Прыслоўі англійскай мовы (English adverbs) — гэта часціны мовы, якія выкарыстоўваюцца для «азначэння іншых часцін мовы акрамя назоўнікаў»[заўв 1].
Звычайна прыслоўі англійскай мовы ставяцца для азначэння дзеясловаў ці даданых сказаў (He drove fast — Ён ехаў хутка). Могуць быць выкарыстаны для азначэння іншых прыслоўяў (He drove very fast — Ён ехаў вельмі хутка) альбо прыметнікаў (She's extremely beautiful — Яна надзвычайна прыгожая). У сказе, як правіла, прыслоўі выконваюць сінтаксічную ролю акалічнасці розных тыпаў: месца, часу і г.д.
Утварэнне прыслоўяў англійскай мовы
Некаторыя прыслоўі з'явіліся як «пераасэнсаваныя» прыметнікі: яны пішуцца і чытаюцца аднолькава з прыметнікамі, ад якіх былі створаны (fast — хуткі і хутка). У сказе такія прыслоўі можна адрозніваць ад прыметнікаў наступным чынам: прыметнікі выкарыстоўваюцца для азначэння назоўнікаў, а прыслоўі — дзеясловаў. Значная колькасць прыслоўяў з'явілася з дапамогай далучэння суфікса ly да прыметнікаў: beautiful (прыгожая) — beautifully (прыгожа).
У сувязі з наяўнасцю такіх двух спосабаў утварэння прыслоўяў узнік шэраг падобных прыслоўяў з рознымі значэннямі.
Прыслоўе без ly | Значэнне ці асаблівасці выкарыстання | Прыслоўе з ly | Значэнне ці асаблівасці выкарыстання |
---|---|---|---|
cheap | танна (з дзеясловамі get — набыць, buy — купіць, sell — прадаць, hire — наняць) | cheaply | танна (з усімі астатнімі дзеясловамі) |
clean | прама, непасрэдна | cleanly | чыста |
clear | прэч, паводдаль | clearly | ясна, зразумела |
easy | лёгка (з выразамі go easy about it — асцярожней і take it easy — не хвалюйся) | easily | лёгка (з усімі астатнімі дзеясловамі) |
fair | сумленна (з дзеясловамі fight — біцца і play — гуляць (у карты і інш.)) | fairly | сумленна (з усімі астатнімі дзеясловамі) |
free | бясплатна | freely | свабодна |
hard | рупліва (пасля дзеяслова-выказніка) | hardly | з цяжкасцю, ледзь (у пачатку сказа ці ў складаным выказніку паміж мадальным дзеясловам і інфінітывам немадальнага дзеяслова) |
late | позна | lately | нядаўна |
near | блізка | nearly | амаль што |
pretty | вельмі | prettily | прыгожа |
short | раптам | shortly | неўзабаве[1]. |
Вышэйшая і найвышэйшая ступені прыслоўяў англійскай мовы
У адрозненні ад прыметнікаў, прыслоўі англійскай мовы не маюць шматлікіх выключэнняў з правілаў утварэння вышэйшай і найвышэйшай ступені. Прыслоўі з аднаго складу ўтвараюць вышэйшую і найвышэйшую ступені суфіксальным спосабам, а прыслоўі з двух складоў і больш у такіх выпадках карыстаюцца словамі more і most. Выключэнне з гэтых правілаў складае прыслоўе early (рана), якое ўтварае вышэйшую і найвышэйшую ступені як аднаскладовае прыслоўе[2]. Перад найвышэйшай ступенню прыслоўя не ставіцца азначаны артыкль (the).
Прыслоўе | Вышэйшая ступень | Найвышэйшая ступень |
---|---|---|
Slow (марудна) | slower | slowest |
Politely (ветліва) | more politely | most politely |
Шэраг прыслоўяў англійскай мовы маюць спецыяльныя формы вышэйшай і найвышэйшай ступеняў: well (добра) — better — best, badly (блага) — worse — worst i інш. Гэтыя прыслоўі «ўзялі ў спадчыну» свае формы вышэйшай і найвышэйшай ступеняў ад тых прыметнікаў, ад якіх былі самі створаны.
Месца прыслоўя ў сказе
Існуюць 4 асноўных пазіцыі прыслоўя ў сказе: у пачатку сказа; паміж дзейнікам і выказнікам; пасля слова, якое азначаецца гэтым прыслоўем; у канцы сказа[3]. У некаторых выпадках прыслоўе можа мяняць сваю пазіцыю ў сказе пры змене сэнсу гэтага сказа. Так прыслоўі always (заўсёды), never (ніколі) і інш. могуць стаяць у пачатку сказа, калі на іх робіцца акцэнт: Never he comes home early — Ён ніколі не прыходзіць дадому рана (эмацыянальнае выказванне, акцэнт робіцца на слове «ніколі») (Звычайна такія прыслоўі ставяцца паміж дзейнікам і выказнікам: He never comes home early.) Калі прыслоўі накшталт generally, morally, scientifically ставяцца у пачатку сказа яны азначаюць пункт гледжання і аддзяляюцца коскай: Generally, he answered the question — Увогуле, ён адказаў на пытанне. Але ў канцы сказа гэтыя прыслоўі будуць мяняць адценне значэння дзеяслова-выказніка: He answered the question generally — Ён адказаў на пытанне ў агульных рысах[4].
Праблемы перакладу прыслоўяў англійскай мовы
Увогуле большая частка прыслоўяў англійскай мовы маюць адпаведнікі ў беларускай і перакладаюцца з дапамогай прыслоўяў. Некаторыя асобныя прыслоўі не маюць эквівалентаў у беларускай мове і перакладаюцца фразамі. Напрыклад, I often travel internationally — Нярэдка я езджу па розных краінах. Некаторыя прыслоўі беларускай мовы таксама не маюць эквівалентаў у англійскай і перакладаюцца фразамі: Ён размаўляў з ёй дружалюбна — He spoke to her in a friendly manner.
Некаторыя іншыя праблемы перакладу прыслоўяў англійскай мовы звязаны з падабенствам прыслоўяў з суфіксам ly і без (hard i hardly) і з пазіцыяй прыслоўя ў сказе, аб чым напісана вышэй.
Прыслоўі already і yet
Гэта пара прыслоўяў выкарыстоўваецца ў падобным значэнні («яшчэ», «ужо»). Пры гэтым already пераважна ставіцца ў сцвярджэннях, а yet — у пытаннях і адмоўных сказах. У некаторых сітуацыях яны паказваюць падзею з супрацьлеглых пунктаў гледжання. Напрыклад: It is already dark — Ужо сцямнела; it is yet dark — Яшчэ цёмна. Пры перакладзе слова yet таксама трэба звяртаць увагу на яго шматзначнасць і на кантэкст.
Заўвагі
- ↑ WordWeb. Offline Dictionary
Зноскі
- ↑ KrylovaGordon 2008, p. 396-397.
- ↑ KrylovaGordon 2008, p. 398.
- ↑ KrylovaGordon 2008, p. 400.
- ↑ KrylovaGordon 2008, p. 402.
Літаратура
- Krylova, I.P.; Gordon, E.M. (2008). A Grammar of Present-day English. Practical Course (12th ed.). М.: КДУ.