Пляшчанка ад сучаснай плошчы Незалежнасці, 07—08.1941 г.

Пляшча́нка (Плішчэ́нка[1]), Лютэра́нскае прадмесце — гістарычны раён Мінска, размешчаны ў заходняй частцы горада, на паўднёвы ўсход ад Лютэранскіх могілак, абапал Лібава-Роменскай чыгункі.

На паўночным захадзе ад Пляшчанкі месціцца Мядзвежына, на паўночным усходзе — Раманаўская Слабада, на поўдні — Добрыя Мыслі[2][3].

Гісторыя

Дом У. Дзядзюшкі

Прадмесце сфармавалася на заходняй ускраіне Мінска ў канцы XIX— пач. XX стагоддзя. У XIX стагоддзі ва ўрочышчы Пляшчанка былі адкрытыя Лютэранскія (Нямецкія) могілкі (цяпер гэта сквер на рагу вуліц Карла Лібкнехта і Купрыянава). Дарогу на могілкі з цягам часу пачалі называць Малалютэранскай ці Нямецкай вуліцай, а Пляшчанку часта называлі Лютэранскім прадмесцем[4].

У пачатку XX стагоддзя Пляшчанка ўваходзіла ў чацвёртую і пятую паліцэйскую частку горада. Праз прадмесце праходзілі Мацвееўская (траса вуліц Розы Люксембург і Нямігі за Музычным тэатрам), Вяземская і Ковенская вуліцы, Бабруйскі завулак[2][5]

Паўночны завулак, 2012 г.

У канцы XIX ст. і да 1918 года на ўсходняй ускраіне прадмесця сфармавалася драўляная забудова Паўночнага завулка. Цяпер гэты ўнікальны комплекс помнікаў забудовы каштоўны не толькі з нагоды захавання асяроддзя, але і выразнымі адметнасцямі архітэктуры пабудоў: на дзве жылыя палавіны, з брусоў, на мураваных цокалях, багатае аздабленне разьбой (ліштвы, ганкі, веранды, карнізы)[6].

Драўляная забудова прадмесця была амаль цалкам знесеная ў 1950-я—1990-я гады. У канцы 1960-х закрылі і знеслі Лютэранскія могілкі (цяпер там Лютэранскі сквер)[7].

На пасяджэнні 6 траўня 2009 года Камісія па найменні і перайменаванні праспектаў, вуліц і іншых частак Мінска прыняла рашэнне па наданні безыменнаму скверу ў межах вуліц Купрыянава — К. Лібкхнехта — зав. Дамашэўскі назвы «Лютэранскі». Гэты сквер з’явіўся на месцы знесеных Лютэранскіх могілак[8].

У 2012—2013 гадах былі разбураныя апошнія дамы па вуліцы і завулку Мацвееўскім[7].

Пра існаванне прадмесця сведчыць Лютэранскі сквер. Тапонім Пляшчанка ніяк не пазначаны на карце Мінска.

Старыя адрасы

  • Малалютэранская. Лютэранская царква Святога Мікалая. Была ўзведзеная пасярод Лютэранскіх могілак, месцілася ля скрыжавання цяперашніх вуліц Карла Лібкнехта і Каржа. Страчана яшчэ ў першай палове XIX стагоддзя; замест яе ў 1846 годзе ўзведзена лютэранская кірха на Захар’еўскай вуліцы.
  • Плішчэнка. Цагельны завод Г. І. Фрыда. Дзейнічаў з 1898 года, была печ Гофмана з 16 камерамі. Заводскі корпус стаяў у раёне, дзе да нядаўняга часу размяшчалася Мінская тытунёвая фабрыка (Розы Люксембург, 69а). Захаванасць будынка не вызначаная[9].

Галерэя

Заўвагі

  1. Шыбека З. В., Шыбека С. Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада/ Пер. з рускай мовы М. Віжа; Прадмова С. М. Станюты. — Мн.: Полымя, 1994. С. 254.
  2. 1 2 «План губернского города Минска (1903)» з выпраўленнямі і дадаткамі І. Сацукевіча // Гісторыя Мінска. 1-е выданне. Мінск. БелЭн. 2006. С. 196—197
  3. «Формирование территории г. Минска (1800—2004)» // Гісторыя Мінска. 1-е выданне. Мінск. БелЭн. 2006. С. 550—551
  4. Гісторыя Мінска. 1-е выданне. Мінск. БелЭн. 2006. С. 230
  5. Іван Сацукевіч. Тапанімія вуліцы і плошчаў Мінска ў ХІХ — пачатку ХХ стст.
  6. Памяць. Мінск 2002, с. 665.
  7. 1 2 Беларускі архіў вуснай гісторыі. Гісторыя Мінска і яго ваколіц у памяці сведак часу. nashapamiac.org. Архівавана з першакрыніцы 13-5-2019. Праверана 13-5-2019.
  8. У Мінску з'явіліся скверы «Траецкая гара», «Старосцінская слабада» і Лютэранскі Архівавана 3 чэрвеня 2009. // Наша Ніва, 14 мая 2009
  9. Шыбека З. В., Шыбека С. Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада/ Пер. з рускай мовы М.Віжа; Прадмова С. М. Станюты. — Мн.: Полымя, 1994. — 341 с.

Літаратура

  • А. Лакотка. Драўляная забудова. Лютэранскае прадмесце // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 2-я. Мн.: БЕЛТА, 2002. — С. 665.  714 с.: іл. — ISBN 985-6302-46-3.
  • Шыбека З. В., Шыбека С. Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада/ Пер. з рускай мовы М.Віжа; Прадмова С. М. Станюты. — Мн.: Полымя, 1994. — 341 с. [1] асобн. арк. карт.: іл. ISBN 5-345-00613-X.
  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, П15 2001. — 576 с.: іл. ISBN 985-6302-33-1.
  • Іван Сацукевіч. Тапанімія вуліцы і плошчаў Мінска ў ХІХ — пачатку ХХ стст. Архівавана 24 жніўня 2011.
  • Гісторыя Мінска. 1-е выданне. Мінск. БелЭн. 2006. — 696 с. ISBN 985-11-0344-6.
This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.