Пузыны | |
---|---|
| |
Родапачынальнік: | Васіль Глушонак |
Кагнаты: | Рурыкавічаў |
Падданства |
Вялікае Княства Літоўскае Царства Польскае Расійская імперыя |
Пузыны — княжацкі род герба «Агінец» у Вялікім Княстве Літоўскім, Польшчы і Расійскай імперыі.
Паходжанне
Вядуць радаслоўную ад Рурыкавічаў, з XVI ст. выводзілі сябе ад чарнігаўскіх князёў, уладальнікаў Казельска, аднак дакументальна гэта не пацверджана. Роднасныя Агінскім.
Прадстаўнікі
- Цімох (Цімафей) Іванавіч Пузына, сын кн. Івана Іванавіча Глушонка — пачынальнік роду Пузынаў
- Багдан Цімафеевіч (?—1571), служыў каралеве Боне Сфорцы, пасля Жыгімонту II Старому. Маршалак гаспадарскі з 1567 г. Меў маёнткі пад Клецкам, Гародняй.
- Аляксандр (у манастве — Афанасій) (?—1650) — паборца валынскі ў 1613 г., пасол на сеймы 1616, 1618, 1632 гг. Змагаўся супраць увядзення уніяцтва. У 1632 г. абраны праваслаўным епіскапам луцкім і астрожскім (яму падначалены і праваслаўныя Пінскага павета), з 1633 г. архімандрыт жыдычаўскі. У 1648 г. падтрымаў паўстанне Б. Хмяльніцкага.
- Геранім (?—1657) — сын Яна. Удзельнічаў у войнах з туркамі. Пасол на сеймы 1632, 1649—1650 гг., дэпутат Трыбунала ВКЛ у 1630, 1644 г. Войскі ўпіцкі з 1638 г., адначасова падстароста ў 1639—1643, маршалак з 1644 г. У 1640—50-я г. адзін з найбольш актыўных абаронцаў кальвінізму ў ВКЛ.
- Андрэй (?—1701) — сын Гераніма. Староста ўпіцкі, кашталян менскі з 1697 г.
- Міхал (?—1723), сын Андрэя. Рэгент меншай канцылярыі ВКЛ у 1699—1717 гг., харунжы надворны ў 1712—1717 гг., вялікі пісар літоўскі з 1717 г. Пасол на сойм 1697 г. Удзельнік Алькеніцкай бітвы 1700 г.
- Крыштаф Дамінік (? — 2 лістапада 1731) — сын Андрэя. Упіцкі ў 1695 г. і староста ў 1696—1720 гг., мсціслаўскі кашталян з 1722 г. і ваявода з 1730 г. Маршалак Трыбунала Вялікага Княства Літоўскага у 1727 г.
- Стафан Міхал (21 снежня 1667, Упіта — 5 сакавіка 1738), сын Андрэя. Доктар філасофіі (1705 г.) і тэалогіі (1734 г.). 3 1685 г. езуіт. Выкладаў у езуіцкіх навучальных установах у Пінску, Гародне, Крожах, Вільні, Полацку, Браневе, Варшаве. У 1717—1734 гг. узначальваў езуіцкую друкарню ў Варшаве, дзе выдаваў свае тэалагічныя, філасофскія і геаграфічныя працы і пераклады.
- Пётр (21 ліпеня 1664, Новагародскае ваяводства — 1 сакавіка 1717, Вільня) — дзеяч каталіцкага касцёла, тэолаг і падагог.
- Юзаф Дамінік (сакавік 1690—5 сакавіка 1752) — дзеяч каталіцкага касцёла, тэолаг і падагог. Доктар тэалогіі і кананічнага права. Сын Уладзіслава Пузыны
- Антоні Міхал (? — 24 сакавіка 1752) — упіцкі харунжы з 1717 г. і староста ў 1724—1732 гг., харунжы надворны літоўскі з 1728 г., кашталян мсціслаўскі з 1746 г. Сын Андрэя Пузыны
- Тадэвуш (?—1788) — князь, брыгадзір літоўскай народнай кавалерыі, староста філіпаўскі.
- Юліян Пузына (24 чэрвеня 1843—20 кастрычніка 1918) — князь, пасол на Краёвы сейм Галіцыі VI і VII сходаў (1889—1901) ад IV курыі выбарчай акругі Цяшанаў. Уладальнік мястэчка Нароль.
- Уладзімеж (нар. 9 ліпеня 1947) — польскі палітычны дзеяч і навуковец. Сын капітана ВМФ Юзэфа Пузыны і Марыі з роду Зарэмбаў.
Літаратура
- Пузыны // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — С. 5—6. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8.
This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.