Карэлія
руск.: Республика Карелия
alt=Герб[d] Сцяг
Герб Сцяг
Краіна
Гімн Anthem of the Republic of Karelia[d]
Уваходзіць у
Адміністрацыйны цэнтр
Дата ўтварэння 13 лістапада 1991
Кіраўнік Arthur Parfenčikov[d]
Насельніцтва
  • 609 071 чал. (1 студзеня 2021)
Плошча
  • 172 400 км²
Карэлія на карце
Часавы пояс MSD, UTC+03:00 і Еўропа/Масква[d][2]
Код ISO 3166-2 RU-KR
Код аўтам. нумароў 10
Афіцыйны сайт (руск.)
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Карэлія[3] (карэл.: Karjala, руск.: Карелия, Карьяла) — рэспубліка Расійскай Федэрацыі, размешчаная на паўночным захадзе краіны. На пожначы мяжуе з Мурманскай вобласцю, на поўдні з Ленінградскай і Валагодскай абласцямі, на захадзе з Фінляндыяй, на ўсходзе з Архангельскай вобласцю і амываецца водамі Белага мора.

Нацыянальны склад: рускія — 76,6 %, карэлы — 9,2 %, беларусы — 5,3 %, украінцы 2,7 %, фіны 2,0 %, вепсы 0,7 %. Карэльская і вепская мовы не з'яўляюцца дзяржаўнымі.

Геаграфія

Рэспубліка Карэлія размешчаная на паўночным захадзе Расіі, распасціраючыся між басейнамі Балтыйскага і Белага мораў. Берагавая лінія тэрыторыі рэспублікі прыпадае на Белае мора і складае 630 км², агульная плошча рэспублікі складае 180 520 км².

Рэспубліка Карэлія мяжуе з чатырма вобласцямі Расіі: Архангельскай (усход), Валагодскай (паўднёвы ўсход), Ленінградскай (поўдзень, паўднёвы захад) і Мурманскай (поўнач); на захадзе праходзіць дзяржаўная мяжа Расіі і Фінляндыі. Традыцыйна тэрыторыя сучаснай рэспублікі падзялялася між трыма гістарычнымі рэгіёнамі: Белай Карэліяй (цэнтр і поўнач рэспублікі), Ладажскай Карэліяй (паўднёвы захад, ля ўзбярэжжа Ладажскага возера) і Алонецкай Карэліяй (поўдзень).

На тэрыторыі суб'екту працякае каля 27 000 рэк, найбольшыя з якіх Водла (149 км), Кем (191), Коўда, Шуя, Суна і Выг. Акрамя гэтага, у рэспубліцы знаходзіцца каля 60 тыс. азёраў, якія ўключаюць у сябе Ладажскае і Анежскае азёры, адны з найбольшых азёраў Еўропы. У рэспубліцы месцяцца тры нацыянальныя паркі Расіі, Вадлозерскі, Калевала і Паанаярві, 148 тыс. км² або 85 % ад тэрыторыі рэспублікі складаюць землі дзяржаўнага ляснога фонду, агульны аб'ём лясных рэсурсаў налічвае прыблізна 807 млн м³, пры гэтым 375,2 млн з якіх складаюць іглічныя пароды драўніны.

У Рэспубліцы Карэлія вядома каля пяцідзесяці карысных выкапняў, якія размеркаваныя па больш чым 400 радовішчах і руданосных слаях. Сярод найбольш выбітных карысных выкапняў адзначаецца наяўнасць жалезнае руды, алмазаў, ванадыю і малібдэну.

Карэлія размешчаная ў атлантычнай кантынентальнай кліматычнай зоне. Сярэдняя тэмпература студзеня — −8 °C, ліпеня — 16,4 °C, сярэднегадавая колькасць ападкаў налічвае 500—700 мм[4].

Гісторыя

Першае засяленне людзьмі сучаснага тыпу тэрыторыі цяперашняй Рэспублікі Карэлія датуецца VII—VI тыс. да н.э. Асноўнымі заняткамі людзей з'яўляліся паляванне і рыбалоўства.

Паміж I ст. н.э. і канцом I тыс. н.э. у рэгіёне пачалася здабыча медзі, іншыя датыроўкі на I тыс. да н.э. адносяць вытворчасць жалеза і зачаткі земляробства і жывёлагадоўлі.

Устаноўлена, што ўжо ў I тыс. н.э. тэрыторыю сучаснай Карэліі насялялі фіна-ўгорскія плямёны, якія пазней леглі ў аснову карэльскага і вепскага этнасаў. Існуе гіпотэза, што карэлы сфарміраваліся на аснове абарыгенных плямёнаў поўдня Карэліі і паўднёвага ўсходу Фінляндыі, адкуль яны потым рассяліліся ў напрамку Белага мора і Заанежжа. У пачатку II тыс. н.э. частка карэлаў перасялілася да берагоў Батнічнае затокі і Белага мора, адначасна з гэтым на ўсход Карэліі (г.зв. Абанежжа) і на ўзбярэжжа Белага мора пранікла славянскае насельніцтва, якое спрыяла развіццю земляробства, вытворчасці солі і марскім промыслам. Існуюць гіпотэзы, якія ўзводзяць паходжанне карэльскага этнасу да кантактаў карэлы з іншымі фіна-ўгорскімі этнапляменнымі групамі, вессю і лоп’ю, у часе якога апошнія былі асіміляваны, а карэла магла ўспрыняць асаблівасці іх мовы і культуры. Іншыя гіпотэзы звязваюць паходжанне карэлаў з прыходам прыбалтыйска-фінскіх плямёнаў у VI ст. н.э. на Карэльскі перашыек, дзе да гэтага пражывала лоп — этнапляменная група, якая пазней утварыла этнас саамаў. Меркавалася таксама ўзаемадзеянне весі і чудзі[5].

Найранейшыя меркаваныя згадкі карэлаў адносяць да працы Іардана VI ст. «Аб паходжанні і дзеяннях готаў», дзе ў спісе заваяваных Германарыхам народаў узгадваюцца Thiudos in Aunxis, што Ф. Браўнам трактавалася як «чудзь алонецкая».

Сярэднявечча

10651085 гг. прыпісваецца першая згадка племя карэла, дзе гэта племя ўпаміналася як аб'ект ваенных выпраў старажытнай Літвы[6].

З ХІ ст. тэрыторыя сучаснай Рэспублікі Карэлія трапляе ў залежнасць ад усходніх славян, урэшце над большай часткай рэгіёна была ўсталявана ўлада Наўгародскай рэспублікі.

З XIII ст. Карэлія становіцца аб'ектам нападаў Швецыі, у выніку чаго апошняя атрымала значныя часткі карэльскіх земляў на поўдні сучаснай рэспублікі; з гэтага ж перыяду арэал карэльскага этнасу з прычыны дзяржаўнай прыналежнасці быў падзелены на пераважна праваслаўную і каталіцкую (пазней лютэранскую) часткі. У пачатку гэтага ж стагоддзя цэнтрам аўтаномнай наўгародскай Карэліі стала мястэчка Карэла (цяп. Прыазерск на паўночным захадзе Ленінградскай вобласці). У 1323 годзе Арэхаўскі мір падзяліў Карэльскі перашыек на заходнюю і ўсходнюю часткі, якія адышлі Швецыі і Ноўгараду адпаведна, пры гэтым да апошняга таксама адыходзілі карэльскія землі за поўнач ад усталяванае мяжы. Да гэтага ў 13141315 гг. у наўгародскай Карэліі адбываліся антынаўгародскія паўстанні, падчас якіх карэлы перабілі славянскіх жыхароў Карэлы і ўпусцілі ў горада шведаў. З 1333 года Арэхаў, які меў ролю ваеннай крэпасці наўгародцаў, разам з гарадамі Карэліі, а таксама суседняе Воцкай зямлі быў перададзены ў кіраванне літоўскаму князю Нарымонту, пасля чаго перададзеныя Нарымонту землі ўтварылі асобнае княства[7]. Тым не менш, праз два гады Нарымонт з'ехаў з Ноўгараду з прычыны ўласных палітычных амбіцый, пакінуўшы на пасадзе сына Аляксандра, у 1338 годзе адклікаў Аляксандра і нават адмовіўся аказаць падтрымку ў супраціве шведам. Намеснікі князя заставаліся ў Арэхаўскай крэпасці да 1348 года[8].

Расійскае кіраванне

Паўднёвы захад Карэліі ў складзе Швецыі паводле Сталбоўскага міру.

У 1478 годзе тэрыторыя Ноўгарада скараецца Масквой, у выніку чаго наступныя тэрытарыяльныя пераўтварэнні ў Карэліі вырашаліся дзякуючы расійска-шведскім знешнепалітычным зносінам. У 1500 годзе ўпершыню згадваецца Карэльскі павет (займаў Карэльскі перашыек і паўночнае Прыладажжа) у складзе Воцкай пяціны Наўгародскай зямлі, аднак пад канец 1530 — напачатку 1550 гг. гадоў маскоўскі ўрад правёў адміністрацыйна-тэрытарыяльную рэформу (вядомую як «губная»), падчас якой Арэшкаўскі, Ладажскі і Карэльскі паветы склалі Карэльскую палову Водскай пяціны, усходнія карэльскія землі (г.зв. заанескія пагосты) увайшлі ў склад заанескай паловы Абанескай пяціны[9].

Цягам Смутнага часу ў Маскоўскай дзяржаве (15981613 гг.) Швецыя заваёўвае Карэлію і суседнюю Інгерманландыю, пры гэтым складзены 27 лютага 1617 года Сталбоўскі мір захаваў паўднёвы захад Карэліі за Швецыяй, якія склалі асобную адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку краіны — Карэльскае герцагства. Рэлігійная палітыка ўраду Швецыі што стала прычынай ганенняў на праваслаўнае карэльскае насельніцтва рэгіёна, што заклала пачатак масавага перасялення карэлаў у Расію і, у прыватнасці, што стала прычынай узнікнення этнагрупы, вядомай як цвярскія карэлы. У сваю чаргу, шведскую Карэлію займалі фінскія перасяленцы з суседняга гістарычнага рэгіёна Сава, што што стала прычынай складання субэтнічнай групы фінаў, вядомай як фінскія карэлы. Расійскія землі Карэліі ў 1708 годзе ўвайшлі ў склад Інгерманландскай губерні, якая кіравалася з Санкт-Пецярбурга; з 1710 года губерня пераназваная ў Санкт-Пецярбургскую.

Складзены ў 1721 годзе Ніштацкі мір размярковаў тэрыторыю Карэліі між Расіяй і Швецыяй і сканчваў між краінамі Паўночную вайну, паводле гэтага міру большая частка сучаснай рэспублікі была далучана да Расійскай імперыі[10]. Тым не менш, фактычнае заваяванне суседняга Выбаргу была ажыццёўлена ў 1719 годзе праз дзеі Паўночнай вайны, у выніку чаго была ўтворана Выбарская правінцыя Санкт-Пецярбургскай губерні, якая існавала да 1744 года і ўключала тэрыторыю Карэльскага перашыеку.

Іншыя тэрыторыі Карэліі ў гэтым жа годзе ўключыла Наўгародская правінцыя гэтай жа губерні. У 17411743 і 17881790 гг. Швецыя прадпрымала спробы вяртання гэтых тэрыторый, што, аднак, апынулася беспаспяховым[11]. 4 верасня 1776 года было ўтворана Наўгародскае намесніцтва, праз чатыры гады ўтворанае Валагодскае намесніцтва, між якімі і была размеркавана тэрыторыя расійскай Карэліі.

У 1781 годзе Алонецкая вобласць Наўгародскага намесніцтва (поўдзень рэспублікі) была перададзена Санкт-Пецярбургскай губерні, праз чатыры гады яна была падвышана да статусу самастойнага намесніцтва, але ў 1796 годзе гэтая адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка была скасавана. 21 верасня 1801 года была ўтворана Алонецкая губерня, якая ахоплівала поўдзень сучаснай рэспублікі, астатнія тэрыторыі, як і дагэтуль, уключала ўтвораная Архангельская губерня, якая да гэтага перыядычна мяняла статус і да 1784 года падпарадкоўвалася Волагдзе (гл. вышэй). У 1802 годзе адміністрацыйным цэнтрам Алонецкай губерні стаў горад Петразаводск, заснаваны як заводскі пасёлак у 1703 годзе. У 1809 годзе Швецыя перадай Расіі Фінляндыю, якая атрымлівае ў складзе Расіі аўтаномію як Вялікае Княства Фінляндскае, пры гэтым праз тры гады расійскі імператар Аляксандр I перадаў Фінляндыі Выбарскі рэгіён, вылучаны на той час у якасці асобнай губерні.

Гэтая ж тэрыторыя захавалася ў складзе Фінляндыі па абвяшчэнні незалежнасці краіны ў 1917 годзе, а паводле Тартукага мірнага дагавора 1920 года між Расіяй і Фінляндыяй апошняя адмовілася ад шэрагу тэрыторый на ўсходзе Карэліі, раней заваяваных Фінляндыяй у выніку шэрагу спробаў падтрымкі карэльскіх нацыянальных арганізацый і звяржэння бальшавіцкага ўрада ў рэгіёне з боку фінскіх войскаў.

У 1914 годзе Расія будуе незамярзальны порт на Кольскай затоцы, у гэтым жа годзе было прынятае рашэнне пра збудаванне чыгункі між Мурманскам і Петразаводскам, што ў сукупнасці дазволіла б кампенсаваць транспартную блякіроўкую Расіі, здзейсненую Цэнтральнымі дзяржавамі на Чорным і Балтыйскім морах у рамках Першай сусветнай вайны.

Распад Расійскай імперыі

Першапачатковы сцяг Паўночнакарэльскай дзяржавы.
Другі сцяг Паўночнакарэльскай дзяржавы.

Пачынаючы з распаду Расійскай імперыі пасля рэвалюцыі 1917 года ў рэгіёне ўзнікае шэраг нацыянальных арганізацый, якія канкуравалі з агульнарасійскімі палітычнымі арганізацыямі і ставілі на мэце стварэнне ўласных палітычных утварэнняў на тэрыторыі Карэліі. Некаторыя нацыянальныя арганізацыі разгортвалі сваю дзейнасць раней: так, у 1905 годзе быў заснаваны Саюз беламорскіх карэлаў, які імкнуўся да пашырэння выкарыстання фінскай мовы ў грамадскім жыцці і абвяшчаў блізкасць фінскага і карэльскага этнасаў. У 1911 годзе дзейнасць арганізацыі была забаронена, але ў 1917 годзе ў фінскім Тамперэ падобную дзейнасць таксама арганізавала Карэльскае асветніцкае таварыства.

3 сакавіка 1917 года ў Петразаводску быў сабраны часовы камітэт грамадскай бяспекі з прадстаўнікоў гарадскай думы, духавенства, інтэлігенцыі і рабочых горада. Неўзабаве ўдзельнікі камітэту дабіліся вызначанай лібералізацыі (скарачэнне працоўнага дня, падвышэнне заработнае платы) і атрымалі некаторыя мясцовыя паўнамоцтвы. Падобныя камітэты ствараліся таксама ў суседніх Пудажы і Павянцы.

Пад канец сакавіка 1918 года падчас дзеяў савецка-фінскай вайны фінскія войскі занялі паўночны ўсход Карэліі, пры дапамозе войска было арганізавана мясцовае карэльскае самакіраванне. 21 чэрвеня 1918 года быў зацверджаны сцяг дзяржавы, 21 ліпеня 1919 года быў створаны Часовы ўрад Беламорскай Карэліі на чале з С. Ціханавым. 29 сакавіка 1920 года была зацверджана новая сімволіка краіны, пры гэтым неўзабаве ўрад дзяржавы, кіруючыся палітыкай самавызначэння, нададзенай савецкімі ўладамі, аб'явіў незалежнасць краіны, якая пазней стала вядомая як Паўночнакарэльская дзяржава. Прысутны на пасяджэннях прадстаўнік Фінляндыі запэўніў будучае аказанне падтрымкі, пасля чаго ў канцы красавіка гэтага ж года дэлегацыя ўраду Карэліі прыбыла на станцыю Белаостраў, дзе камісару савецкіх памежных войскаў было перададзенае патрабаванне аб аддзяленні Карэліі ад Савецкай Расіі[12]. У маі 1920 года ўрад Карэліі быў прызнаны Фінляндыяй, але 18 чысла часткі РСЧА бяз бою ўвайшлі ў сяло Ухта, дзе размяшчаўся ўрад Карэліі, пасля чаго ўрад краіны эвакуіраваўся ў суседняе сяло Вакнавалак, адкуль перабралося ў Фінляндыю. Паралельна з гэтым урадам, з 15 мая 1918 года ў Алонецкай губерні існаваў г.зв. Алонецкі ўрад, які ў кастрычніку 1920 года быў кааптаваны ў склад Карэльскага аб'яднанага ўрада.

Акрамя гэтага, фінскія войскі паралельна з дзейнасцю карэльскіх нацыянальных арганізацый праводзілі экспедыцыі на ўсход Карэліі ў мэтах будучага аб'яднання з Карэліяй. 7 сакавіка 1918 года ўрад Фінляндыі ў рамках савецка-фінскай вайны 19181920 гг. выказаў прэтэнзіі на сучасную Карэлію[13]. 21 сакавіка гэтага ж года была арганізавана экспедыцыя фінскага войска праз поўнач Карэліі, якая скончылася далучэннем да Фінляндыі наваколляў вёсак Рэбалы і Порасазера, з красавіка па верасень 1919 года ў выніку паспяховага наступу Фінляндыі пад яе кантроль быў узяты поўдзень сучаснай тэрыторыі рэспублікі, Алонецкая Карэлія. У ліпені 1920 года расійская армія выбіла фінскае войска практычна з усёй Карэліі, пакінуўшы пад кантролем Фінляндыі толькі памежныя з Фінляндыяй Порасазера і Рэбалы, 14 кастрычніка гэтага ж года пасля чатырохмесяцовых перамоў Фінляндыя згодна з Тартускім мірам адмовілася ад тэрытарыяльных прэтэнзій, у выніку чаго фінска-расійская мяжа ў Карэліі набыла дарэвалюцыйны выгляд[14].

Улетку 1921 года, будучы незадаволенымі нацыянальнай палітыкай Савецкай Расіі і ўмовамі Тартускага міру, фінскія актывісты на чале з Я. Такіненам узнялі партызанскі рух г.зв. карэльскіх лясных партызанаў (фінск.: karjalan metsäsissit), які да восені гэтага ж года кантраляваў значную частку Белай Карэліі (паўночныя рэгіёны края)[15]. У сярэдзіне кастрычніка быў створаны Часовы карэльскі камітэт і абвешчаная мабілізацыя, 6 лістапада адбылося ўварванне ўзброеных добраахвотнікаў з боку Фінляндыі, якія да снежня гэтага ж года занялі захад сучаснай рэспублікі. Тым не менш, баявыя дзеі і падтрымка карэльскіх паўстанцаў скончылася 21 сакавіка 1922 года шляхам падпісання савецка-фінскага пагаднення аб прыняцці захадаў па забеспячэнні некранутасці савецка-фінскай мяжы. Прыкладна 30 тыс. уцекачоў з Карэліі сышло ў Фінляндыю.

Савецкае кіраванне

8 чэрвеня 1920 года сучасная тэрыторыя Карэліі трапляе ў склад Карэльскай Працоўнай Камуны РСФСР, якая была ўтворана галоўным чынам з населеных карэламі частак Алонецкай і Архангельскай губерняў, яе статус 25 ліпеня 1923 года быў зменены на аднайменную аўтаномную савецкую сацыялістычную рэспубліку (АКССР), кіроўчыя пасады ў аўтаноміі займалі таксама шэраг камуністычных дзеячаў Фінляндыі, якія перасяляліся ў Карэлію. 5 снежня 1936 года аўтаномія перайменаваная ў Карэльскую АССР.

З 1930-х гг. тэрыторыя рэспублікі актыўна выкарыстоўвалася для размяшчэння рэпрэсійных пляцовак (урочышчы Красны Бор, Сандармох) і спецыяльных папраўчых лагераў (Салавецкі лагер асобага прызначэння). Прыкладам, у 1937 годзе прадугледжваліся рэпрэсійныя захады супраць 3 700 чалавек[16]. У 1938 годзе сучаснай Мурманскай вобласці была перададзена поўнач рэспублікі, Кандалацкі раён.

У 1940 годзе на базе КАССР, а таксама марыянетачнага прасавецкага ўрада Фінляндскай Дэмакратычнай Рэспублікі, які дзейнічаў у памежных заходніх рэгіёнах сучаснай Карэліі і некаторых акупаваных Савецкім Саюзам тэрыторыях Фінляндыі, была ўтворана шаснаццатая саюзная рэспубліка СССР — Карэла-Фінская, якая па Зімовай вайне (19391940) была павялічана за кошт гэтай жа савецкай акупацыі памежных тэрыторый Фінляндыі. У 1940 годзе між Фінляндыяй і СССР была заключана дамова, якая прадугледжвала прызнанне Фінляндыяй змен на мяжы і эвакуацыю прыкладна 400 тыс. прадстаўнікоў насельніцтва акупаваных савецкімі ўладамі тэрыторый.

25 чэрвеня 1941 года ў рамках Другой сусветнай вайны пачалася савецка-фінская вайна, падчас якой улетку-ўвосень Фінляндыя заняла практычна ўсе перададзеныя СССР тэрыторыі, пасля чаго праз хуткі час быў заняты Петразаводск і амаль уся тэрыторыя сучаснай Карэліі. 28 чэрвеня 1944 года пад савецкі кантроль быў вернуты адміністрацыйны цэнтр рэспублікі, 19 верасня гэтага ж года Фінляндыя пагадзілася прызнаць папярэднія межы і, адпаведна, вяртанне на карысць СССР Карэльскага перашыеку і ўсходу Сала (паўночны ўсход Карэліі). Па акупацыі Фінляндыяй тэрыторый Карэліі на былыя землі вярнуліся вымушаныя перасяленцы з тэрыторый, перададзеных Савецкаму Саюзу ў 1940 годзе, якія, аднак, зноў былі вымушаны зведаць эвакуацыю па паўторнай перадачы гэтых земляў Карэліі.

Пасля савецка-фінскай вайны 19411944 гг. Карэльскі перашыек быў перададзены суседняй Ленінградскай вобласці. З 1944 года Фінляндыя прызнала страту памежных паўднёва-ўсходніх тэрыторый, аднак сярод пэўных палітычных рухаў краіны існуе рух г.зв. карэльскага пытання, якое дабіваецца вяртання дадзеных тэрыторый пад юрысдыкцыю Фінляндыі. У 1956 годзе Карэла-Фінская ССР была пераназвана ў Карэльскую і пераўтвораная ў АССР, прычынамі чаго маглі стаць меркаваная мажлівасць выхаду рэспублікі са складу СССР і перавага этнічна расійскага насельніцтва ў рэгіёне. Шэраг гісторыкаў мяркуе, што ўтварэнне Карэла-Фінскай рэспублікі магло стаць своеасаблівай падставай для будучай анексіі Фінляндыі з боку СССР[17][18].

9 жніўня 1990 года Вярхоўны Савет КАССР прыняў дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце рэспублікі, 4 ліпеня наступнага года Вярхоўным Саветам рэспублікі было прынятае рашэнне аб удзеле ў падпісанні дагаворы аб Саюзе Суверэнных Дзяржаў. 13 лістапада 1991 года па распадзе СССР тэрыторыя Карэльскай АССР была пераўтворана ў Рэспубліку Карэлія. 31 сакавіка 1992 года дэлегацыя рэспублікі падпісала федэратыўны дагавор, канстытуцыя Карэліі была прынятая 28 лістапада гэтага ж года. Пазней, у 1993, 2001 і 2006 гг. прымаліся новыя папраўкі ў канстытуцыю, у выніку якіх у рэспубліцы была зацверджана пасада_кіраўнікарэспублікі, а яе Заканадаўчы Сход скарочаны да аднае палаты. 16 лютага 1993 года зацверджаны цяперашні афіцыйны сцяг рэспублікі, пасля чаго 6 красавіка і 28 верасня гэтага ж года адпаведна рушылі ўслед прыняцце гімну і гербу.

Насельніцтва

Паводле перапісу насельніцтва Расіі ў 2010 годзе, насельніцтва Рэспублікі Карэлія склала 643 548 чал.[19], ацэнка Дзяржаўнага камітэта статыстыкі Расіі на 2014 год падае лічбу ў 634 402 чал.[20] На ўзор большае часткі суб'ектаў Расіі, назіраецца тэндэнцыя да спаду колькасці насельніцтва ў параўнанні з паказчыкамі папярэдніх гадоў. Ніжэй прыведзеная статыстыка змены паказчыкаў насельніцтва ў рэспубліцы пачынаючы з 1970 года:

Колькасць насельніцтва
(тыс. чал.)
Нараджэнняў Смерцяў Натуральны прырост Агульны каэфіцыент нараджальнасці
(тыс.)
Агульны каэфіцыент смяротнасці
(тыс.)
Натуральны прырост
(тыс.)
Фертыльнасць
1970 714 11 346 5 333 6 013 15,9 7,5 8,4
1975 723 12 748 6 086 6 662 17,6 8,4 9,2
1980 741 12 275 7 374 4 901 16,6 10,0 6,6
1985 770 13 201 8 205 4 996 17,1 10,7 6,5
1990 792 10 553 8 072 2 481 13,3 10,2 3,1 1,87
1991 790 8 982 8 305 677 11,4 10,5 0,9 1,62
1992 788 7 969 9 834 -1 865 10,1 12,5 -2,4 1,46
1993 782 7 003 11 817 -4 814 9,0 15,1 -6,2 1,30
1994 774 6 800 13 325 -6 525 8,8 17,2 -8,4 1,26
1995 767 6 729 12 845 -6 116 8,8 16,7 -8,0 1,24
1996 760 6 461 11 192 -4 731 8,5 14,7 -6,2 1,19
1997 753 6 230 10 306 -4 076 8,3 13,7 -5,4 1,15
1998 747 6 382 10 285 -3 903 8,5 13,8 -5,2 1,18
1999 740 6 054 11 612 -5 558 8,2 15,7 -7,5 1,12
2000 732 6 374 12 083 -5 709 8,7 16,5 -7,8 1,18
2001 725 6 833 12 597 -5 764 9,4 17,4 -7,9 1,25
2002 717 7 247 13 435 -6 188 10,1 18,7 -8,6 1,33
2003 707 7 290 14 141 -6 851 10,3 20,0 -9,7 1,32
2004 696 7 320 13 092 -5 772 10,5 18,8 -8,3 1,31
2005 686 6 952 12 649 -5 697 10,1 18,4 -8,3 1,24
2006 676 6 938 11 716 -4 778 10,3 17,3 -7,1 1,22
2007 667 7 319 11 007 -3 688 11,0 16,5 -5,5 1,28
2008 659 7 682 11 134 -3 452 11,7 16,9 -5,2 1,35
2009 651 7 884 10 599 -2 715 12,1 16,3 -4,2 1,58
2010 644 7 821 10 471 -2 650 12,1 16,2 -4,1 1,58
2011 641 7 711 9 479 -1 768 12,0 14,7 -2,7 1,60
2012 640 7 980 9 761 -1 781 12,5 15,3 -2,8 1,71
2013 636 7 603 9 354 -1 751 12,0 14,7 -2,7 1,66

Згодна з перапісам насельніцтва гэтага ж года, этнічны склад насельніцтва Карэліі размяркоўваўся наступным чынам: рускія — 82,2 %; карэлы — 7,4 %, таксама прысутнічалі беларусы (3,8 %), украінцы (2 %), фіны (1,4 %) і вепсы (0,5 %), доля іншых этнічных груп у сукупнасці складала не больш за 0,5 %. 25 880 чалавек не аднеслі сябе да будзь-якой нацыянальнасці[19]. З часу першага перапісу насельніцтва ў СССР у Карэліі прасочваецца наступная дынаміка змены этнічнага складу насельніцтва:

Нацыянальнасць 1926 1939 1959 1970 1979 1989 2002 2010
Колькасць Доля Колькасць Доля Колькасць Доля Колькасць Доля Колькасць Доля Колькасць Доля Колькасць Доля Колькасць Доля
рускія 153 967 57,2 % 296 529 63,2 % 412 773 62,7 % 486 198 68,1 % 522 230 71,3 % 581 571 73,6 % 548 941 76,6 % 507 654 82,2 %
карэлы 100 781 37,4 % 108 571 23,2 % 85 473 13,0 % 84 180 11,8 % 81 274 11,1 % 78 928 10,0 % 65 651 9,2 % 45 570 7,4 %
беларусы 555 0,2 % 4 263 0,9 % 71 900 10,9 % 66 410 9,3 % 59 394 8,1 % 55 530 7,0 % 37 681 5,3 % 23 345 3,8 %
украінцы 708 0,3 % 21 112 4,5 % 23 569 3,6 % 27 440 3,8 % 23 765 3,2 % 28 242 3,6 % 19 248 2,7 % 12 677 2,0 %
фіны 2 544 0,9 % 8 322 1,8 % 27 829 4,2 % 22 174 3,1 % 20 099 2,7 % 18 420 2,3 % 14 156 2,0 % 8 577 1,4 %
вепсы 8 587 3,2 % 9 392 2,0 % 7 179 1,1 % 6 323 0,9 % 5 864 0,8 % 5 954 0,8 % 4 870 0,7 % 3 423 0,5 %
іншыя 2 194 0,8 % 20 709 4,4 % 29 869 4,5 % 20 726 2,9 % 19 565 2,7 % 21 505 2,7 % 25 734 3,6 % 16 422 2,7 %

На цяперашні час у Рэспубліцы Карэлія афіцыйны статус мае руская мова, мовы фіна-ўгорскага насельніцтва рэспублікі не маюць падобнага статусу з прычыны карыстання ў пісьмовасці гэтых моў лацінскага алфавіта, што, зыходзячы з заканадаўства Расійскай Федэрацыі, не надае гэтым мовам мажлівасці атрымання афіцыйнага статусу ў рэспубліцы Расіі. Тым не менш, 17 сакавіка 2004 года ў Рэспубліцы Карэлія прыняты закон «Аб дзяржаўнай падтрымцы карэльскай, вепскай і фінскай моў у Рэспубліцы Карэлія», які вызначае пакет мераў па выкарыстанні і захаванні карэльскай, фінскай і вепскай моў у рэспубліцы. З канца 1980-х гг. прадпрымаліся іншыя спробы заканадаўчага замацавання статусу фіна-ўгорскіх моў рэспублікі, падобныя намаганні ставіліся таксама ў 1998 і 2000 гг.[21] З 1940 года да 1980-х гадоў у Карэліі афіцыйны статус мела таксама фінская мова поруч з расійскай. Карэльская мова падзяляецца на тры адрозныя дыялекты, лівікаўскі, людзікаўскі і ўласнакарэльскі, пры гэтым з прычыны іх параўнальна высокага разыходжання кожны з трох дыялектаў мае ўласную літаратурную мову, наддыялектная літаратурная мова адсутнічае (аднак у 1930-х гг. прадпрымаліся няўдачныя спробы стварэння падобнай нормы); кожны дыялект мае замацаваны правапіс і выкарыстоўваецца ў друкаваных выданнях.

У рэлігійным дачыненні паводле звестак на 2012 год 27 % ад насельніцтва Рэспублікі Карэлія аднесла сябе да вернікаў расійскага праваслаўя, яшчэ 44 % ад насельніцтва рэспублікі аднесла сябе да вернікаў без указання канкрэтнага вызнання, 2 % указалі сваю прыналежнасць да хрысціянскай канфесіі без указання пэўнае плыні[22]. З часоў уваходжання тэрыторый сучаснай Карэліі ва ўплыў усходніх славян у рэгіёне здаўна мае трывалыя пазіцыі праваслаўе, дзякуючы палітычным кантактам з Швецыяй і міграцыі фінскага насельніцтва прыкметную доля складалі вернікі каталіцкага і, пазней, лютэранскага спавядання. У рэспубліцы дзейнічае некаторая колькасць лютэранскіх парафій.

Культура

Карэльскія землі адыгралі вялікае значэнне ў традыцыйнай спеўнай культуры Фінляндыі, у прыватнасці, карэльскі фальклор складае значную частку карэла-фінскага эпасу Калевала.

Палітыка

Рэспубліка Карэлія — адзін з суб'ектаў Расійскай Федэрацыі, як і іншыя рэспублікі дзяржавы, паводле канстытуцыі Расіі характарызуецца як дзяржава, што таксама адзначаецца ў мясцовай канстытуцыі, якую паводле расійскага заканадаўства мае рэспубліка ў складзе Расіі. На ўзор іншых суб'ектаў федэратыўных краін, паўнамоцтвы на тэрыторыі рэспублікі падзеленыя на федэральныя, мясцовыя і змяшаныя. 12 лютага 2001 года была зацверджана канстытуцыя рэспублікі.

Вышэйшая кіроўчая пасада рэспублікі — кіраўнік рэспублікі, якім з'яўляецца абраны ў маі 2012 года Аляксандр Худзілайнен. Рэспубліка мае прадстаўнічы орган — Заканадаўчы Сход, які складаецца з абраных на чатырохгадовы тэрмін пяцідзесяці дэпутатаў.

У сучаснай Фінляндыі дзейнічаюць грамадскія арганізацыі, якія ставяць на мэце перагляд палітычнага статусу карэльскіх тэрыторый, перададзеных у склад СССР у 1940 годзе. Дадзеная палітыка неафіцыйна мае тэрмін карэльскае пытанне, найбольш значнымі яе прадстаўнікамі з'яўляюцца арганізацыі Karjalan Liitto (бел.: Карэльскае таварыства) і ProKarelia.

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел

Адміністрацыйны падзел Рэспублікі Карэлія.

Рэспубліка Карэлія падраздзяляецца на адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі другога ўзроўню, агульная колькасць якіх складае 18 і якія ўтрымліваюць адзінкі меншага, сельскага, пасялковага або гарадскага ўзроўняў. У Рэспубліцы Карэліі размешчаныя дзве гарадскія акругі (Петразаводская і Кандалацкая, эквівалентныя горадам абласнога падпарадкавання Беларусі), а таксама шаснаццаць муніцыпальных раёнаў, кожны з якіх, у сваю чаргу, падраздзяляецца на гарадскія і сельскія паселішчы (аналагі гарадоў раённага падпарадкавання і сельскіх саветаў, агульная колькасць — 22 і 87 адпаведна).

Пры стварэнні Карэльскай Працоўнай Камуны быў захаваны павятовы адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел, успадкаваны з Алонецкай і Архангельскай губерні, які ўключаў у сябе Алонецкі, Петразаводскі, Павянецкі і Кемскі паветы. У 1923 годзе са зменай статусу ў аўтаномную рэспубліку былі ўтвораны новыя паветы — Ухцінскі і Паданскі, 3 лістапада 1924 года рэспубліцы была перададзена частка суседняга Ладзейнапольскага павета Ленінградскай губерні. У 1927 годзе быў уведзены падзел на раёны, пры гэтым іх колькасць паступова скарачалася, а ў 1952 годзе рэспубліка была падзелена на дзве акругі, Петразаводскую і Сягескую, якія праз год былі адменены. У 1940 годзе на перададзеных Фінляндыяй тэрыторыях былі ўтвораны Выбарскі, Кексгальмскі, Куркіёцкі, Піткяранцкі, Сартавальскі, Суаярваўскі і Яскінскі раёны, з якіх у 1944 годзе ў склад Ленінградскай вобласці былі перададзены раёны Карэльскага перашыеку: Выбарскі, Кексгальмскі і Яскінскі (гл. вышэй).

У 1994 годзе на паўднёвым усходзе рэспублікі ў рэгіёне кампактнага пражывання вепсаў была створана Вепская нацыянальная воласць, якая была скасавана ў 2006 годзе. У гэтым жа годзе на тэрыторыі Расіі была ўсталявана муніцыпальная рэформа, якая ўвяла новыя назвы адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак суб'ектаў краіны (гл. вышэй).

Ніжэй прыведзены пералік адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак Карэліі першага ўзроўню, нумар адзінкі адпавядае нумару адзінкі на карце:

  • Беламорскі раён
  • Калевальскі нацыянальны раён
  • Кемскі раён
  • Кастамукшская гарадская акруга (II)
  • Кандапожскі раён
  • Лахдзенпохскі раён
  • Лоўхскі раён
  • Мядзвеж'ягорскі раён
  • Муязерскі раён
  • Алонецкі раён (цэнтр — горад Алонец)
  • Петразаводская гарадская акруга (І)
  • Піткярантскі раён
  • Прыанежскі раён
  • Пражынскі раён
  • Пудожскі раён
  • Сягежскі раён
  • Сартавальскі раён
  • Суаярвскі раён

Эканоміка

Сукупны рэгіянальны прадукт Рэспублікі Карэлія паводле звестак на 2007 год складаў 109,5 млрд расійскіх рублёў, што ў пераліку на душу насельніцтва складала 151 210 рублёў на душу насельніцтва, што, у сваю чаргу, менш за агульнарасійскі паказчык у 198 817 рублёў[23]. У 2010 годзе сукупны рэгіянальны прадукт рэспублікі налічваў 127 733,8 млн расійскіх рублёў.

У прамысловых галінах Карэліі пераважаюць лясны і дрэваапрацоўчы сектары эканомікі. Нарыхтоўка лесу ажыццяўляецца пры дапамозе вялікай колькасці адносна малых прадпрыемстваў, у той час як цэлюлозна-папяровая вытворчасць галоўным чынам засяроджаная на пяці буйных прадпрыемствах рэспублікі, якімі вырабляецца прыблізна чвэрць ад агульнай вытворчасці паперы ў Расіі. Аб'ём продажаў сярод трох найбуйнейшых кампаній цэлюлозна-папяровае галіны Карэліі ў 2001 годзе складаў 328,8 млн долараў[4]. Здабыўчая дзейнасць паводле звестак на 2007 год складала 30 % ад усяго аб'ёму прамысловай вытворчасці рэспублікі, у Карэліі месцяцца 53 адпаведных прадпрыемствы, на якіх занята 10 тыс. чалавек[24]. Апрацоўчая вытворчасць ад агульнага аб'ёму вытворчасці ў 2007 годзе складала 56,4 %, з якіх 23,6 % прыпадалі на цэлюлозна-папяровую галіну, 7,9 % — на галіны металаздабычы і металаапрацоўкі, 7,1 % — на галіны дрэваапрацоўкі, 5,8 % — на вытворчасць харчовых тавараў, 3,9 % — на машынабудаванне; вытворчасць і размеркаванне электраэнергіі, газу і вады складала 13,6 % ад вытворчасці рэгіёна.

Асноўнымі экспартнымі партнёрамі рэспублікі ў 2001 годзе з'яўляліся Фінляндыя (32 % ад агульнага аб'ёму экспарту), Германія і Нідэрланды (па 7 %) і Вялікабрытанія (6 %)[4]. Сярод экспартных тавараў галоўнае месца займалі лесаматэрыялы (звыш 50 % экспарту), жалезарудны пэлет (13-15 %), папера і кардон (6-9 %), а таксама піламатэрыялы (5-7 %). Прыкметнае значэнне маюць эканамічныя інвестыцыі з боку Фінляндыі[4].

Транспарт

У Карэліі адзначаецца даволі шырокая сетка транспартнай інфраструктуры.

Праз усю тэрыторыю Карэліі праходзіць Кіраўская чыгунка, якая злучае рэспубліку з суседняй Мурманскай вобласцю і бліжэйшым Санкт-Пецярбургам, а таксама Масквой і Фінляндыяй. Чыгунка таксама праходзіць праз адміністрацыйны цэнтр рэспублікі горада Петразаводск.

Водныя камунікацыі аб'ядноўваюць тэрыторыю Карэліі з Баранцавым, Балтыйскім, Чорным і Каспійскім марамі дзякуючы сістэме рэк, азёраў і водных каналаў. Існуе сетка аўтамабільнай камунікацыі, з іншымі рэгіёнамі Расіі і Фінляндыяй існуе авіяцыйнае паведамленне.

Сімволіка

Вядомыя асобы

Гл. таксама

Нататкі

    Зноскі

    1. АКТМУ Праверана 13 сакавіка 2015.
    2. https://data.iana.org/time-zones/tzdb-2021e/europe
    3. Географія Эўропы (1924)/Заходняя Эўропа/Фінска-Скандынаўскі масыў — Вікікрыніцы . be.wikisource.org. Праверана 24 лістапада 2023.
    4. 1 2 3 4 Republic of Karelia // Russia: All Regions Trade & Investment Guide. — CTEC Publishing LLC, 2003.
    5. С. Кочкуркина. Прибалтийско-финские народы России. М., 2003.
    6. А. Б. Варенов. Карельские древности в Новгороде. Опыт топографирования // Новгород и Новгородская Земля. История и археология. — № 11/97.
    7. Кочкуркина С. И. Археологические памятники Корелы в V-XV вв. Л.: Наука, 1981. — 158 с.
    8. А. Белы. Нарымонт // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. Мн. : БелЭн, 1993. 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2.
    9. История Карелии с древнейших времен до наших дней / науч. ред. Н. А. Кораблев и др. — Петрозаводск: Периодика, 2001. — 944 с. — ISBN 5-88170-049-X.
    10. Никифоров Л. А. Внешняя политика России в последние годы Северной войны. Ништадский мир. М., 1959.
    11. Frost, Robert I. The Northern Wars. War, State and Society in Northeastern Europe 1558–1721. — Longman, 2000. — С. 296. — ISBN 951-99487-0-8.
    12. Дубровская Е. Ю. Судьбы приграничья в „Рассказах о Гражданской войне в Карелии“ / Составитель О. П. Илюха. — Межкультурные взаимодействия в полиэтничном пространстве пограничного региона: Сборник материалов международной научной конференции. — Петрозаводск: КарНЦ РАН, 2005. — С. 102-105.
    13. Похлёбкин В. В. Внешняя политика Руси, России и СССР за 1000 лет в именах, датах, фактах. — Вып. II. Войны и мирные договоры. Кн.3: Европа в 1-й половине XX в. Справочник. М., 1999. — С. 140.
    14. 3 // League of Nations Treaty Series. — С. 6-79.
    15. Niinistö, Jussi. Heimosotien historia. — SKS, 2005. — С. 239.
    16. Басова Н. А., Сорокина Т. В. Репрессии против заонежских священников в 1937 г. / ред. И.В.Мельников, Р.Б.Калашникова // Кижский вестник. — Петрозаводск: 2004. — № 9.
    17. Ronald Arthur Helin. Economic-geographic Reorientation in Western Finnish Karelia: A Result of the Finno-Soviet Boundary Demarcations of 1940 and 1944. — National Academy of Sciences, National Research Council, 1961. — С. 101.
    18. Rein Taagepera. The Finno-Ugric Republics and the Russian State. — C. Hurst & Co. Publishers, 1999. — С. 109. — ISBN 1850652937.
    19. 1 2 Архіўная копія (руск.)(недаступная спасылка). Дзяржаўны камітэт статыстыкі Расійскай Федэрацыі.. Архівавана з першакрыніцы 25 сакавіка 2016. Праверана 26 жніўня 2014.
    20. Гл. звесткі Архівавана 8 красавіка 2014. на партале Дзяржаўнага камітэта статыстыкі Расійскай Федэрацыі.
    21. Наталья Антонова.. Архіўная копія (руск.)(недаступная спасылка). Афіцыйны партал органаў дзяржаўнай улады Рэспублікі Карэлія.. Архівавана з першакрыніцы 3 студзеня 2015. Праверана 26 жніўня 2014.
    22. Республика Карелия (руск.). Арена. Атлас религий и национальностей России. Праверана 20 жніўня 2014.
    23. Архіўная копія (руск.)(недаступная спасылка). Федэральная служба дзяржаўнае статыстыкі Расійскай Федэрацыі. Архівавана з першакрыніцы 24 лютага 2021. Праверана 26 жніўня 2014.
    24. Горнопромышленный комплекс республики подвел итоги работы за полугодие (руск.). Афіцыйны партал органаў дзяржаўнай улады Рэспублікі Карэлія.. Праверана 20 жніўня 2014.

    Літаратура

    • Мулло И. М. Памятники истории и культуры Карелии. — Петрозаводск: Карелия, 1984. — 240 с.
    • Пашков А. М. Гербы и флаги Карелии. — Петрозаводск: Карэко, 1994. — 351 с.
    • Писцовые книги Новгородской земли / сост. Баранов К. В. М.: «Древнехранилище», «Археографический центр», 1999. — Т. 1.

    Спасылкі

    This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.