Пціч
Рака Пціч у Акцябрскім раёне
Рака Пціч у Акцябрскім раёне
Характарыстыка
Даўжыня 421 км
Басейн 9 470 км²
Расход вады 49,7 м³/с
Вадацёк
Выток Беларусь
  Каардынаты 53°51′22″ пн. ш. 27°07′23″ у. д.
Вусце Прыпяць
  Каардынаты 52°08′45″ пн. ш. 28°51′41″ у. д.
Размяшчэнне
Водная сістэма Прыпяць  Дняпро  Дняпроўскі ліман[d]

Краіна
Рэгіёны Мінская вобласць, Магілёўская вобласць, Гомельская вобласць
physical
Пціч (рака)
Пціч (рака)
— выток, — вусце
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Пціч — рака ў Мінскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцях, левы прыток Прыпяці. Даўжыня 421 км. Вадазбор 9470 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 49,7 м³/с. Агульнае падзенне ракі 176 м. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,4 .

Назва

Назва Пціч балцкага паходжання. У аснове балцкі корань Put-, ад якога пазнейшае Път-[1].

Найперш увагу звяртаюць, што ад гэтага кораня латышскае putns «птушка», літоўскае putė «курыца; птушка», putis, putytis, pututis, putukas, putulas «кураня; птушаня». Ад карнявога варыянта Paut- таксама літоўскае pautas «яйка», яцвяжскае *paut (> paud) «птушка»[2].

Далей да балцкага *paut- / *put- «надзьмуваць, надзьмувацца»[3]. Ад індаеўрапейскага *peu- / *pou- «надзьмуваць; раздзьмуты, апухлы, набухлы»[4]. Адбылася эвалюцыя значэнняў: «тое, што раздзьмулася» > «яйка» > «птушка» (вылупляецца з яйка).

Балцкі корань *put- «надзьмуваць, надзьмувацца» даў таксама літоўскае puta «пена», putara, putra «вадкая каша, путра; мешаніна»[5]. З гэтым семантычным развіццём звязваюць балцкую назву ракі Птора (< Пътора < *Put-ar-a) на левабярэжным Верхнім Павоччы. Семантыка гідранімічнага кораня Put- у гэтай назве вызначаецца як «месіва, непагадзь, дрыгва, нешта распоўзлае, няўстойлівае»[6].

Назва Пціч магла значыць і «Птушыная (рака)» — пасля Глуска ў Пціч уцякае рака таксама з «птушынай» назвай Даколка «Шпачыная».

Магчымае і значэнне «Балацінная (рака)», тым больш амаль на ўсім цячэнні Пцічы подступы да ракі былі значна забалочаныя. З увагі на назву Птора другое не менш імаверна. Гэта пацвярджае і назва балота Пціч (значна на захад ад ракі Пціч, паміж рэкамі Пінай і яе левым прытокам Неслухай).

Гідранімічныя аналагі, апроч Пторы, — назвы дзесенскіх рэк Птань і Пцічына[7] (< Пціч; утворана як і назва дзвінскай ракі Лебасціна ад *Lebasta), ракі Птоўка (на правабярэжным Верхнім Павоччы)[8].

Агульнае

Пачынаецца на вышыні 295 м над узроўнем мора за 1 км на захад ад вёскі Нарэйкі Дзяржынскага раёна, вусце за 1 км на ўсход ад вёскі Багрымавічы Петрыкаўскага раёна. Верхняе цячэнне ў межах Мінскага ўзвышша, сярэдняе — на захадзе Цэнтральнабярэзінскай раўніны, ніжняе — на нізіне Прыпяцкае Палессе. Разводдзе ў канцы сакавіка, у верхнім цячэнні каля 40 сутак, у ніжнім 84 сутак. Найвышэйшы ўзровень разводдзя ў пачатку красавіка, сярэдняя вышыня над межанным узроўнем 1,4—3,2 м, найбольшая — 3,7 м. Замярзае ў сярэдзіне снежня, крыгалом у канцы сакавіка. У час веснавога разводдзя частка вады з Пцічы пераліваецца ў Свіслач праз Цітаўку і Трэмлю. Каля вёскі Лучыца Петрыкаўскага раёна (60 км ад вусця) найбольшы расход вады 800 м³/с (1931), найменшы 5,76 м³/с (1915).

Паводле будовы даліна і рэчышча падзяляюцца на 2 участкі: верхні (ад вытоку да вёскі Дараганава Асіповіцкага раёна, 203 км) і ніжні (ад вёскі Дараганава да вусця, 218 км). Даліна на ўсім працягу пераважна трапецападобная (шырыня ад 1,5 км да 5,5 км, у вытоку да 0,1 км), у нізоўі невыразная. Пойма двухбаковая, яе шырыня да вёскі Гарадзішча Мінскага раёна ад 60 м да 300 м, ніжэй 1—3 км, каля вёскі Пясчанка Асіповіцкага раёна да 5 км.

Рэчышча свабодна меандруе, разгаліноўваецца пратокамі, якія ўтвараюць астравы. Яго шырыня ў верхнім цячэнні да вусця ракі Асачанка (85 км ад вытоку) 5—10 м, ніжэй 20—45 м, у ніжнім цячэнні 45—70 м.

У басейне ракі балота Арэхаўскі мох.

Асноўныя прытокі

Справа: Асачанка, Шаць, Зарудзеча, Даколька, Арэса, Альхоўка, Нямёгля.
Злева: Нератоўка, Няслаўка.

На рацэ

Гарадскія пасёлкі: Праўдзінскі, Глуск, Капаткевічы. Аграгарадок Завалочыцы. Вёскі: Гарадок, Самахвалавічы, Бярозаўка і інш. Вадасховішчы: Воўкавіцкае.

Заўвагі

  1. В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 203.
  2. K. Karulis. Latviešu etimoloģijas vārdnīca. Rīga, 1992 / 2001. C. 662, 729.
  3. V. Mažiulis. Prūsų kalbos etimologijos žodynas. Vilnius, 2013. С. 680.
  4. J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 847—848.
  5. K. Karulis. Latviešu etimoloģijas vārdnīca. Rīga, 1992 / 2001. C. 727, 728, 729—730.
  6. Топоров В. Н. Балтийский элемент в гидронимии Поочья III // Балто-славянские исследования 1988—1996. Москва, 1997. С. 276—277.
  7. П. Л. Маштаков. Список рек днепровского бассейна. С.-Петербург, 1913. С. 187.
  8. Г. П. Смолицкая. Гидронимия бассейна Оки. — Москва, 1976. — С. 86.

Літаратура

  • Ресурсы поверхностных вод СССР. Описание рек и озёр и расчёты основных характеристик их режима. Т. 5. Белоруссия и Верхнее Поднепровье. Ч. 1–2. – Л., 1971.
  • Природа Белоруссии: Попул. энцикл. / БелСЭ; Редкол.: И. П. Шамякин (гл. ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 599 с., 40 л. ил. (руск.)
  • Блакітная кніга Беларусі : Энцыклапедыя / рэдкал.: Н. А. Дзісько і інш. Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. 10 000 экз. — ISBN 5-85700-133-1.
  • Государственный водный кадастр: Водные ресурсы, их использование и качество вод (за 2004 год). — Мн.: Министерство природных ресурсов и охраны окружающей среды, 2005. — 135 с.
This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.