Расстрэлы ў Сане | |
---|---|
Частка Еменскі крызіс | |
Месца нападу |
гасцініца «Амстэрдам» і вуліца Хаўлян, горад Сана |
Мэта нападу | помста за контртэрарыстычную аперацыю (меркавана) |
Дата |
26 лістапада 2013 09:15, ~11:00 |
Спосаб нападу | расстрэл |
Зброя | пісталет ці аўтамат з глушыцелем |
Загінулыя | 3 (2 загінулі адразу, 1 памёр ад ран у бальніцы) |
Падазраваныя | Аль-Каіда |
Расстрэлы ў Сане — два ўзброеныя напады невядомых баевікоў ля гасцініцы «Амстэрдам» і на вуліцы Хаўлян у Сане, сталіцы Емена, якія адбыліся 26 лістапада 2013 года. Ахвярамі атак сталі двое беларускіх ваенных спецыялістаў і еменскі паліцэйскі.
Абстаноўка ў Емене
У пачатку 2010-х гадоў урад Емена на чале з нацыяналістычнай партыяй Усеагульны народны кангрэс, дзе пераважна былі суніты, вёў узброеную барацьбу з шыіцкім рухам «Ансар Алах», больш вядомым як «хусіты». Трэцяй сілай канфлікту выступалі паўднёваеменскія сепаратысты і ісламарадыкальныя групоўкі.
Беларускія спецыялісты
Вядома, што як мінімум двое беларусаў у 2013 годзе накіраваны па дзяржаўнай лініі для падтрымкі еменскіх сілавікоў. Паводле афіцыйнай заявы беларускага боку, яны дзейнічалі пры ахове прэзідэнта, аднак, на думку ваеннага аналітыка Аляксандра Алесіна, галоўнай задачай з’яўлялася дапамога ў тэхнічным абслугоўванні танкаў Т-80БВ, закупленых Еменам у Беларусі ў 2010 годзе[1]. Гэтыя машыны неаднаразова выкарыстоўваліся ў баявых дзеяннях[2][3].
Адным з спецыялістаў быў барысаўчанін Анатоль Мазынскі, малодшы брат вядомага беларускага тэатральнага рэжысёра Валерыя Мазынскага. Анатоль працаваў на 140-м рамонтным заводзе. У публікацыі 2012 года ваенная газета «Во славу Родины» назвала яго самым дасведчаным выпрабавальнікам адрамантаваных танкаў, які працаваў на заводзе з 1974 года. Як пісала выданне, «падчас гутаркі з выпрабавальнікамі высветлілася, што спецыялісты часта выязджаюць у замежныя камандзіроўкі з мэтай тэхнічнага абслугоўвання машын і дэманстрацыі магчымасцяў выпускаемых узораў прадукцыі»[4].
Расстрэлы
У 09:15 раніцы 26 лістапада 2013 года пры выхадзе з гатэля «Амстэрдам» у цэнтры Саны беларусы трапілі пад агонь баевікоў, якія пад’ехалі да будынка на матацыкле. Зламыснікі былі ўзброены пісталетам альбо аўтаматам з глушыцелем. Адзін з замежнікаў, Мазынскі, памёр на месцы, а другі, чыя асоба невядома, атрымаў цяжкае раненне. Дзве гадзіны пасля нападу матацыклісты (як мяркуецца, тыя ж, што стралялі ля гасцініцы) на вуліцы Хаўлян забілі афіцэра паліцыі Ахмеда аль-Джаадары[5]. 27 лістапада стала вядома, што другі пацярпелы беларус памёр ад ран у бальніцы[6][7].
Першапачаткова ў СМІ паведамлялася, што ахвярамі атакі ля гатэля сталі расіяне. Аднак прэс-аташэ расійскага пасольства ў Емене Мікалай Лягушын назваў пацярпелымі беларусамі, аспрэчыўшы інфармацыю аб грамадзянах Расіі. З яго слоў, яны дзейнічалі ў краіне па прыватным кантракце, а дыпмісія аказала ўсю неабходную дапамогу пацярпелым. Прадстаўнік МЗС Емена палкоўнік Махамед аль-Маўры заявіў, што замежнікі з’яўляюцца ваеннымі спецыялістамі. У сваю чаргу, як паведаміла намеснік начальніка ўпраўлення інфармацыі МЗС Беларусі Марыя Ваньшына, беларускі бок пачаў праверку дадзенай інфармацыі. Неўзабаве афіцыйны прадстаўнік МЗС Андрэй Савіных[8] і кіраўнік Дзяржкамваенпрама Сяргей Гурулёў[9] пацвердзілі, што ахвярамі атакі сталі беларусы, накіраваныя па дзяржаўнай лініі для падтрымкі еменскіх сілавікоў. Консульскія службы звязваліся з еменскімі ўладамі і расійскім пасольствам у гэтай краіне для ўдакладнення абставінаў здарэння і аказання неабходнай дапамогі.
Адказнасць
Ніводная тэрарыстычная групоўка не ўзяла на сябе адказнасць за атаку. Еменскія СМІ меркавалі, што напад стаў адказам «Аль-Каіды», бо двума днямі раней урадавая авіяцыя знішчыла 12 членаў тэрарыстычнай сеткі[5].
Гл. таксама
- Тэракт у Сане (2013) (5 снежня)
Зноскі
- ↑ Александр Алесин. Списанные в Беларуси танки воюют в Йемене Архівавана 23 красавіка 2021. // Naviny.by (20 октября 2014)
- ↑ Списанные в Беларуси танки воюют в Йемене Архівавана 23 красавіка 2021. // Naviny.by, 20 октября 2014
- ↑ Несколько белорусских танков Т-80БВ потеряно в бою с повстанцами в Йемене Архівавана 23 красавіка 2021. // TUT.BY, 21 января 2015
- ↑ Борисовчанину Анатолю Мазынскому, расстрелянному в Йемене, до пенсии оставался год // Govorim.by, 5 декабря 2013
- 1 2 После обстрела белорусов в Йемене боевики совершили новое убийство // РБК, 26 ноября 2013
- ↑ МВД Йемена подтвердило убийство двух военных советников из Белоруссии // Рамблер, 27 ноября 2013
- ↑ Расстрелянные в Йемене белорусы работали по официальным контрактам // РИА Новости, 27 ноября 2013
- ↑ Два белоруса стали жертвами нападения в Йемене: один убит, второй в критическом состоянии Архівавана 23 красавіка 2021. // TUT.BY, 26 ноября 2013
- ↑ Военные, которые пострадали в Йемене, работали по белорусскому контракту Архівавана 20 студзеня 2019. // TUT.BY, 27 ноября 2013
Спасылкі
- Mohammed Ghobari. Gunmen kill two Belarus military instructors in Yemen // Reuters (NOVEMBER 26, 2013).