Плешчаніцкае ўзвышша | |
---|---|
Каардынаты: 54°25′ пн. ш. 27°50′ у. д. | |
Размяшчэнне | Беларусь |
Плешчаніцкае ўзвышша |
|
Плешчаніцкае ўзвышша — частка Мінскага ўзвышша. Размешчана на поўначы Мінскай вобласці і на поўдні Віцебскай вобласці.
Абмежавана Нарачана-Вілейскай і Верхнебярэзінскай нізінамі на захадзе і ўсходзе, скразнымі далінамі рэк Вілія — Поня на поўначы і Ілія — Гайна на поўдні. Частка водападзелу паміж рэкамі Балтыйскага і Чорнага мораў.
Геалогія
У тэктанічных адносінах прымеркавана да Вілейскага пахаванага выступу Беларускай антэклізы. На фундаменце залягаюць адклады сярэдняга дэвону, перакрытыя антрапагенавай тоўшчай. Сярэдняя магутнасць антрапагенавых адкладаў 110—120 м. Прадстаўлены ледавіковымі, водналедавіковымі і міжледавіковымі (алювіяльнымі, азёрнымі, балотнымі, схілавымі) утварэннямі. Карысныя выкапні: легкаплаўкія гліны, пясчана-жвіровы матэрыял, торф.
Сучасны градава-ўзгорысты і ўзгорыста-ўвалісты рэльеф сфарміраваўся ў выніку ледавіковай акумуляцыі ў час сожскага зледзянення і пазнейшай эразійна-дэнудацыйнай перапрацоўкі ў познім атрапагене і галацэне.
Рэльеф
Найвышэйшы пункт Плешчаніцкага ўзвышша размешчаны ў паўднёвай частцы, у Мінскай вобласці, Лагойскім раёне. Знаходзіцца за 3,4 км на паўночны паўночны захад ад в. Алешнікі, за 4,2 км на паўночны захад ад в. Юркавічы, за 5,2 км на паўночны ўсход ад в. Слагавішча, за 3,6 км на поўдзень ад мемарыяльнага комплексу Хатынь. Гара 315,4 м моцна ўзвышаецца над навакольнай мясцовасцю, на вяршыні захаваліся рэшткі драўлянага трыянгулятара, ёсць геадэзічная адзнака вышыні.
Вылучаюцца 3 паласы град. Знешнія грады насыпныя, спадзістыя; унутраныя і цэнтральныя з лускавата-насоўнымі і складкавымі гляцыядыслакацыямі. Трапляюцца озы і камы. На поўдні, на прыўзнятых участках, рэльеф буйнаўзгорысты.
Узвышша праразаюць старажытныя лагчыны сцёку, якія часткова наследаваны сучаснымі рэкамі. На заходнім схіле — рака Дзвінаса, Ілія (прытокі Віліі), на ўсходнім — рака Гайна і Цна (басейн Бярэзіны). Даліны рэк неглыбокія, слабатэрасаваныя, месцамі забалочаныя. На р. Дзвінаса створана Плешчаніцкае вадасховішча.
Глебы і расліннасць
Пераважаюць дзярнова-падзолістыя глебы, таксама пашыраны тарфяна-балотныя і поймавыя.
Пад лесам 50 % тэрыторыі, на поўначы вялікія хваёвыя і ялова-хваёвыя масівы, цэнтральная частка пад яловымі зеленамошна-кіслічнымі лясамі з дамешкам шыракалістых парод, паўднёвая — з участкамі ялова-хваёвых бруснічна-мохавых і чарнічных лясоў. У поймах рэк трапляюцца чорнаальховыя лясы.
Літаратура
- М. А. Вальчык. Плешчаніцкае ўзвышша // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 12: Палікрат — Праметэй / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 12. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0198-2 (т. 12).