Рыгор Васілевіч Шкраба | |
---|---|
Дата нараджэння | 17 сакавіка 1919 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 25 чэрвеня 1997 (78 гадоў) |
Род дзейнасці | літаратуразнавец, літаратурны крытык |
Месца працы | |
Альма-матар | |
Прэміі | |
Узнагароды |
|
Рыгор Васілевіч Шкраба (нар. 17 сакавіка 1919 г., вёска Краснадворцы, Салігорскі раён, Мінская вобласць — 25 чэрвеня 1997) — беларускі крытык, літаратуразнавец.
Біяграфія
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Пасля заканчэння Старобінскай дзесяцігодкі ў 1939 г. паступіў на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны эвакуіраваўся ў Свярдлоўск. Там паступіў на трэці курс педінстытута. Цяжкія матэрыяльныя ўмовы вымусілі кінуць вучобу. Працаваў выкладчыкам рускай мовы і літаратуры ў Слабода-Турынскай сярэдняй школе Свярдлоўскай вобласці. У 1944 г. аднавіў вучобу ва ўніверсітэце (скончыў у 1946). Заняткі спалучаў з працай — быў літаратурным кансультантам у рэдакцыі газеты «Звязда». З 1946 па 1957 гг. быў літсупрацоўнікам, выконваючым абавязкі адказнага сакратара, загадчыкам аддзела літаратуры ў газеце «Літаратура і мастацтва». З 1957 г. — у рэдакцыі часопіса «Полымя», працаваў літсупрацоўнікам аддзела крытыкі і літаратуразнаўства.
Творчасць
Першыя рэцэнзіі і артыкулы надрукаваў у 1940 г. (часопіс «Савецкая школа», рэспубліканскія газеты). З 1945 г. стала выступае з літаратуразнаўчымі і крытычнымі працамі. Выдаў кнігі літаратурна-крытычных артыкулаў «Сіла слова» (1958), «Характар, стыль, дэталь» (1965), «Літаратура і мова» (1969), «Энергія слова» (1988). Выходзілі выбраныя творы: «Скарбы» (1973) і «Моваю вобразаў» (1989). У суаўтарстве з І. Шкрабай выдаў тлумачальны слоўнік беларускіх прыказак і прымавак «Крынічнае слова» (1987).
Выступаў у друку па праблемах выкладання беларускай літаратуры ў школе. Напісаў падручнікі «Беларуская савецкая літаратура» для 10 класа (да 1990 г. — 14 выданняў) і «Беларуская савецкая літаратура» для 11 класа (да 1989 г. — 12 выданняў). На рэспубліканскім конкурсе ў 1972 г. за падручнік па беларускай літаратуры аўтару прысуджана першая прэмія. Суаўтар хрэстаматыі «Родная літаратура» для 5 класа (да 1990 г. — 8 выданняў).
Прызнанне
- Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1978).
- Лаўрэат Літаратурнай прэміі СП БССР імя Івана Мележа (1989) за кнігу «Энергія слова».
Зноскі
Літаратура
- Рыгор Васілевіч Шкраба // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1992—1995.