Фрагмент манумента незалежнасці Казахстана, прысвечаны снежаньскім падзеям

Снежаньскія падзеі ў Алма-Аце, вядомыя таксама як Жэлтакса́н (каз.: Желтоқсан көтерілісі) — выступленні казахскай моладзі[1], якія адбыліся 17—18 снежня 1986 года ў Алма-Аце, што была ў той час сталіцай Казахскай ССР. Прынялі форму масавых пратэстаў і народных паўстанняў супраць камуністычнай улады.

Ход падзей

Паводле афіцыйнай версіі, хваляванні пачаліся з-за рашэння Генеральнага сакратара ЦК КПСС М. С. Гарбачова зняць з пасады першага сакратара кампартыі Казахстана Дынмухамеда Кунаева, і замяніць яго на Генадзя Колбіна, першага сакратара Ульянаўскага абкама партыі, які раней ніколі не працаваў у Казахстане . Удзельнікі мірнага мітынгу патрабавалі прызначыць на пасаду главы рэспублікі прадстаўніка карэннага насельніцтва[1]. Пазней хваляванні казахскай моладзі прайшлі і ў іншых гарадах і рэгіёнах Казахстана[2]. Снежаньскія падзеі ў Казахстане сталі адным з першых у СССР масавых мітынгаў супраць дыктату цэнтра, пазней аналагічныя падзеі адбыліся і ў іншых нацыянальных рэспубліках Савецкага Саюза.

Вынікі

Па апублікаваных у Казахстане дадзеных, было затрымана праваахоўнымі сіламі 8,5 тысяч чалавек, атрымалі цяжкія цялесныя пашкоджанні (пераважна чэрапна-мазгавая траўма) больш за 1700 чалавек, дапытана ў пракуратуры 5324, у КДБ — 850 чалавек. 900 чалавек былі адміністрацыйна пакараныя (арышты, штрафы), каля 1400 чалавек папярэджаны, звольненыя з працы 319, адлічаныя з навучальных устаноў (толькі па дадзеных Мінадукацыі) 309 студэнтаў[3]. Па крымінальных артыкулах асудзілі 99 чалавек, сярод іх 20-гадовы Кайрат Рыскулбекаў, які пазней загінуў у турме[4]. Камсамольскі і партыйныя спагнанні атрымалі каля 1400 людзей. Пачалася барацьба з нацыяналістычнымі настроямі сярод казахскай інтэлігенцыі.

У пачатку 1987 года была прынятая пастанова ЦК КПСС, у якой падзеі абвяшчаліся праявай казахскага нацыяналізму. У далейшым у сувязі з развіццём працэсаў перабудовы і зменамі палітычнай кан’юнктуры пазіцыя цэнтральнай улады змянілася. 9 студзеня 1989 года на пасаду другога сакратара быў пастаўлены этнічны казах, а 22 чэрвеня таго ж года Назарбаеў змяніў Колбіна на пасадзе кіраўніка рэспублікі. 14 лістапада 1989 года група дэпутатаў Вярхоўнага Савета Казахскай ССР на чале з пісьменнікам Мухтарам Шаханавым звярнулася ў ЦК КПСС з просьбай пра адмену фармуліроўкі «праява казахскага нацыяналізму», і фармуліроўка была адменена.

12 снежня 1991 года прэзідэнт Казахскай ССР Нурсултан Назарбаеў падпісаў указ аб рэабілітацыі рэпрэсаваных за снежаньскія падзеі. 16 снежня, праз роўна пяць гадоў пасля Жэлтаксана, Казахстан апошнім з савецкіх рэспублік абвясціў незалежнасць. Было афіцыйна прызнана, што Жэлтаксан паклаў пачатак здабыццю Казахстанам незалежнасці і суверэнітэту.

Ушанаванне памяці

У дзясятках гарадоў Казахстана з’явіліся вуліцы «Жэлтаксан».

У 2006 годзе ў гонар паўстання быў створаны манумент «Зара незалежнасці».

Зноскі

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.