Рымар — у беларускім фальклоры чараўнік, ад якога мясціна Рымаўшчына атрымала сваю назву.

Змест легенды

Раней на Рымаўшчыне было возера, ля якога жыў чарадзей Рымар. Ён валодаў кузняй і млынам, мог чалавека ператварыць у ваўка ці ў камень. Калі яго дзеці — хлопчык і дзяўчынка — утапіліся ў возеры, Рымар вырашыў знішчыць гэтае возера і крыніцу, ад якой яно поўнілася. Найперш ён накрыў крыніцу зачараванай патэльняй, а потым сам ператварыўся ў валун, якім гэтую патэльню прыдавіў. Возера хутка перасохла.

Праз шмат гадоў у тыя мясціны прыйшоў іншы чараўнік і параіў людзям выцягнуць той валун, каб аднавіць крыніцу і возера. Але людзі адмовіліся, пашкадаваўшы свае хаты, якія былі б тады затопленыя. Кажуць, калі крыніца існавала, яна была як бы бяздоннай («крыніцай-акном»). Пад ёю былі глыбокія лёхі, якія вялі да віроў буйных рэк, да дзікіх азёр і гэтакіх жа бяздонных крыніц-акон. Калі казяно падыходзіла да крыніцы, адтуль высоўвалася лапа невядомай пачвары і хапала небараку.

Інтэрпрэтацыя

У мінулым рамеснікі (кавалі, млынары) наогул лічыліся людзьмі блізкімі да магіі і нячыстай сілы, бо само валоданне нейкім мастацтвам часткова прыроўнівалася да чарадзейства. Рамеснікаў паважалі, але асцерагаліся іх. Чарадзей Менеск, ад якога атрымаў сваю назву горад Мінск, таксама валодаў млынам. Валоданне кузняй і жалезнымі рэчамі (патэльня) набліжае Рымара да вобраза бога Пяруна. Верагодна, у гэтым паданні захаваліся рэшткі старажытнага міфа аб ворагаванні Пяруна з іншым бостам, якое ўвасабляла ніжэйшы сусвет, водную стыхію. Гл. Вялес.

Літаратура

  • Свяці, свяці, сонейка: Творы беларускага фальклору/ Укладальнік І. К. Цішчанка; Уступны артыкул А. Грачанікава; Рэд. – Мн.: Юнацтва, 1997.
This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.