Прас — элемент бытавой тэхнікі для разгладжвання складак і няроўнасцяў на тканіне. Працэс разгладжвання тканіны з дапамогай праса называюць прасаваннем.
Гісторыя
Прас быў вынайдзены вельмі даўно. Для разгладжвання адзення ў старажытнасці выкарыстоўваліся злёгку апрацаваныя нагрэтыя камяні, людзі раскладвалі памытую вопратку на выраўненай каменнай паверхні, а паверх клалі яшчэ адзін камень. У такім выглядзе пакідалі да высыхання.
У IV стагоддзі да нашай эры ў Старажытнай Грэцыі былі вынайдзены спосабы плісіроўкі адзення з палатна з дапамогай гарачага металічнага прута, нагадваючага качалку.
У XVIII—XIX стагоддзях прасы ўяўлялі сабой металічныя збудаванні формы, блізкай да сучаснай. Прасы награваліся на газе або ў печы.
На тэрыторыях сучаснай Беларусі, прасы пачалі выкарыстоўвацца у часы ВКЛ. Прас быў вялікай раскошаю і з’яўляўся прыкметаю дабрабыту гаспадароў. Яго нярэдка выраблялі ў выглядзе пеўніка, аздаблялі разнастайным арнаментам і ставілі на пачэснае месца ў доме. Выпускаліся і маленькія прасы, якія з лёгкасцю спраўляліся з карункамі і дробнымі дэталямі на вопратцы. У Расію жа яны былі прынесены Рэччай Паспалітай у эпоху Смуты.
Да сярэдзіны XVIII стагоддзя з’явіўся прас з падпаленымі вуглямі ўнутры, якія часцей за ўсё вырабляліся з чыгуна. Найбольш распаўсюджанымі былі награвальныя прасы — яны ставіліся ў печ і разаграваліся. Значна даражэй былі спіртавыя прасы — у XIX стагоддзі за яго давалі невялікую чараду авечак.
Прас з электранагрэвам з’явіўся ў канцы XIX стагоддзя.[1]
Электрычны прас
Электрычныя прасы выпускаюць з тэрмарэгулятарам, які аўтаматычна падтрымлівае небходную тэмпературу, і з параўвільгатняльнікам. Пры ўстаноўцы (паваротам ручкі) указальніка тэрмарэгулятара супраць адпаведных адзінак тэмпературы награвання ў цэнтры «падэшвы» праса будзе 75—205 °C. Максімальная тэмпература награвання дасягаецца пры гранічным становішчы ручкі тэрмарэгулятара. Электрапрасы з параўвільгатняльнікам маюць бачок для вады (ёмістасцю звычайна 160—200 см³), уманціраваны ў корпус праса або размешчаны па-за ім. Вада, што паступае з бачка ў паравую камеру ўнутры корпуса, ператвараецца ў пару, якая, выходзячы з адтуліны ў «падэшве», увільгатняе тканіну. Адна запраўка бачка разлічана на бесперапыннае ўвільгатненне тканіны не менш як 20 мін. Такім прасам можна прасаваць і без падпарвання. Для таго, каб у бачку і паравых адтулінах праса не ўтварыўся накіп, яго рэкамендуецца напаўняць кіпячонаю вадой. Пасля прасавання рэшткі вады з бачка трэба выліць.
Спажываная магутнасць прасаў з тэрмарэгулятарам звычайна 1000 Вт, маса 1,2—1,8 кг. Існуюць таксама малагабарытныя электрычныя прасы. Звычайна электрапрасы маюць сігнальную лямпачку. Прас нельга пакідаць уключаным у сетку без нагляду, ставіць яго трэба толькі на цеплаізаляцыйную падстаўку.
Зноскі
Літаратура
- Е. В. Кузина, О. В. Ларина, Т. В. Титкова, О. А. Щеглова. Энциклопедия открытий и изобретений человечества. — ООО «Дом Славянской книги», 2006. — С. 695. (руск.)
- Энцыклапедыя сельскага гаспадара. — Мн.: БелЭн, 1993.