Праспект Генерала Люднікава (гістарычная назва: вуліца Садовая, Садовае паўкольца) — важная транспартная магістраль ва ўсходняй частцы горада Віцебска, у Кастрычніцкім раёне. Працягласць — 1,5 кіламетра, ад вуліцы Гагарына да праспекта Фрунзэ. Шырыня — 55-66 м.

Сфармаваўся пасля пабудовы ў жніўні 1973 года Юбілейнага моста праз пойму ракі Віцьба. У 1976 годзе вуліцу перайменавалі ў гонар генерала-палкоўніка І. І. Люднікава, які камандаваў 39-й арміяй, якая ўдзельнічала ў вызваленні Віцебска ад нацысцкіх войскаў у 1944 годзе.

Па цэнтральнай восі праспекта пракладзена адасобленае трамвайнае палатно.

На праспекце размешчана Абутковая фабрыка «Чырвоны Кастрычнік», Цэнтральны спартыўны комплекс, 17-павярховы будынак інтэрната фабрыкі «Чырвоны Кастрычнік» (1980, архітэктар А. Грачышнікаў), сярэдняя школа № 3, Дзіцячая музычная школа № 1, абласное тэрытарыяльнае медыцынскае аб’яднанне «Кардыялогія», Інстытут тэхнічнай акустыкі НАН Беларусі, СТАА «Белвест», ТАА «Бударсенал».

Забудаваны пераважна 5-9-павярховымі дамамі.

Літаратура

  • Витебск: Энциклопедический справочник / Гл. редактор И. П. Шамякин. — Мн.: БелСЭ им. П. Бровки, 1988. — 408 с. — 60 000 экз. — ISBN 5-85700-004-1
This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.