Меданосная пчала | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Навуковая класіфікацыя | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
прамежныя рангі
| |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Міжнародная навуковая назва | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Apis mellifera Linnaeus, 1758 | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Арэал | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
| |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
|
Пчала меданосная (Apis mellifera) — насякомае надсямейства пчаліных атрада перапончатакрылых. «Грамадскія» насякомыя, жывуць пчалінымі сем’ямі. Пашыраны паўсюдна.
Біялагічныя асаблівасці
Цела пчалы (даўжыня да 15 мм, у маткі да 25 мм) складаецца з галавы, грудзей і брушка, мае цвёрдае покрыва з найдрабнейшымі валаскамі — кутыкулу, якая служыць шкілетам і апораю для ножак і крылцаў. Для збору кветкавага пылку на ножках пчалы ёсць кошычкі, грабеньчыкі, шчотачкі. Нектар з кветак пчала ўсмоктвае ў мядовы валлячок з дапамогаю хабатка, які ўтвараецца з ніжняй сківіцы і ніжняй губы. Лётае яна з дапамогаю двух пар крылаў. Трымацца ў паветры пчале памагаюць і тры паветраныя мяшкі, размешчаныя ў галаве, грудзях і брушку.
Развітыя органы нюху, дотыку, смаку, зроку дапамагаюць пчале лёгка знаходзіць крыніцы медазбору. Напрыклад, з дапамогаю органаў нюху пчала чуе пах кветак і хутка знаходзіць іх у радыусе 1,5-2 км і больш.
У пчалы пяць вачэй — два вялікія складаныя (фасетачныя) вокі і тры простыя. Складаныя вочы — гэта мноства дробных вочак (фасетак). Кожная фасетка вока ўспрымае нязначную частку прадмета, але ўсё разам яны дазваляюць бачыць прадмет з яго найдрабнейшымі дэталямі. Асабліва добра пчала адрознівае сіні, блакітны, жоўты і белы колеры; адрознівае ультрафіялетавае выпраменьванне, таксама формы прадметаў. У палёце пчала арыентуецца па сонцы. Простыя вочы памагаюць ён арыентавацца ў цемнаце.
У галаве і часткова ў грудзях размешчаны залозы — слінныя і тыя, што выпрацоўваюць лічынкавы корм (матачнае малачко). Задняя пара ног мае кошычкі, у якіх пчала можа несці да 40 мг пылку. На 3-6-м сегментах брушка знаходзяцца васковыя залозы. У канцы брушка ў маткі і рабочай пчалы ёсць орган абароны — джала, злучанае з дзвюма залозамі, якія выдзяляюць пчаліны яд.
Корм дарослых пчол — мёд, пярга; матку ў час адкладвання яец кормяць матачным малачком. Органы стрававання: глотка, стрававод, мядовы валлячок (умяшчае да 65 мг нектару), сярэдняя кішка і задні аддзел. Стрававальная сістэма пчалы, акрамя асноўнай функцыі, адыгрывае яшчэ і ролю рэзервуара для часовага захоўвання нектару і мёду пры яго зборы і пераносе і прыстасавана таксама да асаблівых умоў жыцця і жыўлення на працягу доўгага зімовага перыяду, калі пчолы не могуць пакідаць сваё гняздо.
Да палавога размнажэння здольныя матка і трутні. У час вылету матка спароўваецца з некалькімі (5-9) трутнямі. Сперма захоўваецца ў арганізме маткі ўсё жыццё, але апладняюцца не ўсе яйцы. 3 аплодненых яец развіваюцца маткі і рабочыя пчолы, з неаплодненых — трутні. Ператварэнне поўнае.
Пароды пчол
У выніку працяглага натуральнага адбору ў розных паводле ўмоў жыцця зонах сфарміраваліся мясцовыя або геаграфічныя пароды пчол з характэрнымі для кожнай з іх марфалагічнымі і агульнабіялагічнымі ўласцівасцямі (пладавітасць, тэмп развіцця, прадукцыйнасць, зімаўстойлівасць, адносіны да пэўных відаў меданосных раслін). Найбольшае пашырэнне атрымалі сярэдняруская, шэрая горная каўказская, украінская, карпацкая, украінская стэпавая, італьянская пароды. Па меданоснай прадукцыйнасці першае месца сярод іх займаюць карпацкія пчолы.
Колер цела пчол карпацкай пароды шэры. Даўжыня хабатка 6,3 мм. Пячатка мёду белая. Міралюбівыя, пры аглядах гнязда спакойныя. Вясною пчолы гэтай пароды хутка нарошчваюць сілу сям’і і падтрымліваюць яе ўвесь сезон. Карпацкія пчолы добра выкарыстоўваюць ранні веснавы, сярэдня- і позналетнія медазборы, актыўна працуюць у садах, на канюшыне і грэчцы.
Пчаліная сям’я
Пчаліная сям’я — гэта цэласная біялагічная і гаспадарчая адзінка: ні адна з асобін, якія ў яе ўваходзяць, не можа існаваць, жывіцца і размнажацца па-за пчалінай сям’ёй; кожная з іх можа выконваць свае функцыі толькі ў цеснай узаемасувязі з астатнімі асобінамі. Пчаліная сям’я складаецца з адной плоднай маткі, многіх тысяч рабочых пчол і значнай колькасці трутняў-самцоў, якія жывуць у сям’і толькі летам. Чым болей пчол у сям’і, тым яна мацнейшая і тым большыя зборы мёду.
Матка
Матку паводле знешняга выгляду лёгка адрозніць ад рабочых пчол — яна даўжэйшая (даўжыня цела маткі 18-20 мм, рабочых пчол — 12-15 мм) і большая за іх (сярэдняя маса маткі ў час адкладвання яец 0,25 г, маса рабочых пчол у сярэднім 0,1 г). Матка выводзіцца з аплодненага яйца на 16-17-я суткі пасля яго адкладвання ў прызначаную для яе вырошчвання спецыяльную васковую ячэйку. Праз 6-8 сутак пасля выхаду з матачніка матка дасягае палавой спеласці і вылятае з вулля для сустрэчы і спароўвання з трутнямі. Летам пры спрыяльных умовах яна адкладвае за суткі каля 2 тыс. і больш яец; за вясенне-летні перыяд — 150—160 тыс. яец. Матка заўсёды знаходзіцца ў вуллі. Самастойна без пчол яна жыве не больш як 2-3 дні, у клетачцы з невялікай колькасцю пчол — 15-20 дзён, часам каля месяца. У сям’і матка можа жыць 5-6 гадоў, але трымаць яе варта не больш як два гады, бо з трэцяга года яна менш пладавітая, рана заканчвае адкладванне восенню і пазней пачынае вясною, павялічвае адкладванне неаплодненых яец, горш зімуе. Узрост маткі і яе спадчынныя асаблівасці аказваюць велізарны ўплыў на стан пчалінай сям’і — яе сілу, зімаўстойлівасць, прадукцыйнасць.
Рабочыя пчолы
Рабочыя пчолы — гэта жаночыя асобіны з недаразвітымі палавымі органамі. У сям’і з маткаю яны яец не адкладваюць. Але калі сям’я доўгі час не мае маткі і не можа вывесці новую матку, частка рабочых пчол набывае здольнасць адкладваць невялікую колькасць неаплодненых яец, з якіх выходзяць трутні. Такіх пчол называюць пчоламі-трутнёўкамі.
Рабочыя пчолы выконваюць усе работы ў вуллі. Маладая пчала ў сям’і можа рабіць любую работу ў гняздзе: яна мае для гэтага добра развітыя органы і залозы. Аднак пчала выконвае менавіта тую работу, якая патрэбна якраз на пэўным участку сотаў. Абставіны, што дзеюцца навакол, выклікаюць у яе адпаведны рэфлекс. Так, напрыклад, калі пчала трапіла на ўчастак сотаў з маладымі лічынкамі, яна пачне даваць ім корм, трапіўшы на соты, дзе лічынак, якія выраслі, запячатваюць вечкамі, яна выконвае пэўную частку гэтай работы і г.д. Ні адна пчала не выконвае работы да канца, а толькі невялікую яе частку. Наступная пчала, якая апынулася на гэтым самым месцы, дарабляе тое, што засталося. Так, у выніку дзейнасці многіх дзесяткаў, а то і соцень пчол работа даводзіцца да канца.
Маладыя пчолы пераважна чысцяць ячэйкі, у якіх яны самі вывеліся, кормяць лічынак старэйшых, а пасля маладзейшых, выдзяляюць воск. Як крыху падрастуць, маладыя пчолы становяцца будаўнікамі сотаў, вартаўнікамі каля лятка, прыёмшчыцамі нектару і г.д. Другую палавіну жыцця пчолы працуюць у полі — збіраюць і носяць у вулей нектар і пылок. Такім чынам, усіх пчол сям’і можна падзяліць на вуллёвых (нялётных) маладых пчол, што вырошчваюць расплод і робяць іншыя работы ў гняздзе, і палявых (лётных), якія збіраюць нектар І пылок з кветак раслін. Пераход ад вуллёвых работ да палявых залежыць ад стану пчалінай сям’і і наяўнасці медазбору. Вясною, калі сям’я развіваецца, маладыя пчолы пачынаюць збіраць корм з 15-20-га дня; у такі час у полі працуе толькі 10-15 % пчол сям’і. Летам жа маладыя пчолы пераходзяць да лётнай работы на 10-14-ы дзень жыцця. Пры вялікім медазборы частка пчол ужо з 4-5-га дня жыцця пачынае працаваць у полі, абмінаючы работы па вырошчванню расплоду. Палявых пчол у разгар сезона можа быць 50-60 % ад усіх пчол сям’і.
Лётныя пчолы паводле сваіх функцый падзяляюцца на пчол-разведчыц і пчол-зборшчыц. Зранку першымі ў поле вылятаюць пчолы-разведчыцы, якія, знайшоўшы нектар, набіраюць яго ў свае мядовыя валлячкі і вяртаюцца ў вулей, дзе паведамляюць пчолам-зборшчыцам пра знойдзеную крыніцу корму. Пры гэтым пчала-разведчыца пралазіць ў скопішча пчол-зборшчыц і сярод іх робіць на сотах спецыяльныя сігнальныя рухі. Зборшчыцы ўспрымаюць іх як сігнал, каб ляцець па корм. Разведчыцы ад астатніх пчол адрозніваюцца знешнім выглядам: гэта «лысыя пчолы» (без валаскоў), якія здаюцца чорнымі. 3 першых дзён работы ў пчол-разведчыц валаскі ломяцца і выпадаюць у час энергічных сігнальных рухаў сярод пчол-зборшчыц. Зборшчыцы, прынёсшы ў вулей нектар, самі яго ў ячэйкі сотаў не складваюць, а перадаюць маладым пчолам-прыёмшчыцам.
Трутні
Трутні паяўляюцца ў пчалінай сям’і вясною і летам. У сям’і яны ніякай работы не робяць, адзіная іх функцыя — апладненне маткі. Палавой спеласці труцень дасягае ва ўзросце 10-14 сутак. Пасля спарвання з маткаю, сустрэча з якою адбываецца ў палёце, ён гіне. Жывуць трутні каля двух месяцаў. Восенню пчолы выганяюць іх з вулля, і яны гінуць, а ў сям’і без маткі або ў сям’і, дзе пчолы самі выявілі, што іх матку трэба замяняць, трутні застаюцца на зіму.
Соты
Соты — пчаліныя пабудовы з воску для захоўвання корму і вырошчвання расплоду; служаць таксама гняздом пчалінай сям’і. Канструкцыя сотаў унікальная і дасканалая. Мэтазгоднасцю планіроўкі яна забяспечвае максімальнае выкарыстанне прасторы, агульную эканамічнасць і высокую трываласць усёй пабудовы. Соты складаюцца з шасцігранных ячэек, прычым кожная сценка адной служыць і сценкаю для другой ячэйкі. Ячэйкі размяшчаюцца абапал агульнага міжсцення, якое можа быць і штучным, зробленым у заводскіх умовах. Гэта так званая вашчына — тонкія васковыя лісты з адпрасаванымі на іх шасцівугольнікамі (донцамі ячэек); вашчыну замацоўваюць у рамках і ўстаўляюць у вулей, што палягчае і паскарае пабудову сотаў з ячэйкамі правільнай формы, спрыяе павышэнню прадукцыйнасці пчалінай сям’і.
Будаўнічы матэрыял — воск — вырабляюць самі пчолы. Размякчаны воск лёгка ляпіць, а застылы надзейна трымае форму і даволі трывалы, даўгавечны, гігіенічны, яго не псуюць мікраарганізмы, ён не паддаецца разбуральнаму дзеянню кіслароду.
Будаўнічыя работы пчолы распачынаюць вясною, як толькі стануць вылятаць на кветкі; дзейнасць залоз, што выдзяляюць воск, узбуджаецца пры жыўленні свежым нектарам і пылком. Найперш пачынаецца «пабелка», або абнаўленне сотаў. Спачатку надбудоўваюцца ячэйкі ў верхняй частцы сотаў, куды складваецца мёд і запячатваецца васковымі вечкамі. Пасля ідзе рамонт сотаў, дабудоўваюцца недаробленыя. Веснавыя соты — самыя каштоўныя, пчолы любяць прасторнае гняздо, і ад яго аб’ёму залежыць вельмі многае ў жыцці сям’і, калі ўлічыць, што соты універсальныя паводле свайго прызначэння.
У натуральным гняздзе звычайна 6-8, радзей 10 сотаў. Яны размяшчаюцца паралельна, на строга вызначанай (12,5 мм) адлегласці адны ад адных. Прастору паміж сотамі пчаляры называюць вулачкамі: па іх, быццам па вуліцах, свабодна перамяшчаюцца пчолы. У пчаліным гняздзе ўсе пабудавана рацыянальна. Уверсе — харчовы склад, дзе захоўваецца мёд. Пад ім, куды праз ляток свабодна паступае свежае паветра, вырошчваецца патомства. У ніжняй, неасветленай частцы гнязда (пад расплодам) заўсёды ёсць свабодныя, нічым не занятыя соты. Гэта свайго роду элеватар, куды пчолы складваюць прынесены нектар. Яго тут падсушваюць, абагачаюць кіслотамі, ферментамі, ператвараюць у мёд. Да вечара «элеватар» будзе запоўнены напырскам — свежым вадкім мёдам. Але да раніцы пчолы перанясуць мёд у «склад», і «элеватар» зноў апаражніцца.
Размнажэнне пчалінай сям’і
Размнажэнне пчалінай сям’і адбываецца ў выніку натуральнага раення і штучным шляхам — фарміраваннем новых сем’яў адводкамі: частку пчалінай сям’і пераводзяць (адводзяць) у новы вулей. Другі шлях дае мажлівасць арганізавана і планамерна атрымліваць прырост сем’яў на пчальніку, забяспечвае больш высокую прадукцыйнасць пчальніка, вызваляе пчаляра ад турбот, звязаных з натуральным раеннем.
Прадукты пчалярства
- мёд
- пчаліны воск
- пярга
- пропаліс
- кветкавы пылок
- матачнае малачко
- пчаліны яд
Літаратура
- Энцыклапедыя сельскага гаспадара / Рэдкал М. А. Ткачоў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелЭн, 1993. — 736 с.: іл. ISBN 3-85700-079-3
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.13: Праміле — Рэлаксін / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 13. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0216-4 (Т. 13).