Пракламацыя аб вызваленні рабоў — гэта загад, які 1 студзеня 1863 г. выдаў Аўраам Лінкальн. Паводле гэтай пракламацыі, ваеннае становішча (Грамадзянская вайна) вымусіла Прэзідэнта прыняць непапулярныя меры супраць Канфедэрацыі Паўднёвых Штатаў: вызваліць усіх рабоў на тэрыторыі ЗША, якая яшчэ заставалася пад кантролем канфедэратаў.
Пракламацыя заставалася «на паперы», пакуль войскі ЗША не атрымалі поўную перамогу над канфедэратамі[1]. Вызваленне рабоў на ўсёй тэрыторыі ЗША адбылося ў канцы 1865 г., калі пачала дзейнічаць 13-я папраўка да Канстытуцыі краіны[2].
Тэкст Пракламацыі
Паколькі ў дваццаць другі дзень верасня, у годзе ад нараджэння нашага Госпада адна тысяча восемсот шэсцьдзесят другім Прэзідэнт выдаў пракламацыю, у якой, акрамя іншага, было наступнае, а менавіта:
«Што ў першы дзень студзеня ў год ад нараджэння нашага Госпада адна тысяча восемсот шэсцьдзесят трэцім усе асобы, якіх утрымліваюць у якасці нявольнікаў у любым Штаце ці пэўнай частцы Штата, дзе насельніцтва будзе знаходзіцца ў стане паўстання супраць Злучаных Штатаў, павінны быць з гэтага часу і назаўжды свабоднымі; а Выканаўчы Ўрад Злучаных Штатаў, уключаючы кіраўніцтва ўзброеных сіл і флоту, прызнае і абароніць свабоду такіх асоб і не будзе прадпрымаць аніякіх дзеянняў супраць намаганняў такіх асоб, якія яны могуць рабіць, каб тая свабода ажыццявілася.
Што Урад, у першы дзень студзеня вышэйазначанага пракламацыяй года, вызначыць Штаты і часткі Штатаў, у якіх людзі будуць знаходзіцца ў стане паўстання супраць Злучаных Штатаў, пры факце, што пэўны Штат ці яго жыхары будуць на гэты дзень сумленным чынам прадстаўлены ў Кангрэсе Злучаных Штатаў членамі, абранымі большасцю прызначаных выбаршчыкаў такога Штата, і што не будзе прадстаўлена грунтоўнага доказу супраць гэтага Штата, будзе лічыць дастатковым сведчаннем, што гэты Штат і яго насельніцтва не ўдзельнічаюць у паўстанні супраць Злучаных Штатаў.»
Цяпер, такім чынам, я, Аўраам Лінкальн, Прэзідэнт Злучаных Штатаў, на падставе ўскладзенай на мяне ўлады Галоўнакамандуючага Арміі і Флоту Злучаных Штатаў у час узброенага паўстання супраць улады Злучаных Штатаў і як адпаведную і неабходную меру ваеннага часу для задушэння гэтага паўстання, у першы дзень студзеня ў годзе нашага Госпада адна тысяча восемсот шэсцьдзесят трэцім, у згодзе з маёй мэтай загадваю абвясціць аб гэтым публічна на працягу ста дзён, пачынаючы з першага вышэйазначанага дня, вызначыць Штаты і часткі Штатаў, дзе людзі будуць знаходзіцца ў стане паўстання супраць Злучаных Штатаў, а менавіта:
Арканзас, Тэхас, Луізіана (акрамя акруг Сэйнт Бернард, Плэкімінз, Джэферсан, Сэйнт Джон, Сэйнт Чарлз, Сэйнт Джэймс Эсэшн, Эсампшн, Тэрбон, Лафурш, Сэйнт Мэры, Сэйнт Марцін і Арлеан, у тым ліку Новы Арлеан), Місісіпі, Алабама, Фларыда, Джорджыя, Паўднёвая Караліна, Паўночная Караліна і Вірджынія (акрамя сарака дзевяці графстваў, азначаных як Заходняя Вірджынія, а таксама графстваў Берклі, Экомэк, Нортхэмптан, Элізабэт Сіці, Ёрк, Прынсэс Энн і Норфалк, у тым ліку гарады Норфалк і Портсмут), тэрыторыі, на якія пакуль не распаўсюджвалася дзеянне гэтай пракламацыі.
І, на падставе сваёй ўлады, а таксама дзеля дасягнення вышэйазначанай мэты, я абвяшчаю ўсіх асоб, якіх утрымліваюць у якасці нявольнікаў на тэрыторыі азначаных Штатаў і частак Штатаў, з гэтага часу вольнымі, а Выканаўчаму Ураду Злучаных Штатаў, уключаючы кіраўніцтва Арміі і Флоту, загадваю прызнаваць і абараняць свабоду гэтых асоб.
Пры гэтым я загадваю асобам, якіх я аб’явіў свабоднымі, устрымлівацца ад усіх форм насілля, за выключэннем неабходнай самаабароны; і я рэкамендую ім ва ўсіх абставінах, калі ім дазволяць, сумленна працаваць за дапушчальную аплату.
І яшчэ я аб’яўляю, што тыя з гэтых асоб, якія адпавядаюць неабходным умовам, будуць прыняты да ўзброенай армейскай службы на карысць Злучаных Штатаў ва ўмацаваных гарнізонах, вайсковых размяшчэннях, на баявых пастах і ў іншых месцах, а таксама на вайсковых водных транспартных сродках.
А на гэты акт, які можна шчыра лічыць актам правасуддзя, які пацвярджаецца Канстытуцыяй і выкліканы неабходнасцю ваеннага становішча, я заклікаю разважлівае меркаванне чалавецтва і літасць Усемагутнага Бога.
Пацвярджаю гэты дакумент уласным подпісам і дзяржаўнай пячаткай Злучаных Штатаў.
Складзена ў горадзе Вашынгтоне, у першы дзень студзеня ў годзе ад нараджэння нашага Госпада адна тысяча восемсот шэсцьдзесят трэцім, а ад абвяшчэння Незалежнасці Злучаных Штатаў Амерыкі восемдзесят сёмым.
Прэзідэнт: АЎРААМ ЛІНКАЛЬН
УІЛЬЯМ Х. СЬЮАРД, дзяржаўны сакратар[3]
Зноскі
- ↑ Андрэй Берастоўскі. Дзве грамадзянскія вайны амерыканцаў Архівавана 10 чэрвеня 2013.// «Гістарычная праўда»
- ↑ Андрэй Берастоўскі. Да гісторыі рабства ў ЗША Архівавана 13 сакавіка 2016.// «Гістарычная праўда»
- ↑ Беларускі пераклад Пракламацыі ўзят з матэрыялаў сайта Historiapure
Іншыя дакументы па гісторыі ЗША
- Невыносныя законы ў беларускім перакладзе
- Андрэй Берастоўскі. Гісторыя ЗША ў апавяданнях і дакументах. Мінск: выдавец А. М. Вараксін, 2019. 176 с. ISBN 978-985-7220-59-5