Пінска-Валынскі добраахвотны батальён
Пинско-Волынский добровольческий батальон
Гады існавання 1918 — 1920
Краіны Украінская Народная Рэспубліка Украінская Народная Рэспубліка (кастрычнік-лістапад 1918)
Польшча Польская Рэспубліка (люты-верасень 1919)
Расія Поўдзень Расіі (снежань-красавік 1920)
Падпарадкаванне Палеская суполка
9-я пяхотная дывізія
Узброеныя сілы Поўдня Расіі
Тып пяхота
Функцыя барацьба з бальшавікамі
Колькасць 150 жаўнераў (лістапад 1918)
752 жаўнеры (19 ліпеня 1919)
120 жаўнераў (снежань 1919)
164 жаўнеры (жнівень 1920)
Дыслакацыя Піншчына, Павонзкі, Крым
Мянушкі Рускі легіён, Руская афіцэрская дружына
Войны Грамадзянская вайна ў Расіі
Палескае паўстанне
Польска-савецкая вайна
Удзел у Абарона Крыма (пачатак 1920)
Камандзіры
Вядомыя камандзіры Антон Бахенскі

Пі́нска-Валы́нскі до́браахво́тны батальён (руск.: Пинско-Волынский добровольческий батальон) — адно з некалькіх белагвардзейскіх расійскіх вайсковых падраздзяленняў, сфармаваных у Беларусі. У польскім войску спачатку меў назву «Батальён Беларуска-Літоўскага фронту», пазней «Пінскі добраахвотны батальён». Батальён удзельнічаў у захопе Пінска польскімі войскамі і ў абароне Крыма.

Сфармаванне

Шыхт Пінска-Валынскага добраахвотнага батальёна ўвосені 1918 года

Беларускі горад Пінск быў захоплены Германіяй у кастрычніку 1918 года, адначасова пры гэтым Пінск уваходзіў у склад Украінскай Народнай Рэспублікі. З’яўленне тут невялічкага (каля 150 чалавек)[1] афіцэрскага атрада, верагодней за ўсё, было рэакцыяй на антыгетманаўскі пераварот, які адбыўся ва Украіне ў лістападзе 1918 года.[1] Аднак, збольшага лічыцца датай сфармавання батальёна кастрычнік 1918 года.[2][3][4] Атрад быў сфармаваны і ўзначалены ўраджэнцам Століншчыны капітанам Антонам Бахенскім, энергічным афіцэрам. Пінскі атрад, злучыўшыся з Мазырскім, паспяхова абараняўся ад пятлюраўцаў увесь снежань1918 года.[1]

Шлях батальёна

У Войску Польскім

Лінія фронту ў сярэдзіне студзеня 1919 года

У студзені 1919 года нямецкія жаўнеры сыйшлі з горада. 23 студзеня палескія добраахвотнікі далі бой палескім паўстанцам і бальшавікам каля чыгуначнай станцыі Пінск, аднак з-за няроўнасці сілаў яны адступілі на захад ад горада ўздоўж чыгуначнай лініі і хутка сустрэліся з перадавымі часткамі Войска Польскага. Рэакцыя полякаў на жаўнераў спачатку была насцярожанай, але затым прыкладна 10-12 лютага 1919 года ў Кобрыне атрад афіцыйна ўвайшоў у склад польскай армі. Магчыма, згуляла сваю ролю і тое, што камандовец польскай аператыўнай суполкі «Падляшша» генерал Антоній Лістоўскі раней быў генералам Рускай арміі. Пры ўваходзе ў склад польскага войска атрад захаваў свой камандны склад, расійскую форму і запасы зброі (тысячу стрэльбаў, 8 кулямётаў ды 3 мінамёты)[1], прычым частцы было дадзенае імя «Батальён Беларуска-Літоўскага фронту». Адначасна сустракаліся і болей простыя назвы кшталту «Рускі легіён», «Руская афіцэрская дружына». Апошні назоў звязаны з тым, што на той момант з 200 чыноў батальёна на тот момант абсалютная бальшыня мела менавіта афіцэрскія годнасці.

Аператыўная суполка «Падляшша» на той момант складалася з 6 батальёнаў, 5 конных эскадронаў і партызанскага атрада. Менавіта Батальён Беларуска-Літоўскага фронту стаў ударнай сілаю ў далейшым наступленні. 19 лютага 1919 года[1] батальён выбіў з Антопаля бальшавікоў, а ўжо 5-7 сакавіка[1] штурмаваў Пінск, у які першым і ўвайшоў 17 сакавіка.[5]

Спроба скасавання

Падчас удачнага наступлення лёс батальёна ўпершыню быў под пагрозай расфармавання. Нявольна спрычынілася да гэтага руская варшаўская газета «Варшавская речь», якая размясціла шэраг аб’яў з прызывамі ўступаць у «рускія партызанскія атрады». 27 лютага 1919 года вядомы польскі палітык Мячыслаў Недзялкоўскі даў рэзкі адказ гэтаму, заявіўшы, што «баявое брацтва» рускіх і палякаў не толькі непатрэбнае, але і шкоднае. На гэтым фоне 4 сакавіка быў падрыхтаваны прыказ пра расфармаванне батальёна. Аднак Антоній Лістоўскі быў зацікаўлены ў наяўнасці на фронце стойкай і баяздольнай часткі таму, каб зберагчы яе, ён проста перейменаваў батальён у «Пінскі добраахвотны батальён». Такім чынам, змяніўшы шчыра «рускую» вывеску, частка захавалася і пастаянна папаўнялася людзьмі — так, на 19 ліпеня 1919 года батальён налічваў ужо 755 штыкоў, прытым што ўсяго пад камандаваннем Лістоўскага на той момант было каля 4200 чалавек. Эмігранцкі часопіс «Двуглавый орёл» пра заслугі Пінскага батальёна пісаў:

Цягам шмат якіх месяцаў гэтыя людзі змагаліся з бальшавікамі пад найвышэйшым польскім камандаваннем, з польскім аднагаловым арлом над рускай цэшкай; батальён прымаў удзел ва ўсіх найболей цяжкіх баях і праявіў вялікую мужнасць.

Лаяльнасць батальёна

Аднак лаяльнасць афіцэраў батальёна польскаму камандаванню не была вялікай. Значная іхняя колькасць успрымала сваю службу ў Войску Польскім як часовы захад і чакала любой магчымасці, каб далучыцца да асноўных расійскіх войскаў. Польскі аўтар зафіксаваў выпадак, калі афіцэры Пінскага батальёна, з запалам слухаючы навіны пра летняе наступленне Добраахвотнай арміі ва Украіне, пачалі зрываць з фуражак польскіх «белых арлоў». Тады ж польская контрвыведка з трывогою паведамляла пра наяўнасйь у шэрагах батальёна «каля 15 выведнікаў», якія аналізавалі сітуацыю на фронце «ў духу, варожым нашай дзяржаўнасці», хаця у батальёне ваявалі не толькі афіцэры рускай, беларускай і ўкраінскай нацыянальнасці, але і польскай.

Расфармаванне

12 ліпеня 1919 года Палеская суполка войскаў генерала Антонія Лістоўскага была ператвораная ў 9-ю дывізію, а ў хуткім часе камандаванне над ёю прыняў палкоўнік Уладзіслаў Сікорскі, які у адрозненне ад Лістоўскага, не адчуваў ніякіх настальгічных сімпатый да расіян. Ужо 17 жніўня Сікорскі рапартаваў пра тое, што Пінскі батальён «небясспечны» і прыняў рашэнне пра яго расфармаванне. Менавіта падчас гэтага ў крыніцах з’яўляецца найболей распаўсюджаные найменаванне часткі — Пінска-Валынскі батальён. На практыцы атрымалася, што частку не толькі расфармавалі, але і фактычна інтэрнавалі. Увосені раззброеныя «пінчукі» пад польскім канвоем адправіліся ў лагер Павонзкі тады яшчэ каля Варшавы, адкуль у лістападзе былі пераведзеныя ў лагер Седльцы. У лагеры было грубае і абякавае стаўленне ахоўнікаў, актыўная праца вярбоўшчыкаў, якія прапанавалі ўступаць у Войска Польскае, беспакараныя дзеянні бальшавіцкіх агентаў. Акрамя раззбраення батальён таксама пазбавіўся пагонаў з формы, а з фуражак — цэшак.

У Паўднёвай Расіі

У снежні 1919 года галава Часовага краёвага ўрада Аляксандр Бахановіч пісаў у сваім дакладзе міністру замежных спраў Усерасійскага урада Калчака Сяргею Сазонаву:[5]

Нам павінна быць дазволенае формаванне рускай добраахвотнай арміі ў межах краю, і за кадр фармаванняў павінны быць узяты Пінска-Валынскі Добраахвотны Рускі батальён, які знаходзіцца сёння ў складзе Польскай арміі пад камандаваннем польскага генерала Лістоўскага. Узяўшы за кадр наш родны і намі створаны батальён, мы ў хуткім часе зможам стварыць ваярскі атрад, варты нашага краю, які будзе лічыць за гонар прыняць удзел у агульнай працы па стварэнні нашай вялікай Расіі.

У снежні 1919 года пачалася паступовая пераброска афіцэраў батальёна ў Крым; першы транспарт, паводле сведчання мемуярыста, кінуў якар у Еўпаторыі 6 студзеня 1920 года:

У Джанкое генерал Слашчоў зладзіў агляд нашаму атраду, застаўся задаволены ім і прыказаў адразу ж адпраціцца на пазицыю, да Чангарскага моста.

Цягам гэтага месяца з Польшчы на паўвостраў паспелі прыбыць каля 120 чалавек; яшчэ каля 700 вярнуліся ў Польшчу з Румыніі з-за адмовы румынаў прапусціць іх через праз сваю тэрыторыю. Магчыма, частка гэтых людзей змагла ўсё-такі апынуцца ў Крыме ў жніўні 1920 года, калі пачалася масавая пераброска з Польшчы брэдаўцаў, а Румынія ужо не падавала ніякіх прэтэнзій.

Абарона Крыма

У студзені 1919 года батальён прыняў удзел у абароне Крыма пад камандаваннем Якава Слашчова, — дакладней, ён абараняў чыгуначную станцыю Біюк-Анлар (Сёння Элеватарная) каля вёскі Нваалексяеўкі. Акрамя «пінчукоў», абарону станцыі трымалі Сводна-Чачэнскі полк (200 шашак), канвой штаба корпуса (100 шашак), тры танкі і трв бронецягнікі, «пінчукі» былі адзінай пяхотнай часткаю, якая абараняла станцыю.

Расфармаванне

29 красавіка 1920 года Пінска-Валынскі добраахвотны батальён афіцыйна быў расфармаваны. Батальёнавы 120 жаўнераў[2][3], якія выжылі ў баях за Крым, былі далучаныя да 50-га пяхотнага Беластоцкага палка, які ўваходзіў у склад 13-й пяхотнай дывізіі генерал-маёра Георгія Андгуладзэ (2-і армейскі корпус). Паводле Вячаслава Бандарэнкі, на 1 жніўня 1920 года ў шэрагах батальёна былі 164 жаўнеры (колькасць афіцэраў невядомая).[1]

Адзін з афіцэраў Пінска-Валынскага батальёна пазней пісаў:[1]

Не ведаю, каго асудзіць гісторыя, каго апраўдае, але мы, змагаліся супраць бальшавікоў, жадалі дабра толькі Расіі і лічылі, што галоўнымі ее ворагамі з’яўляю ліся бальшаавікі, а не палякі.

Форма

У Польскім Войску

Асабовы склад батальёна насіў старую паходную расійскую форму з цэшкаю царскай Расіі на аколышцы, але з белым польскім арлом на туллі фуражкі.

Сцяг

За аснову батальёнавага сцяга ўзяты расійскі сцяг гербавых колераў (бела-жоўта-чорны), які быў перавёрнуты. На пярэднім баку па цэнтры намаляваны герб Пінска (лук на іспанскім шчыце), а вышэй за яго — польскі арол у чырвоным ромбе. Польскі арол падзяляе надпіс «Городъ Пинскъ» (бел.: Горад Пінск). Абкружае дугою ўсе папярэднія элементы на сцягу надпіс «Пинско-Волынскому Добровольческому Баталіону» (бел.: Пінска-Валынскаму Добраахвотнаму Батальёну). На заднім баку па цэнтры спокліч вядомы рускі спокліч «Съ Нами Богъ» (бел.: З намі Бог), а ў верхнім куце (бліжэйшым да дрэўка) чорнае кола з выявай нейкай асобы.

Зноскі

  1. 1 2 3 4 5 6 7 8 Вячеслав Бондаренко «Мы желали добра только России»: история единственной белогвардейской части, созданной в Белоруссии(руск.) // Телескоп. — 30 красавіка 2020 года.
  2. 1 2 Пинско-Волынский добровольческий батальон(руск.) // История Пинска.
  3. 1 2 Кирилл Аверьянов-Минский Белые белорусы: прокляты и забыты(руск.) // EurAsia Daily. — 16 студзеня 2017 года.
  4. Вячеслав Бондаренко Уроки революции: почему белорусский народ сделал выбор в пользу России(руск.). — 19 жніўня 2017 года.
  5. 1 2 Кирилл Аверьянов-Минский Полонизация Белоруссии(руск.). — 24 лістапада 2016 года.

Літаратура

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.