Браты міласэрнасці Святога Роха або ро́хіты ці рахі́ты (літ.: Rokitai; польск.: Rochici; лац.: Fratres Misericordiae sub titulo S. Rochi) — каталіцкая мужчынская кангрэгацыя ў Вялікім Княстве Літоўскім. Заснавана ў 1705 годзе францішканскім тэрцыярыем Янам Яраловічам у Вільні ў імя Святога Роха.
Кангрэгацыя стваралася на дыяцэзальным праве і магла дзейнічаць на абмежаванай тэрыторыі, то бок ад пачатку ў межах Віленскага біскупства.
Браты трымалі прымітыўныя шпіталі і прытулкі для хворых і інвалідаў у Вільні (1708—1799), Кестайцах (1738—1842), Ворнях (1743—1842), Коўне (1750—1824) і Менску (1752—1821)[1]. Невядома ці мелі браты медыцынскую адукацыю, яны наймалі фельчараў, урачоў і хірургаў, у тым ліку медсясцёр, каб даглядаць пацыентак[2]. Значная колькасць хворых у Вільні і Коўне мела венерычныя захворванні, іншыя каталіцкія шпіталі адмаўляліся лячыць такіх хворых[3]. Браты таксама давалі прытулак цяжарным жанчынам і іх кінутым дзецям[4]. Іншыя пацыенты звярталіся па дапамогу пры траўмах, сухотах, рэўматызме, артрытах і іншым[3]. У Кестайцах, Ворнях і Менску шпіталі на праўдзе былі прытулкамі, дзе людзі з фізічнымі і разумовымі хваробамі маглі жыць пажыццёва[1].
Кангрэгацыя ніколі не была шматлікай. У кожны момант у Вільні і Ворнях было каля 8 братоў, у іншых месцах — каля 5 братоў[5]. Скасавана ў 1842 годзе, падчас рэпрэсій за паўстанне 1830—1831 гадоў, калі ўлады Расійскай імперыі канфіскавалі землі рохітаў, крыніцу іх даходаў. Падобнымі кангрэгацыямі ў Вялікім Княстве Літоўскім былі браты шпітальеры Святога Яна Божага (баніфратры) і сёстры міласэрнасці (шарыткі)[6].
Гісторыя
У Вільні
Кангрэгацыю заснаваў Ян Яраловіч з Янішак, які прадаў сваю спадчыну і заснаваў каля віленскіх замкаў новы касцёл і шпіталь[7]. Праз фінансавыя цяжкасці будынкі былі невялікія і бедныя[8]. Новая таварыства неўзабаве сутыкнулася з вялікай эпідэміяй чумы 1710 года і праславілася самаадданасцю[7]. Браты збіралі памерлых і везлі іх у Сніпішкі для пахавання[9]. Усе браты загінулі падчас чумы[10]. Непасрэдным кіраўніком кангрэгацыі ў 1713 годзе стаў віленскі біскуп Канстанцін Казімір Бжастоўскі[11]. Ён перайменаваў і рэарганізаваў таварыства. Браты прынялі традыцыйныя зарокі цнатлівасці, беднасці і паслушэнства[5]. Бжастоўскі дадаў зарок клопату пра хворых. Браты павінны былі насіць габіт попельнага колеру, чорны плашч і капялюш. На левым рукаве абавязкова была выява чэрапа — memento mori[5]. Кангрэгацыя мела свой статут, пацверджаны біскупам у 1726 і 1743 гадах[12].
У 1715 годзе братам перадалі невялікі касцёл святога Стэфана і шпіталь Святога Лазара каля сучаснага вільнюскага чыгуначнага вакзала[11]. Царква і шпіталь былі ў благім стане і патрабавалі капітальнага рамонту[13]. Браты таксама заснавалі ў Вільні чатыры або пяць лазарэтаў[8]. Паводле інвентароў візітаў за 1788 і 1797 гадах, у Вільні рохіты мелі адпаведна 68 і 63 хворых[14]. У справаздачы 1786 года таксама адзначалася, што праз благія ўмовы кангрэгацыя не павінна прымаць у Вільні больш за 40 пацыентаў адначасова[14]. У справаздачы 1790 года наракалася, што замест дапамогі бедным у шпіталі ў Вільні будуць прымаць толькі тых, хто мае сувязі (напрыклад, слуг заможных месцічаў). Вядомы выпадкі, калі пацыентам даводзілася плаціць за лячэнне[15].
У 1797 годзе спецыяльная гарадская камісія вырашыла заснаваць у Вільні галоўны шпіталь. Было вызначана, што касцёл Святых Піліпа і Якуба найбольш прыдатнае месца для размяшчэння 200 бедных і 50 хворых[16]. Меншыя шпіталі будуць аб’яднаны ў гэты новы шпіталь, а потым ліквідаваны. Невядома, што было з братамі пасля закрыцця іх шпіталя ў Вільні[17].
Па-за Вільню пачаў распаўсюджвацца ў 1738 годзе.
У Кестайцах
У 1738 годзе ў Кестайцах Жамойцкага біскупства заснаваны касцёл, кляштар і шпіталь. Фундацыя была значная — 18 валок зямлі, лес, пашы, 2,5 возеры[18]. Фундацыю пацвердзіў кароль Аўгуст III Саксонскі[19]. Першы касцёл згарэў у 1808 годзе, але ў 1820 годзе яго адбудавалі. Шпіталь быў разлічаны на 24 чалавекі (12 мужчын і 12 жанчын)[19]. Напэўна, ён дзейнічаў не як шпіталь, а як прытулак для псіхічнахворых (у інвентарных кнігах не згадваюцца выдаткі на лекі і лекараў)[18]. Калі ў 1842 годзе ўлады Расійскай імперыі канфіскавалі землі гэтага таварыства, шпіталь быў ператвораны ў дом састарэлых святароў. Апошнія жыхары былі пераведзены ў кляштар бернадзінцаў у Крэтынзе ў 1866 годзе[20].
У Ворнях
Жамойцкі біскуп Антоні Дамінік Тышкевіч у 1743 годзе заснаваў таварыства ў Ворнях, тагачаснай сядзібе біскупства[18]. Браты занялі існы шпіталь каля сабора Святых Пятра і Паўла і перабудавалі яго да 1748 года[21]. Браты апекавалі не толькі хворых, але і састарэлых святароў-пенсіянераў[22]. У 1752 годзе кангрэгацыя ў Жамойцкім біскупстве стала падпарадкоўвацца жамойцкаму біскупу, а не віленскаму. Такім чынам, у пэўным сэнсе, з’явілася дзве галіны кангрэгацыі[23]. У 1782 годзе браты выехалі з цэнтра мястэчка, бо новы біскуп Ян Стэфан Гедройц не ўхваляў бадзяння псіхічнахворых каля катэдры[22]. У 1827 і 1828 гадах у шпіталі было адпаведна 68 і 56 пацыентаў. Большасць з іх мелі цяжкія фізічныя і разумовыя праблемы[24]. Кангрэгацыя спыніла дзейнасць у 1842 годзе пасля канфіскацыі расійскімі ўладамі яго землеўладання[25].
У Коўне
У 1750 годзе дэкан з Вендзягалы заснаваў у Коўне для рохітаў кляштар і шпіталь пры касцёле Святой Гертруды. Браты дапамагалі ў рамонце касцёла ў 1785—1795 гадах[26]. У 1797 годзе браты апекавалі 48 хворых (30 мужчын, 18 жанчын). З іх 14 павінны былі застацца ў шпіталі пажыццёва праз цяжкія фізічныя і разумовыя праблемы[27]. Пасля вайны 1812 года касцёл быў спустошаны, але захаваўся, але іншыя будынкі згарэлі цалкам[28]. Не маючы фінансавых сродкаў, таварыства не здолела аднавіцца. Інвентар 1823 года паказвае, што браты, іх пацыенты і падкідышы (агулам 70-90 чалавек) былі ўціснуты ў двухпакаёвы будынак. Такія благія ўмовы спрыялі эпідэміям[28]. Новыя браты не далучаліся да кангрэгацыі, а тры браты, якія засталіся, старэлі. У 1824 годзе гэтым шпіталь быў перададзены сёстрам міласэрнасці[25].
У Менску
У 1752 годзе ў Менску святаром заснавана для брацтва кляштар і касцёл Святой Веранікі. У 1763 годзе быў заснаваны лазарэт для жанчын[29]. Пасля ўтварэння ў 1798 годзе Мінскага біскупства таварыства ў Мінску перайшло ў падпарадкаванне мінскага біскупа[30]. Рэвізія 1820 года выявіла шпіталь у жаласным стане. Ён не лячыў мужчын, клапаціўся толькі пра бедных і інвалідаў жанчын[29]. Не хапала такіх асноўных рэчаў, як харчаванне і чысціня. Акрамя таго, з 1819 годзе брацтву была даручана апека над некалькімі дзясяткамі арыштаваных жанчын[29]. Інспектар прыйшоў да высновы, што шпіталь прыносіць больш шкоды, чым карысці[29]. У 1821 годзе шпіталь ліквідаваны, уся карысная маёмасць перададзена братам шпітальерам Святога Яна Божага[31].
Зноскі
- 1 2 Jakulis (2010), p. 95
- ↑ Jakulis (2010), p. 75
- 1 2 Jakulis (2010), p. 77
- ↑ Jakulis (2010), pp. 77-78
- 1 2 3 Jakulis (2010), p. 70
- ↑ Jakulis (2010), p. 59
- 1 2 Jakulis (2013)
- 1 2 Jakulis (2010), p. 72
- ↑ Jakulis (2010), pp. 73-74
- ↑ Jakulis (2010), p. 74
- 1 2 Jakulis (2010), p. 62
- ↑ Jakulis (2010), p. 64
- ↑ Jakulis (2010), p. 73
- 1 2 Jakulis (2010), p. 76
- ↑ Jakulis (2010), p. 78
- ↑ Jakulis (2010), p. 90
- ↑ Jakulis (2010), p. 91
- 1 2 3 Jakulis (2010), p. 86
- 1 2 Jakulis (2010), p. 85
- ↑ Jakulis (2010), p. 93
- ↑ Jakulis (2010), p. 87
- 1 2 Jakulis (2010), p. 88
- ↑ Jakulis (2010), p. 65
- ↑ Jakulis (2010), p. 89
- 1 2 Jakulis (2010), p. 92
- ↑ Jakulis (2010), p. 80
- ↑ Jakulis (2010), p. 82
- 1 2 Jakulis (2010), p. 80
- 1 2 3 4 Jakulis (2010), p. 83
- ↑ Jakulis (2010), p. 66
- ↑ Jakulis (2010), pp. 91-92
Літаратура
- Jakulis, Martynas (2010). "Rokitai: santvarka ir veikla XVIII–XIX a. I pusėje" (PDF). Lietuvių katalikų mokslo akademijos metraštis [літоўская]. XXXIII: 59–95. ISSN 1392-0502.
- Jakulis, Martynas. Gailestingieji šv. Roko broliai (літ.). Orbis Lituaniae. Vilnius University (2013). Праверана 17 красавіка 2015.
- Ярашэвіч А. Рахіты // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 511-512. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.