Жанчыны-пігмеі ў Камеруне

Пігме́і (стар.-грэч.: Πυγμαῖοι) — групы народаў у Цэнтральнай Афрыцы. Пігмеі адрозніваюцца малым ростам (сярэдні рост мужчыны — каля 150 см) і складаюць асобную негрыльскую малую расу вялікай негроіднай расы. Размаўляюць на мовах розных афрыканскіх моўных сем’яў.

Гісторыя

Малюнак на старажытнагрэчаскай пасудзіне: пігмей змагаецца з жураўлём

Сучасныя генетыкі лічаць, што продкі пігмеяў адасобіліся ад астатніх негроідаў каля 70 — 60 тысяч гадоў таму і развіваліся адносна ізалявана. Малы рост і асаблівасці імунітэту, відавочна, з’явіліся прыстасаваннем да жыцця ў экалагічных умовах густых трапічных лясоў. Каля 5 — 4 тысяч гадоў таму кантакты паміж пігмеямі і суседзямі-банту ўзнавіліся, у тым ліку праз перадачу генетычнага матэрыяла ў выніку нараджэння сумесных дзяцей[1]. Папуляцыі пігмеяў на захадзе Цэнтральнай Афрыкі адчулі гэты ўплыў пазней за тых, хто жыў на поўначы і ўсходзе[2]. Перасяленне банту ў Цэнтральную Афрыку садзейнічала раз’яднанню розных груп пігмеяў і запазычванню імі іншых моў.

У старажытнаегіпецкіх пісьмовых крыніцах пігмеі ўзгадваюцца з 3 тысячагоддзя да н. э. Прывезеныя з трапічнай Афрыкі, яны служылі танцорамі і акрабатамі пры двары фараонаў[3]. Таксама вядомы старажытнаегіпецкія малюнкі і статуэткі пігмеяў.

У старажытнагрэчаскай міфалогіі пігмеі звычайна лакалізаваліся як асобныя народы Афрыкі, Малой Азіі і Індыі. Яны лічыліся сынамі Геі. Узгадваліся ў міфах пра Геракла, творах Гамера і Гесіёда[4]. Герадот занатаваў у Егіпце кароткае апавяданне пра паўночнаафрыканскіх вандроўнікаў-насамонаў, якія падчас экспедыцыі на поўдзень былі захоплены ў палон маленькімі чалавечкамі, якія размаўлялі на невядомай мове[5]. У пазнейшую пару звесткі пра пігмеяў набылі больш казачны характар. Толькі ў XIX ст. існаванне пігмеяў было падцверджана нямецкім даследчыкам Георгам Швейнфуртам.

Да сярэдзіны XX ст. большасць пігмеяў вяла традыцыйны лад жыцця, займалася збіральніцтвам і паляваннем. Аднак з другой паловы XX ст. пад уплывам місіянераў, суседдзяў, а таксама ўрадавых структур значная колькасць пігмеяў была вымушана перасяляцца ў звычайныя вёскі, займацца земляробствам або наймацца на іншую працу. Пры гэтым пігмеі часцяком трапляюць у залежнасць ад высакарослага насельніцтва, трымаюцца гаспадарамі як хатняя жывёла або рабы[6]. У некаторых краінах Афрыкі адзначаюцца факты наўмыснага забойства і генацыду пігмеяў (гл. аперацыя «Сціранне табліцы»)[7][8]. Пэўную пагрозу складаюць хваробы, прынесеныя звонку[9]. Каля 20 % пігмеяў, якія вядуць традыцыйны лад жыцця, пакутваюць на хранічныя захворванні.

Фізічны тып

Рост ад 144 да 150 см для дарослых мужчын, скура светла-карычневая, валасы кучаравыя, цёмныя, вусны параўнальна тонкія, гэты фізічны тып можна класіфікаваць як адмысловую расу.

Па знешнім выглядзе да іх блізкія негрытосы Паўднёвай і Паўднёва-Усходняй Азіі, некаторых астравоў Меланезіі і паўночна-усходняй Аўстраліі, але генетычна паміж негрыллі і негрытосамі ёсць моцныя адрозненні.

Групы

Рассяленне пігмеяў у Цэнтральнай Афрыцы

Асноўныя этнічныя і расава-сацыяльныя групы пігмеяў:

Асаблівасці традыцыйнай культуры

Галоўнымі традыцыйнымі заняткамі пігмеяў з’яўляюцца паляванне і збіральніцтва. У мінулым большасць пігмеяў вяла вандроўны лад жыцця, перамяшчалася ад адной часовай стаянкі да іншай, але кожная група мела пэўныя межы сваіх тэрыторый.

У склад групы ўваходзілі малыя нуклеарныя сем’і (6 — 15 сямей у кожнай групе). У групах няма ўстойлівай унутранай структуры, адзіных правадыроў і нават агульнай рады[10]. Аб’яднальную ролю адыгрывае супольнае паляванне, у тым ліку на буйных жывёл. У ім прымаюць удзел не толькі дарослыя мужчыны, але таксама жанчыны і дзеці. Жанчыны і дзеці займаюцца збіральніцтвам, якое дае асноўнае забеспячэнне ежай.

Пігмеі звычайна падтрымлівалі шчыльныя сувязі з суседзямі-земляробамі, займаліся менавым гандлем. Вядомы таксама несваяцкія «братэрскія» сувязі ўзаемадапамогі і сваяцтва, якія ўсталёўваліся паміж групай пігмеяў і вёскай земляробаў. Адносіны паміж пігмеямі і земляробамі накіраваны як на забеспячэнне групы прадуктамі і неабходнымі прыладамі працы, так і на арганізацыю бяспекі. У наш час адбываецца паступовае перасяленне пігмеяў у вёскі, што спрыяе павелічэнню эканамічнай і сацыяльнай залежнасці пігмеяў ад «братоў».

Пігмеі знакаміты паліфанічнай музыкай, спевамі і танцамі. Распаўсюджаныя музычныя інструменты — барабаны, музычныя лукі, званочкі і г. д. Хаця большасць пігмеяў у нашы дні карыстаецца сучаснай вопраткай, у некаторых групах захоўваецца вытворчасць традыцыйнага адзення з кары і лісця.

Зноскі

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.