Прыметнікі англійскай мовы - гэта часціны англійскай мовы, з дапамогай якіх у сказе перадаюцца характарыстыкі прадметаў і з'яў, выражаных назоўнікамі. Як і ў іншых мовах, прыметнікі англійскай мовы маюць граматычную катэгорыю вышэйшай і найвышэйшай ступеняў. Могуць быць простымі (dry - сухі) і складанымі, якія ўтвараюцца з некалькіх слоў (computer-literate - які добра валодае камп'ютарам). Сучасная англійская мова адносіцца да катэгорыі аналітычных моў - моў, якія развіваюцца за конт надання новых значэнняў аднаму і таму ж слову. Таму адно слова можа быць у розных кантэкстах назоўнікам, дзеясловам і прыметнікам. Напрыклад, слова stone можа азначаць "камень" (наз), "каменны" (прым) і "укаменаваць, пабіць камянямі" (дзеясл). Таму носьбітам беларускай мовы, якія вывучаюць англійскую як замежную, прыходзіцца быць уважлівымі да такіх асаблівасцяў.
Вышэйшая і найвышэйшая ступені прыметнікаў англійскай мовы
У англійскай мове існуюць 3 асноўных спосабы ўтварэння вышэйшай і найвышэйшай ступеняў прыметнікаў. Першы, суфіксальны, прымяняецца да слоў у 1-2 склада. Другі, які патрабуе выкарыстання прыслоўяў more i most, уласцівы прыметнікам з 2 і больш складамі. Трэці прымяняецца да складаных прыметнікаў і выражаецца ў змяненні першай часткі слова. Нярэдка з прыметнікамі ў найвышэйшай ступені ставіцца артыкль the.
Варыянт | Прыметнік | Вышэйшая ступень | Найвышэйшая ступень | Значэнне слова |
---|---|---|---|---|
1 | fast | faster | (the) fastest | хуткі |
2 | beautiful | more beautiful | (the) most beautiful | прыгожы |
3 | well-built | better-built | (the) best-built | матэрыяльна забяспечаны |
Найбольшую цяжкасць для тых, хто вывучае англійскую мову як замежную, уяўляюць прыметнікі з 2-х складоў, бо адны з іх мяняюць ступень з дапамогай суфіксаў, другія - з дапамогай прыслоўяў. У асноўным, суфіксальным спосабам утварэння вышэйшай і найвышэйшай ступеняў карыстаюцца наступныя віды двухскладовых прыметнікаў:
- прыметнікі, якія заканчваюцца на -y (happy - шчаслівы), -ow (narrow - вузкі), -er (clever - разумны) i -le (simple - просты);
- прыметнікі з націскам на 2-і склад (polite - ветлівы)[1].
Некаторыя прыметнікі англійскай мовы маюць асобыя формы вышэйшай і найвышэйшай ступеняў:
! Прыметнік | Вышэйшая ступень | Найвышэйшая ступень | Значэнне слова |
---|---|---|---|
good | better | (the) best | харошы |
bad | worse | (the) worst | благі |
far | farther | (the) farthest | доўгі (адлегласць) |
far | further | (the) furthest | доўгі (адлегласць i час) |
late | later | (the) latest | позні, апошні (час) |
late | later | (the) last | апошні (паслядоўнасць) |
near | nearer | (the) nearest | блізкі (адлегласць) |
near | nearer | (the) next | блізкі, наступны (паслядоўнасць) |
old | older | (the) oldest | стары, старэйшы (узрост) |
old | elder | (the) eldest | стары, старэйшы, старшы (палажэнне ў сям'і і г.д.)[2] |
Сінтаксічная роля прыметнікаў у сказах англійскай мовы
Ніжэй пералічаны некаторыя функцыі, якія могуць выконваць прыметнікі ў сказах англійскай мовы.
- Дзейнік: The old don't work here. - Старыя тут не працуюць.
- Частка складанага выказніка: I was angry. - Я быў раззлаваны.
- Азначэнне: She has beautiful hands. - У яе прыгожыя рукі.
- Свабоднае азначэнне (звычайна аддзяляецца коскамі): The wind blew, cold and strong. - Дзмуў вецер, халодны і моцны.
Паслядоўнасць выкарыстання прыметнікаў і назоўнікаў у сінтаксічнай ролі азначэння
Калі ў сказе да аднаго слова ставяцца некалькі азначэнняў з рознымі характарыстыкамі, яны ідуць у наступнай паслядоўнасці: эпітэт-размер-узрост-форма-колер-паходжанне+назоўнік[3]
Напрыклад: a good big old square brown French box - добрая вялікая старая квадратная французская скрынка.
Выкарыстанне прыметнікаў з дзеясловамі замест прыслоўяў
Пасля некаторых дзеясловаў - feel (адчуваць), taste (мець густ), smell (пахнуць) i інш. - немагчыма выкарыстоваць прыслоўі, і замест іх ставяцца прыметнікі[4]:
The flower smells sweet - Кветка прыемна пахне.
Як бачна на прыкладзе, у перакладзе на беларусскую замест прыметнікаў звычайна ўжываюць прыслоўі.
Пасля некаторых непераходных дзеясловаў - blow (дзмуць), shine (ззяць), stand (стаяць), sit (сядзець), lay (ляжаць) i інш. - правіламі англійскай мовы дазваляецца выкарыстоўваць і прыметнікі, і прыслоўі раўназначна[5]. На беларускую мову яны перакладаюцца прыслоўямі:
We stood silent(ly) - Мы стаялі моўчкі.
Адмоўныя прэфіксы ў спалучэнні з прыметнікамі
Найбольш распаўсюджана выкарыстанне адмоўных прэфіксаў un- i in- (unimpornant - няважны, inexpensive - нядарагі), але шырока выкарыстоўваюцца таксама ir- з прыметнікамі, якія пачынаюцца на літару r (irregular - нярэгулярны) i il- з прыметнікамі, якія пачынаюцца на літару l (illegal - нялягальны). Сярод іншых варыянтаў - прэфікс dis- для выражэння адсутнасці тых ці іншых характарыстык, якія былі ўласцівы прадмету ці з'яве (a disqualified sportsman - дыскваліфікаваны спартсмен) і mis-, якім выражаюць няправльныя ўласцівасці, дзеянні і г.д. (a misused tool - прылада працы, якой няправільна карыстаюцца).
Зноскі
- ↑ KrylovaGordon 2008, p. 344, §4.
- ↑ KrylovaGordon 2008, pp. 335–336, §4.
- ↑ Alexander, p. 87.
- ↑ KrylovaGordon 2008, p. 397, §4, note 1.
- ↑ KrylovaGordon 2008, p. 397, §4, note 2.
Літаратура
- Krylova, I.P.; Gordon, E.M. (2008). A Grammar of Present-day English. Practical Course (12th ed.). М.: КДУ.
- Alexander, L.G. Longman English Grammar Practice (Self-Study ed.). Longman.