Польская рада Мінскай зямлі (ПРМЗ; польск.: Rada Polska Ziemi Mińskiej) — польская грамадcка-палітычная арганізацыя на Міншчыне, якая існавала ў 1917-1920 гг.

Гісторыя

Польская рада Мінскай зямлі была створана ў маі 1917 года, згуртавала шматлікія польскія арганізацыі Міншчыны і мела задачу выконваць ролю органа самакіравання польскай супольнасці. Спачатку Рада падтрымлівала нацыянальныя імкненні беларусаў, выказвалася за аўтаномную Беларусь у складзе дэмакратычнай Расійскай рэспублікі, патрабуючы адначасова гарантыі для правоў польскай меншасці. Уплыў атрымалі лідары Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі, якія адхілі сацыялістычныя лозунгі і ідэі прыхільнікаў Польскай нацыянальна-дэмакратычнай партыі «эндэкаў» (аб інкарпарацыі Беларусі ў склад Польшчы), а наадварот — насадзілі ў шэрагах рады ідэю палітычный суб’ектнасці Беларусі, дапускаючы толькі роўнапраўны дзяржаўны саюз Беларусі з Польшчай[1].

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі прызнала бальшавікоў, якія скасоўвалі прыватную ўласнасць на зямлю, галоўнай пагрозай і, не бачачы шанцаў для стварэння незалежнай беларускай дзяржавы, пачала выказвацца за ўлучэнне Міншчыны ў склад Польшчы[2].

З ініцыятывы мясцовай польскай супольнасці 26 кастрычніка (8 лістапада) 1917 года ў Мінску ўтвораная Польская грамадзянская варта — паўваенная арганізацыя. У гэты дзень адбыўся ўстаноўчы сход, на якім былі зацверджаныя статут і кіраўніцтва арганізацыі. Узначаліў яе былы гарадскі галава Мінска, Станіслаў Хшанстоўскі, а яго намеснікамі сталі Станіслаў Алевінскі і Ян Барыла. Афіцыйнай галоўнай мэтай варты была «забяспечанне жыцця і маёмасці жыхароў горада». Пачаткова варта дзейнічала з дазволу савецкіх уладаў, але 18 студзеня 1918 Ян Барыла запатрабаваў раззброіць арганізацыю. 23 студзеня адбылася канспірацыйная сустрэча Штабу варты (без Барылы) з членамі Камітэту грамадскай бяспекі Польскай рады Мінскай зямлі, дзе была прынятая пастанова аб пераходзе варты да падпольнай дзейнасці і прадаўжэнні вайсковага навучання яе сяброў[3].

Дэлегацыя прадстаўнікоў Польскай рады Мінскай зямлі накіравалася для сустрэчы ў Брэсце з нямецкім генералам Максам Гофманам, немцам прапанавалі займаць тэрыторыю Беларусі да Дняпра, абяцаючы дапамогу ў гэтым праз стварэнне ўласных вайсковых адзінак[4][5]. Пасля сустрэчы ў Брэсце з немцамі дэлегацыя адправілася ў Варшаву, каб наладзіць кантакт і дабіцца збліжэння з паўнезалежнай пранямецкай польскай Рэгенцкай Радай Каралеўства Польскага (1916—1918) у Варшаве, кіруючыся ў сваіх планах прынцыпам «толькі, каб не Расія»[6].

Ва ўмовах набліжэння да горада нямецкіх войск мінскія палякі не прызналі новага беларускага ўрада. Польская рада Мінскай зямлі цалкам ігнаравала ўсе беларускія арганізацыі[7]. Калі 21 лютага 1918 г. нямецкія войскі ўвайшлі ў Мінск, у прывітальнай прамове на Віленскім вакзале мінскія маянткоўцы Ігнат Віткевіч, Эдмунд Івашкевіч і інш., сярод якіх прысутнічалі Раман Скірмунт і Павел Аляксюк, выказалі ўдзячнасць генералу Гофману «за вяртанне грамадскага парадку, дапамогу ў аддзяленні ад бальшавікоў і супольнае жыццё з народамі Захаду з апорай на нямецкую дзяржаву»[8].

У сярэдзіне лістапада 1918 года ў Вар­шаву прыехала дэлегацыя Польскай рады Мінскай зямлі ў складзе М. Абя­зерскага, Л. Лубенскага, У. Рыбінскага і прадстаўніцы Палесся Я. Карсакоўны. У час сустрэчы 14 лістапада з членамі Камітэта па ўсходніх справах М. Ган­дэльсманам, В. Камянецкім, А. Бабянскім дэлегаты занялі пазіцыю, паводле якой польскі ўрад павінен быў усталяваць адносіны з Беларускай радай і Літоў­скай Тарыбай. Пры гэтым М. Абязерскі і Л. Лубенскі запэўнівалі, што імкненнем палякаў з Беларусі з’яўляецца адра­джэнне былога ВКЛ, адлучэнне ад Расіі і ад наўленне уніі з Польшчай. Яны папя­рэджвалі: калі польскі ўрад не распачне супрацоўніцтва з беларускім і літоўскім урадамі, Беларусь і Літва трапяць пад уплыў Расіі, якая іх затым і паглыне[9]. Пад канец 1918 года Мінск занялі бальшавіцкія войскі.

У маі 1919 года ствараецца Польска-беларускае таварыства для палітычнага і культурнага супрацоўніцтва на Беларусі. У ліпені 1919 года ад імя згаданага таварыства з’явіўся праект арганізацыі сумеснай працы з Генеральным камі­сарыятам усходніх зямель (польскім акупацыйным органам кіравання на літоўска-­беларускіх тэрыторыях). Да­кументам прадугледжвалася дапусціць прадстаўнікоў польскага і беларускага мясцовага насельніцтва да работы камісарыята, таксама дазволіць актыў­ны ўдзел у распрацоўцы і рэалізацыі асноўных палажэнняў, загадаў, якія прамым або ўскосным чынам павінны былі тычыцца будучыні беларускіх зямель.

З 8 жніўня 1919 года Мінск трапляе пад часовую польскую адміністрацыю. 18 жніўня 1919 года ў Варшаве адбылася нарада з удзелам генеральнага камісара Е. Асмалоўскага і старшыні Галоўнага выбарчага камітэта М. Касакоўскага з прадстаўнікамі поль­скіх народных рад. Старшыня Нацыя­нальнай рады Гродзенскай зямлі Ю. Ням­цэвіч уручыў Ю. Асмалоўскаму рэзалю­цыю, дзе выказвалася згода на аб’яднанне з Польскай дзяржавай. Ю. Асмалоўскі параіў прадстаўнікам Польска-беларускага та­варыства ўступаць у супрацоўніцтва праз наладжа­ныя сувязі Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Гродзеншчыны, Часо­вага беларускага нацыянальнага камі­тэта ў Мінску[10].

У ліпені—кастрычніку 1920 года Мінск займалі бальшавікі, потым зноў палякі. У сакавіку 1921 года згодна з Рыжскім мірным дагаворам горад адышоў да БССР.

Зноскі

  1. Jurkowski, R. Rada Polska … С. 72—73.
  2. Rada Polska Ziem Białoruskich. W: Między nadzieją a niepokojem…. S. 119—120.
  3. Życie społeczno-kulturalne. Oświata. W: Między nadzieją…. Ss. 140
  4. Jurkowski, R. Rada Polska … С. 76, 78—79.
  5. Галоўным жаданнем было, паводле слоў удзельніка дэлегацыі Ежы Асмалоўскага, каб Беларусь «была б толькі адарвана ад Расіі, была б толькі пад уплывамі Захада», бо Захад успрымаўся ў першую чаргу як цывілізаваны і развіты капіталістычны свет, а Расія як краіна, дзе перамагалі сацыялістычныя і негуманныя палітычныя сілы. Гл.: Jurkowski, R. Rada Polska … С. 79.
  6. Jurkowski, R. Rada Polska … С. 78—79.
  7. W walce o prymat w kraju. W: Między nadzieją a niepokojem… s. 189.
  8. Jurkowski, R. Rada Polska … С. 81.
  9. Бароўская В. На раздарожжы эпох. Эвалюцыя ідэі краёвасці на тэрыторыі Беларусі ў 1918–1921 гадах // Беларуская думка. №9. 2018
  10. Osmołowski E. Wspomnienia // Biblioteka Narodowa w Warszawie. – т.3. – № аkc. 6798; Бароўская В. На раздарожжы эпох. Эвалюцыя ідэі краёвасці на тэрыторыі Беларусі ў 1918–1921 гадах // Беларуская думка. №9. 2018

Літаратура

  • Tymczasowy program dla niższych szkół początkowych Rady Polskiej Ziemi Mińskiej wraz z regulaminem szkolnym. ― Mińsk, 1918.
  • Jurkowski, R. Rada Polska Ziemi Mińskiej wobec I Korpusu polskiego gen. J. Dowbór-Muśnickiego / R. Jurkowski // Знакамітыя мінчане: Матэрыялы Беларуска-польскай навук. канф., Мінск, 9 ліст. 2006 г. / Польскі Ін-т у Мінску; рэдкал. А. Вялікі [і інш.]; навук. рэд. А. Вялікі і З. Вінніцкі. — Мінск: Польскі Ін-т у Мінску, 2007. — С. 65—81.
This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.