Рэлятывісцкая часціца — часціца, якая рухаецца з рэлятывісцкай скорасцю, то-бок скорасцю, параўнальнай са скорасцю святла. Рух такіх часціц, якія разглядаюцца як класічныя (няквантавыя) матэрыяльныя кропкі, апісваецца спецыяльнай тэорыяй адноснасці. Безмасавыя часціцы (фатоны, гравiтоны, глюоны і г. д.) заўсёды з’яўляюцца рэлятывісцкімi, бо могуць існаваць, толькі рухаючыся са скорасцю святла.
Масіўныя часціцы называюцца рэлятывісцкімi, калі іх кінетычная энергія супаставiмая або перавышае энергію mc², якая адпавядае іх масе спакою (гэта ўмова азначае, што іх скорасць набліжаецца да скорасці святла). Калі энергія часціцы значна больш яе энергіі спакою, такая часціца называецца ультрарэлятывiсцкай.
Масіўныя рэлятывісцкія часціцы ствараюцца ў паскаральніках часціц. У прыродзе яны існуюць у касмічным выпраменьванні. Электроны і пазітроны, якія нараджаюцца пры бэта-распадзе атамных ядраў, таксама часта з’яўляюцца рэлятывісцкімi (калі іх энергія блізкая да 511 кэВ — масы электрона — або перавышае гэтую велічыню). Нейтрына і антынейтрына, якія выпраменьваюцца пры бэта-распадзе, практычна заўсёды з’яўляюцца ультрарэлятывiсцкiмi, бо іх маса вельмі малая (менш за 1 эВ). У астрафізіцы рэлятывісцкія струмені рэчыва, якія складаюцца з рэлятывісцкіх часціц, генерыруюцца ў ядрах актыўных галактык і квазараў.
Перасячэнне мяжы двух асяроддзяў з рознай дыэлектрычнай пранікальнасцю зараджанай рэлятывісцкай часціцай суправаджаецца выпусканнем пераходнага выпраменьвання. Рух у асяроддзі рэлятывісцкай зараджанай часціцы са скорасцю, якая перавышае скорасць святла ў гэтым асяроддзі, суправаджаецца эмісіяй чаранкоўскага выпраменьвання. Абедзве з’явы выкарыстоўваюцца для дэтэктавання і вымярэння энергіі зараджаных часціц.
Квантавая механіка недастатковая для квантавага апісання руху рэлятывісцкіх часціц; самаўзгодненай тэорыяй рэлятывісцкіх квантавых сістэм з’яўляецца квантавая тэорыя поля.
Гл. таксама
- Спецыяльная тэорыя адноснасці
- Рэлятывісцкі струмень
Спасылкі
- Релятивистская частица // Физическая энциклопедия.
- Релятивистская скорость // Физическая энциклопедия.