Рабочы інтэрнацыянал
Тып арганізацыі палітычны інтэрнацыянал
Заснаванне
Дата заснавання 14 ліпеня 1889 года
Ліквідацыя
Дата скасавання 1916
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Рабочы інтэрнацыянал або Другі інтэрнацыянал — міжнароднае аб’яднанне сацыялістычных партый. Заснаваны ў 1889 годзе. Перадумовамі яго стварэння з’явіліся рост рабочага руху, працэс фармавання ў Еўропе і Амерыцы на глебе, падрыхтаванай Першым інтэрнацыяналам, палітычных партый рабочага класа, шырокае распаўсюджванне марксісцкіх ідэй.

Гісторыя

Першы ўстаноўчы кангрэс інтэрнацыяналу прайшоў у Парыжы 14-21 ліпеня 1889 года. На ім прысутнічалі 393 дэлегаты, якія прадстаўлялі амаль усе нацыянальныя рабочыя і сацыялістычныя партыі і прафсаюзы краін Еўропы і ЗША, якія існавалі ў той момант. Самай уплывовай і шматлікай была дэлегацыя Сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі, якую ўзначальваў Вільгельм Лібкнехт. Другі і трэці кангрэсы прайшлі ў Бруселі і Цюрыху ў 1891 і 1893 гадах адпаведна, на іх былі прыняты праграмныя дакументы Другога інтэрнацыяналу.

На чацвёртым кангрэсе інтэрнацыяналу ў 1896 годзе ў Лондане з арганізацыі былі выключаныя анархісты. На пятым кангрэсе ў Парыжы ў 1900 годзе абвастрылася супрацьстаянне паміж прадстаўнікамі артадаксальнага марксізму і рэвізіянізму. Цэнтральным у дыскусіі паміж групоўкамі стала пытанне аб заваёве рабочым класам палітычнай улады і магчымасці супрацоўніцтва сацыял-дэмакратаў з буржуазнымі партыямі. Вынікі дыскусіі сведчылі аб узмацненні ўплыву ў Другім інтэрнацыянале рэвізіянісцкага напрамку, які падтрымліваў ідэю класавага супрацоўніцтва і ўдзелу прадстаўнікоў сацыял-дэмакратычных партый ва ўладных інстытутах буржуазнага грамадства.

Шосты кангрэс прайшоў у 1904 годзе ў Амстэрдаме. Гэта быў першы кангрэс, на якім прысутнічалі прадстаўнікі РСДРП. Ключавым пытаннем кангрэса было асуджэнне руска-японскай вайны. Сёмы кангрэс прайшоў у Штутгарце ў 1907 годзе і быў прысвечаны абмеркаванню рэакцыі левых рухаў на вайну. Восьмы кангрэс прайшоў у Капенгагене ў 1910 годзе.

Ва ўмовах перадваеннага стану і напружанасці на Балканах у 1912 годзе ў Базелі адбыўся дзявяты кангрэс Рабочага інтэрнацыяналу. Дэлегаты кангрэса прынялі маніфест, у якім патрабавалі ад усіх сацыялістычных партый рашучай барацьбы і салідарных дзеянняў супраць імперыялізму.

Аднак, з пачаткам Першай сусветнай вайны, Рабочы інтэрнацыянал пацярпеў крах. Прадстаўнікі Сацыял-дэамкратычнай партыі Германіі, а таксама сацыялістычныя лідэры Вялікабрытаніі, Францыі і Бельгіі галасавалі ў парламентах сваіх краін за ўвядзенне ваенных крэдытаў. Шэраг кіруючых дзеячаў Другога інтэрнацыяналу ўвайшлі ва ўрады сваіх краін. У цэлым, сацыялістычныя партыі выступілі ў падтрымку лозунгу «абароны айчыны», абвясціўшы на час вайны «грамадзянскі мір». Тым самым былі адкінуты асноўныя прынцыпы Рабочага інтэрнацыяналу - аб пралетарскім інтэрнацыяналізме і міжнароднай салідарнасці працоўных. З восені 1914 года спыніла дзейнасць Міжнароднае сацыялістычнае бюро (пастаянны кіруючы орган Другога інтэрнацыяналу), перапыніліся сувязі паміж сацыял-дэмакратычнымі і сацыялістычнымі партыямі розных краін. Канферэнцыі сацыялістаў краін Антанты (якая прайшла ў лютым 1915 года ў Лондане) і блока Цэнтральных дзяржаў (якая прайшла ў красавіку 1915 года ў Вене) выказаліся за «вайну да пераможнага канца». Уладзімір Ленін і блізкія да яго сацыялісты-інтэрнацыяналісты (Карл Лібкнехт і іншыя) на скліканых імі Цымервальдскай (у 1915 годзе) і Кінтальскай (у 1916 годзе) канферэнцыях распачалі спробу стварыць новае міжнароднае аб’яднанне сацыялістычных і рабочых партый, аднка яны не ўвянчаліся поспехам. Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 года кардынальна змяніла сітуацыю ў сусветным сацыялістычным руху. У 1918 годзе на аснове інтэрнацыяналісцкіх груп у шэрагу краін узніклі камуністычныя партыі. Гэта падрыхтавала глебу для стварэння ў сакавіку 1919 года Камуністычнага інтэрнацыяналу.

Ужо пасля Другой сусветнай вайны ў 1951 годзе быў створаны Сацыялістычны інтэрнацыянал, які аб’явіў сябе пераемнікам Другога інтэрнацыяналу.

Літаратура

  • Крывагуз І. М. Другі Інтэрнацыянал. 1889–1914. М., 1964
  • Joll J. The Second International, 1889–1914. Boston, 1974;
  • Blänsdorf A. Die Zweite In­ternationale und der Krieg: die Diskussion über die internationale Zusammenarbeit der sozialis­tischen Parteien 1914–1917. Stuttgart, 1979;
  • Si­meonov S. The Second International (1889–1914). Sofia, 1980.
This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.