Пытальнік (?) — знак прыпынку, ставіцца звычайна ў канцы сказа для выражэння пытання або сумнення. Пытальнік ставіцца ў канцы простага сказа (у тым ліку слова-сказа), якім выражаецца прамое пытанне: Адкуль тут музыка нясецца? Чыя тут песня ў душу льецца? (Я. Колас). Пытальнік ставіцца ў канцы складаназалежнага сказа, калі пытанне выражана ў галоўнай і даданай частках або толькі ў галоўнай: Край мой родны! Дзе ж у свеце край другі такі знайсці, дзе б магла так, поруч з смеццем, гожасць пышная ўзрасці? (Я. Колас). Пытальнік можа ставіцца ў канцы складаназалежнага сказа і тады, калі прамое пытанне заключаецца ў даданай частцы: І скажы, дзядок, адкуль хмары гэтыя выходзяць? (Я. Колас). Пытальнік ставіцца ў канцы складаназлучанага і бяззлучнікавага складанага сказа, калі кожная яго частка або толькі апошняя частка выражае пытанне: Ці гэта казку лес складае, ці даль ачнулася нямая і немасць песняй парушала? (Я. Колас). У пытальных сказах з аднароднымі членамі сказа пытальнік можа ставіцца пасля кожнага аднароднага члена з мэтай раздзялення пытання: Стрэл адзінокі рэхам трывожна глухім дакаціўся да іх. Што гэта? Стрэл паляўнічы? Ці знак таямнічы? (А. Куляшоў).

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.