Полк Корпуса аховы памежжа «Вілейка»
Pułk KOP „Wilejka”
Штаб камандавання палка «Вілейка»
Гады існавання ліпень 1929 — верасень 1939
Краіна  Польшча
Падпарадкаванне Корпус аховы памежжа
Уваходзіць у Брыгада КАП «Вільна»
Тып воінскае фарміраванне
Складаецца з камандавання, трох памежных батальёнаў, двух кавалерыйскіх эскадронаў
Дыслакацыя Вілейка
Войны Польская абарончая вайна (1939)
Удзел у
Камандзіры
Вядомыя камандзіры падпалкоўнік Юзаф Вятр
падпалкоўнік Юзаф Крамчыньскі

Полк Ко́рпуса ахо́вы паме́жжа «Віле́йка» (польск.: Pułk KOP «Wilejka») — пяхотнае падраздзяленне Корпуса аховы памежжа часоў міжваеннай Польскай Рэспублікі, якое размяшчалася ў Вілейцы ў 1929—1939 гадах і прымала ўдзел у Польскай абарончай вайне, а таксама ў абароне дзяржаўных межаў падчас паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь.

Гісторыя

Улетку 1929 г. загадам камандавання Корпуса аховы памежжа была расфармавана трэцяя памежная брыгада, а памежныя адзінкі, якія ўваходзілі ў склад гэтай брыгады, сталі падпарадкоўвацца камандаванню новаўтворанага палка, размешчанага ў Вілейцы. У выніку дзеяння правіла, паводле якога адзінкі Корпуса аховы памежжа атрымлівалі назвы згодна з мясцовасцямі іх размяшчэння, полк адразу займеў назву «Вілейка» і працягваў заставацца ў складзе брыгады «Вільна»[1].

1 сакавіка 1934 года на базе рэзервовага ўзвода пры камандаванні палка была заснавана рэзервовая рота «Вілейка», якая складалася з камандавання, гаспадарчай дружыны і двух узводаў па дзве дружыны ў кожным, а пры школьнай стралковай роце быў сфармаваны школьны кулямётны ўзвод. Абсталяванне і настаўніцкі калектыў узвода складаліся з расфармаванай школьнай кулямётнай роты ў Цэнтральнай унтэр-афіцэрскай школе[2].

Загадам камандавання ад 23 лютага 1937 года была распачата першая фаза рэканструкцыі Корпуса аховы памежжа «R.3». Адным з яго вынікаў стала рэфармаванне палка «Вілейка» шляхам дадання ў яго склад аднайменнага батальёна, наданне яму статуса адміністрацыйнай адзінкі і рэарганізацыя камандавання. Брыгада «Вільна» была ліквідавана, а полк «Вілейка» стаў непасрэдна падпарадкоўвацца камандаванню КАП. Таксама адбылася рэарганізацыя батальёнаў «Будслаў» і «Краснае», а да таго ж і ўтварэнне новага рэзервовага батальёна «Вілейка». Падраздзяленне стала адміністрацыйным цэнтрам для батальёнаў «Будслаў», «Краснае», «Вілейка», роты сапёраў «Вілейка», узвода жандармерыі «Вілейка», паліцэйскага ўчастка пры палку «Вілейка» і станцыі паштовых галубоў «Смаргонь»[3].

Увесну 1939 г. пачалася аварыйная мабілізацыя часткі сілаў Корпуса аховы памежжа: 23 сакавіка былі мабілізаваны рота сапёраў «Вілейка» і кавалерыйскі эскадрон «Будслаў». Пасля заканчэння мабілізацыі рота сапёраў была перадыслакавана ў раён дзеянняў арміі «Модлін», а эскадрон кавалерыі — да арміі «Лодзь». 26 сакавіка эскадрон кавалерыі «Будслаў» быў выгружаны на чыгуначнай станцыі Русец на паўночным усходзе ад Велюня і перайшоў у падначаленне камандаванню кавалерыйскага згуртавання «Фелікс». Падчас вераснёвай кампаніі эскадрон пад камандаваннем Мар’яна Шалевіча ваяваў у складзе першага кавалерыйскага палка Корпуса аховы памежжа, у той час як рота сапёраў «Вілейка» да 6 верасня ўваходзіла ў склад роты сапёраў «Пултуцк». У красавіку быў мабілізаваны рэзервовы батальён «Вілейка» камандзіра Вацлава Куфэрскага, які быў перагрупаваны ў раён польскага Жыўца і там увайшоў у склад другога пяхотнага палка[4].

31 жніўня 1939 года, у першы дзень усеагульнай мабілізацыі, полк прыступіў да стварэння падраздзяленняў 35-й пяхотнай рэзервовай дывізіі. У сувязі з гэтым падраздзяленне «Краснае» падрыхтавала да мабілізацыі камандаванне і другі батальён 207-га пяхотнага палка, а батальён «Будслаў» утварыў першы батальён і выведвальную роту 207-га пяхотнага палка. Акрамя таго, у склад палка ўвайшлі батальён «Івянец» і аднайменны кавалерыйскі эскадрон.

Пасля завяршэння мабілізацыі рэарганізаваны полк працягнуў ахову савецка-польскай мяжы даўжынёй 227.856 км, а ад 17 верасня прыняў удзел у баях з савецкімі войскамі[5].

Напад на полк

17 верасня 1939 г. каля 5.00 на паўднёвай частцы Віленшчыны і паўночным боку Навагрудчыны полк падвергся нападу з боку БССР. Ён быў атакаваны 13-м, 14-м і 15-м падраздзяленнямі аховы памежжа НКУС. Савецкія войскі падрыхтавалі супраць памежнікаў 44—50 пяхотных батальёнаў, 12 кавалерыйскіх палкоў, каля 700 танкаў і бронемашынаў[6].

А трэцяй гадзіне ночы 4-ы стралковы корпус, 22-я танкавая брыгада, 24-я кавалерыйская дывізія і савецкія памежныя войскі нанеслі ўдар па батальёне «Будслаў» маёра Мечыслава Бачкоўскага, з-за чаго да раніцы былі знішчаны ўсе стражніцы гэтага батальёна, аднак сам ён не быў цалкам разгромлены: памежныя роты «Альковічы» і «Даўгінава» здолелі адступіць да Вілейкі. Каля 14.00 з-за недахопу і страты рыштунку, а таксама ў выніку спалення моста праз Сэрвач, штаб батальёна «Будслаў» пакінуў сваё месца размяшчэння і адышоў спачатку да Вілейкі, а пасля — да Смаргоні. Маёр Бачкоўскі пры адступленні загадаў сканцэнтраваць дзве памежныя і рэзервовую роту, адна з якіх начавала ў вёсцы Маргі[7].

На батальён «Краснае» і аднайменны кавалерыйскі эскадрон накіравалі свае сілы войскі 100-й стралковай і 36-й кавалерыйскай дывізій і 15-га аддзела аховы памежжа НКУС. 100-я стралковая дывізія камбрыга Аркадзія Ярмакова пры дапамозе артылерыйскага дывізіёна нанесла ўдар па Красным, маючы ў якасці падтрымкі 331-ы стралковы полк маёра Бусулаева[8].

Батальёну «Івянец» разам з аднайменным эскадронам супрацьстаялі савецкія падраздзяленні ў выглядзе 15-га аддзела аховы памежжа, 3-га кавалерыйскага корпуса камдыва Якава Чэравічэнкі і 6-га танкавага батальёна палкоўніка Балотнікава. У баях з гэтымі часткамі батальён «Івянец» пад камандаваннем капітана Ноўрата панёс цяжкія страты і быў знішчаны, але кавалерыйскі эскадрон ацалеў і здолеў адступіць[9].

Разбурэнне часткі батальёнаў палка «Вілейка» значна аслабіла яго абарончыя здольнасці, аднак 17 верасня чырвонаармейцы не змаглі цалкам знішчыць полк, які яшчэ быў здольны да абароны. Тым не менш, улічваючы значную колькасную перавагу войскаў Чырвонай Арміі, камандзір падраздзялення, падпалкоўнік Юзаф Крамчыньскі, распачаў адыход памежнікаў у бок Вільні[10].

Структура

Арганізацыя ў 1929—1937 гадах

Арганізацыя ў 1937—1939 гадах

  • Камандаванне палка
  • 1-ы памежны батальён «Будслаў»
  • 10-ы памежны батальён «Краснае»
  • Рэзервовы батальён «Вілейка»
  • Кавалерыйскі эскадрон «Будслаў»
  • Кавалерыйскі эскадрон «Краснае»
  • Рота сапёраў «Вілейка»
  • Станцыя паштовых галубоў «Смаргонь» пры батальёне «Краснае»
  • Метэаралагічны пост

Арганізацыя ў 1939 годзе

  • Камандаванне палка
  • 1-ы памежны батальён «Будслаў»
  • 6-ы памежны батальён «Івянец»
  • 10-ы памежны батальён «Краснае»
  • Кавалерыйскі эскадрон «Івянец»
  • Кавалерыйскі эскадрон «Краснае»
  • Станцыя паштовых галубоў «Смаргонь» пры батальёне «Краснае»[11]

Кіраўніцтва

Камандзіры палка

  • ліпень 1929 — кастрычнік 1934 — падпалкоўнік дыпламаваны Юзаф Вятр[12]
  • 5 лістапада 1935 — май 1939 — палкоўнік дыпламаваны Януш Францішак Галадык
  • 1939 — падпалкоўнік Юзаф Крамчыньскі[5]

Штат палка ў чэрвені 1939 года

  • Камандзір — палкоўнік Януш Францішак Галадык
  • Намеснік камандзіра — палкоўнік Юзаф Крамчыньскі
  • Ад’ютант — капітан Вацлаў Плашэўскі
  • Камандзір сувязі — капітан Фелікс Дзікелеўскі
  • Павятовы камендант — капітан Браніслаў Сарнаўскі
  • Намеснік павятовага каменданта — паручнік Леан Францішак Выжга
  • Камандзір роты сапёраў «Вілейка» — капітан Тэадор Енгель
  • Камандзір эскадрона «Будслаў» — ротмістр Мар’ян Шалевіч
  • Камандзір эскадрона «Краснае» — ротмістр Канстанты Антон[13]

Зноскі

Літаратура

  • Zarządzenie organizacyjne dowódcy Korpusu Ochrony Pogranicza w sprawie reorganizacji brygad KOP nr L.dz. KOP 1025/tjn./og.org./29 z 6 lipca 1929 roku. Шчэцін: Архіў стражы памежнай, 1929.
  • Zarządzenie organizacyjne dowódcy Korpusu Ochrony Pogranicza w sprawie formowania odwodów dowódców pułków nr L.dz. 329/tj./Og.Org./34 z 14 lutego 1934 roku. Шчэцін: Архіў стражы памежнай, 1934.
  • Анджэй Канстанкевіч, Ежы Прохвіч, Ян Руткевіч. Korpus Ochrony Pogranicza 1924—1939. Варшава: Barwa i Broń, 2003. — ISBN 978-83-900217-9-9.
  • Багуслаў Поляк, Ежы Прохвіч, Марэк Яблонаўскі, Уладзімір Янкоўскі. O niepodległą i granice. Korpus Ochrony Pogranicza 1924-1939. Wybór dokumentów. ВаршаваПултуск: Wyższa Szkoła Humanistyczna w Pułtusku. Wydział Dziennikarstwa i Nauk Politycznych Uniwersytetu Warszawskiego, 2001. — ISBN 83-88067-47-8.
  • Генрык Дамінічак. Granica wschodnia Rzeczypospolitej Polskiej w latach 1919—1939. Варшава: Wydawnictwo Naukowe PWN, 1992. — ISBN 83-01-10202-0.
  • Віктар Крыштаф Цыган. Kresy we krwi. Obrona północno-wschodniej Polski we wrześniu 1939. Варшава: Espadon Publishing, 2006. — ISBN 978-83-60786-00-0.
  • Ежы Прохвіч. Korpus Ochrony Pogranicza w przededniu wojny, Część II. Przemiany organizacyjne i przygotowania wojenne KOP w 1939 roku. — «Wojskowy Przegląd Historyczny», №4 (150)/1994. Варшава: Czasopisma Wojskowe, 1994. — С. 148—160. — ISBN 0043-7182.
  • Ежы Прохвіч. Formacje Korpusu Ochrony Pogranicza w 1939 roku. Варшава: Wydawnictwo Neriton, 2003. — ISBN 83-88973-58-4.
This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.