
Пісанка — распісанае яйка. Узыходзіць да язычніцкіх часоў (знаходкі ў курганах), пазней перайшла ў абрад святкавання хрысціянскага Вялікадня. Роспіс пісанкі (пераважна геаметрычны або раслінны арнамент, строга падпарадкаваны форме яйка) — распаўсюджаны выгляд дэкаратыўнага мастацтва ў шматлікіх народаў (славянскіх і інш.).
Выраб
Пісанкі — гэта больш складаны спосаб размалёўвання яек. На сырым халодным яйку выводзяць узоры гарачым воскам пры дапамозе стальнога пярца. Зрабіўшы ўзор, яйка мачаюць у разведзеную халодную фарбу, пачынаючы з самай светлай, абціраюць і робяць новы ўзор воскам, і зноў мачаюць у іншую фарбу. Калі ўсе ўзоры выведзеныя, трэба асцярожна «стапіць» воск з яйка — ці над полымем газавай гарэлкі, ці над свечкай. Па меры таго як воск растае, яго трэба выціраць мяккай паперкай ці анучкай.