Рух за грамадзянскія правы афраамерыканцаў ЗША (англ.: Civil Rights Movement) — масавы грамадскі рух афраамерыканцаў і падтрымліваючых іх белых актывістаў супраць расавай дыскрымінаціі ў 1950-1960-х гадах.

Перадгісторыя

Пасля адмены рабства ў ЗША праз некалькі дзесяцігоддзяў пасля Грамадзянскай вайны (1861—1865 гг.) у паўднёвых штатах склалася сістэма расавай сегрэгацыі. Нягледзячы на тое, што яе апалагеты сцвярджалі, што сістэма, якая раздзяляла школы, бальніцы, рэстараны і месцы ў грамадскім транспарце на прызначаныя для чорных і белых, не з’яўляецца праяўленнем дыскрымінацыі цемнаскурага насельніцтва (separate, but equal facilities — асобныя, але роўныя выгоды), фактычна такой роўнасці нярэдка не было.

У 1954 года Вярхоўны суд ЗША падчас разбору справы «Браўн супраць Савета па адукацыі» пастанавіў, што сегрэгацыя школ ставіць таўро непаўнацэннасці на цемнаскурых дзяцей, і заклікаў улады паўднёвых штатаў правесці дэсегрэгацыю і інтэграцыю школ. Але ніякіх перамен на Поўдні ў адказ не адбылося.

Гісторыя руху (1955—1968)

Хадзьба ў імя свабоды

1 снежня 1955 года Роза Паркс, 42-гадовая чорная швачка аднаго з універмагаў г. Мантгомеры (Алабама), была затрымана і аштрафавана за адмову саступіць месца «для белых» беламу пасажыру ў аўтобусе. У адказ мясцовая абшчына афраамерыканцаў пачала байкот аўтобусных ліній горада («Хадзьба ў імя свабоды»), які хутка быў узначалены цемнаскурым святаром Марцінам Лютэрам Кінгам. Акцыя пратэсту цягнулася 381 дзень, і мясцовыя аўтобусныя кампаніі цярпелі страты. У адказ гарадскія ўлады пачалі штрафаваць таксістаў, якія падвозілі ўдзельнікаў Хадзьбы на работу, і арыштавалі больш за сто ўдзельнікаў байкоту, згодна з антыбайкотным законам 1921 года. Таксама белыя расісты выкарыстоўвалі тэрор супраць чорных актывістаў. У прыватнасці, у студзені 1956 года ў дом М. Л. Кінга кінулі бомбу.

У адказ на арышты кіраўнікі байкоту падалі іск у федэральны акружны суд[1]. Суд у снежні 1956 года прызнаў неканстытуцыйнасць сегрэгацыі грамадскага транспарту. Але пасля адмены сегрэгацыі ў аўтобусах Мантгомеры іх пачалі абстрэльваць белыя расісты, якія таксама нападалі на жыхароў негрыцянскіх кварталаў. Сярод пацярпелых была дзяўчына, якой нанеслі цяжкія цялесныя пашкоджанні, і цяжарная жанчына, якую паранілі ў нагу. Але ў гэты час праблема сегрэгацыі і дыскрымінацыі чорных грамадзян ЗША ўжо набыла міжнародную славу. Таксама шэраг белых святароў і бізнесменаў Алабамы асудзілі тэрор супраць афраамерыканцаў. У выніку хваля насілля сціхла на пэўны час.

Інтэграцыя школ і падзеі 1957 года

У 1957 годзе федэральны суд загадаў правесці інтэграцыю муніцыпальных школ г. Літл-Рок, штат Арканзас. Дзевяць цемнаскурых дзяцей былі залічаны ў Цэнтральную сярэднюю школу горада, але па загаду губернатара штата мясцовая паліцыя не пусціла іх на заняткі. Тады прэзідэнт ЗША Дуайт Дэйвід Эйзенхаўэр выдзеліў салдат 101 паветрана-дэсантнай дывізіі ў якасці аховы дзяцей. Нягледзячы на канвой, дзеці сутыкнуліся з натоўпам, які абражаў іх. «Дзявятка з Літл-Рока» пад аховай дэсантнікаў была толькі адной з шэрагу праяў рэакцыі на дэсегрэгацыю. Вось як аб гэтым было напісана ў артыкуле «Тыранія касты», надрукаваным рэлігійным часопісам «Вартавая вежа» 1 снежня 1957 года: «Новая школа за 500 тыс. дол. у Нэшвіле, Тэнесі, была поўнасцю знішчана выбухам, проста таму, што ў яе склад сярод 390 вучняў залічылі адно негрыцянскае дзіця. Каб не дазволіць дзевяці юным неграм наведваць сярэднюю школу ў Літл-Року, Арканзас, губернатар штата выслаў сотні апалчэнцаў, узброеных агнястрэльнай зброяй, дубцамі і процівагазамі, быццам каб не дапусціць хваляванняў, але яны занялі бок тых, хто парушаў закон, і пры гэтым таксама яшчэ і парушылі суверэнітэт федэральнай улады. У Лос-Анджэлесе, Каліфорнія, усе сорак тры члены пэўнай метадысцкай царквы пакінулі яе ў знак пратэсту, калі да іх прызначылі негрыцянскага пастара»[2].

Аналагічнае здарэнне адбылося ў Новым Арлеане ў лістападзе 1960 года, калі чатыры маленькія афраамерыканкі паступілі ў пачатковую школу Франца ў 9-м раёне. Барацьба за дэсегрэгацыю школ праявілася ў паходах на Вашынгтон 1958 і 1959 гг., у якіх удзельнічалі дзясяткі тысяч актывістаў.

Таксама ў 1957 годзе барацьбіты з сегрэгацыяй стварылі «Канферэнцыю паўднёвага хрысціянскага кіраўніцтва»(англ. The Southern Christian Leadership Conference), прэзідэнтам якой быў абраны М. Л. Кінг. У гэтым жа годзе Кангрэс ЗША прыняў «Закон аб грамадзянскіх правах», які пашырыў удзел афраамерыканцаў у выбарах.

Сядзячыя забастоўкі

1 лютага 1960 года чатыры студэнты-афраамерыканцы селі на месцы для белых у закусачнай г. Грынсбара (Паўночная Караліна). Іх прымусілі пакінуць завядзенне, але на наступны дзень пачалася хваля падобных акцый, у якіх удзельнічалі і чорныя, і белыя актывісты. Яны адмыслова займалі месцы «толькі для белых» у якасці сядзячай забастоўкі (sit-in) або стаялі ў недазволеным месцы (stand-in), або маліліся ў царкве ў знак пратэсту, не дазваляючы яе зачыніць на нач (pray-in). У красавіку 1960 года быў арганізаваны «Студэнцкі каардынацыйны камітэт негвалтоўных дзеянняў» (The Student Nonviolent Coordinating Committee). У выніку гэтых акцый на працягу 1960 года адбылася дэсегрэгацыя пунктаў грамадскага харчавання ў прыкладна 150 гарадах Поўдня ЗША.

4 мая 1961 года да сядзячых забастовак актывісты дадалі яшчэ адзін від акцыі — «рэйды свабоды» (freedom rides), якія цягнуліся ўсё лета 1961 года. Удзельнікі рэйдаў прыязджалі на міжгародніх аўтобусах у вялікай колькасці ў пэўныя гарады Поўдня і масава сядалі на месцы для белых у грамадскім транспарце і пунктах грамадскага харчавання. У адказ мясцовыя расісты білі ўдзельнікаў акцый, палілі іх аўтобусы, а паліцыя праводзіла масавыя арышты, але пры гэтым усё больш арганізацый мусілі адмаўляцца ад палітыкі сегрэгацыі.

Хваляванні ў Бірмінгеме

У г. Бірмінгем (штат Алабама) на працягу красавіка 1962 года праходзілі несанкцыянаваныя дэманстрацыі і сядзячыя забастоўкі супраць расавай сегрэгацыі і дыскрымінацыі. Кульмінацыяй пратэсту стала дэманстрацыя 3 мая, падчас якой дэманстранты закідалі паліцыю каменнем і бутэлькамі, а паліцыя спусціла на іх сабак, якія пакусалі дзяцей-удзельнікаў акцыі пратэсту. Паколькі справа атрымала шырокі рэзананс, прэзідэнт ЗША Дж. Кенэдзі накіраваў памочніка міністра юстыцыі Бэрка Маршалла як арбітра ў перамовах масцовай улады з удзельнікамі грамадзянскага руху.

10 мая быў знойдзены кампраміс: дэсегрэгацыя на працягу трох месяцаў, наём на работу і павышэнне па службе без расавай дыскрымінацыі на працягу двух месяцаў, стварэнне на працягу двух тыдняў органа міжрасавага супрацоўніцтва. Але ў ноч на 12 мая ў адказ на тэрарыстычныя акты супраць М. Л. Кінга і яго брата чорныя радыкалы ўсю ноч вялі пагромы і сутычкі з паліцыяй.

У 1963 годзе ў Бірмінгеме адбылася яшчэ адна трагедыя: выбух бомбы, закладзенай тэрарыстамі ў баптысцкай царкве для чорных, у выніку якога загінулі 4 дзяўчыны-афраамерыканкі.

Марш на Вашынгтон 1963 года

28 жніўня 1963 года адбыўся самы вядомы марш на Вашынгтон у гісторыі барацьбы за грамадзянскія правы ў ЗША. Колькасць удзельнікаў магла дасягаць 250 тыс. чал. Марцін Лютэр Кінг выступіў са сваёй самай вядомай прамовай[3].

Марш на Вашынгтон

Законы 1964—1965 гадоў

2 ліпеня 1964 года Прэзідэнт ЗША Ліндан Джонсан падпісаў Закон аб грамадзянскіх правах, якім была забаронена расавая дыскрымінацыя ў сферы паслуг і пры прыёме на работу[4]. У 1965 годзе быў прыняты новы Закон аб выбарчых правах, згодна з якім толькі функцыя прызначэння рэгістратараў, якія складалі спіс выбаршчыкаў, пераходзіла ад мясцовай улады ў выключную кампетэнцыю федэральнай[5].

Расавыя бунты 1967 года

На працягу ўсёй гісторыі ЗША час ад часу адбываліся расавыя бунты, ініцыятарамі якіх бывалі і белыя, і чорныя расісты. Так, падчас паўстання 1863 года ў Нью-Ёрку пагромшчыкі забілі некалькі дзясяткаў неграў і спалілі царкву для цемнаскурых. Яшчэ адна моцная хваля пагромаў адбылася падчас 1-й «Чырвонай пагрозы» ў розных гарадах ЗША. Расавыя бунты адбываліся і ў 1990-х (Лос Анджэлес, 1992), і нават ў 2005 годзе. Але самымі моцнымі былі бунты 1967 года.

У 1960-х гадах у адказ на тэрарыстычныя акты белых расістаў і свавольства паліцэйскіх і чыноўнікаў узніклі групы чорных расістаў і радыкалаў. У адрозненне ад памяркоўных актывістаў на чале з М. Л. Кінгам, якія выступалі за дэсегрэгацыю, мірныя сродкі барацьбы і роўнасць белых і чорных грамадзян, афраамерыканскія радыкалы выступалі супраць інтэграцыі з белымі і за выкарыстанне насілля. Найбольш вядомай групай была партыя «Чорныя пантэры» (існавала і група іх саюзнікаў з ліку белых — «Белыя пантэры»), якая арганізоўвала ўласныя патрулі для аховы негрыцянскіх кварталаў ад белых расістаў і для назірання за паліцэйскімі патрулямі. Але «Чорныя пантэры» пачыналі бойкі з белымі і па ўласнай інцыятыве, часам з выкарыстаннем зброі. Яшчэ адной радыкальнай арганізацыяй чорных расістаў была «Нацыя іслама».

Летам 1967 года ў 128 гарадах ЗША адбыліся 164 расавыя бунты, з якіх 8 былі класіфікаваны як буйныя[6]. Жыхары негрыцянскіх кварталаў ішлі граміць раёны, населеныя белымі, рабавалі магазіны і біліся з паліцыяй і Нацгвардыяй. Загінула не менш за 117 чалавек, тысячы былі паранены, а шкода ацэнена ў больш чым 1 млрд дол[7]. Найбольш крывавымі былі бойкі паміж чорнымі і белымі ў Ньюарку і Дэтройце (у апошнім горадзе 41 забіты, 2000 паранена і 5000 засталіся без жылля[7]; было зруйнавана 387 будынкаў і разрабавана 2700 магазінаў і прадпрыемстваў[8]).

Забойства Кінга і паход беднякоў

У красавіку 1968 года Кінг і памяркоўныя актывісты планавалі чарговы паход — паход беднякоў на Вашынгтон з мэтай звярнуць увагу ўрада на праблему беднасці. Але 4 красавіка 1968 года Кінг быў забіты ў г. Мемфіс, штат Тэнесі. У адказ на забойства Кінга прайшлі новыя стыхійныя чорныя бунты, але не настолькі інтэнсіўныя, як летам 1967 года. Тым не менш, летам 1968 года паход беднякоў на Вашынгтон адбыўся, і Кангрэс ЗША прыняў новыя ўступкі адносна продажу і найму жылых дамоў для бедных, а таксама пэўныя праграмы развіцця для беднай моладзі.

Асноўныя дасягненні

  • Адмена расавай сегрэгацыі ў сістэме гандлю, адукацыі, абслугоўвання на поўдні ЗША.
  • Паступовы адыход ад расавай дыскрымінацыі ў ЗША.
  • Прыняцце праграм развіцця для беднякоў, асабліва моладзі.
  • Пашырэнне ўдзелу чорнага насельніцтва Поўдня ў выбарах і палітычным жыцці.

Адлюстраванне ў літаратуры і мастацтве

У савецкай літаратуры і мастацтве шмат выкарыстоўвалі тэму белага расізму ў ЗША. Гэта тэма нават сустракаецца ў дзіцячым вершы «Чорны навічок» Агніі Барто[9].

У амерыканскім кінематографе найбольш вядомымі фільмамі, прысвечанымі праблеме барацьбы за грамадзянскія правы афраамерыканцаў, з’яўляюцца «Місісіпі ў агні» і «Малкольм Ікс».

Гл. таксама

  • Чорны расізм
  • Расавыя хваляванні ў ЗША
  • Партыя «Чорныя пантэры»
  • Малькольм Ікс
  • Хваляванні 1968 года

Зноскі

  1. У ЗША паралельна дзейнічае сістэма судоў асобных штатаў і федэральная сістэма судоў.
  2. The Tyranny of Caste // The Watchtower, December 1, 1957, vol. LXXVIII, No 23, p. 710.
  3. М. Л. Кінг. У мяне ёсць мара // Гісторыя ЗША ў дакументах: пераклады на беларускую. Мн., 2014. С. 35-37.
  4. Civil Rights Act of 1964 // finduslaw.com
  5. Пятнаццатая папраўка да Канстытуцыі ЗША (ратыфікаваная 3 лютага 1870 года) забараняла абмежаванне права ўдзельнічаць у выбарах на падставе колеру скуры, але афраамерыканцаў нярэдка абмяжоўвалі ў такіх правах на падставе цэнзу пісьменнасці.
  6. Preparing for Violence // Awake! May 8, 1968, Vol. XLIX, No 9, p. 16.
  7. 1 2 Flood of Lawlessness // Awake! January 8, 1968, Vol. XLIX, No 1, p. 6.
  8. Life, цыт. па: Flood of Lawlessness // Awake! January 8, 1968, Vol. XLIX, No 1, p. 6.
  9. Агния Барто. Чёрный новичок

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.