Пухавіцкая раўніна — геамарфалагічны раён, які размешчаны ў цэнтральнай частцы Перадпалескай правінцыі ў вярхоўях рэк Нёман і Пціч, выцягнуты ў кірунку з поўначы на поўдзень на 70 км, з захаду на ўсход на 100 км. Мяжуе на поўначы з Мінскім узвышшам, на захадзе з Капыльскай градой і Стаўбцоўскай раўнінай, на поўдні з Бабруйскай і Салігорскай, на ўсходзе з Цэнтральнабярэзінскай раўнінамі.
У тэктанічных адносінах прымеркаваны да ўсходніх схілаў Беларускай антэклізы ў зоне сучлянення з Аршанскай упадзінай. У кірунку з захаду на ўсход павялічваецца глыбіня залягання крышталічнага фундамента ад −100 да −600 м. У разрэзе платформавага чахла верхняга пратэразоя, дэвона, мела, палеаген-неагена, перакрытыя антрапагенавымі адкладамі магутнасцю 80—120 м.
У сучасным рэльефе сярод генетычных тыпаў найбольшае распаўсюджанне атрымала водна-ледавіковая раўніна на гіпсаметрычным узроўні 165—180 м. Плоская паверхня прарэзана лагчынамі стоку адталых ледавіковых вод, тэрмакарставымі западзінамі, блізу рачных далін ярамі, набываючы спадзістахвалісты характар са змяненнем адносных вышыняў да 5 м. Над водна-ледавіковай раўнінай узвышаецца некалькі марэнных град, якія ствараюць максімальны гіпсаметрычны ўзровень 190—230 м. Да іх прымеркавана абсалютная вышыня раёна 236 м (на поўдзень ад аграгарадка Сяргеевічы). Ледавіковыя комплексы значна дэнудзіраваны і характарызуюцца сярэднехвалістым і ўзгоркавым рэльефам з адноснымі перавышэннямі да 10 м. Абсалютныя вышыні вагаюцца ад 180 да 230 м. Спадзістахвалістая паверхня ўскладнена западзінамі да 60—70 м у папярочніку, пагоркамі вышынёй да 4—5 м, забалочанымі лагчынамі стоку адталых вод.
У цэнтральнай частцы раўніны шырока распаўсюджаны ўчасткі азёрна-алювіяльных забалочаных нізін. Тыповымі формамі з’яўляюцца рэшткавыя азёры (Сяргееўскае, Мацярынскае), катлавіны, тарфянікі, на прыўзнятых участках развіты эолавыя формы.
Тэрыторыя дрэнажуецца густой сеткай рэк. Тут знаходзяцца вярхоўі Нёмана, Случы, Пцічы і іх прытокаў. Даліны рэк большай часткай вузкія, слаба выяўленыя, шырынёй да 1,0—1,5 км. Рэчышча пакручастыя, шырынёй 5—20 м. Паўсюдна двухбаковая забалочаная пойма, шырыня якой вагаецца ад 60—100 да 300—400 м. Умерана крутыя і спадзістыя схілы далін вышынёй ад 5—10 да 20—40 м нярэдка разрэзаны ярамі.
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя ў 18 тамах. Т. 18. Кніга II — Мн.: БелЭн, 2004