Горад
Рагачоў
± | ||||||||||||||||||||||||||||||||||
Рагачо́ў[3] (трансліт.: Rahačoŭ) — горад раённага падпарадкавання ў Гомельскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Рагачоўскага раёна. За 121 км на поўнач ад Гомеля. Чыгуначная станцыя на лініі Магілёў — Жлобін. Аўтадарогі на Бабруйск, Магілёў, Слаўгарад, Жлобін. Прыстань на рацэ Дняпро. Насельніцтва 34 825 чал. (2017)[4].
Гісторыя
Старажытнасць
Умацаваны цэнтр старажытнага Рагачова — Замкавая гара — размешчаны на месцы гарадзішча мілаградскай і штрыхаванай керамікі культур. Гарадзішча займала край мыса каля сутокаў Друці з Дняпром. Пляцоука блізкая да трохвугольнай, ад карэннага берага аддзялялася лугападобным ровам. 3 трох бакоў была ахавана высокімі стромкімі схіламі, а з боку поля — ровам. Штучныя ўмацаванні не захаваліся, уезд размяшчаўся з паўднёвага боку. Знойдзены прылады працы (нажы, сярпы, разцы, сякеры і інш.), прадметы побыту (фрагменты замкоў і ключы, шылы, крэсівы, пісала і інш.), зброя і рыштунак конніка (наканечнікі стрэл, фрагменты шпор, дэталі цугляў), ювелірныя вырабы (шпількі, пярсцёнкі, паясныя спражкі), касцяныя вырабы (арнаментаваныя накладкі, абломак шахматнай фігуры), а таксама рыбалоўныя кручкі, фрагменты ганчарнага посуду. Старажытнае насельніцтва Рагачова займалася земляробствам, жывёлагадоўляй, рыбалоўствам, паляваннем, былі развіты апрацоўка жалеза, каляровых металаў, косці, дрэва і інш., існавалі гандлёвыя сувязі з Кіевам і Валынню. На думку П. Ф. Лысенкі, паселішча на Замкавай гары ўзнікла ў XI ст. Найбольш верагодна, што горад вырас з феадальнага замка.
Перыяд Кіеўскай Русі
Упершыню ўпамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1142 г. пры апісанні раздачы кіеўскім князем Усеваладам Ольгавічам сваім братам гарадоў Тураўскай і Уладзімірскай зямель. Уваходзіў, верагодна, у Тураўскае княства. Другі раз згадваецца ў летапісе пад 1188 г. пры апісанні аблогі Святаславам Усеваладавічам горада Друцка.
У складзе Вялікага Княства Літоўскага
З канца XIII ст. ў складзе Вялікага Княства Літоўскага, уладанне князя Даўмонта. У XIV—XVIII стст. цэнтр Рагачоўскай воласці, кіраваўся старостам. У 1509 г. пінскі князь Фёдар Іванавіч і яго жонка Алена завяшчалі Рагачоў (у ліку іншых гарадоў) вялікаму князю літоўскаму Жыгімонту Старому. У 1548 г. тут існавала царква св. Кузьмы і Дзям’яна. У XVI ст. на месцы старажытнага гарадзішча быў пабудаваны Рагачоўскі замак з Рагачоўскім палацам, які меў стратэгічнае значэнне і ў XVII ст. ўваходзіў у сістэму пагранічнай абароны на Дняпры (спалены ў 1654 г., канчаткова знішчаны ў 1780 г.). У 1566 г. згадваецца царква святых Кузьмы і Дзям’яна[5]. Пад час вайны Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1534—1537 гг. і вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1657 гг. горад некалькі разоў захопліваўся маскоўскімі войскамі і пацярпеў ад ваенных дзеянняў. У канцы XVI ст. ў ваколіцах Рагачова дзейнічалі казацка-сялянскія атрады С. Налівайкі і Дубіны.
У складзе Расійскай імперыі
Пасля першага падзелу Рэчы Паспалитай 1772 г. у складзе Расійскай імперыі, цэнтр Рагачоўскага павета Рагачоўскай правінцыі. У 1777—1796 гг. і з 1802 г. у Магілёўскай, у 1796—1802 гг. у Беларускай губернях. 16 жніўня 1781 г. атрымаў герб (у залатым полі чорны барановы рог). У 1880 г. — 560 дамоў, 2 цагельні, канатны, піваварны, мылаварны і 2 гарбарныя заводы. У 1900 г. працавала 36, у 1913 г. — 50 фабрык и заводащ. У 1902 г. праз Рагачоў пракладзена чыгунка Магілёў — Жлобін. Падчас рэвалюцыя 1905—1907 гг. У горадзе прайшлі забастоўкі працоўных. У 1906 г. адкрыта Рагачоўскае рэальнае вучылішча, пазней Рагачоўская настаўніцкая семінарыя.
Перыяд рэвалюцый і Грамадзянскай вайны
Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. створаны Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў. 31 мая 1917 г. у горадзе аформілася бальшавіцкая арганізацыя, у лістападзе 1917 г. створаны атрад Чырвонай гвардыі і Ваенна-рэвалюцыйны камітэт. З 13 да 30 студзеня 1918 г. горад быў заняты 1-м польскім корпусам на чале з Ю. Р. Доўбар-Мусніцкім. З лютага да 22 лістапада 1918 г. горад быў акупаваны войскамі кайзераўскай Германіі. 25 сакавіка 1918 года абвешчана аб прыналежнасці тэрыторыі да Беларускай Народнай Рэспублікі. Дзейнічала Рагачоўскае камуністычнае падполле.
У складзе савецкай дзяржавы
З 1 студзеня 1919 г. згодна з пастановай І з’езду КП(б) Беларусі горад увайшоў у склад Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі, аднак 16 студзеня ЦК РКП(б) пастанавіў уключыць яго ў састаў Расійскай Савецкай Федэратыўнай Сацыялістычнай Рэспублікі. З мая 1919 г. у Гомельскай губерні РСФСР, з 1924 г. у БССР, цэнтр Рагачоўскага раёна Бабруйскай акругі (да 1930 г.), з 1938 г. — Гомельскай вобласці. У 1936—1941 гг. і з 1944 г. дзейнічаў настаўніцкі інстытут. 2 ліпеня 1941 г. акупіраваны нямецкімі войскамі, 13 ліпеня 1941 г. вызвалены Чырвонай Арміяй у ходзе Рагачоўска-Жлобінскай аперацыі 1941 г. З 14 жніўня 1941 да 24 лютага 1944 гг. зноў акупіраваны. За ўвесь час акупацыі ў горадзе і раёне загублена 6,3 тыс. чал. Дзейнічала Рагачоўскае патрыятычнае падполле. Вызвалены ў ходзе Рагачоўска-Жлобінскай аперацыі 1944 г. войскамі 1-й і 50-й арміі 1-га Беларускага фронту. 13 вайсковым часцям і злучэнням нададзены ганаровыя найменні «Рагачоўскіх». У 1971 г. знойдзены Рагачоўскі манетны скарб. З 27 лютага 1978 г. горад абласнога падпарадкавання[6]. У 1988 годзе ў склад горада ўключана вёска Задруцце Лучынскага сельсавета[7].
Сучаснасць
19 красавіка 2010 г. горад узнагароджаны вымпелам «За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны».
Насельніцтва
Эканоміка
Прадпрыемствы харчовай, будаўнічых матэрыялаў прамысловасці. Гасцініца «Днепр».
Дзейнічае найбуйнейшае прадпрыемства па вытворчасці згушчанага малака і іншых відаў малочных кансерваў у Беларусі — Рагачоўскі малочнакансервавы камбінат.
Культура
Славутасці
- жылыя дамы (XIX — пач. XX ст.)
- Гарадзішча старажытнага Рагачова (1-е тысячагоддзе да н.э. — пачатак 2-га тысячагоддзя н.э.), на паўднёвай ускраіне горада, урочышча Замкавая Гара — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 313В000586
- Гарадзішча перыяду ранняга жалезнага веку (1-е тысячагоддзе да н.э.- 1-е тысячагоддзе н.э.), на паўднёва-ўсходняй ускраіне горада — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 313В000587
- Касцёл (1912), вул. Валадарскага — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 313Г000588
- Свята-Аляксандра-Неўская царква (1989)
- Дом купца Беленькага (канец ХІХ стагоддзя), вул. Леніна, 34 — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 313Г000589
- Дом, дзе жыў Уладзімір Караткевіч (1914), вул. Караткевіча, 59
- Будынак былой земскай управы (1914—1916), вул. Леніна, 62 — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 313Г000590
- Будынак былога рэальнага вучылішча (1903—1907), вул. Цымермана, 36 — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 313Г000592
- Тры капліцы на старых могілках (канец ХІХ — пачатак XX стагоддзя) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 313Г000593
- Курганная група (X—XIII стагоддзі), на ўсходнім беразе воз. Камарын — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 313В000594
- Курганны могільнік перыяду ранняга сярэднявечча (X—XIII стагоддзі), за 3 км ад горада, каля шашы Рагачоў — Доўск — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 313В000595
- Брацкая магіла (1944), на могілках — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 313Д000596
- Брацкая магіла (1941—1944), вул. Леніна, у Піянерскім парку — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 313Д000591
- Уваход на гарадзішча
- Аднаўленне касцёла
- Свята-Аляксандра-Неўская царква
- Дом купца Беленькага
- Будынак былой земскай управы
- Будынак былога рэальнага вучылішча
- Капліца на могілках
- Дом, дзе жыў Уладзімір Караткевіч
Вядомыя асобы
- Анатоль Яўгенавіч Андрэеў — міністр аўтамабільнага транспарту Беларускай ССР.
- Віктар Лявонцьевіч Більдзюкевіч — дзяржаўны дзеяч БССР.
- Самуіл Залманавіч Галкін — паэт і драматург.
- Леанід Бенецыянавіч Гельфанд (нар. 1936) — беларускі архітэктар.
- Аляксандр Ільіч Гінцбург — беларускі кінарэжысёр.
- Якаў Абрамавіч Гольбін (нар. 1925) — вучоны-эканаміст[10].
- Уладзімір Міхайлавіч Говар-Бандарэнка — беларускі акцёр.
- Васіль Барысавіч Далгалёў — беларускі дзяржаўны дзеяч.
- Іосіф Абрамовіч Збароўскі (нар. 1936) — беларускі архітэктар.
- Віталь Міхайлавіч Калеснікаў (1922—1964) — удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, Герой Савецкага Саюза (1944)[11].
- Настасся Фёдараўна Кудасава — беларуская паэтэса.
- Берта Ізраілеўна Кузняцова — беларускі савецкі мастак.
- Уладзімір Мехаў — беларускі празаік.
- Ёсеф Розэн
- Аляксандр Васільевіч Сукала — беларускі вучоны ў галіне педыятрыі.
- Людміла Аляксандраўна Шагалава — савецкая актрыса.
- Антаніна Аляксееўна Мельнікава (нар. 1958) — беларуская байдарачніца.
Заўвагі
- ↑ GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.
- ↑ Численность населения на 1 января 2024 г. и среднегодовая численность населения за 2023 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа — Белстат, 2024.
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
- 1 2 Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ НГАБ, ф. 1783, воп. 1, спр. 6, с. 483
- ↑ Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР № 1818—IX ад 27 лютага 1978 г. Аб аднясенні горада раённага падпарадкавання Рагачова Гомельскай вобласці да катэгорыі гарадоў абласнога падпарадкавання // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1978, № 7 (1561).
- ↑ Рашэнні выканкома Гомельскага абласнога Савета народных дэпутатаў ад 23 сакавіка і 28 красавіка 1988 г. // Збор законаў Беларускай ССР, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1988, № 16 (1930).
- 1 2 3 4 Беларусь 1995.
- ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ Гольбин Яков Абрамович // ekonomika.by (руск.)
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 7. — 604 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0130-3 (т. 7). — С. 463.
Літаратура
- Ваганава, А. Рагачоў // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — С. 39. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8.
- Рагачоў // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 612—613. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Рагачоў
- Геаграфічныя звесткі па тэме Рагачоў на OpenStreetMap
- Рагачоў на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- ХРАНАЛОГІЯ РАГАЧОЎСКАГА КРАЮ Ў ЧАСЫ ВКЛ І РЭЧЫ ПАСПАЛІТАЙ