Рыме́йк[1] (ад англ.: remake — «пераробка») — абноўленая версія мастацкага твора, які напаўняецца новым ідэйным зместам. Гэта не цытаванне і не пародыя на твор, а мастацкае выкарыстанне сюжэта, характараў у новых гістарычных і сацыяльных умовах з мэтай яго актуалізацыі.
Адной з мэт рымейка — выкарыстаць камерцыйна паспяховы сюжэт ў спалучэнні з новымі тэхнічнымі сродкамі для атрымання дадатковага прыбытку. Пасля завяршэння эры «вялікага нямога» з’явіліся гукавыя рымейкі нямых фільмаў. Мноства сюжэтаў (найперш экранізацый папулярных кніг) шматразова пераносіліся на экраны (напрыклад, «Папялушка» - 100 разоў пачынаючы з 1898 года; «Гамлет» - 74 разы; «Рабінзон Круза» - 44 разы, і інш.). У большасці выпадкаў рымейкі ў мастацкіх адносінах саступаюць арыгіналам, аднак бываюць і асобныя выключэнні. Часам здымаюцца такія рымейкі, якія паўтараюць практычна кожную сцэну арыгінала. У Галівудзе здымаецца шмат нізкамастацкіх рымейкаў старых амерыканскіх і еўрапейскіх (пераважна французскіх) карцін.[2]
Рымейк з’яўляецца сацыякультурным феноменам культуры постмадэрнізму, бо адлюстроўвае запатрабаванасць набытага вопыту ў сучаснай інфармацыйнай плыні і з’яўляецца прадуктам масавай культуры.[3]
Гл. таксама
Зноскі
- ↑ Слоўнік беларускай мовы / Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т мовы і літ. імя Я. Коласа і Я. Купалы; ўклад. Н. П. Еўсіевіч [і інш]; навук. рэд. А. А. Лукашанец, В. П. Русак. - Мінск : Беларус. навука, 2012. - 916 с. - ISBN 978-985-08-1365-7 : 53 334 р.
- ↑ Культуралогія: Энцыклапедычны даведнік / Уклад. Дубянецкі Э. — Мн.: БелЭн, 2003. — ISBN 985-11-0277-6
- ↑ А.М. Макарэвіч, В.I. Караткевіч. Беларуская дзіцячая літаратура ў тэрмінах і паняццях: дапаможнік. — Магілёў : МДУ імя А. А. Куляшова, 2014. — С. 98. — ISBN 978-985-480-973-1.