 388 с. — 500 экз. — ISBN 978-985-7057-93-1.
- ↑ Сяргей Шапран. Тры мяхі дзядзькі Рыгора, альбо Сам-насам з Барадуліным. — Мінск: Логвінаў, 2011. — С. 276. — 362 с. — 500 экз. — ISBN 978-985-6991-81-6.
- ↑ Сяргей Шапран. Тры мяхі дзядзькі Рыгора, альбо Сам-насам з Барадуліным. — Мінск: Логвінаў, 2011. — С. 314. — 362 с. — 500 экз. — ISBN 978-985-6991-81-6.
- ↑ Пералік узнагароджаных на афіцыйным сайце Прэзідэнта Латвіі Архівавана 27 лютага 2017.
- ↑ Лабадзенка, Г. На 23 старонках рукапісу цэнзары зрабілі Караткевічу 296 правак // Звязда. — 2010. — № 228 (26836). — 26 лістапада. — С. 7.(недаступная спасылка)
- ↑ Грыдзін, У. У Менску адкрылі мэмарыяльную дошку на доме, дзе жыў Рыгор Барадулін // Радыё Свабода
- ↑ svaboda.org
- ↑ Помнік Рыгору Барадуліну ва Ушачах
- ↑ У Вушачы паставілі помнікі Васілю Быкаву і Рыгору Барадуліну // svaboda.org 15 чэрвэня 2021
- ↑ Прэзентацыя пяці тамоў дзённікаў Рыгора Барадуліна(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 7 кастрычніка 2022. Праверана 7 кастрычніка 2022.
- ↑ Станам на 2013 год. Ксты: — Рыгор Барадулін. — 4-е дапоўн. выд. — Мн.: Рым.-Катал. парафія св. Сымона і св. Алены, 2013. — 528 с., [8] л. іл. ISBN 978-985-6652-50-2.
- ↑ Вершы і паэмы Барадуліна перакладаў на рускую мову Аляксандр Дракахруст.
Літаратура
- Клышка А. Адзін з майго пакалення // Клышка А. Права на верш. Мн., 1967
- Шклярэўскі I. Жывая душа: Фрагменты да літ. партрэта Рыгора Барадуліна // Полымя. 1970. № 2.
- 3уёнак В. Лінія высокага напружання // На стрыжні часу. Мн., 1973.
- Арочка М. Нагбом з глыбінь // Арочка М. Галоўная служба паэзіі. Мн., 1974.
- Бечык В. Неабходнасць прыгожага // Бечык В. Свет жывы і блізкі. Мн., 1974.
- Караткевіч У. Шчыравала ў бары пчала… // Полымя. 1977. № 1.
- Шпакоўскі Я. Узрушанасць. Мн., 1978. С. 74—90.
- Сямёнава А. «Шчаслівай зоркі самародак…» // Сямёнава А. Гарачы след таленту. Мн., 1979.
- Лойка А. Па законах таленту // Лойка А. Паэзія і час. Мн., 1981.
- Семашкевіч Р. Ганчарны круг паэта // Семашкевіч Р. Выпрабаванне любоўю. Мн., 1982.
- Гарэлік Л. Зямля бацькоў дала мне права. Мн., 1983.
- 3уёнак В. Неба тваіх вачэй: Маналог з Ушаччыны // Зуёнак В. Лінія высокага напружання. Мн., 1983.
- Бечык В. Свет увесь жывы табой… // Бечык В. Перад высокаю красою… Мн., 1984.
- Стральцоў М. Ад маладзіка да поўні // Барадулін Р. Выбр. тв. Мн., 1984. Т. 1.
- Тарасюк Л. Вернасць вытокам. Мн., 1985. С. 94—110.
- Барадулін Рыгор // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік / Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. — 22 000 экз. — ISBN 5-340-00709-X.
- Барадулін Рыгор // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1992—1995. — Т.1. С. 210—235
- Гарэлік Л. Барадулін // БЭ ў 18 т. Т. 2. Мн., 1996. С. 290.
- Магія радка // Бельскі А. Краса і смутак: дапаможнік для настаўнікаў / А. Бельскі. — Мн., 2000. С. 128—131.
- Астраух А. Рыгор Барадулін і сучасная беларуская лірыка: вучэбна-метадычны дапаможнік / А. Э. Астраух. — Гродна, 2001. — 121 с.
- Рыгор Барадулін // Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя: у 4 т. / рэдкал. У. В. Гніламёдаў і інш. — Мн., 2002. — Т. 4. Кн. 1. С. 594—619.
- Лаўрык Т. «Маланкай кшчоны паганец» / Т. Лаўрык // Роднае слова. — 2005. — № 2. С. 77 — 83.
- Дуброўскі А. Паэтыка Рыгора Барадуліна: рытмічная арганізацыя верша / А. У. Дуброўскі. — Мн., 2006—128 с.
- Гаспадыніч П. Калі сакура цвіце ў Беларусі… / П. Гаспадыніч // Полымя. 2007. — № 7. С. 185—186.
- Бельскі А. Рыгор Барадулін // Беларуская літаратура: дапам. для вучняў 11-га кл. Мн., 2009. С. 120—131.
- Шапран С. Тры мяхі дзядзькі Рыгора, альбо Сам-насам з Барадуліным / Сяргей Шапран — Мінск: Логвінаў, 2011.
- Карлюкевіч А. Рэкі і азёры ў паэзіі Рыгора Барадуліна. — Мінск: Пейто, 2000. — 30 с.
Спасылкі
- Афіцыйны сайт Рыгора Барадуліна;
- Некаторыя творы Барадуліна Архівавана 17 мая 2008.;
- Старонка пра Рыгора Барадуліна(недаступная спасылка);
- Вершы Рыгора Барадуліна;
- Рыгор Барадулін чытае свае вершы.
- Рыгор Барадулін. 25 сакавіка