Схема з праекта зон аховы гісторыка-культурных каштоўнасцей у Вістычах

Зоны аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей — зоны, устаноўленыя ў пэўных межах для забеспячэння захавання нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей і навакольнага асяроддзя.

Паводле Кодэкса аб культуры Беларусі вылучаюцца чатыры тыпы зон аховы:

  1. ахоўная зона;
  2. зона рэгулявання забудовы;
  3. зона аховы ландшафту;
  4. зона аховы культурнага пласта (слоя).

Для нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, якія размешчаны побач або ўваходзяць у склад комплексу або ансамбля нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, могуць устанаўлівацца агульныя зоны аховы.

Ахоўныя зоны помнікаў археалогіі ўстанаўліваюцца на адлегласці не менш за пяцьдзясят метраў ад межаў тэрыторыі помнікаў археалогіі.

Межы тэрыторыі нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці, зоны аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці і іх межы, рэжымы ўтрымання і выкарыстання зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці вызначаюцца праектам зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці, які зацвярджаецца Міністэрствам культуры Беларусі.

Рэжымамі ўтрымання і выкарыстання зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці прадугледжваюцца абмежаванне або поўная забарона дзейнасці, якая стварае пагрозу захаванню гэтай гісторыка-культурнай каштоўнасці, яе навакольнаму асяроддзю ў межах зон аховы і ўмовам іх утрымання і выкарыстання.

Праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці распрацоўваецца за кошт сродкаў уласніка (карыстальніка) гісторыка-культурнай каштоўнасці або землекарыстальніка, на зямельным участку якога размешчана нерухомая матэрыяльная гісторыка-культурная каштоўнасць, а таксама іншых крыніц, не забароненых заканадаўствам.

Распрацоўка горадабудаўнічай і землеўпарадкавальнай дакументацыі, а таксама іншай праектнай дакументацыі, рэалізацыя якіх можа аказаць уздзеянне на нерухомыя матэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці, без нанясення ўстаноўленых зон аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей або без іх устанаўлення забараняецца.

Усе віды работ у зонах аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей выконваюцца ў межах патрабаванняў рэжымаў утрымання і выкарыстання гэтых зон аховы, калі іншае не прадугледжана Кодэксам аб культуры.

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.