Про́та-эспера́нта (pra-Esperanto) - сучаснае агульнае імя для ўсіх ранніх варыянтаў штучнай мовы эсперанта, створаных Людвігам Заменгофам да выдання ў 1887 годзе яго Першай кнігі.
Lingwe Universala 1878 года
Яшчэ дзіцём Заменгоф марыў аб стварэнні міжнароднай дапаможнай мовы дзеля палягчэння зносін паміж прадстаўнікамі розных народаў. Спачатку ён марыў уваскрасіць латынь ці старажытнагрэцкую мову ў спрошчаным варыянце, але з цягам часу вырашыў, што яго мэце болей адпавядае стварэнне новай мовы. У падлеткавым узросце Заменгоф працаваў над такім праектам, пакуль не палічыў яго гатовым. 17 снежня 1878 (прыкладна за год да апублікавання валапюка) ён пазнаёміў з гэтай мовай сяброў, якім мова спадабалася. Але ад гэтай стадыі развіцця мовы, якая ў той час мела назву Lingwe Universala ("Сусветная мова"), да нашага часу захаваліся толькі чатыры радкі з песні, створанай самім Заменгофам.
Lingvo universala 1881 года
Перад пачаткам навучання ва ўніверсітэце Заменгоф аддаў рукапісы з праектам мовы бацьку, каб той захаваў іх на працягу гадоў навучання сына. Але бацька, не падзяляючы ідэй Заменгофа і, магчыма, баючыся паліцыі, спаліў рукапіс. Сам аўтар даведаўся аб гэтым толькі пасля вяртання з універсітэта ў 1881 годзе. Тады ён зноў пачаў працу над мовай. Былі зменены формы дзеяслова, колькасць склонаў зменена да 2. Сустракаўся націск на апошнім складзе. У правапісе выразна прасочваўся ўплыў славянскіх моў (ć, dź, ħ, ś, ź замест сучасных ĉ, ĝ, ĥ, ŝ, ĵ).
Пераход да сучаснага эсперанта
Цягам наступных гадоў Заменгоф працаваў над удасканальваннем сваёй мовы, у асноўным перакладаючы паэзію і прозу з іншых моў. Націск стаў фіксаваным (на перадапошні склад), былі зменены некаторыя формы назоўніка і дзеяслова. "Славянскія" дыякрытычныя знакі былі зменены на цыркумфлексы, каб пазбегнуць праяўленняў нацыяналізму. У 1887 годзе Заменгоф выдаў "Першую кнігу", у якой апісвалася сучасная мова эсперанта. Пазней ён пісаў у лісце, што працаваў над мовай шэсць гадоў, хаця ў 1878 годзе яму здавалася, што праект ужо гатовы.