28 верасня 2021 года ў Мінску па вул. Якубоўскага ў доме 29 здарылася перастрэлка, у выніку якой загінулі 31-гадовы супрацоўнік Камітэта дзяржаўнай бяспекі Дзмітрый Федасюк і 32-гадовы супрацоўнік «EPAM Systems» Андрэй Зельцэр[1][2].

Папярэдне ўстаноўлена, што 28 верасня супрацоўнікі органаў дзяржаўнай бяспекі праводзілі спецыяльныя мерапрыемствы па адпрацоўцы адрасоў, у якіх маглі знаходзіцца асобы, маючыя дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці. Жыхар адной з кватэр адмовіўся адкрыць дзверы і заблакіраваўся ў ёй разам з жонкай. Пры гэтым рабілася відэаздымка. Пасля пранікнення ў кватэру супрацоўнікаў мужчына адкрыў агонь з паляўнічай стрэльбы ў бок праваахоўнікаў. У выніку аднаму з іх прычынены цялесныя пашкоджанні, ад якіх ён памёр у бальніцы. Агнём у адказ мужчына быў застрэлены. Яго жонка затрымана па падазрэнні ў сумесным удзеле ў забойстве супрацоўніка КДБ. 29 верасня Галоўнае следчае ўпраўленне Следчага камітэта ўзбудзіла крымінальную справу па п.10 ч.2 арт.139 (забойства асобы ў сувязі з ажыццяўленнем ёю службовай дзейнасці) КК[3].

1 кастрычніка дзеючы кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на негатыўныя ацэнкі ў адрас беларускіх сілавікоў пасля гібелі супрацоўніка КДБ, якія сталі з’яўляцца ў СМІ, у тым ліку расійскіх, і адзначыў, што такія ацэнкі яго засмучаюць[4]. Раніцай 29 верасня быў абмежаваны доступ да сайта газеты «КП в Белоруссии», у якой напярэдадні вечарам на сайце выдання выйшаў артыкул з каментаром аднакласніцы праграміста Андрэя Зельцэра, які адразу выклікаў хвалю абурэння і абраз у праўладных тэлеграм-каналах. Мінінфармацыі патлумачыла, што доступ да сайта быў абмежаваны, бо на ім была змешчана публікацыя, у якой «утрымліваліся звесткі, якія садзейнічаюць фарміраванню крыніц пагроз нацыянальнай бяспецы, што заключаюцца ў штучным нагнятанні напружанасці і супрацьстаяння ў грамадстве паміж грамадствам і дзяржавай».

1 кастрычніка ў Мінску ў клубе імя Ф. Дзяржынскага прайшло развітанне з загінулым супрацоўнікам КДБ Дзмітрыем «Нірванаю» Федасюком[5]. На цырымоніі дэпутат Палаты Прадстаўнікоў генерал-маёр Алег Белаконеў заявіў журналістам[6]:

" У якіх сем’ях выхоўваліся гэтыя людзі. Я лічу, мы занадта мякка паступаем з імі і ім падобнымі. Чамусьці яны дзейнічаюць па-за рамкамі закона, а мы стараемся ўсё рабіць па законе. Па законе з імі гутарыць, па законе іх пераконваць, па законе іх угаворваць. А трэба, як Пуцін сказаў, мачыць у сарціры ўсіх: за аднаго — 20, 100… Каб было непанадна нікому. "

У ноч з 1 на 2 кастрычніка быў затрыманы журналіст выдання «КП в Белоруссии» Генадзь Мажэйка[7], які напісаў артыкул пра загінулага Андрэя Зельцэра[8].

6 кастрычніка Андрэя Зельцэра пахавалі на Лясных могілках[9] у Мінску. У гэты дзень Следчы камітэт заявіў, што ў крымінальнай справе, заведзенай на тых, хто пакінуў ацэначныя каментары ў інтэрнэце пасля смерці супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка маецца 136 падазраваных, і ўсе яны знаходзяцца пад вартай. Крымінальная справа была заведзеная па артыкулах 130 (наўмысныя дзеянні, накіраваныя на абуджэнне іншай сацыяльнай варожасці або варожасці па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці) і 369 (абраза прадстаўніка ўлады і яго блізкіх у сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў, здзейсненае ў інфармацыі, размешчанай у глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь[10].

Зноскі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.