Пётра Сергіевіч
Фатаграфія
Дата нараджэння 10 ліпеня 1900(1900-07-10)
Месца нараджэння
Дата смерці 1 лістапада 1984(1984-11-01) (84 гады)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Род дзейнасці мастак, графік
Жанр партрэт
Вучоба
Узнагароды
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Пё́тра (Пётр Алякса́ндравіч) Сергіе́віч (10 ліпеня 1900, в. Стаўрова, цяпер Браслаўскі раён, Віцебская вобласць, Беларусь1 лістапада 1984, Вільнюс) — беларускі жывапісец і графік, мастак-манументаліст. Заслужаны дзеяч мастацтваў Літвы (1965).

Біяграфія

Нарадзіўся ў вёсцы Стаўрова на Браслаўшчыне ў беднай сялянскай сям’і. Пачатковую адукацыю атрымаў у Вольнай школе малюнку і жывапісу Адама Варнаса ў Вільні. У 1919 годзе паступіў у Акадэмію прыгожых мастацтваў Віленскага ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя, якую ўзначальваў прафесар Фердынанд Рушчыц. Разам з мастаком Людамірам Сляндзінскім яны паспрыялі фарміраванню Сергіевіча як майстра пейзажа, партрэта і манументальнага роспісу.

У 1924—1925 гадах вучыўся ў Кракаўскай акадэміі мастацтваў. У 1928 годзе вярнуўся ў Вільню, быў прыхільнікам і актыўным дзеячам беларускага адраджэння ў 1930-я гады.

У 1932 годзе прыняў удзел у калектыўнай выстаўцы Віленскага незалежнага таварыства мастакоў-пластыкаў, якая адбывалася ў Вільні і Варшаве. Тры гады пазней прадстаўленая ўласная выстаўка мастака ў Вільні (26 снежня 1935 — 8 студзеня 1936). У 1938 годзе падарожнічае па Італіі. У часе Другой сусветнай вайны жыве, на змену, у Вільні і ў Стаўрове (Шляхотчыне).

У 1943 годзе адбылася яго другая персанальная выстаўка ў Вільні. У 1944—1945 гадах працаваў захавальнікам фондаў у Беларускім музеі ў Вільні, пасля вайны — старшым выкладчыкам на кафедры малюнку і жывапісу ў Віленскім інстытуце прыгожых мастацтваў.

У 1960 годзе атрымаў званне заслужанага дзеяча мастацтва Літоўскай ССР за заслугі ў развіцці выяўленчага мастацтва. Юбілейныя выстаўкі ў Вільні ладзіліся ў 1960, 1970, 1980 гадах. У 1962 годзе — індывідуальная выстаўка ў Мінску, у Палацы мастацтва. У 1968 годзе прымаў удзел у выстаўцы ў варшаўскай «Захэнце». У 1978 годзе працы Сергіевіча былі выстаўлены ў Мінску. Пабачылі свет некалькі каталогаў выставак.

Памёр у лістападзе 1984 года ў Вільнюсе і пахаваны на віленскіх Антокальскіх могілках, побач пахаваная жонка Станіслава (1910—1995).

Творчасць

Яго творчасць вызначаецца вобразнасцю пластычнага і кампазіцыйнага вырашэння, эмацыянальным ладам, цікаўнасцю да самабытнасці беларускай народнай культуры, часам алегарычнасцю і рамантычнасцю. Мастацкай завершанасцю, глыбокім псіхалагізмам, філасофскім гучаннем вылучаюцца жывапісныя партрэты: «Партрэт маці» (1929), Станіслава Глякоўскага (1938), «Беларуская настаўніца» (1938), «Рыгор Шырма» (1930—1940-я), «Дзяўчына ў сінім сарафане», «Аўтапартрэт» (абодва 1940), Францішка Багушэвіча, Мікалая Дучыца, «Селянін» (усе 1946), «Партрэт жонкі» (1946, 1957), «Старшыня калгаса» (1952), «Землямер» (1956), Максіма Танка (1957), «Сталяр», «Нарачанскі рыбак» (абодва 1968) і інш. Гістарычнае мінулае роднай зямлі, дзейнасць яе выдатных сыноў адлюстроўваюць наступныя карціны:

Значнае месца ў творчасці Пётры Сергіевіча займала купалаўская тэма:

  • «А хто там ідзе?»,
  • «Званар» (2 варыянты),
  • «А ты, сіраціна, жыві» (усе 1947),
  • «Гусляр»,
  • эцюды на тэмы паэмы Янкі Купалы «Яна і я» — «Ворыва» і «На сенажаць» (1959),
  • «Партрэт Дамініка Луцэвіча» (1971),
  • трыпціх на тэмы верша Янкі Купалы «А зязюлька кукавала» — «Калыханка», «Ясевы універсітэты», «Сейбіт» (1970-я) і інш.

Жыццю сялян Заходняй Беларусі прысвечаны палотны «Перавозка будаўнічага грузу цераз возера Богіна» (1926), «За прасніцай», «Жыццё», «Вяселле на Беларусі» (усе 1929), «Залёты» (1930), «Беларусы» (1930-я г.), «Шляхам жыцця» («Падарожныя», 1934), «Араты» (1938), «Каваль куе каня» (1939), рэвалюцыйным падзеям у Літве — «Дэманстрацыя беспрацоўных у Каўнасе ў 1925 годзе» (1954). Рэвалюцыйным пафасам напоўнена карціна «Вясляр» («Насуперак буры», 1940, 2 варыянты). Тэму Другой сусветнай вайны адлюстроўваюць партрэт «Партызан Федзя» (1943), карціна «У партызанскай кузні» (1945). Хараство роднай прыроды апяваецца ў пейзажах «Забытая званіца» (1936), «Ноч» (1941), «Пад снегавым пакрывалам» (1942), «Вясновая казка» (1957), тэматычнай карціне «Вячэрняя балада» (1970) і інш.

Працаваў таксама ў станковай (серыя партрэтаў «Беларускія народныя тыпы», 1930-я) і кніжнай (афармляў часопіс «Нёман», 1931—1932; кнігі Міхася Машары «На сонечны бераг!», 1934 і «На прадвесні», 1935, і інш.) графіцы.

Выканаў размалёўкі ў касцёлах у Солах (1934), Смаргоні (1936), Шарашове (1938); у бернардзінскім касцёле ў Гродне, аформіў касцёл у Корцы (Украіна; 1930-я). Аўтар абразоў «Св. Францыск» (1934), «Маці Божая Поразаўская» (1937) і інш.

Фонды Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы ў Мінску налічваюць 14 карцін Пётры Сергіевіча, сярод якіх — «А хто там ідзе» (1945), «Партрэт Уладзіславы Станкевіч» (1952), «Янка Купала за чытаннем сваіх твораў у карчме» (1957) і г. д. Дзве яго работы — «А ты, сіраціна, жыві!» і «Званар» — ёсць часткай новай стацыянарнай экспазіцыі музея[2]. Дзве карціны захоўваюцца ў карпаратыўнай калекцыі Белгазпрамбанка ў Мінску[3].

Памяць

  • У 1994 годзе «Белпошта» выпусціла паштовую марку

Бібліяграфія

  • Аўтабіяграфія // Мастацтва. 1993. № 1.

Зноскі

Літаратура

  • Салодкіна Л. У. Сергіе́віч Пётра (Пётр Аляксандравіч) // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. Мн.: БелЭн, 1995. — С. 659. — 800 с. 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
  • Ліс А. Пётра Сергіевіч. — Мн., 1970.
  • Крукоўскі У. Невядомы Сергіевіч // Наша вера. 1996. № 1.
  • Бажэнава В. Роспісы Пётры Сергіевіча // Наша вера. 2001. № 1.
  • Салодкіна Л. У. Сергіевіч Пётра (Пётр Аляксандравіч) // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 14: Рэле — Слаявіна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 14. — С. 348. 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0238-5 (т. 14).
  • Усава Н. М. Пётра Сергіевіч. Пётра Сергиевич. Piotra Sergijevich. (Славутыя мастакі з Беларусі) — Мн., Беларусь, 2020. — 82 с. — ISBN 978-985-01-1376-4.

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.