Прасцейшыя | ||||||||||||
Leishmania donovani у клетцы касцявога мозга | ||||||||||||
Навуковая класіфікацыя | ||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Міжнародная навуковая назва | ||||||||||||
Protozoa R.Owen, 1858 | ||||||||||||
Даччыныя таксоны | ||||||||||||
| ||||||||||||
|
Прасцейшыя (Protozoa) — царства[1] жывых арганізмаў групы эўкарыёт (паводле іншых класіфікацый належаць да царства пратыстаў[2]). Разглядаюцца як зыходны этап у эвалюцыі шматклетачных жывёл.
Апісанне
Вядома некалькі дзясяткаў тысяч відаў. Падзяляюца на 5 (па іншых класіфікацыях да 9) тыпаў:[3]
- саркамастыгафоры
- апікомплексы
- міксаспарыдыі
- мікраспарыдыі
- інфузорыі
Пашыраны ўсюды. Жывуць у марскіх і прэсных водах, у глебе, многія — паразіты, узбуджальнікі хвароб чалавека і жывёл. На Беларусі найбольш трапляюцца жгуцікавыя, саркодавыя, інфузорыі, мікраспарыдыі, міксаспарыдыі, сярод выкапнёвых — прамянёвікі і фарамініферы.
Памеры пераважна мікраскапічныя (0,002—0,15 мм), у некаторых буйнейшыя (да 2 см). Адасобленыя або каланіяльныя арганізмы. Форма зменлівая (амёбы), шарападобная (прамянёвікі), прадаўгаватая (інфузорыі). Вонкавы слой цытаплазмы ўтварае пелікулу, у караняножак — ракавіна. Маюць адно або некалькі ядраў аднолькавай (апаліны) або рознай (большасць інфузорый) будовы. У цытаплазме размешчаны скарачальныя, стрававальныя, выдзяляльныя вакуолі, фібрылярныя ўтварэнні і інш. арганелы, якія выконваюць пэўныя функцыі. Рухаюцца з дапамогай псеўдаподый, жгуцікаў, раснічак. Здольныя да фотасінтэзу або жывяцца гатовымі арганічнымі рэчывамі, многія — драпежнікі. Размнажэнне бясполае (дзяленне, пачкаванне) або палавое (кан’югацыя, капуляцыя). Многія прасцейшыя пры чаргаванні форм размнажэння маюць складаныя жыццёвыя цыклы (асабліва спаравікі). У неспрыяльных умовах утвараюць цысты.
З'яўляюцца кормам для заабентасу, зоапланктону, малявак рыб і інш. Некаторыя паразітычныя прасцейшыя выкарыстоўваюцца для барацьбы з насякомымі — шкоднікамі сельскагаспадарчых і лясных раслін. Амёбы, інфузорыі і іншыя шырока выкарыстоўваюцца ў біяфізічных, генетычных, цыталагічных і іншых даследаваннях. Прасцейшыя — важная састаўная частка кругавароту рэчываў у біясферы, удзельнічаюць у ачыстцы забруджаных вод, фарміраванні донных адкладаў.
Навука, якая вывучае прасцейшых, называецца протазаалогія.
Гл. таксама
Зноскі
Літаратура
- Прасцейшыя // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 13: Праміле — Рэлаксін / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 13. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0216-4 (т. 13). С. 21—22.
- Серавин Л.Н. Простейшие... Что это такое? М., Л., 1984.
- Жизнь животных. Т. 1. 2-е изд. М., 1987.
- Xадорн Э., Винер Р. Общая зоология: Пер. с нем. М., 1989.