Аграгарадок
Псуя
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
55°12′29″ пн. ш. 28°09′30″ у. д.
Насельніцтва
524 чалавекі (1992)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 2156
Паштовы індэкс
211816
Аўтамабільны код
2
СААТА
2215860126
Псуя на карце Беларусі ±
Псуя (Беларусь)
Псуя
Псуя (Віцебская вобласць)
Псуя

Псу́я[1] (трансліт.: Psuja, руск.: Псуя) — аграгарадок у Глыбоцкім раёне Віцебскай вобласці, на заходнім беразе возера Псуя, адміністрацыйны цэнтр аднайменнага сельсавета.

Знаходзіцца за 45 км на паўночны ўсход ад Глыбокага, 164 км ад Віцебска, 7 км ад чыгуначнай станцыі Зябкі, аўтамабільнай дарогай злучана з шашой Глыбокае — Полацк.

Гісторыя

Вялікае Княства Літоўскае

У «Полацкай рэвізіі» 1552 года паведамляецца, што Баркулаб Іванавіч Корсак, нашчадак роду Корсакаў, меў 3 «дымы», людзі з якіх працавалі ў двары па 3 дні на тыдзень. Вольных людзей налічвалася 12 «дымоў», з якіх сяляне «з усякага збожжа» чацвёртую частку здавалі ўладальніку. Адзначана, што была царква Святой Тройцы, раней пабудаваная Корсакамі. У 1620 годзе Псуя была падзелена на 3 часткі паміж братамі Пятром, Сцяпанам і Іосіфам Корсакамі. У 1623 годзе Іосіф Корсак сваю частку зямель з цэнтрам у Псуі прадаў Міхаілу Раманавічу Корсаку. Пазней ад Корсакаў Псуя перайшла да Рамуальда Падбіпенты — маршалка дзісенскага. Яго дачка Юстына выйшла замуж за Яна Дэспата-Зяновіча, нашчадкі якога гаспадарылі тут да канца XIX стагоддзя.

У складзе Расійскай імперыі

У канцы XVIII стагоддзя ў Псуі быў гаспадарскі двор, пабудаваны з дрэва, уніяцкая царква, пераробленая ў праваслаўную ў 1841 годзе. У гэтай царкве ў 1621 г. быў выраблены звон з надпісам на лацінскай мове. У 1888 годзе Псуя дзялілася на некалькі частак: мястэчка Псуя (Празароцкай воласці) — 7 дамоў, 53 жыхары, царква Святога Міхаіла; фальварак Старая Псуя — 1 дом, 18 жыхароў; фальварак Новая Псуя — 1 дом, 33 жыхары; вёска Псуя над рэчкай Ішанкай — 4 дамы, 18 жыхароў, належала Зянону Дэспат-Зяновічу. Наваколле было заселена з 6 ст. да н.э., пра што сведчаць шматлікія курганы, гарадзішча на могілках. У мінулым стагоддзі знойдзена мноства прадметаў, якімі карысталіся ў старажытнасці. Бронзавы бранзалет і жалезная сякера былі перасланы ў Адэскі музей старажытнасці. А. Сапуновым выяўлены падземны ход, абкладзены цэглай, пахаванні, абкладзеныя камянямі, на некалькіх магілках былі каменныя пліты, знойдзены крамянёвыя стрэлы, бранзалеты. У 1866 годзе адкрылася народнае вучылішча, у 1872 г. пабудавана драўляная школа, у якой навучалася каля 30 вучняў.

Найноўшы час

25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай вёска абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. З 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі вёска ўвайшла у склад Савецкай Беларусі. У жніўні 1919 — ліпені 1920 года знаходзілася пад акупацыяй Польшчы.

У 1992 годзе ў вёсцы 222 двары, 524 жыхары.

Славутасці

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7 (DJVU).

Літаратура

  • Бунто І. З гісторыі населеных пунктаў Глыбоччыны / І. У. Бунто // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Глыбоцкага раёна / рэдкал.: Б. І. Сачанка [і інш.]. — Мн., 1995. — С. 443—444.
  • Псуя // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 13: Праміле — Рэлаксін / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 13. — С. 108. 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0216-4 (т. 13).

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.