Пячэрск — прадмесце Магілёва, размешчанае на паўночны захад ад гістарычнага цэнтра, на Дубравенцы, каля Пячэрскага лесапарку.
Гісторыя
Пячэрскі «двор» існаваў ужо прынамсі ў сярэдзіне XV ст. і належаў князю Андрэю Уладзіміравічу[1], які даваў мясцовасць у часовае трыманне Кіева-Пячэрскаму манастыру пра што сведчыць назва «двара». Пазней належаў князю невядомага паходжання Аляксею Лахтыновічу, які з маці княгіняй Марухай 1 снежня 1532 года, за памінанне душ сваіх і сваякоў, надаў «Пячэрскі двор» каля дарогі на Магілёў з вёскай, падаткамі, землямі і людзьмі Кіева-Пячэрскаму манастыру[2]. У ХVІ ст. манастыр пабудаваў тут карчму і млын і атрымліваў даходы з іх[3].
Да 1635 года ўсходняя частка Пячэрскага маёнтка пераходзіць да братоў Борцаў, якія будуюць на ёй свой двор з садам і гумнішчам. У 1644 года двор Борцаў пераходзіць да Захара Крукоўскага, а пасля 1682 года да магілёўскіх кармелітаў[3].
У 1788 годзе епіскап Георгій Каніскі будуе ў Пячэрску новую царкву ў імя Святога Георгія.
У XVIII ст. у Пячэрску размясцілася загарадная рэзідэнцыя каталіцкага магілёўскага архібіскупа Станіслава Богуш-Сестранцэвіча. Да 1784 года былі пабудаваны Пячэрскі касцёл, двухпавярховы мураваны палац, закладзены вялікі сад з аранжарэяй, арганізавана дыванова-ткацкая і швейная фабрыкі, піваварня, карчма, вадзяны млын на Дубравенцы. У спецыяльна адведзеных пакоях палаца ладзіў спектаклі прыгонны тэатр. Тут жа працавала друкарня. Пасля пераносу цэнтра каталіцкай епархіі з Магілёва ў Пецярбург, прыкладна з 1801 года, С. Богуш-Сестранцэвіч пераязджае на сталае жыхарства ў сталіцу імперыі[3].
Падчас знаходжання ў Магілёве штаба расійскай 1-й арміі, Пячэрская рэзідэнцыя епіскапа была перададзена вайскоўцам. З 1820 года палац выкарыстоўваецца як ваенны шпіталь на 600 асоб. У сярэдзіне ХІХ ст. будынак разам з некалькімі драўлянымі флігелямі, стайняй, 27 дзесяцінамі зямлі і садам пераходзіць да магілёўскага губернскага прыказа грамадскага догляду, які ў 1862 годзе размяшчае тут «багадзельню для інвалідаў вайны»[3].
- Палац, выгляд з паўночнага ўсходу. 1940-я
- Палац, выгляд з паўднёвага ўсходу. 1940-я
- Палац, выгляд з паўднёвага захаду. 1940-я
У 1908 годзе ў Пячэрскую сядзібу пераведзены хворыя псіхіятрычнага аддзялення губернскай бальніцы, якіх размясцілі ў трох пабудовах былой багадзельні і інваліднага дома. Бальніца атрымала назву Георгіеўская або Св. Георгія. Пры бальніцы былі пабудаваны анатамічны кабінет, капліца і аптэка. 11 верасня 1908 года адкрыты агульнаманастырскі прытулак для хронікаў з царквой Святога Стэфана[3].
5 мая 1928 года — Наркамздароўя БССР былі выдзелены сродкі на будаўніцтва новай псіхіятрычнай бальніцы ў Магілёве. У канцы 1920 — пачатку 1930-х гадоў пабудавалі новыя карпусы Пячэрскай бальніцы. Пасля арышту органамі НУКС у 1936 годзе і катаванняў праз год быў адпраўлены ў Магілёўскую псіхіятрычную бальніцу беларускі паэт, дзяржаўны і грамадскага дзеяч Цішка Гартны (Зміцер Жылуновіч), дзе памёр пры нявысветленых абставінах. Сімвалічная магіла З. Жылуновіча знаходзіцца ў Пячэрску, на ёй усталяваны мемарыяльны знак[3].
На месцы былых драўляных пабудоў сядзібы С. Богуш-Сестранцэвіча ў быў пабудаваны комплекс мураваных будынкаў, два з якіх захаваліся да нядаўняга часу. У будынку знаходзілася дыягнастычная лабараторыя. На сённяшні дзень адзін з карпусоў разбураны[3].
У 1941 годзе падчас акупацыі нямецкімі войскамі, былі знішчаны ўсе хворыя Пячэрскай бальніцы — 1200 чалавек. У 1947 годзе адкрыты Шпіталь для інвалідаў Айчынная вайны. З таго часу і да 2000-х гг. тут месцілася Магілёўская псіхіятрычная бальніца, першае псіхіятрычная ўстанова Беларусі, якая на пачатку 2000-х гадоў была зачынена.
Рашэннем Навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны № 45 ад 14 мая 1998 г. комплексу неўралагічнай бальніцы (тры карпусы) ХIХ стагоддзя па вул. Сурганава, 53 прысвоены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці 3-й катэгорыі (шыфр 1а1Е700184)[4]. У 2006 годзе назва каштоўнасці зменена на «Комплекс будынкаў (тры карпусы)»[5].
У пераліку матэрыяльных аб’ектаў, якім надаецца статус і катэгорыя гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, зацверджаным Пастановай Савета Міністраў ад 14 мая 2007 г. № 578, ужо фігуе як «комплекс будынкаў (два корпусы)» па вул. Сурганава, 41[6].
Былы палац архібіскупа Богуша-Сестранцэвіча, які каля пяці гадоў стаяў занядбаны, быў пазбаўлены статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці і знесены ў 2009 годзе без папярэдняй агалоскі. Як паведаміў супрацоўнік упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама[7]:
Прынятае было рашэнне навукова-метадычнай рады Міністэрства культуры. Аднагалосна рада прагаласавала за тое, каб гэта здарылася. Там фундамент толькі застаўся ад таго будынка дзевятнаццатага стагоддзя. Ён некалькі разоў перабудоўваўся. Таму не ўяўляе з сябе ніякай архітэктурнай і гістарычнай каштоўнасці. |
- Палац перад зносам
- Палац перад зносам
- Палац перад зносам
- Палац перад зносам
- Палац перад зносам. Месца было паўднёвага порціка
- Палац перад зносам
- Адзін з карпусоў перад зносам
- Адзін з карпусоў перад зносам
У 2009 г. на тэрыторыі ўстановы аховы здароўя «Магілёўская абласная псіхіятрычная бальніца» перад с будынкам, дзе ў час вайны разгортваліся трагічныя падзеі, адбылося адкрыццё памятнага знака «У памяць аб загубленых душах»[3] (скульптар Аляксандр Мінькоў). Расходы па вырабе памятнага знака ўзяў на сябе нямецкі бок. Ініцыятарамі праекта выступілі дактары клінікі агульнай псіхіятрыі Гайдэльберга і супрацоўнік Інстытута гісторыі і этыкі медыцыны тэхнічнага ўніверсітэта г.Мюнхена (ФРГ) доктар псіхіятрычных навук Герыт Гоендорф. Ва ўрачыстым адкрыцці памятнага знака прынялі ўдзел намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка, консул Германіі Петэр Эк, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, грамадскасць і моладзь, а таксама дэлегацыя з нямецкага горада Гейдэльберга. Знак мае выгляд двухмятровай пліты з чорнага карэльскага граніту, у чорнай скрыўленай прасторы якой знаходзіцца скразная фігура асуджанага на смерць чалавека, які цягнецца да святла ў акне, — да жыцця[8].
21 верасня 2010 года Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь на падставе заключэння Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці пазбаўлены былы лячэбны корпус са складу комплексу будынкаў (два корпусы) па вул. Сурганава, 41[9].
У сувязі са знішчэннем аднаго з будынкаў і пабудовай новых для «SOS-дзіцячая вёска Магілёў» змянілася іх нумарацыя, так будынак, які значыўся пад нумарам 41, цяпер нумар 53. У ім размяшчаецца Магілёўскі абласны вучэбна-метадычны цэнтр фізічнага выхавання насельніцтва[3].
- Месца, дзе стаяў палац, на задні плане дом № 53
- Ацалелы лячэбны корпус
- Ацалелая воданапорная вежа
У 2017—2019 гг. Ініцыятывай «Захаваем Пячэрскі лесапарк» праведзена інвентарызацыя векавых дрэў лесапарку і прадмесця, якая выявіла звыш 100 дубоў, хвояў, елак і ліп з абхопам звыш 3 метры. Для правядзення абследавання лесапарку былі запрошаны навукоўцы з Інстытута эксперыментальнай батанікі НАН РБ, якія далі заключэнне пра мэтазгоднасць стварэння рэспубліканскага ці мясцовага заказніка на яго тэрыторыі.
У чэрвені — ліпені 2019 года праведзена грамадскае абмеркаванне архітэктурна-планіровачнай канцэпцыі, распрацаванай інстытутам «Магілёўграмадзянпраект», якая прадугледжвала будаўніцтва на месцы комплексу былой бальніцы двух 5-7 павярховых жылых дамоў[10]. Канцэпцыя была адхілена праз «дапушчаныя парушэнні горадабудаўнічых рэгламентаў і нізкі ўзровень прапрацоўкі»[11]. Перапрацаваная канцэпцыя, якая прадугледжвала ўзвядзенне двух ужо 8-10 павярховых жылых дамоў, была вынесена на грамадскае абмеркаванне ў снежні 2019 года[12], па выніку якога яна была прынятая да далейшай распрацоўкі[13]. Канцэпцыя прадугледжвала высечку большай часткі зялёных насаджэнняў і знос міжваеннай ваданапорнай вежы.
Між тым актывісты аховы помнікаў з тэлеграм-канала «Спадчына» ў час апошняга абмеркавання звярнулі ўвагу мясцовых уладаў на недапушчальнасць згодна з Кодэксам аб культуры распрацоўкі праектна-каштарыснай дакументацыі на тэрыторыі, што непасрэдна прылягае да гісторыка-культурнай каштоўнасці па вул. Сурганава, 53, для якой не былі зацверджаны зоны аховы. Паводле некаторых звестак, праект зон аховы ў гэты час знаходзіўся на апошніх стадыях узгаднення і, згодна з яго рэгламентамі, будаўніцтва на дадзенай тэрыторыі, акрамя аднаўлення страчаных карпусоў комплексу, было забаранена, у сувязі з чым праект быў адкліканы мясцовымі ўладамі «на дапрацоўку». Экаактывісты з Магілёўскага адзялення грамадскага аб’ядняння «Экапраект» таксама звярнуліся з прапановай правесці археалагічныя даследаванні з мэтай пераўтварэння культурнай каштоўнасці ў «Пячэрскае прадмесце г. Магілёва: пабудовы, планіровачная структура, ландшафт і культурны пласт» і надаць Пячэрскаму лесапарку статус заказніка[14].
Але ўжо 6 лютага 2020 года быў зацверджаны праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Будынак» па вул. Сурганава, 53, рэгламенты якога не дазвалялі новае будаўніцтва на большай тэрыторыі былой бальніцы[15]. У выніку праект забудовы раёна быў адкладзены. Неахопленай зонамі аховы застаўся толькі ўчастак на рагу вуліц Сурганва і Ніжняй Карабанаўскай, на якой размяшчаюцца міжваенныя будынкі лячэбнага корпуса і воданапорнай вежы.
2 верасня 2021 года рашэннем Магілёўскага гарвыканкама быў абвешчаны заказнік мясцовага значэння «Пячэрскі»[16], у межы якога, аднак, зялёныя насаджэнні на тэрыторыі былой бальніцы не ўвайшлі[17].
У лістападзе 2022 года стала вядома, што Магілёўскі аблвыканкам рыхтуе рашэнне аб прысваенні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці міжваенным будынкам лячэбнага корпуса і воданапорнай вежы[14].
Зноскі
- ↑ АЗР. Т. 1. — № 46, с. 59-60.
- ↑ АСЗР. Т. 2. — № 13, с. 11.
- 1 2 3 4 5 6 7 8 9 kropki.by — інтэрактыўная мапа Магілёва(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 10 верасня 2022. Праверана 14 лістапада 2022.
- ↑ Постановление Министерства культуры Республики Беларусь от 10 апреля 2003 г. № 11 «Об утверждении Государственного списка историко-культурных ценностей Республики Беларусь»
- ↑ Постановление Министерства культуры Республики Беларусь от 29 марта 2006 г. № 5 «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у пастанову Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 10 красавіка 2003 г. N 11»
- ↑ Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь 14 мая 2007 г. № 578 «Аб статусе гісторыка-культурных каштоўнасцей» Архівавана 23 красавіка 2022.
- ↑ «Помнік зьнесьлі цішком, каб ня ведалі людзі». 17 лістапада 2009
- ↑ В МОГИЛЕВЕ ОТКРЫТ ПАМЯТНЫЙ ЗНАК В ПАМЯТЬ О ЗВЕРСКИ ЗАМУЧЕННЫХ ФАШИСТАМИ ПАЦИЕНТАХ ПСИХБОЛЬНИЦЫ 02.07.2009(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 14 лістапада 2022. Праверана 14 лістапада 2022.
- ↑ Постановление Совета Министров Республики Беларусь от 21 сентября 2010 г. № 1351 «Аб наданні статусу і катэгорый гісторыка-культурнай каштоўнасці, пазбаўленні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці і ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у пастанову Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 мая 2007 г. № 578»
- ↑ Извещение о проведении общественного обсуждения архитектурно-планировочной концепции объектов Многоквартирный жилой дом № 1 по ГП в районе ул. Сурганова и ул. Нижняя Карабановская в г. Могилеве с благоустройством прилегающей территории" и Многоквартирный жилой дом № 2 по ГП в районе ул. Сурганова и ул. Нижняя Карабановская в г. Могилеве с благоустройством прилегающей территории"(недаступная спасылка)
- ↑ Итоги общественных обсуждений(недаступная спасылка)
- ↑ Извещение о проведении общественного обсуждения архитектурно-планировочной концепции объекта «Комплекс многоквартирной жилой застройки в районе ул. Сурганова и ул. Нижняя Карабановская в г. Могилеве»(недаступная спасылка)
- ↑ Итоги общественного обсуждения «Многоквартирный жилой дом со встроенными помещениями в районе пересечения улицы Николая Островского и улицы Рогачевской с благоустройством прилегающей территории в городе Могилеве»(недаступная спасылка)
- 1 2 Публікацыя на тэлеграм-канале «Спадчына»
- ↑ Праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці "Будынак" па вул. Сурганава, 53 у г. Магілёве ад 06.02.2020 № 7 у Нацыянальным фондзе тэхнічных нарматыўных прававых актаў
- ↑ Решение Могилевского городского исполнительного комитета от 2 сентября 2021 г. № 8-43 «Об объявлении заказника местного значения „Печерский“»
- ↑ В МОГИЛЕВСКОЙ ОБЛАСТИ ОБЪЯВЛЕН НОВЫЙ ЗАКАЗНИК - "ПЕЧЕРСКИЙ" 18 октября 2021 06:53
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Пячэрск (Магілёў)
- Загарадная рэзідэнцыя Станіслава Богуш-Сестранцэвіча (рэшткі) // kropki.by — інтэрактыўная мапа Магілёва Архівавана 10 верасня 2022.