Плябанскія млыны — комплекс вадзяных млыноў на Свіслачы ў Мінску.
Вядомы прынамсі з 1690 года, калі 7 жніўня менскі архімандрыт уніяцкіх Узнясенскага і Святадухавага манастыроў Гедэон Шумлянскі і смаленскі канонік, дэкан менскай плябаніі Ян Юравіч Саўгін падпісалі міравое пагадненне, якім абавязаліся не рабіць адзін другому шкоды датычна плябанскай плаціны, разам рамантаваць яе пры патрэбе, плаціну раздзялілі адмысловым знакам роўна пасярэдзіне, дамовіліся сумесна расчысціць зарослы стаў і лавіць у ім рыбу невадам, а ўлоў дзяліць праўдзіва пароўну[1]. Аднак маёмасныя канфлікты за млыны трывалі ўвесь час іх існавання, да пачатку XX ст.
З гэтага вынікае, што млыны існавалі з ранейшага часу як і канфлікт паміж уласнікамі. Станам на 1690 год левабярэжны млын належаў Траецкаму касцёлу на Траецкай гары, правабярэжны — уніяцкай царкве. Да уніі 1596 года Узнясенскі і Казьмадзям’янаўскі манастыры (у пачатку XVII ст. прыпісаны да новага ўніяцкага Святадухавага і неўзабаве зніклы) былі праваслаўнымі і, напэўна, гэта тлумачыць падзел млыноў, адзін належаў каталікам, другі — праваслаўным.
Ад згарэлага ў пажары 1809 года касцёла на Траецкай гары, разам з тытулам Святой Тройцы, правабярэжны млын перайшоў да падамініканскага касцёла, а потым да касцёла Найсвяцейшай Тройцы на Залатой Горцы. Левабярэжны млын пасля скасавання уніі перайшоў да праваслаўнага Архірэйскага двара.
З боку Траецкай гары да млыноў ішла аднайменная Плябанская вуліца, у 1866 годзе перайменаваная ў Шырокую, пазней у Куйбышава.
Гісторыя з Плябанскімі млынамі
У 1893 годзе месцічы, якія жылі каля млыноў паскардзіліся на вялікія шкоды ад Плябанскай плаціны, яна стрымлівала цячэнне і прычынялася забалочванню і паводкам, у маларухомай вадзе збіраліся брудныя сцёкі з суседніх рынка і бальніцы, што спрыяла распаўсюджанню эпідэмічных захворванняў. Пасля абследавання гарадскі санітарны камітэт вызначыў мэтазгоднасць зносу плаціны. Тады гарадская ўправа пачала перамовы з канторай Архірэйскага двара і плябаніяй касцёла Святой Тройцы. Праваслаўныя пагадзіліся знесці млын за 12,6 тыс. рублёў, каталікі — за 10 тысяч. Але такіх грошаў у горада не было, а хадайніцтва на атрыманне ўрадавай пазыкі не ўхвалілі.
Справа пра выкуп млыноў разглядалася Сінодам, які ў сакавіку 1900 года дазволіў прадаць архірэйскі млын, але толькі на знос без права на прылеглую зямлю. Такая ўмова не задаволіла гарадскія ўлады, якія хацелі выкупіць млын разам з зямлёй. У сваю чаргу Архірэйскі двор, каб падкрэсліць свае ўласніцкія правы, пачаў рамантаваць млын і сваю частку плаціны, мадэрнізаваў абсталяванне і адпаведна кошт млына пабольшаў. У 1901 годзе ўлады спрабавалі зруйнаваць млын судовым парадкам, але беспаспяхова.
Пасля вялікай вясновай паводкі 1906 года, якая амаль разбурыла плаціну, зноў стала пытанне пра выкуп. Праз некалькі гадоў горад купіў у Свята-Траецкага касцёла яго млын разам з прылеглай зямлёй за першапачатковую суму 10 тысяч рублёў. Управа спадзявалася атрымаць правы і на астатнюю частку плаціны. У 1909 годзе падчас вясновага крыгаходу гарадскі галава Стэфановіч загадаў зняць засаўкі на абедзвюх частках плаціны, каб прадухіліць паводку ў горадзе. Аднак архіепіскап Міхаіл за парушэнне правоў уласнасці прыцягнуў увесь склад гарадской управы да суда, гарадскі галава Стэфановіч страціў пасаду.
У 1911 годзе ўправа аднавіла перамовы наконт выкупу плаціны і млына. Аднак пры падпісанні канечных дакументаў высветлілася, што горад заплаціўшы значна большую суму (17 тыс. рублёў) так і не атрымаў правы на зямлю пад і вакол плаціны. Тым часам жыхары прыбярэжных раёнаў як і раней цярпелі ад паводак і пілі непрыдатную да спажывання ваду (у ёй, у прыватнасці, ішло гніенне трупаў жывёл, затрыманых плацінай).
У маі 1913 года тэрмін арэнды архірэйскага млына скончыўся. Але гарадская ўправе так і не здолела дамовіцца пра выкуп, таму арэнду працягнулі на дзесяцігоддзе. Плаціна не была знесена[2].
Гарадскія ўлады неаднаразова выступалі з прапановамі знесці плаціну і млыны па яе краях. Але тыя знаходзіліся ў прыватнай уласнасці, і закон быў на баку ўладальнікаў. Таму кожную вясну, калі ўзровень Свіслачы пачынаў імкліва паднімацца, плаціна затрымлівала ваду і ўзмацняла паводку.
Урэшце, паводка ў 1917 годзе разбурыла плаціну, а рэвалюцыя скасавала прыватную ўласнасць, таму млыны і плаціна не аднаўляліся. Такім чынам, пытанне, якое толькі па дакументах стаяла амаль тры стагоддзі, было закрыта.
Зноскі
- ↑ Акты, издаваемые Виленскою археографическою коммиссіею. — В тип. Губернскаго правленія, 1880. — С. 260-262. — 672 с.
- ↑ Шыбека 1994, с. 114.
Літаратура
- Шыбека З. В., Шыбека С. Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада / Пер. з рускай мовы М. Віжа; Прадмова С. М. Станюты. — Мн.: Полымя, 1994.— 341 с. [1] асобн. арк. карт.: іл. ISBN 5-345-00613-X.
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 2-я. — Мн.: БЕЛТА, 2002. — 714 с.: іл. — ISBN 985-6302-46-3.
Спасылкі
- Людміла Рублеўская. Ночы на Плябанскіх Млынах. Містычная аповесць Архівавана 5 лістапада 2007. // Дзеяслоў № 28, 2007-3