Розум і пачуцці | |
---|---|
англ.: Sense and Sensibility | |
Жанр | драматычны фільм, рамантычны фільм, кінакамедыя і экранізацыя рамана[d] |
Рэжысёр | |
Прадзюсар | |
Сцэнарыст | |
У галоўных ролях |
|
Аператар | |
Кампазітар | |
Кінакампанія | Columbia Pictures |
Працягласць | 136 хв. |
Краіна | |
Мова | англійская |
Год | 1995 і 7 сакавіка 1996[2] |
IMDb | ID 0114388 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
«Ро́зум і пачу́цці» (англ.: Sense and Sensibility) — гістарычны драматычны фільм 1995 года рэжысёра Энга Лі, заснаваны на аднайменным рамане Джэйн Осцін 1811 года. Адаптацыяй кнігі займалася Эма Томпсан, яна ж сыграла адну з галоўных роляў у фільме. Іншыя галоўныя ролі выканалі Алан Рыкман, Кейт Уінслет і Х’ю Грант[3].
У цэнтры сюжэта жыццё дзвюх сясцёр — рамантычнай, але разумнай Элінар і страснай, ранімай Марыяны. Іх радаснае, бесклапотнае жыццё азмрочваецца смерцю бацькі і стратай маёмасці. Застаўшыся беспасажніцамі, сёстры не могуць наладзіць асабістае жыццё, не ўчыніўшы шкоды сям’і. У пэўны момант кожнай з іх трэба зрабіць выбар: розум або пачуцці…
Прадзюсар Ліндсэй Доран, даўняя паклонніца рамана Осцін, доўгі час шукала сцэнарыста, які б зрабіў якасную адаптацыю кнігі. У выніку, яна спыніла свой выбар на Эме Томпсан. На працягу пяці год Томпсан пісала і ўносіла шматлікія выпраўленні ў сцэнарый адаптацыі, улучаючы час сярод працы над іншымі фільмамі. Сцэнарый Томпсан перабольшваў багацце сям’і Дэшвуд, каб зрабіць пазнейшыя сцэны іх беднасці больш відавочнымі для сучаснай публікі. Таксама былі зменены некаторыя рысы галоўных герояў, каб зрабіць іх больш прывабнымі для сучасных гледачоў. Розніца ў характарах Элінар і Марыяны была дадаткова падкрэслена праз дададзеныя ў адаптацыю вобразы і сцэны, якія адсутнічалі ў кнізе. Студыі выказвалі занепакоеннасць, што галоўным сцэнарыстам кінастужкі будзе дэбютантка. Тым не менш «Columbia Pictures» пагадзілася ўзяць на сябе дэстрыбуцыю фільма. Хаця першапачаткова меркавалася, што ролю Элінар выканае іншая актрыса, Томпсан пераканалі ўзяць гэтую ролю на сябе. Энг Лі быў выбраны рэжысёрам як за яго працу над фільмам 1993 года «Вясельны банкет», так і таму, што Доран лічыла, што ён дапаможа фільму прывабіць увагу больш шырокай аўдыторыі. Бюджэт выдзелены на вытворчасць фільма склаў 16 мільёнаў долараў.
Прэм’ера фільма адбылася 4 снежня 1995 года ў ЗША[4]. Фільм атрымаў практычна ўсеагульнае прызнанне крытыкаў і дасягнуў камерцыйнага поспеху, сабраўшы ў пракаце 135 мільёнаў долараў. Карціна ўдастоілася шматлікіх узнагарод, сярод якіх 3 прэміі «BAFTA», 2 «Залатыя глобусы» і 1 «Оскар»[5] .
Сюжэт
Містэр Дэшвуд (Том Уілкінсан) перад смерцю даручае свайму сыну ад першага шлюбу Джону (Джэймс Фліт) паклапаціцца пра яго другую жонку і трох дачок, бо ў адпаведнасці з англійскім законам аб спадчыне яны не атрымаюць нічога. Джон дае абяцанне бацьку, аднак яго хцівая жонка Фані (Гарыет Уолтэр) пераконвае мужа, што яго сёстрам не трэба дапамагаць фінансава. Застаўшыся без спадчыны місіс Дэшвуд (Джэма Джонс) і яе дочкі Элінар (Эма Томпсан), Марыяна (Кейт Уінслет) і Маргарэт (Мірыям Франсуа) трапляюць у цяжкае становішча: яны вымушаны тэрмінова шукаць новае жыллё, якое да таго ж будзе ім па сродках. Неўзабаве ў маёнтак прыбываюць новыя ўласнікі — Джон і Фані. Яны адразу пачынаюць паводзіць сябе па-гаспадарску, не праяўляючы ніякай далікатнасці ці спачування да становішча родзічаў. Фані запрашае свайго брата Эдварда Фэрарса (Х’ю Грант) пагасціць у маёнтку. Адразу па прыездзе Эдварда паміж ім і Элінар узнікае ўзаемная сімпатыя, і гэта выклікае ўсклапочанасць Фані. У прыватнай размове яна кажа місіс Дэшвуд, што Эдвард будзе пазбаўлены спадчыны, калі ажэніцца з кімсьці, хто не мае грошай. Місіс Дэшвуд разумее намёк і прымае рашэнне прыспешыць пераезд. У сваю чаргу, Фані піша ліст маці, і тая неадкладна адклікае Эдварда ў Лондан.
Сэр Джон Мідлтан (Роберт Хардзі), стрыечны брат місіс Дэшвуд, прапануе ёй невялікі маёнтак у Дэваншыры, куды жанчыны і накіроўваюцца, узяўшы толькі некалькі чалавек са сваёй ранейшай абслугі. Новымі суседзямі Дэшвудаў становяцца сам сэр Джон, місіс Джэнінгс і палкоўнік Брэндан (Алан Рыкман). Палкоўнік адразу прыходзіць у захапленне ад Марыяны, але тая не праяўляе да яго цікавасці — на яе меркаванне ён стары і нячулы. У прыватнай размове місіс Джэнінгс расказвае Элінар пра сумны лёс Брэндана: ён быў разлучаны са сваёй каханай з-за таго, што тая паходзіла з беднай сям’і.
Аднойчы Марыяна разам з Маргарэт адпраўляюцца на прагулку па навакольных лугах, пачынаецца дождж, Марыяна падае і падварочвае нагу. Маргарэт адпраўляецца за дапамогай, але раптам побач апынаецца Джон Уілабі (Грэг Уайз), ён падхоплівае дзяўчыну на рукі і прыносіць яе дамоў. Марыяна вокамгненна ўлюбляецца ў яго, і яны пачынаюць праводзіць разам шмат часу. Аднаго разу містэр Уілабі просіць Марыяну аб прыватнай размове, дзяўчына пагаджаецца, чакаючы, што Уілабі прызнаецца ёй у каханні і зробіць прапанову рукі і сэрца. Аднак, калі яны застаюцца сам-насам, ён паведамляе Марыяне, што павінен неадкладна пакінуць гэтыя мясціны. Марыяна горка пакутуе, не разумеючы, што прымусіла яе каханага так паспешна з’ехаць.
У доме місіс Джэнінгс Элінар знаёміцца з міс Люсі Сціл, якая давярае ёй свой сакрэт, што ўжо пяць гадоў заручана з Эдвардам Фэрарсам. Гэта вялікі ўдар для Элінар, але, у сілу свайго характару, яна вырашае скарыцца лёсу. Місіс Джэнінгс прапануе юным лэдзі пагасціць у яе лонданскім доме. Гэта шанец для абедзвюх сясцёр Дэшвуд і міс Сціл сустрэцца з каханымі.
На балі Элінар і міс Сціл прадстаўлены Роберту Фэрарсу, малодшаму брату Эдварда, а Марыяна сустракае Джона Уілабі. Знаходзячыся ў Лондане, Марыяна ўвесь час пісала яму лісты, адказу на якія не прыходзіла. Джон робіць выгляд, што ледзь з ёй знаёмы, і сыходзіць у іншы пакой, дзе яго чакае нявеста. Марыяна замыкаецца ў сабе. Неўзабаве сваякі Эдварда даведаюцца пра таемныя заручыны Эдварда Фэрарса з міс Сціл. У гневе маці Эдварда пазбаўляе яго спадчыны на карысць малодшага брата, Роберта.
У лонданскую хату місіс Джэнінгс прыязджае палкоўнік Брэндан, які працягвае кахаць Марыяну, хоць яна не звяртае на яго ніякай увагі і ўсё яшчэ не можа забыцца на Уілабі. Палкоўнік Брэндан паведамляе Элінар, што яго колішняя каханая нарадзіла дачку невядома ад каго. Ён даглядаў дзяўчынку да некаторых часоў. Нядаўна ён даведаўся, што яна нарадзіла дзіця ад аднаго чалавека. Ім аказаўся Джон Уілабі. Таксама палкоўнік кажа, што калі лэдзі Ален, цётка Уілабі, даведалася пра гэта, яна пазбавіла яго спадчыны. Гэта адбылося ў той самы дзень, калі ён збіраўся зрабіць прапанову Марыяне. Цяпер жа, выгадна ажаніўшыся з дачкой багатага чалавека з пасагам у пяцьдзясят тысяч фунтаў, Уілабі забяспечыў сабе нябеднае існаванне. Элінар пераказвае словы палкоўніка Марыяне. Тая ж працягвае апраўдваць Уілабі.
Палкоўнік Брэндан вырашае дапамагчы Эдварду, даўшы яму прыход у сваім маёнтку. Паколькі асабіста ён з Эдвардам не знаёмы, то просіць Элінар перадаць яму гэтую прапанову. Элінар сустракаецца з Эдвардам і пераказвае яму прапанову палкоўніка. Яна разумее, што Эдвард — чалавек слова, і, паколькі ён даў абяцанне ажаніцца з міс Сціл раней, чым сустрэў і пакахаў Элінар, то абавязаны выканаць паабяцанае. Элінар жадае Эдварду ўсяго добрага і зміраецца са сваім лёсам.
Сёстры адпраўляюцца дамоў. Па дарозе яны заязджаюць да Шарлоты Палмер, дачкі місіс Джэнінгс. Яшчэ ў Лондане Марыяна даведваецца, што маёнтак Палмераў у 5,5 мілях ад сядзібы Джона Уілабі. Марыяна адпраўляецца туды пешшу пад праліўным дажджом. Неўзабаве яе знаходзіць палкоўнік Брэндан і прыносіць у дом. Марыяна сур’ёзна захворвае. Ёй становіцца горш. Палкоўнік Брэндан праяўляе клопат і ўвагу да Марыяны, ён не можа бачыць, як яна трызніць, і моліць Элінар даць яму магчымасць хоць неяк дапамагчы хворай. Элінар пасылае яго за маці, па якой Марыяна вельмі засумавала і прысутнасць якой напэўна ўмацавала б яе дух. Да прыезду маці Марыяне становіцца лепш, і яна здаравее.
Праходзіць час, і Марыяна пачынае звяртаць увагу на палкоўніка Брэндана. Яна пачынае цаніць глыбіню яго пачуццяў да яе, яна з удзячнасцю прымае яго знакі ўвагі і клопаты аб ёй. Аднойчы да іх прыязджае Эдвард Фэрарс. Элінар імкнецца схаваць свае пачуцці, яна віншуе яго з вяселлем і жадае яму шчасця. Эдвард у здзіўленні. Ён тлумачыць, што міс Сціл, даведаўшыся, што яго пазбавілі спадчыны, разарвала заручыны з ім і дамаглася прыхільнасці яго брата, у руках якога аказалася ўся спадчына. Даведаўшыся, што Эдвард не жанаты, Элінар больш не здольна стрымліваць пачуцці, якія так доўга хавала ў сабе — яна пачынае рыдаць. Сёстры і маці хутка пакідаць пакой, і Эдвард, разумеючы, што Элінар таксама неабыякавая да яго, прызнаецца ёй у каханні.
У фінальнай сцэне адбываецца вяселле Марыяны і палкоўніка Брэндана, на якім прысутнічаюць ужо жанатыя Элінар і Эдвард, а таксама ўсе блізкія сябры і сваякі жаніха і нявесты. З аддаленага ўзгорку за вяселлем назірае містэр Уілабі. На яго твары выраз шкадавання.
Акцёрскі склад
Эма Томпсан | – Элінар Дэшвуд |
Кейт Уінслет | – Марыяна Дэшвуд |
Алан Рыкман | – Палкоўнік Брэндан |
Імаджэн Стабс | – Люсі Сціл |
Х’ю Грант | – Эдвард Фэрарс |
Грэг Уайз | – Джон Уілабі |
Джэма Джонс | – Місіс Дэшвуд |
Гарыет Уолтэр | – Фані Дэшвуд |
Джэймс Фліт | – Джон Дэшвуд |
Х’ю Лоры | – Містэр Палмер |
Імельда Стонтан | – Шарлота Палмер |
Роберт Хардзі | – Сэр Джон Мідлтан |
Элізабет Спрыгс | – Місіс Джэнінгс |
Том Уілкінсан | – Містэр Дэшвуд |
Мірыям Франсуа | – Маргарэт Дэшвуд |
Рычард Ламсдэн | – Роберт Фэрарс |
Вытворчасць
Задума і адаптацыя
У 1989 годзе прадзюсар і рэжысёр Сідні Полак прызначыў на пост прэзідэнта сваёй кампаніі «Mirage Enterprises» Ліндсэй Доран. Першай справай на новай пасадзе Доран зладзіла карпаратыўны адпачынак, дзе правяла мазгавы штурм на тэму праектаў, якія ім хацелася б рэалізаваць. Сама Доран прапанавала калегам адаптаваць для вялікіх экранаў раман Джэйн Осцін «Розум і пачуцці»[6]. Яна з’яўлялася даўняў паклонніцай гэтай кнігі і ў юнацтве паклялася адаптаваць яе, калі аднойчы ўвойдзе ў свет кінаіндустрыі. Сярод твораў Осцін прадзюсарка аддавала перавагу менавіта гэтаму раману з-за яго кінематаграфічнасці: «Усе кнігі [Осцін] забаўныя і эмацыйныя, але „Розум і пачуцці“ — найлепшая гісторыя для кіно, бо яна поўная паваротаў і перапетыяў. Як толькі вы думаеце, што ведаеце, што адбываецца, ўсё аказваецца зусім па-іншаму. Тут ёсць сапраўдны саспенс, і тым не менш гэта не трылер. Захапляльна»[6].
Эма Томпсан на працягу пяці гадоў пісала і перапісвала сцэнарый адаптацыі, улучаючы час сярод працы над іншымі фільмамі. Лічачы, што мова рамана «нашмат больш мудрагелістая, чым у пазнейшых кнігах [Осцін]», Томпсан імкнулася спрасціць дыялогі, захаваўшы «элегантнасць і дасціпнасць арыгіналу».
Падбор акцёраў
Першапачаткова Томпсан спадзявалася, што на ролі Элінар і Марыяны Дэшвуд будуць разгледжаны сёстры Наташа і Джоэлі Рычардсан. Аднак Лі і «Columbia Pictures» хацелі бачыць у ролі Элінар саму Томпсан, якая стала віднай кіназоркай пасля высока ацэненай крытыкамі ролі ў фільме «Говардс Энд». Актрыса адмаўлялася, кажучы, што ў свае 35 яна занадта дарослая, каб сыграць дзевятнаццацігадовую дзяўчыну. Тады Лі прапанаваў змяніць узрост гераіні і зрабіць яе 27-гадовай, што таксама аблегчыла б сучаснай публіцы разуменне складанай ролі старой дзевы.
Фармальны працэс кастынгу пачаўся ў лютым 1995 года, хаця некаторыя акцёры сустракаліся з Томпсан годам раней, каб дапамагчы ёй у распрацоўцы сцэнарыя. Такім чынам Лі зацвердзіў Х’ю Гранта на ролю Эдварда Фэрарса, Роберта Хардзі на ролю сэра Джона Мідлтана, Гарыет Уолтэр на ролю Фані Дэшвуд, Імельду Стонтан на ролю Шарлоты Палмер і Х’ю Лоры на ролю містэра Палмера. Аманда Рут таксама працавала з Томпсан над сцэнарыем, але на момант кастынгу ўжо прыняла прапанову сыграць галоўную ролю ў іншай адаптацыі Осцін — тэлефільме «Перакананне». Каментуючы выбар Х’ю Лоры на ролю містэра Палмера, Томпсан адзначыла: «Няма нікога [іншага] на планеце, хто мог бы так ідэальна перадаць расчараванне і адкупленне містэра Палмера і зрабіць гэта пацешна».
Томпсан пісала ролю Эдварда Фэрарса, маючы ў розуме акцёра Х’ю Гранта. На той момант Грант ужо быў высокааплочваемым акцёрам, але ён пагадзіўся на ніжэйшы заробак у адпаведнасці з бюджэтам фільма. Акцёра прывабіў напісаны Томпсан сцэнарый, які ён назваў «геніяльным», патлумачыўшы: «Я заўсёды па-мяшчанску ставіўся да самой Джэйн Осцін, і я думаю, што сцэнарый Эмы нашмат лепшы, чым кніга, і куды больш пацешны». Кастынг Гранта быў падвергнуты крытыцы з боку Паўночнаамерыканскага таварыства Джэйн Осцін (англ.: Jane Austen Society of North America; JASNA), прадстаўнікі якога заявілі, што ён занадта сімпатычны для гэтай ролі.
Актрыса Кейт Уінслет першапачаткова мела намер прайсці праслухоўванне на ролю Марыяны, але Лі не спадабалася яе праца ў драматычным фільме 1994 года «Нябесныя істоты». Тады актрыса пайшла на праслухоўванне на меншую ролю Люсі Сціл. Уінслет прыкінулася, быццам чула, што праслухоўванне ідзе ўсё яшчэ на ролю Марыяны, і на аснове аднаго чытання атрымала ролю. Пазней Томпсан адзначала, што Уінслет, якой было ўсяго дзевятнаццаць гадоў, падышла да ролі з «энергічнасцю і адкрытасцю, рэалістычнасцю, розумам і неверагоднай весялосцю». Роля Марыяны Дэшвуд дапамагла Кейт Уінслет атрымаць вядомасць.
Здымкі
«Розум і пачуцці» стаў першым мастацкім фільмам Энга Лі за межамі Азіі. Бюджэт фільма склаў 16 мільёнаў долараў, што зрабіла карціну самай дарагой у кар’еры рэжысёра на той момант, а таксама самай дарагой экранізацыяй Осцін свайго часу. «Columbia Pictures» выдзеліла параўнальна высокі бюджэт пасля поспеху іншага свайго фільма — «Маленькія жанчыны» (1994) — у надзеі на тое, што экранізацыя Осцін стане яшчэ адным хітом і прынясе высокія касавыя зборы. Тым не менш нават такі бюджэт наклаў свае абмежаванні на карціну, і многія ідэі, прыдуманыя Томпсан і Лі, такія як драматычная сцэна ў пачатку фільма, якая выяўляе крывавае падзенне містэра Дэшвуда з каня, былі палічаны непрымальнымі з пункту гледжання выдаткаў.
Паводле слоў Томпсан, Лі «прыбыў на здымачную пляцоўку, маючы ў галаве ўвесь фільм». Замест таго, каб канцэнтравацца на гістарычных дэталях, ён хацеў, каб фільм засяродзіўся на апавяданні добрай гісторыі. Рэжысёр паказаў акцёрам падборку фільмаў, адаптаваных з класічных раманаў, у тым ліку «Бары Ліндан» і «Эпоха нявіннасці», якія, на яго думку, былі «вялікімі фільмамі; усе пакланяюцца творам мастацтва, але гэта не тое, што мы хочам рабіць». Лі раскрытыкаваў апошні фільм за адсутнасць энергіі, у адрозненні ад «страснай казкі» «Розум і пачуцці».
Музычнае суправаджэнне
Музычнае суправаджэнне да фільма «Розум і пачуцці» напісаў шатландскі кампазітар Патрык Дойл, які раней працаваў са сваёй сяброўкай Эмай Томпсан у фільмах «Генрых V», «Шмат шуму з нічога» і «Памерці нанова»[7]. Рэжысёр прапанаваў Дойлу выбраць існуючую музыку або скласці новыя «пяшчотныя» мелодыі. Кампазітар адзначаў, што пішучы музыку да «Розуму і пачуццяў», яму даводзілася быць больш стрыманым, каб музыка адпавядала падзеям на экране: «У вас ёсць гэты матыў англійскага сярэдняга класу, і разам з музыкай у вас ёсць рэдкія ўспышкі эмоцый»[7].
Выхад і прызнанне
Пракат
Прэм’ера фільма адбылася 4 снежня 1995 года ў Каліфорніі[4]. Ніжэй прыведзены спіс прэм’ер фільма паводле краін у храналагічным парадку[4]:
- 04.12.1995: ЗША (Беверлі-Хілз, Каліфорнія)
- 13.12.1995: ЗША (Лос-Анджэлес, Каліфорнія)
- 13.12.1995: Канада
- 26.01.1996: ЗША
- 22.02.1996: Іспанія
- 23.02.1996: Вялікабрытанія
- 23.02.1996: Італія
- 23.02.1996: Нарвегія
- 28.02.1996: Бельгія
- 28.02.1996: Францыя
- 29.02.1996: Аўстралія
- 01.03.1996: Бразілія
- 01.03.1996: Данія
- 01.03.1996: Польшча
- 01.03.1996: Фінляндыя
- 01.03.1996: Швецыя
- 07.03.1996: Аргенціна
- 07.03.1996: Германія
- 08.03.1996: Ірландыя
- 08.03.1996: Партугалія
- 15.03.1996: Грэцыя
- 16.03.1996: Рэспубліка Карэя
- 21.03.1996: Ганконг
- 22.03.1996: Уругвай
- 11.04.1996: Венгрыя
- 12.04.1996: Турцыя
- 12.04.1996: Эстонія
- 09.05.1996: Нідэрланды
- 10.05.1996: Літва
- 17.05.1996: Індыя
- 01.06.1996: Японія
- 12.06.1996: Сербія (Бялград)
- 24.08.1999: Мексіка (прэм’ера на DVD)
- 24.08.1999: Сінгапур (прэм’ера на DVD)
- 05.08.2012: ААЭ (прэм’ера на TV)
- 12.12.2013: Філіпіны (прэм’ера на DVD)
Крытыка
Агрэгатар крытычных аглядаў «Metacritic» дае фільму ўсярэдненую ацэнку ў 84 балы са 100 на аснове 21 рэцэнзіі прафесійных крытыкаў. Карыстальніцкі рэйтынг на гэтым рэсурсе складае 8.3/10[8]. Паводле іншага папулярнага агрэгатара крытычных аглядаў «Rotten Tomatoes» сярод 64 рэцэнзентаў 62 далі станоўчую ацэнку фільму, што складае 97 %. Глядацкі рэйтынг кінастужкі склаў 90 % на аснове больш чым 100 тысяч галасоў[9]. Абагуленае меркаванне крытыкаў сфармулявана наступным чынам:
«Розум і пачуцці» — гэта незвычайна спрытная і вельмі пацешная адаптацыя Джэйн Осцін, адметная тонкай ігрой Эмы Томпсан[9]. |
Узнагароды і намінацыі
Паводле сайта «Internet Movie Database» фільм быў адзначаны 33 кінаўзнагародамі і яшчэ 49 намінацыямі[5].
Кінастужка была ўганаравана шэрагам значных кінапрэмій:
- «20/20» (Найлепшая актрыса другога плана)
- «BAFTA» (Найлепшы фільм, Найлепшая актрыса, Найлепшая актрыса другога плана)[10]
- «Выбар крытыкаў» (Найлепшы фільм, Найлепшы сцэнарый)
- «Залаты глобус» (Найлепшы кінафільм — Драма, Найлепшы сцэнарый)[11]
- «Оскар» (Найлепшы адаптаваны сцэнарый)[12]
Фільм адзначылі сваімі штогадовымі ўзнагародамі некаторыя кінематаграфічныя арганізацыі:
- Нацыянальны савет кінакрытыкаў ЗША (Найлепшы фільм, Топ 10 фільмаў, Найлепшы рэжысёр, Найлепшая актрыса)[13]
- Кола кінакрытыкаў Нью-Ёрка (Найлепшы рэжысёр, Найлепшы сцэнарый)[14][15]
- Асацыяцыя кінакрытыкаў Лос-Анджэлеса (Найлепшы сцэнарый)[16][17]
- Таварыства кінакрытыкаў Бостана (Найлепшы фільм, Найлепшы рэжысёр, Найлепшы сцэнарый)[18]
- Таварыства кінакрытыкаў Тэхаса (Найлепшая актрыса, Найлепшы адаптаваны сцэнарый)
- Супольнасць ланцуга прэмій (Найлепшая актрыса другога плана, Найлепшы адаптаваны сцэнарый)[19]
- Гільдыя кінаакцёраў ЗША (Выдатная ігра актрысы другога плана)[20][21]
Найбольшай колькасцю ўзнагарод і намінацый адзначыліся:
- Сцэнарыстка і актрыса Эма Томпсан: 16 узнагарод, 14 намінацый.
- Рэжысёр Энг Лі: 7 узнагарод, 5 намінацый.
- Актрыса Кейт Уінслет: 5 узнагарод, 4 намінацыі.
Крыніцы
- ↑ Česko-Slovenská filmová databáze — 2001.
- ↑ Internet Movie Database — 1990. Праверана 14 красавіка 2017.
- ↑ Sense and Sensibility (1995) — IMDb (англ.). Сайт «Internet Movie Database». Праверана 17 лютага 2022.
- 1 2 3 Sense and Sensibility — Release Info (англ.). Сайт «Internet Movie Database». Праверана 17 лютага 2022.
- 1 2 Sense and Sensibility — Awards (англ.). Сайт «Internet Movie Database». Праверана 17 лютага 2022.
- 1 2 Nancy Mills. Book Sense (англ.). Сайт газеты «Chicago Tribune» (17 сакавіка 1996). Праверана 17 лютага 2022.
- 1 2 Brad Webber. Composer's classical music makes 'Sense' in movies (англ.). Сайт газеты «Chicago Tribune» (1 сакавіка 1996). Архівавана з першакрыніцы 9 жніўня 2020. Праверана 17 лютага 2022.
- ↑ Sense and Sensibility (англ.). Сайт «Metacritic». Праверана 17 лютага 2022.
- 1 2 Sense and Sensibility (англ.). Сайт «Rotten Tomatoes». Праверана 17 лютага 2022.
- ↑ Film in 1996 (англ.). Сайт прэміі «BAFTA». Праверана 17 лютага 2022.
- ↑ Winners & Nominees 1996 (англ.)(недаступная спасылка). Сайт прэміі «Залаты глобус». Архівавана з першакрыніцы 1 ліпеня 2017. Праверана 17 лютага 2022.
- ↑ The 68th Academy Awards — 1996 (англ.). Сайт прэміі «Оскар». Праверана 17 лютага 2022.
- ↑ 1995 Award Winners (англ.). Сайт Нацыянальнага савета кінакрытыкаў ЗША. Праверана 17 лютага 2022.
- ↑ Jami Bernard. 'Vegas' hits the N.Y. jackpot; Nicolas Cage, Jennifer Jason Leigh and even 'Babe' the pig are the best of '95, say film critics (англ.)(недаступная спасылка). Сайт газеты «New York Daily News» (15 снежня 1995). Архівавана з першакрыніцы 6 студзеня 2022. Праверана 17 лютага 2022.
- ↑ Janet Maslin. Leaving Las Vegas' Is Voted Best Film by Critics Circle (англ.). Сайт газеты «The New York Times» (15 снежня 1995). Праверана 17 лютага 2022.
- ↑ 21st Annual Los Angeles Film Critics Association Awards (англ.). Сайт Асацыяцыі кінакрытыкаў Лос-Анджэлеса. Праверана 17 лютага 2022.
- ↑ Susan King. ‘Las Vegas’ Glitters for L.A. Film Critics : Movies: Group gives downbeat drama four awards, including best picture and best actor and actress. (англ.). Сайт газеты «Los Angeles Times» (17 снежня 1995). Праверана 17 лютага 2022.
- ↑ BSFC Winners 1990s (англ.). Сайт Таварыства кінакрытыкаў Бостана. Праверана 17 лютага 2022.
- ↑ ACCA 1995 (англ.). Сайт Супольнасці ланцуга прэмій. Архівавана з першакрыніцы 28 чэрвеня 2017.
- ↑ The 2nd Annual Screen Actors Guild Awards (англ.). Сайт Прэміі Гільдыі кінаакцёраў ЗША. Праверана 17 лютага 2022.
- ↑ Scott Collins. Cage, Sarandon Capture Top Screen Actor Awards (англ.). Сайт газеты «Los Angeles Times» (26 лютага 1996). Праверана 17 лютага 2022.
Бібліяграфія
- Brownstein, Rachel M (2001). "Out of the Drawing Room, Into the Lawn". In Troost, Linda; Greenfield, Sayre N (рэд-ры). Jane Austen in Hollywood. University Press of Kentucky. pp. 13–21. ISBN 978-0-8131-9006-8. Архівавана з арыгінала 26 July 2014. Праверана 5 October 2020.
- Dobie, Madeleine (2003). "Gender and the Heritage Film: Popular Feminism Turns to History". In Suzanne Rodin Pucci; James Thompson (рэд-ры). Jane Austen and Co: Remaking the Past in Contemporary Culture. State University of New York Press. pp. 247–260. ISBN 0-7914-5616-1. Архівавана з арыгінала 27 July 2014. Праверана 5 October 2020.
- Dole, Carole M (2001). "Austen, Class, and the American Market". In Troost, Linda; Greenfield, Sayre N (рэд-ры). Jane Austen in Hollywood. University Press of Kentucky. pp. 58–78. ISBN 978-0-8131-9006-8. Архівавана з арыгінала 26 July 2014. Праверана 5 October 2020.
- Doran, Lindsay (1995). "Introduction". In Doran, Lindsay; Thompson, Emma (рэд-ры). Sense and Sensibility: The Screenplay and Diaries. Bloomsbury. pp. 7–40. ISBN 1-55704-782-0.
- Flavin, Louise (2004). Jane Austen in the Classroom: Viewing the Novel/reading the Film. Peter Lang Publishing. ISBN 0-8204-6811-8. Архівавана з арыгінала 19 October 2021. Праверана 5 October 2020.
- Gay, Penny (2003). "Sense and Sensibility in a Post-Feminist world: Sisterhood is Still Powerful". In MacDonald, Gina; MacDonald, Andrew (рэд-ры). Jane Austen on Screen. Cambridge University Press. pp. 90–110. ISBN 0-521-79325-4. Архівавана з арыгінала 23 July 2014. Праверана 5 October 2020.
- Greenfield, Sayre N.; Troost, Linda V. (2001). "Watching Ourselves Watching". In Troost, Linda; Greenfield, Sayre N (рэд-ры). Jane Austen in Hollywood. University Press of Kentucky. pp. 1–12. ISBN 978-0-8131-9006-8. Архівавана з арыгінала 26 July 2014. Праверана 5 October 2020.
- Higson, Andrew (2004). "English Heritage, English Literature, English Cinema: Selling Jane Austen to Movie Audiences in the 1990s". In Voigts-Virchow, Eckart (рэд.). Janespotting and Beyond: British Heritage Retrovisions Since the Mid-1990s. Gunter Narr Verlag Tubingen. pp. 35–50. ISBN 3-8233-6096-5. Архівавана з арыгінала 19 October 2021. Праверана 5 October 2020.
- Higson, Andrew (2011). Film England: Culturally English Filmmaking Since the 1990s. I.B. Tauris. ISBN 978-1-84885-454-3.
- Jones, Wendy S. (2005). Consensual Fictions: Women, Liberalism, And The English Novel. University of Toronto Press. ISBN 0-8020-8717-5.
- Kohler-Ryan, Renee; Palmer, Sydney (2013). "What Do You Know of My Heart?: The Role of Sense and Sensibility in Ang Lee's Sense and Sensibility and Crouching Tiger Hidden Dragon". In Arp, Robert; Barkman, Adam; McRae, James (рэд-ры). The Philosophy of Ang Lee. University Press of Kentucky. pp. 41–63. ISBN 978-0-8131-4166-4. Архівавана з арыгінала 19 October 2021. Праверана 5 October 2020.
- Looser, Devoney (1996). "Jane Austen 'Responds' to the Men's Movement". Persuasions On-Line. 18: 150–170. Архівавана з арыгінала 13 September 2013. Праверана 20 August 2012.
- McCreadie, Marsha (2006). Women Screenwriters Today: Their Lives and Words. Praeger Publishers. ISBN 0-275-98542-3.
- McRae, James (2013). "Conquering the Self: Daoism, Confucianism, and the Price of Freedom in Crouching Tiger, Hidden Dragon". In Arp, Robert; Barkman, Adam; McRae, James (рэд-ры). The Philosophy of Ang Lee. University Press of Kentucky. pp. 19–40. ISBN 978-0-8131-4166-4. Архівавана з арыгінала 1 July 2019. Праверана 5 October 2020.
- Mills, Clifford W. (2009). Ang Lee. Chelsea House Publishers. ISBN 978-1-60413-566-4. Архівавана з арыгінала 19 October 2021. Праверана 5 October 2020.
- Nadoolman Landis, Deborah (2012). Filmcraft: Costume Design: Costume Design. Focal Press. ISBN 978-0-240-81867-2.
- Nixon, Cheryl L (2001). "Balancing the Courtship Hero: Masculine Emotional Display in Film Adaptations of Austen's Novels". In Troost, Linda; Greenfield, Sayre N (рэд-ры). Jane Austen in Hollywood. University Press of Kentucky. pp. 22–43. ISBN 978-0-8131-9006-8. Архівавана з арыгінала 26 July 2014. Праверана 5 October 2020.
- Parrill, Sue (2002). Jane Austen on Film and Television: A Critical Study of the Adaptations. McFarland. ISBN 0-7864-1349-2. Архівавана з арыгінала 26 July 2014. Праверана 5 October 2020.
- Pidduck, Julianne (2000). "Of Windows and Country Walks: Frames of Space and Movement in 1990s Austen Adaptations". In You-Me Park; Rajeswari Sunder Rajan (рэд-ры). The Postcolonial Jane Austen. Routledge. pp. 123–146. ISBN 0-415-23290-2. Архівавана з арыгінала 26 July 2014. Праверана 5 October 2020.
- Scholz, Anne-Marie (2013). From Fidelity to History: Film Adaptations as Cultural Events in the Twentieth Century. Berghahn Books. ISBN 978-0-85745-731-8. Архівавана з арыгінала 25 July 2014. Праверана 15 July 2016.
- Shih, Shu-mei (2007). Visuality and Identity: Sinophone Articulations Across the Pacific. University of California Press. ISBN 978-0-520-22451-3. Архівавана з арыгінала 19 October 2021. Праверана 5 October 2020.
- Simon, John Ivan (2005). John Simon On Film: Criticism, 1982–2001. Applause Books. ISBN 978-1-55783-507-9.
- Stempel, Tom (2000). Framework: A History of Screenwriting in the American Film. Syracuse University Press. ISBN 0-8156-0654-0. Архівавана з арыгінала 19 October 2021. Праверана 5 October 2020.
- Stovel, Nora (2011). "From Page to Screen: Emma Thompson's Film Adaptation of Sense and Sensibility". Persuasions On-Line. 32 (1). Архівавана з арыгінала 13 September 2013. Праверана 30 August 2012.
- Thompson, Emma (1995). "The Diaries". In Doran, Lindsay; Thompson, Emma (рэд-ры). Sense and Sensibility: The Screenplay and Diaries. Bloomsbury. pp. 206–287. ISBN 1-55704-782-0.
- Thompson, Emma; Lindsay Doran (1995). Audio commentary for Sense and Sensibility (DVD). Special Features: Columbia Pictures.
- Thompson, James (2003). "How to Do Things with Austen". In Suzanne Rodin Pucci; James Thompson (рэд-ры). Jane Austen and Co: Remaking the Past in Contemporary Culture. State University of New York Press. pp. 13–33. ISBN 0-7914-5616-1. Архівавана з арыгінала 27 July 2014. Праверана 5 October 2020.
- Troost, Linda V (2007). "The Nineteenth-century Novel on Film: Jane Austen". In Cartmell, Deborah; Whelehan, Imelda (рэд-ры). The Cambridge Companion to Literature on Screen. Cambridge University Press. pp. 75–89. ISBN 978-0-521-61486-3.
- Voigts-Virchow, Eckart (2004). ""Corset Wars": An Introduction to Syncretic Heritage Film Culture Since the Mid-1990s". In Voigts-Virchow, Eckart (рэд.). Janespotting and Beyond: British Heritage Retrovisions Since the Mid-1990s. Gunter Narr Verlag Tubingen. pp. 9–34. ISBN 3-8233-6096-5. Архівавана з арыгінала 19 October 2021. Праверана 5 October 2020.